Вы тут

Дзе сустрэнеш старасць. Ацанілі ўмовы пражывання ў доме-інтэрнаце


Каля дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў «Камфортнае жыццё», што ў Мінскім раёне, сустрэла сямейную пару. Муж з жонкай прыехалі паглядзець умовы пражывання, бо хочуць прывезці сюды сваю 95-гадовую бабулю. «Яе пакуль даглядае ў Маладзечне мая мама, якой самой ужо за 70, — распавядае жанчына. — Вось мы і вырашылі крыху разгрузіць яе. Хочам выбраць самы лепшы дом-інтэрнат, каб бабуля адчувала сябе як дома. Мы і жывём непадалёку, зможам хоць штодня яе праведваць. Цудоўна, калі б яе падсялілі да спакойнай бабулькі — усё ж удзвюх было б весялей».


«Тамара Мікалаеўна Усцінава ў нас вельмі гасцінная. Пастаянна ўсіх на чай запрашае», — усміхацца медсястра Валянціна Сцяпухіна, якая зайшла спытацца ў бабулі пра самаадчуванне.

Самаму маладому дзядулю — 71

Дырэктар дома-інтэрната Юлія Дударонак адразу ж згадала пра Тамару Мікалаеўну Усцінаву, якая пераехала сюды з Багатыроўкі. Бабуля вельмі сціплая, тактоўная, жыве ў двухмесным нумары, але пакуль адна. «Вой, дык яна вельмі падобная да нашай бабулі!» — узрадавалася ўнучка. Але Тамару Мікалаеўну навіна аб магчымай суседцы не надта парадавала. Сказала, што хацела б застацца ў пакоі адна.

Бабулі і дзядулі з задавальненнем дзяліліся са мной сваімі радасцямі і перажываннямі. А Тамара Мікалаеўна Сімуткіна адклала ў слоічак кавалачак малочнага грыба, маўляў ён вельмі карысны для здароўя.

— Пакуль ёсць свабодныя пакоі, мы можам пайсці насустрач і не падсяляць нікога. Для тых жа, хто прынцыпова хоча жыць адзін, у наяўнасці 10 аднамесных нумароў павышанай камфортнасці, але там крыху большая аплата. Сёння яна складае 37,95 рубля за суткі, у месяц атрымліваецца крыху больш за 1100 рублёў. Для параўнання: пражыванне ў двухмесным пакоі каштуе 34,2 рубля за суткі (льготны тарыф для інвалідаў 1 і 2 групы — 30,75). Калі ў бабулі ці дзядулі ёсць дзеці працаздольнага ўзросту, то за пражыванне будуць плаціць яны. У выпадку ж, калі сын ці дачка на пенсіі ці самі маюць інваліднасць, то пажылы чалавек можа пражываць у доме-інтэрнаце за сваю пенсію (незалежна ад яе памеру), ад якой яму застаецца на асабістыя расходы 10 працэнтаў.

Аднамесныя нумары павышанай камфортнасці прынцыпова адрозніваюцца ад двухмесных тым, што там ёсць тэлевізар і халадзільнік. Але пры жаданні можна прывезці і сваю тэхніку. Акрамя таго, вялікі тэлевізар знаходзіцца ў вестыбюлі на першым паверсе. Калі я прыехала, бабулі і дзядулі якраз глядзелі канцэрт.

Анатоль Сцяпанавіч і Іраіда Васільеўна цудоўна адзін аднаго дапаўняюць.

Як высветлілася, свой другі дом у «Камфортным жыцці» знаходзяць пажылыя людзі з усёй Беларусі. Самаму «маладому» на сёння мужчыну 71 год, жанчыне — 77. Самым «дарослым» — па 88. У многіх дзеці ўжо даўно жывуць і працуюць за мяжой, ёсць і тыя, у каго спадчыннікі знаходзяцца ў псіханеўралагічных дамах-інтэрнатах ці ўжо памерлі. У некаторых бабуль і дзядуляў праблемы з нагамі, суставамі. Тых, хто не можа сам хадзіць, вывозяць на вуліцу на інваліднай калясцы. Для гэтага створаны ўсе ўмовы: пад'ёмныя платформы, панарамны ліфт.

Пра скандынаўскую хадзьбу і малочны грыб

Пасля экскурсіі па доме-інтэрнаце ўражанні засталіся выключна станоўчыя. Утульна, светла, чыста. Такое адчуванне, што гэта не дом-інтэрнат, а санаторый-прафілакторый. Можа, яшчэ і таму, што «Камфортнае жыццё» знаходзіцца каля сасновага лесу, побач з маляўнічым возерам. Новы сучасны будынак адкрыўся ўсяго тры гады таму. Сёння ён запоўнены напалову. На момант майго прыезду было 34 «пасяленцы» з магчымых 65. Тэрыторыя дома-інтэрната агароджана, у крокавай даступнасці — садовае таварыства, куды можна схадзіць у краму. «Для гэтага трэба проста папярэдзіць вахцёра, каб мы ведалі, дзе чалавек. Наша Элеанора Фёдараўна Батвіннік, напрыклад, вельмі любіць пагуляць па садовым таварыстве».

«Зараз наш дом-інтэрнат цалкам не запоўнены. Таму мы з радасцю прымем новых пражываючых, забяспечым ім годны догляд, акружым увагай і клопатам. Бо работнікі ў нас тут падабраліся сардэчныя, з асобым складам душы, іншыя, — кажа Юлія Дударонак, — тут, слава Богу, не затрымліваюцца».

Для жыхароў інтэрната рэгулярна ладзяцца святы, канцэрты, майстар-класы, сюды з задавальненнем прыязджаюць валанцёры з цікавымі мерапрыемствамі і падарункамі. Ёсць бібліятэка, фітабар і пакой адпачынку, дзе можна пагуляць у більярд, шашкі, шахматы. Сёлета адкрылі пакой для малітвы, закупілі палкі для скандынаўскай хадзьбы. «Ёсць у нас і кабінет фізіятэрапеўтычнага лячэння, масажная кушэтка, магніт, апараты «Сонейка» і «Біяптрон». Апошні цудоўна змагаецца з пролежнямі, але, дзякуй богу, у нашых дзядуляў і бабуль пакуль такіх праблем няма», — расказалі мне. Але самае важнае, што побач з пажылымі заўсёды знаходзіцца медработнік. Доктар на месцы з панядзелка да пятніцы з 8.30 да 17.00, медсястра і санітаркі — кругласутачна. Раз на год праводзіцца паглыблены медагляд, сюды з Бараўлян прыязджаюць урачы. Адзенне і пасцельную бялізну рэгулярна мые персанал. Але на кожным паверсе ёсць пакойчык, дзе стаіць сучасная пральная машына і сушылка. Таму кожны пры жаданні можа сам сябе абслужыць.

Так выглядае санвузел у пакоі павышанай камфортнасці.

У пакоі павышанай камфортнасці жыве Тамара Мікалаеўна Сімуткіна, вельмі цікавая суразмоўца і аптымістка. Працавала ў Акадэміі навук, вывучала мікраэлементы. А потым здароўе стала падводзіць, здарыўся астэапароз. «Стары пратэз урачы не ўзяліся мяняць, бо косці вельмі крохкія. Вось мучаюся ўжо шмат гадоў. Але не будзем аб сумным, не хочацца пра хваробы размаўляць».

Засялілася Тамара Мікалаеўна сюды год таму. «Дачка, ёй 56 гадоў, у трэці раз замуж выйшла, за англічаніна, хутка з'едзе жыць за мяжу, таму мяне трэба было ўладкаваць кудысьці. Я ж сама сябе ўжо абслужыць не магу. Не захацела ехаць у Ждановічы. Там 9-павярховы будынак, 500 чалавек. Тут жа лес вакол і мала людзей. Мне хацелася цішыні і спакою. Першы час, пакуль вызвалілася месца ў асобным пакоі, жыла з Ніначкай. Мы добра ладзілі. Але былі і свае нязручнасці, бо ў мяне ж накладка на ўнітаз спецыяльная... Некаторыя мае сяброўкі асуджаюць: «Вось дачка здала цябе ў інтэрнат, а яна павінна маці сваю даглядаць». Я ж лічу, што гэта старэчы эгаізм. У мяне з дачкой цудоўныя адносіны. У яе адказная работа, якая вымагае рэгулярных камандзіровак за мяжу. Не так даўно яна сустрэла цудоўнага чалавека, малю Бога, каб хоць пад старасць даў ёй шчасце. Ёсць тут адна бабуля, у якой 10 дзяцей. Дочкі ёй пастаянна цягаюць пудамі катлеты. Вось толькі не разумею, навошта. Тут жа хапае ежы, кормяць ажно чатыры разы. Мне сёння ў абед далі рыбны супчык, пюрэ, салату, дзве катлеты з пячонкі. Куды мне дзве? Адну ледзьве з'ела... Многія тэлефануюць дзецям і патрабуюць, каб прыехалі. Я ж лішні раз не турбую. У моладзі сваіх клопатаў хапае».

Галіна Андрэеўна Туманава пасля таго, як паграла на баяне, паказала нам свае фотаальбомы. І, падалося, хоць на нейкі час забылася пра боль у назе.

Тамара Мікалаеўна апошнім часам з-за хваробы не выходзіць з пакоя. Але стараецца не сумаваць. «Выпісала газету, якую прыносіць сюды паштальён, разгадваю красворды, дачка толькі паспявае прывозіць новыя зборнікі. Унук запісаў мне на дыскі фільмы, уключаю і гляджу без рэкламы. Пазнаёмілася тут з Элеанорачкай, якая апякуецца мной, калі дачка з'язджае. Тут побач ёсць крамка, дык яна купляе і прыносіць мне адтуль малако, якім я кармлю свой малочны грыб. Ён вельмі карысны. Калі хочаце, я з радасцю ім падзялюся».

Пра туфлі-лодачкі і адзінокую гармонь

Мы размаўлялі з Тамарай Мікалаеўнай больш як гадзіну. Аж пакуль мяне не паклікалі на мерапрыемства. Так супала, што ў дзень майго прыезду праходзілі заняткі па нейрагімнастыцы і развіцці дробнай маторыкі для пажылых людзей. Гэтым разам пад жывую музыку, бо ў інтэрнат чарговы раз прыехала валанцёрка — скрыпачка Юлія.

На лесвіцы мы сустрэлі светлавалосага дзядулю з кійком. «Анатоль Сцяпанавіч, хадзем на мерапрыемства, там наша скрыпачка Юля прыехала», — запрашае дырэктар дома-інтэрната. — «Я якраз туды і іду, вось толькі па Іраіду Васільеўну зайду».

Гэтая пара ў інтэрнаце стварылася зусім нядаўна. Анатоль Сцяпанавіч Гурчанка, у мінулым малалетні вязень, жыве тут ужо год. А Іраіда Васільеўна Жыглова засялілася зусім нядаўна. Яна працавала рэжысёрам. Жанчына цудоўна выглядае, заўсёды з макіяжам, упрыгажэннямі і ў туфліках-лодачках — ніколі не скажаш, што ёй за 80. Паколькі яны не муж з жонкай, то жывуць у асобных пакоях. Любяць разам прагульвацца за ручку. «Мы шчаслівыя, што яны пасябравалі, — кажуць супрацоўнікі дома-інтэрната. — Яны адно аднаго цудоўна дапаўняюць».

Пасля нейрагімнастыкі адзін дзядуля папрасіў, каб скрыпачка выканала яго любімую песню «Валёнкі». Юлія паабяцала падрыхтавацца і наступным разам зладзіць канцэрт па заяўках. «Што б яшчэ хто хацеў пачуць?» — запыталася яна ў бабуль і дзядуль. «Што-небудзь з рэпертуару Тарывердзіева, з фільма «17 імгненняў вясны». «А я люблю «Малодушкі-малодкі» Бабкінай». Ніхто з прысутных не ведаў такой песні... І бабуля, якая, як потым высветлілася, была ў свой час «залатым голасам» Заслаўя, зацягнула «Молодушки-молодки, зелёные ростки // Наш бабий век короткий, и ночи коротки...» «Дык у вас талент, будзеце мне дапамагаць ладзіць канцэрт. А вы якую песню замаўляеце?» — цікавіцца Юлія ва ўсмешлівага дзядулі. «А я ўжо нічога не памятаю». — «А яму запішыце «Что-то с памятью моей стало», — жартуе яго сябра. Пасля гэтых слоў усе смяюцца ад душы і, здаецца, маладзеюць на вачах.

Заняткі па нейрагімнастыцы пад акампанемаент скрыпкі.

Пасля нейрагімнастыкі мне захацелася бліжэй пазнаёміцца з «залатым голасам» Заслаўя. Разам з дырэктарам дома-інтэрната падыходзім да дзвярэй пакоя, адкуль даносіцца «Клён кудрявый...» Галіна Андрэеўна Туманава сядзела на ложку з баянам і спявала. Было відаць, што яна зусім не чакала нас убачыць. Галіна Андрэеўна з навічкоў. Трапіла ў інтэрнат зусім нядаўна. Кажа, жыла на пятым паверсе ў Заслаўі. Калі спускалася на вуліцу, звалілася з лесвіцы. «Прыехала сюды, калені былі чорныя як вугаль. Добра, што галавой яшчэ аб сцяну не ўдарылася — так ляцела. Дачка перапужалася і адразу ж пачала афармляць мяне сюды. Яна ў Літ-
ве жыве з сям'ёй. А я тут — «адзінокая гармонь». Сустаў мне трэба мяняць, стаю на чарзе больш як 4-тысячная...»

— У нас ёсць бабуля, якая зусім нічога не бачыць і не чуе. Дык яна заўсёды дзякуе і просіць усім здароўя. Даеш ёй есці — яна рукі цалуе. Можаце ўявіць, якой добрай душы чалавек, — распавядае медсястра Валянціна Сцяпухіна. — Усе бабулі і дзядулі ў нас добрыя. Проста пакрыўджаныя крыху жыццём: так атрымалася, што ў іх складаныя дыягназы.

Калі я прыехала, бабулі і дзядулі глядзелі разам канцэрт на вялікім экране.

— Бабулям і дзядулям цяжкавата першы час, а потым прывыкаюць і не хочуць з'язджаць, — кажа дырэктар. — Вунь, бачыце, на лавачцы сядзіць мужчына. У яго некалькі гадоў таму памерла жонка. І дзеці прывезлі яго да нас. Яны жывуць тут непадалёку. Прыязджаюць, праведваюць, на выхадныя часта забіраюць, на святы... Дык ён пабудзе там крыху і кажа: «Вязіце мяне ўжо дамоў». Ці дзядуля з Заслаўя, які паступаў да нас з бальніцы, пасля інсульту. Ляжачы быў, не хадзіў. А мы яго выхадзілі, цяпер жыве на трэцім паверсе, тупае сам без кійка. Жартаўнік такі, якіх пашукаць. У яго два сыны: адзін — у Расіі, другі — у Заслаўі. Але яму так у нас падабаецца, што не хоча да сына пераязджаць. Тым больш што кожны жыхар можа ўзяць водпуск у суме на тры месяцы ў год і паехаць да сваіх сваякоў пагасцяваць.


Дзіцячы сад для бабуль і дзядуляў

У доме-інтэрнаце «Камфортнае жыццё» ёсць паслуга дзённага знаходжання для пажылых людзей. «Калі чалавек працуе, ён можа адвезці маму ці тату зранку да нас, а вечарам пасля працы забраць, каб не перажываць, што стары чалавек застаўся адзін дома, — распавядае дырэктар дзяржаўнай установы Юлія Дударонак. — Бабулі і дзядулі могуць знаходзіцца пад наглядам спецыялістаў да 12 гадзін у суткі днём. Гэтая паслуга бясплатная, плаціць трэба толькі за харчаванне».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.