Вы тут

Як «разруліць» спрэчкі з дапамогай медыяцыі, TіkTok і коміксаў


Медыяцыя дапамагае не толькі вырашаць спрэчкі мірам, але і прадухіляць іх узнікненне, а яшчэ вучыць адказнасці. Тэхнікі медыяцыі, асабліва аднаўленчыя, дазваляюць разабрацца з праблемай, якая яшчэ толькі ствараецца, то-бок рабіць прафілактыку канфліктаў. Гэтыя і іншыя магчымасці медыяцыі на прыкладзе канкрэтных гісторый з жыцця абмяркоўваліся нядаўна на VІ фестывалі «Медыяцыя будучыні для школьнікаў і студэнтаў».


Сёлета мерапрыемства стала месцам, дзе не проста падводзяць леташнія вынікі, а ставяць мэты і задачы на будучы год, і кожны ўдзельнік можа агучыць свае планы. Больш за тое, фестываль вырашылі не абмяжоўваць двума днямі, а весці работу цягам года. З восені медыятары-школьнікі разам са спецыялістамі Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных і следчага камітэта будуць адпрацоўваць медыяцыйныя тэхнікі ў рэгіёнах. Гэта неабходна для таго, каб данесці да школьнікаў уяўленне аб рызыцы ўзнікнення канфліктаў у рэальным і лічбавым жыцці, а таксама навучыць іх абараняць сябе і інфармацыю аб сабе. А ў школах, думаецца, з'явяцца ролікі TіkTok пра бяспечныя паводзіны ў сеціве.

Для школьнікаў, настаўнікаў і студэнтаў

Школьная медыяцыя (адпаведны праект пачынаўся ў 2016-м) вырасла да памераў медыяцыі ў сферы адукацыі. Створана канцэпцыя аб развіцці медыяцыі ў сферы адукацыі да 2025 года. З'явілася практыка медыяцыі ў школах, каледжах, універсітэтах. Сёлета фестываль, які прайшоў ужо шосты раз, стаў пляцоўкай, дзе не проста падводзяць леташнія вынікі, а ствараюць мэты і задачы на будучы год, і кожны ўдзельнік можа агучыць свае планы.

Ужо само ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства стала не проста афіцыйнай імпрэзай, а месцам для дыялогу моладзі і спецыялістаў. Падчас асобнай сустрэчы экспертамі ў медыяцыі выступілі самі школьнікі і студэнты, якія ўжо маюць практычны вопыт работы ў гэтай сферы.

— Замест запланаванай гадзіны брыфінг доўжыўся 2,5 гадзіны і ператварыўся ў жывы дыялог, з якога стала зразумела, чым кіруюцца падлеткі-медыятары, з якімі праблемамі сутыкаюцца, што іх хвалюе. Яны расказалі, як медыяцыйныя веды дапамагаюць ім у штодзённым жыцці — дома, у школе, у стасунках з бацькамі і аднагодкамі, падзяліліся тым, як бачаць выкарыстанне медыяцыйных практык у далейшым, — расказала Ірына Арлоўская, намеснік дырэктара Цэнтра «Медыяцыя і права». — Дзве студэнткі, якія ўжо год адвучыліся ў БНТУ і медуніверсітэце, а дагэтуль практыкавалі медыяцыю ў школе, выказалі жаданне стварыць службы медыяцыі ў сваіх ВНУ. І гэта цудоўна, што ініцыятыва на распаўсюджванне медыяцыі ідзе не ад дарослых, а ад моладзі. А некаторыя дзяліліся гісторыямі з уласнага жыцця, як медыяцыя дапамагла ім ператварыцца з хуліганаў, якія не толькі вырашалі праблемы сілавымі метадамі, але і правакавалі іх, — у праваднікоў медыяцыі і шукальнікаў мірных шляхоў для выйсця з канфлікту.

Цікава, што падчас разбору гісторый з практыкі, з якімі працавалі самі школьнікі, паміж маладымі людзьмі пачалася дыскусія, як можна было б вырашыць, праблемную сітуацыю, якая узнікла, па-іншаму. Такім чынам, госці, што трапілі на фестываль упершыню, убачылі, як працуе медыяцыя, — гэта не проста набор правільных фраз і прыгожых учынкаў, а дакладныя сітуацыі, з якімі ўжо разабраліся і вырашылі праблему. Фактычна, мы маем ужо гатовых медыятараў, хоць пакуль яшчэ і вучняў 7—9-х класаў, заўважыла спецыяліст:

— У кожнай школе медыяцыя развіваецца па-рознаму: дзесьці ўжо зладжана працуюць службы са школьнікаў-медыятараў, дзесьці яны толькі на пачатку шляху, а некаторыя ўстановы выступаюць як рэсурсныя цэнтры, што прыходзяць на дапамогу ў вырашэнні канфліктаў у тых школах, дзе ўвогуле няма службы медыяцыі.

Падчас фестывалю прайшла і навукова-практычная канферэнцыя для студэнтаў і маладых вучоных «Медыяцыя як альтэрнатыўны спосаб бяспекі ў інтэрнэце», па выніках якой будзе выдадзены зборнік тэзісаў і дакладаў для электроннай бібліятэкі БДЭУ.

Бяспечныя паводзіны і абароненыя звесткі

Ёсць розныя тыпы канфліктаў: паміж самімі вучнямі, паміж школьнікамі і настаўнікамі, навучэнцамі і бацькамі. Аднак усё часцей узнікаюць праблемы, якія выдзяляюцца ў асобную катэгорыю: канфлікты ў інтэрнэце. Так што галоўная тэма сёлетняга фестывалю — «Канфлікты ў сеціве і магчымасці медыяцыі ў іх вырашэнні» — абрана невыпадкова, бо пераважная большасць праблем, якімі разглядаюць у школах, менавіта з інтэрнэту.

— Не той фотаздымак размясціў, не так паставіў лайк, не спытаў на нешта дазвол, выставіў фота чужой банкаўскай карткі, выклаў нейкую інфармацыю з прыватнага жыцця, распачаў булінг у чатах месенджараў... Гэтыя і іншыя анлайн-праблемы і правапарушэнні, якія адбываюцца шляхам выкарыстання сеціва і чатаў, вельмі распаўсюджваюцца і пераносяцца з інтэрнэту ў рэальнае жыццё, — падзялілася Ірына Арлоўская. — І сёлета на фестывалі, калі мы адпрацоўвалі такую тэхніку медыяцыі, як «кругі згуртавання», што прымяняецца, калі ў канфлікце шмат удзельнікаў, упершыню ўвялі экспертаў Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных (НЦАПД). Кожная з пяці груп круга з дапамогай экспертаў выпрацавала свае правілы бяспечных паводзін у сеціве, якія трэба вытрымліваць. І на наступным фестывалі мы пабачым, як яны змаглі ўжываць гэтыя правілы на практыцы.

Апроч таго, дзеці даведаліся, што такое персанальныя даныя, як трэба абараняць іх, чаму неабходна беражліва ставіцца да асабістых звестак сваякоў, сяброў і нават незнаёмцаў, якую інфармацыю трэба ўзгадняць, а якую — не.

— Разам са школьнікамі мы разбіралі розныя выпадкі, калі могуць узнікаць рызыкі абароту персанальных даных. У прыватнасці, звесткі, змешчаныя ў TіkTok, дзе збіраюцца ў тым ліку і біяметрычныя даныя карыстальніка: яго голас і выява, якія пасля захоўваюцца ў гэтай сацсетцы, — расказала пра ўдзел у фестывалі Вольга Шыбко, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыйных паслуг і сувязяў з грамадскасцю НЦАПД. — Вучні зацікавіліся тэмай выкарыстання і распаўсюджвання чужых персанальных даных. Яны падзяліліся сапраўднымі гісторыямі, калі нехта іншы выкарыстоўваў іх асобу як падменную і ствараў фэйкавыя акаўнты, у прыватнасці для знаёмстваў. І часам гэта заканчвалася прыцягненнем вінаватых да адказнасці.

Адным з практычных вынікаў фестывалю сталі ролікі для TіkTok па бяспечных і правільных паводзінах у сеціве, якія знялі ўдзельнікі. Цяпер з установамі адукацыі абмяркоўваецца ідэя, каб гэтыя ролікі змяшчаліся ў фае школ як наглядны дапаможнік.

Стваральнікаў найлепшага роліка запрасілі ў НЦАПД на экскурсію, дзе ім расказалі, што робіцца для абароны персанальных даных беларусаў.

— Ад іх мы атрымалі запыт, што школьнікам неабходны дзіцячы кантэнт для прававой адукацыі дзяцей і іх бацькоў. Некаторыя падлеткі скардзіліся, што ў сацыяльных сетках іх матуль «гуляе» відэа, дзе адзін хлопец яшчэ маленькім сядзіць на гаршку, другі — без штаноў скача па лужынах. Падлеткам не вельмі прыемна, што такая інфармацыя пра іх ёсць у сеціве, — падзялілася прадстаўніца цэнтра. — На жаль, бацькі сапраўды не заўжды з разуменнем ставяцца да распаўсюджвання даных сваіх дзяцей. На сайце нашага цэнтра створаны раздзел «Дзецям аб персанальных даных», дзе мы змяшчаем карысны кантэнт для моладзі. Супрацоўніцтва, безумоўна, будзе працягвацца, ужо ёсць запрашэнні ў школы, дзе працуюць службы медыяцыі, каб расказваць дзецям пра пытанні лічбавай гігіены і кібер-бяспекі. Практыка «кругоў згуртавання» паказала, што сумесна з дзецьмі можна выпрацоўваць цікавыя рашэнні для пераадолення канфлікту і наладжваць такую нетрывіяльную вучобу.

Намалюй сітуацыю! Папярэдзь канфлікт!

Сярод удзельнікаў фестывалю ўпершыню былі і прадстаўнікі Следчага камітэта, якія на практыцы — праз тэлефоны ўдзельнікаў — паказалі, як можна адшукаць іх уладальнікаў па інфармацыі, што яны пакінулі ў сеціве, і расказалі пра адказнасць, якая наступіць за супрацьпраўныя дзеянні.

— Пасля стасункаў са спецыялістамі юныя ўдзельнікі адправіліся крэатывіць у Майстэрню коміксаў, дзе намалявалі правілы паводзін у сеціве, якімі таксама можна падзяліцца з іншымі, — дадала намеснік дырэктара Цэнтра «Медыяцыя і права». — У карцінах яны паказалі, якія бываюць правапарушэнні, якая адказнасць настае за іх, што можа зрабіць медыятар для вырашэння канфлікту. Пры гэтым мы заўжды падкрэсліваем, што медыятар не можа замяніць сабой следчага, суддзю і іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу. Аднак медыяцыя дапамагае зменшыць эмацыянальнае напружанне паміж правапарушальнікам і ахвярай і дазваляе пацярпеламу не перайсці мяжу, за якой ён сам стане правапарушальнікам. З дапамогай медыяцыйных тэхнік правапарушальнік можа ўсвядоміць, што ён зрабіў кепска і няправільна, і сам прапануе шляхі для загладжвання прычыненай шкоды. Як мінімум, шчыра папросіць прабачэння або наладзіць стасункі ў класе так, каб ахвяру булінгу прынялі іншыя і спынілі цкаванне.

Тры найлепшыя работы-коміксы будуць удасканалены і надрукаваны ў электронным і папяровым выглядзе з дапамогай Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, які заўжды актыўна ўдзельнічае ў фестывалі. А цяпер стане стваральнікам такога дапаможніка, які дазволіць наглядна расказваць аб праблемах і медыяцыйных шляхах іх вырашэння.

Пры гэтым адна з задач фестывалю — уключэнне ў дзейнасць медыятараў такіх тэхнік, як прафілактыка, то-бок папярэджанне жыццёвых канфліктных сітуацый і кібер-булінгу. Гэтаму арганізатары таксама ўдзяляюць пільную ўвагу, удакладніла Ірына Арлоўская:

— Такія тэхнікі добра ведаць і практыкаваць настаўнікам, якія будуць працаваць у класах, што фарміруюцца нанова. Гаворка пра пятыя і дзясятыя класы, дзе можна многія праблемы папярэдзіць і дапамагчы настроіць клас на добрыя стасункі. Мы хочам апрабаваць іх у гэтым навучальным годзе, а на наступным фестывалі — разабраць вынікі, так што наперадзе, як і раней, шмат работы.

Ірына СІДАРОК

Фота дадзена Цэнтрам «Медыяцыя і права»

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.