Вы тут

Ліпеньскім днём 79 гадоў таму. Як 16 ліпеня 1944 у Мінску праходзіў партызанскі парад


На старонках нашай гісторыі ёсць шмат падзей, якія не маюць падобных сабе прыкладаў ва ўсім вядомым нам мінулым. На гэтых старонках імёны герояў, незабыўныя даты, падзеі... Адным з такіх унікальным эпізодаў з’яўляецца партызанскі парад, які адбыўся ў вызваленым ад захопнікаў Мінску 16 ліпеня 1944 года.


У музеі гісторыі Мінска я пацікавіўся, якія можна убачыць дакументы тых незабыўных ліпеньскіх дзён. Загадчыца аддзела навуковых фондаў Вольга Багамолава паказала Загад, падпісаны Вярхоўным Галоўнакамандуючым менавіта 3 ліпеня 1944 года. Тады ён быў апублікаваны на першых старонках усіх газет. Выразка з тэкстам Указа беражліва захоўваецца ў фондах музея. Можна ўявіць з якім высокім хваляваннем чыталі нашы землякі словы пра вызваленне беларускай сталіцы.

Многія дакументы музея захоўваюцца ў лічбавым фармаце. Хуткі доступ да іх дазваляе праз лічаныя секунды ўбачыць на экране камп’ютара падзеі далёкіх гадоў, зафіксаваныя на фотаздымках.

Прапаную вам паглядзець архіўныя фотаздымкі франтавых карэспандэнтаў, пазнаёміцца з мясцінамі Мінска, дзе ў той час адбыўся гістарычны парад.

14 ліпеня было прынята рашэнне правесці гэты парад і ўжо праз суткі ў Мінск прыбыла мноства брыгад і атрадаў агульнай колькасцю каля 30 тысяч чалавек. На сваім шляху да сталіцы партызанам даводзілася зачышчаць навакольныя лясы і дарогі ад часткі застаўшыхся там адступаючых захопнікаў.

Урачыстасць павінна была адбыцца на полі мінскага іпадрома, там дзе заканчвалася вуліца Чырвонаармейская (такую назву вуліца захоўвае і ў наш час), недалёка ад берага ракі Свіслач. На тым месцы цяпер устаноўлены памятны камень.

Да пачатку ўрачыстасці іпадром размініравалі і паставілі пад ахову байцоў брыгады «Буравеснік», забяспечылі прыкрыццё парада самалётамі знішчальнікамі і зенітным узбраеннем.

16 ліпеня ў 9 гадзін раніцы пачаўся мітынг з удзелам дэлегацыі воінаў чырвонаармейцаў, якую ўзначальваў камандуючы 3-м Беларускім фронтам генерал арміі Іван Чарняхоўскі. Кіраўнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панцеляймон Панамарэнка павіншаваў усіх з вызваленнем беларускай сталіцы.

Пад разгорнутымі баявымі сцягамі прайшлі партызанскія падрыўнікі і разведчыкі, кулямётчыкі і артылерысты, вершнікі на ўпрыгожаных кветкамі конях. У калонах былі прадстаўлены ўнікальная партызанская зброя, вырабленая ў лясах умельцамі кавалямі, і іх тэхніка (грузавік з рухавіком, які працаваў на дровах).

Байцы з атрада «Барацьба» прывялі з сабой незвычайнага жыхара свайго ляснога лагера — казла па мянушцы «Малыш». Гэта жывёліна аднойчы трапіла да партызан як трафей, а затым стала для іх агульным любімцам і вясёлым талісманам. «Малыш» дапамагаў перавозіць медыкаменты, дзяліў цяжар паходаў. Пасля таго, як партызаны сумесна з байцамі рэгулярнай арміі вызвалілі Вілейку, «Малыш» уехаў у горад на брані танка.

На грудзі многіх партызан сярод розных баявых узнагарод ззяў толькі што атрыманы імі медаль «Партызану Айчыннай вайны». Заснаваны медаль быў ў лютым 1943 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Выглядала новая ўзнагарода вельмі прыгожа, на ёй былі напісаны самыя галоўныя для лясных змагароў словы.

Усё далей у чарадзе гадоў застаецца гэты незвычайны парад. Але кожнае новае пакаленне з цікавасцю нанова адкрывае яго для сябе. Вось і мне, народжанаму ў пасляваенны час, пашчасціла ўбачыць на экране камп’ютара на фотаздымках далёкага парада добра знаёмага мне старэйшага калегу. З Аляксандрам Дзітлавым я сябраваў амаль трыццаць гадоў. Ён быў вядомым фотажурналістам, прайшоў дарогамі вайны як фотакарэспандэнт ТАСС, неаднойчы выконваў заданні рэдакцыі ў партызанскіх атрадах. Пасля Перамогі працаваў у Мінску. Яго творчыя здольнасці, арганізатарскі талент уражвалі нас, маладых рэпарцёраў, разам стваралі мы фотавыставы, удзельнічалі ў выдавецкіх праектах. Ветэран неаднойчы прыносіў у «Звязду» фотаздымкі са свайго каштоўнага франтавога архіва, мы друкавалі іх разам з матэрыяламі пра гераічную барацьбу за нашу незалежнасць.

Дарэчы, жыў Аляксандр Дзітлаў побач з рэдакцыяй «Звязды» на вуліцы Багдана Хмяльніцкага, відаць таму і яго першыя пытанні пры сустрэчы на вуліцы былі пра справы ў газеце, пра калег. Фоталетапіс вайны ўвогуле і менавіта партызанскага парада 1944 года немагчыма ўявіць без такіх, як ён.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.