Вы тут

Яны малююць карціны, ствараюць музыку, пішуць раманы і... вучацца


Штучны інтэлект сёння выкарыстоўваецца ў розных галінах: рэкламе, прамысловасці, дызайне і нават медыцыне. Ён умее ствараць, размаўляць, прымаць рашэнні і даваць парады, а яшчэ здольны вучыцца і вельмі хутка ўдасканальвацца. Не дзіва, што некаторыя людзі пачынаюць непакоіцца, што з часам ён выцесніць патрэбу ў чалавеку ў пэўных сферах, і гэта сапраўды адбудзецца і ўжо адбываецца. Паўстанне машын нам пры гэтым пакуль не пагражае, але хто ведае... Глабальная і паўсюдная лічбавізацыя набірае абароты, а нейрасеткі ўжо выконваюць мноства функцый за чалавека. Што сёння ўмее штучны інтэлект (ШІ), якія прафесіі ён заменіць цалкам; як адрозніць творы, створаныя чат-ботам, ад таго, што зроблена чалавекам; чым пагражае людзям яго ўменне вучыцца? Пра гэтыя і іншыя аспекты сённяшніх лічбавых магчымасцяў і будучага развіцця нейрасетак расказаў Андрэй Цыган, эксперт па лічбавай трансфармацыі і штучным інтэлекце.


Кропка незвароту пераадолена

Эксперты сведчаць, што па-сапраўднаму ствараць можа толькі чалавек з яго 86 млрд нейронаў, якія дапамагаюць яму крэатывіць. Аднак на тое, што збіраецца зрабіць чалавек, можа паўплываць усё што заўгодна: нечаканы гук, раптоўнае святло, непрыемны пах... Усё гэта змяняе наша ўспрыманне наваколля і ўплывае на творчы працэс. Нейрасеткі, кіруе якімі, дарэчы, чалавек, выконваюць заданні, не абапіраючыся на эмоцыі, але ж іх трэба ўмець накіроўваць.

У аснове любой задачы, якую вырашаюць нейрасеткі, ляжыць унікальная ідэя, а выніку можна дасягнуць, толькі калі чалавек выбудуе арыгінальны лагічны ланцужок і правільна задасць тыя даныя, якія чалавеку неабходна атрымаць у выніку. Што і зрабілі ў кампаніі МТС, калі «папрасілі» нейрасетку прадставіць прадукцыю кампаніі ў выглядзе карцін. У выніку атрымалася цэлая выстаўка незвычайных і даволі прывабных малюнкаў.

— Штучны інтэлект сёння апрацоўвае каля 70 % зваротаў у кампанію і выкарыстоўваецца ў моўнай палітыцы, то-бок ён апрацоўвае ўсе размовы абанентаў з аператарамі і аналізуе, наколькі ў гутарцы былі вытрыманыя эмацыянальны складнік і праўдзівасць інфармацыі, — падзяліўся намеснік генеральнага дырэктара кампаніі МТС па камерцыйных пытаннях Мікалай Булаш. — Мы хочам, каб выкарыстанне тэхналогій з дапамогай нашых прадуктаў, а таксама сэрвісы і паслугі былі камфортнымі і карыснымі, таму з задавальненнем эксперыментуем са штучным інтэлектам. І створаныя арт-аб'екты — таксама частка гэтых памкненняў.

У лістападзе 2022-га ў віртуальнай прасторы з'явіўся ChatGPT — чат-бот са штучным інтэлектам, які можа не толькі гутарыць з суразмоўцам, даваць тлумачэнні і ствараць вершы, але і даваць парады, і нават спрачацца. І літаральна праз месяц спыніўся прыём кніг ад аўтараў фантастыкі, бо 99 % фантастычных кніг цалкам былі напісаны ChatGPT, і людзі пачалі прадаваць іх у інтэрнэце.

— Гэты чат-бот ужо ў сваёй чацвёртай версіі навучыўся здаваць прафесійныя іспыты па прафесіях юрыста, матэматыка, урача гэтак жа, а часам і лепш, чым людзі. Далей — больш, — упэўнены Андрэй Цыган. — Задачы 49 % работнікаў так ці інакш будуць звязаныя са штучным інтэлектам. 7 % бягучай сусветнай занятасці будзе заменена цалкам, а 63 % — дапоўнены (300 мільёнаў працоўных месцаў могуць падвергнуцца аўтаматызацыі). У найбліжэйшы час штучны розум дадасць 4 трлн долараў да сусветнага ВУП. Неў-
забаве ва ўсіх рэзюмэ замест радка «ўпэўнены карыстальнік ПК» будзе напісана «ўпэўнены карыстальнік ChatGPT».

На думку эксперта, людзі падзеляцца на дзве катэгорыі. Адны не захочуць карыстацца ChatGPT і будуць выконваць свае задачы прафесіяналаў, як і раней, а другія пераўтворацца ў дырыжораў, якія кіруюць ансамблем нейрасетак і пры гэтым выконваюць тыя ж самыя задачы ў дзясяткі разоў хутчэй. Кропка незвароту ўжо пераадолена, і трэба навучыцца разумець, як гэта працуе, а не спадзявацца, што яно неяк само сыдзе.

Формула задачы для нейрасеткі

Дык што ж такое штучны інтэлект; чым ён адрозніваецца ад машыннага навучання; якую ролю іграюць нейрасеткі? Штучны інтэлект — агульная навука, а цяпер — падраздзел навукі, які вывучае сістэмы, што могуць рэгуляваць паводзіны чалавека паступальна. Машыннае навучанне — адзін з яго падраздзелаў, які выбудоўвае алгарытмічныя праграмы, што ўмеюць саманавучацца і нешта рабіць, і адзін з відаў машыннага навучання — нейрасеткі. Яны досыць універсальныя, бо для іх не трэба ствараць асобныя алгарытмы для голасу, выявы, тэксту, але нейрасеткі не трэба выкарыстоўваць паўсюль.

— Для вырашэння так званых неінтэлектуальных задач існуюць зразумелы алгарытм і крокі па выкананні. І з такімі задачамі спраўляецца праграмаванне. Даніэль Канеман, нобелеўскі лаўрэат па эканоміцы, даследаваў, што ў мозгу чалавека існуе дзве сістэмы. Сістэма адзін адказвае за тыя рэчы, якія мы робім на аўтапілоце, хутка і не трацім на гэта энергіі, адна яна не ўмее працаваць, калі сутыкаецца з нечым незразумелым. Сістэма два — гэта наша мысленне, якое здольнае аналізаваць сітуацыю, але патрабуе ад чалавека шмат высілкаў (энергіі) на работу, і яна працуе марудна. Дык вось алгарытмічнае праграмаванне і вырашае задачы сістэмы два, за што заўжды плацяць больш, — расказаў эксперт. — А нейрасеткі навучыліся рашаць інтэлектуальныя задачы. Яны патрэбныя, каб паглядзець, што і як, зазірнуць у гісторыю і прыняць рашэнне. Яны фактычна карыстаюцца вопытам усяго чалавецтва, які захоўваецца ў базе сеціва, і на яго падставе рэалізоўваюць ідэю (задачу), якую ім ставіць чалавек.

Тым не менш нейрасеткі з'явіліся не летась. Больш за 50 гадоў таму былі першыя спробы ствараць штучныя нейроны і першыя машыны. Успомніць хоць бы тую ж гісторыю, калі суперкамп'ютар перамог Каспарава ў шахматы. Але ж тут можна было пралічыць аперацыі, а вось сапраўды сур'ёзным дасягненнем стала перамога на конкурсе фотаздымка, створанага нейрасеткай. А ў 2017-м кампанія Google паказала работу-трансформер, на якой сёння заснаваны ўсе нейрасеткі. Як інфармацыя апрацоўваецца ў іх, не скажа нават сам распрацоўшчык, бо яны самі навучаюцца, перабудоўваюцца і прыстасоўваюцца да бягучай сітуацыі.

— Любая задача для нейрасеткі даецца па формуле. Бяруцца зыходныя звесткі: малюнак, тэкст, музыка, іншы кампанент. Пасля ўказваецца, што чалавек хоча з гэтага атрымаць: музыку, відэа, кнігу. І вось пад гэта падбіраецца алгарытм машыннага навучання, — тлумачыць Андрэй Цыган. — Для выканання такой задачы ChatGPT-3,5 мае 175 мільярдаў параметраў.

Суразмоўца, творца, кансультант...

Штучны інтэлект у выглядзе ChatGPT чацвёртай версіі здольны ў любы час згенерыраваць адказ на пытанне карыстальніка. Ён можа прадказваць наступнае слова на падставе папярэдняга, і такіх слоў, звязаных думкай і сэнсам, ён здольны прадказваць тысячы, таму чат-бот і ўмее пісаць цэлыя кнігі. Каб толькі прачытаць усё, што знаходзіцца ў інтэрнэце, чалавеку спатрэбіцца 28 тысяч гадоў. Нейрасетцы трэба значна менш часу, каб ужо выканаць пастаўленую задачу на падставе гэтых звестак, і яна пры гэтым увесь час працягвае вучыцца.

— Нейрасетку папрасілі скласці спіс са 100 ядаў, і яна склала. У пераліку было 12 смяротных ядаў і тры — невядомыя навуцы, — агучыў эксперт. — Цяпер чат-бот давучваюць, што можна, а што — не. Яму тлумачаць, як зрабілі б людзі ў той ці іншай сітуацыі, каб выканаць простыя рэчы, напрыклад вынесці смецце. У нейрасеткі з'явілася пачуццё гумару і нават эмпатыя (суперажыванне). У сярэднім навучанне мадэлі доўжыцца восем месяцаў, і цяпер нейрасетка давучана толькі да 2021 года.

Штучны інтэлект, такім чынам, становіцца суразмоўцам, ён можа ствараць сапраўдныя сцэнарыі кіно (кожная вялікая кінастудыя сёння навучае свае нейрасеткі). Яго можна ўзяць з сабой на нараду, па выніках якой ён складзе алгарытм, як выконваць праект. Яго можна папрасіць стварыць музыку па нейкім фрагменце, і ён зробіць нешта падобнае, але ж сваё, і такім чынам не парушыць аўтарскія правы ўладальніка фрагмента. Ён можа быць бізнес-кансультантам з бязмежным цярпеннем, які здольны дапамагаць бясконца; медыцынскім кансультантам, які можа выказаць меркаванне, што з вамі, калі вы апішаце яму сімптомы; нават рэпетытарам і складальнікам казак. ChatGPT можна давучыць, дадаўшы яму звесткі пра сваю кампанію, каб ён дапамагаў яшчэ лепш.

— Усё, створанае нейрасеткай, павінна маркіравацца, каб было зразумела, што гэты кантэнт створаны штучным інтэлектам. Іншае пытанне — ці трэба карыстальніку ведаць пра гэта, — разважае эксперт. — Аднак на тэкстах і карцінках, якія ствараюцца ШІ, ёсць спецыяльныя дэтэктары, што ствараюцца па пэўным алгарытме, які можна ўбачыць і па ім адрозніць, што згенерыравана чалавекам, а што — не. Але, каб быць шчырым з карыстальнікам, трэба пазначаць, што створана штучным інтэлектам. З іншага боку, заказчык, пэўна, аддасць перавагу прадукту, які створаны ChatGPT або чалавекам у суаўтарстве з чат-ботам, калі ён будзе лепшым за той, што зрабіў спецыяліст з 20-гадовым стажам, але сам, і вынік будзе натуральна горшым. Так што невядома, ці будзе такая абавязковая мэта, — вызначаць, што створана нейрасеткай, а што — чалавекам.

ChatGPT пакуль не робіць нічога з таго, што не ўмее чалавек, аднак ён робіць гэта нашмат хутчэй. Праўда, калі задача будзе пастаўлена няправільна, то і зразумелага выніку таксама не атрымаецца, а фармуляваць свае жаданні і чаканні таксама трэба ўмець. Так што міф, што штучны інтэлект заменіць чалавека, пакуль не спраўдзіцца.

Аднак самі людзі перажываюць, што з часам штучны інтэлект зможа выцесніць 15 прафесій, сярод якіх фінансавыя аналітыкі, пісьменнікі і капірайтары, інтэрфэйс-дызайнеры, матэматыкі... Сам жа штучны інтэлект назваў 86 прафесій, людзей у якіх ён зможа замяніць.

— Навуковае і крытычнае мысленне абароніць чалавека ад «паўстання машын», — супакойвае Андрэй Цыган. — Штучны інтэлект будзе выкарыстоўвацца фактычна ў любой сферы, аднак гэта не азначае, што ён усё цалкам заменіць, але дапаўняць будзе практычна заўжды. Затое штучны інтэлект не зможа замяніць людзей рабочых прафесій.

Трэба, дарэчы, памятаць і пра тое, што скарыстацца ChatGPT могуць і злачынцы, якія з дапамогай тэхналогій змогуць падмануць, згенерыраваўшы голас і выяву іншага чалавека. Так што жыць у лічбавай будучыні (і рэальнасці) усё роўна трэба з розумам, а не кіравацца цалкам магчымасцямі, парадамі і дапамогай штучнага інтэлекту.

Эксперты прагназуюць з'яўленне агульнага штучнага інтэлекту, які для дасягнення пэўнай мэты сам умее ставіць сабе задачы без удзелу чалавека (памятаеце фільм «Тэрмінатар»?), у ліпені 2026-га, так што ў людзей ёсць тры гады, каб падрыхтавацца.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.