Хань Сяое — кітайскі літаратуразнаўца, перакладчык, сённяшні дэкан філалагічнага факультэта Другога Пекінскага універсітэта замежных моў. Перакладае творы беларускіх пісьменнікаў на кітайскую мову. Нельга не адзначыць, што менавіта гэтая навучальная ўстанова ў апошнія гады стала сур’ёзнай пляцоўкай для развіцця беларуска-кітайскіх літаратурных сувязяў. Аснову ў многім заклала доктар філалагічных навук Чжан Хуэйцінь, якая ў свой час працавала ў Другім Пекінскім універсітэце замежных моў. Наша размова з Хань Сяое — пра яго ўражанні ад знаёмства з беларускай літаратурай, пра тое, над чым ён працуе як перакладчык, якія праекты ў недалёкай будучыні збіраецца рэалізаваць.
— Шматпаважаны Хань Сяое! Дзякуючы Вашым і Вашых калег намаганням у Кітаі пабачыў свет зборнік твораў сучасных пісьменнікаў Беларусі на кітайскай мове. Які розгалас атрымала гэта выданне? Ці праяўляюць да яе інтарэс студэнты, магістранты, аспіранты, якія вывучаюць беларускую мову і беларускую літаратуру? Ці ёсць на кнігу водгук сярод шэраговых чытачоў?
— Прайшоў некаторы час з моманту публікацыі гэтай кнігі і яшчэ кнігі «Шчарбаты талер» Андрэя Федарэнкі на кітайскай мове, але рэакцыя вучняў, студэнтаў і магістрантаў на зборнік твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў мне пакуль што невядомая. Чытачу патрэбен час, каб сустрэцца з кнігай, каб адкрыць яе і прачытаць. Сённяшні сацыяльны асяродак моцна змяніўся, для моладзі задужа шмат «спакус». Тое, што можа прыцягнуць увагу маладых чытачоў, болей не абмяжоўваецца выключна чытаннем увогуле ці чытаннем папяровай кнігі. Ёсць шмат фактараў, якія прыцягваюць іх, займаюць час маладых людзей. Смартфоны — адна з такіх з’яў. Але кніга — «Шчарбаты талер» — прадаецца ў кнігарнях Пекіна і на розных платформах анлайн-пакупак. Так што, давайце пачакаем і паглядзім...
— У Беларусі аповесць «Шчарбаты талер» Андрэя Федарэнкі карыстаецца шырокай папулярнасцю. Кніга вытрымала нямала выданняў на беларускай і рускай мовах. Аповесць перакладзена на розныя мовы. Наколькі цікава было працаваць над перакладам дадзенага твора? Як Вы думаеце, ці зможа кітайскае выданне «Шчарбатага талеру» справакаваць цікавасць выдаўцоў і адпаведна юных кітайскіх чытачоў да беларускай дзіцячай літаратуры?
— «Шчарбаты талер» — гэта рэпрэзентатыўная праца вядомага беларускага празаіка Андрэя Федарэнкі. Гэта дзіцячая прыгодніцкая аповесць. У творы пісьменнік выкарыстоўвае характэрную танальнасць, шырокую карціну жыцця і тры талеры ў якасці падказак дял падрабязнага апісання сельскага, вясковага жыцця Беларусі ў 1990-я гады. Як толькі я пачаў чытаць, гэтая гісторыя глыбока зачаравала мяне. Змест і сцэны, апісаныя ў творах, вельмі масштабныя: ёсць і гарады, і вёскі; ёсць і дзеці, і дарослыя; яны звязаны як з гістарычнымі падзеямі, так і з геаграфічнымі ведамі; ёсць і простыя старыя людзі, аўтарытэтныя, ёсць і жорсткія бандыты; ёсць хітрыя «павукі» і добрыя настаўнікі гісторыі; ёсць і пагоня за грашыма, багацце, ёсць нявіннае і моцнае сяброўства дзяцей; тут прысутнічае як імкненне дзяцей да прыгод, так і іх любоў да гісторыі, зямлі і мовы сваёй радзімы. Карацей кажучы, кніга мяне глыбока захапіла. У выніку і ўзніклі жаданне і энтузіязм прадставіць твор кітайскім чытачам. Я ўпэўнены, што гэтая кніга таксама выкліча цікавасць у кітайскіх чытачоў. Вельмі спадзяюся на гэта.
— Зараз Вы завяршылі перакладаць кнігу прозы і паэзіі вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Алеся Бадака. Якія ўрокі вынікаюць з гэтай працы?
— Пераклад «Выбраных твораў Алеся Бадака» увайшоў у стадыю дапрацоўкі і «падфарбоўкі». Гэтая кніга паядноўвае пад адной вокладкай сем апавяданняў, чатыры аповесці і 43 вершы Алеся Бадака. З нагоды таго, што колькасць вершаў большая ў зборніку... Пераклад суправаджаўся пэўнымі цяжкасцямі. У коле мастацкіх перакладчыкаў, ды і чытачоў замежнай пазіі ў перакладах на сваю родную мову, ёсць такое меркаванне: паэзію нельга перакласці. І з гэтым варта пагадзіцца. Але і не перакладаць нельга. Іначай мы сталі б шмат бяднейшымі, наш чытач не змог бы пазнаёміцца з многімі з’явамі з іншых літаратур... Як можна сёння ўявіць, што Аляксандр Сяргеевіч Пушкін і Марына Цвятаева вядомыя толькі чытачу на рускай мове?!. Пытанне рытарычнае. Таму ў працэсе перакладу паэзіі я павінен не толькі высветліць, асэнсаваць мастацкую канцэпцыю, думкі і эмоцыі арыгінальных вершаў, якія аўтар жадае выказаць, але і імкнуцца захаваць моўцы стыль і моўныя асаблівасці арыгінальных вершаў аўтара... У той самы час знайсці рыфму. Таму на «падфарбоўку» і абдумванне сыходзіць шмат часу. Мая велізарнейшая мара — мець чыстае сумленне перад аўтарам і чытачамі. Таму мне патрэбна пазнаёміцца з дадатковай інфармацыяй, болей разважаць над арыгіналам, часцей звяртацца да самога аўтара ў пошуку парад, звяртацца за парадамі да экспертаў. У выпадку з перакладам твораў Алеся Бадака ў мяне такія магчымасці былі.
— Ці ёсць у Вас як у перакладчыка да нечага большае прыцягненне — болей усё ж да прозы ці да паэзіі?
— Умоўна кажучы, пераклад паэзіі з’яўляецца для мяне болей складанай задачай. Кітайская перакладчыцкая супольнасць часта лічыць, што пераклад паэзіі — гэта мяжа (верх, вышыня) перакладчыцкай дзейнасці. І ў той самы час для мяне большым выклікам і большай зацікаўленасцю з’яўляецца пераклад паэзіі. Я заўсёды гатовы сустракацца з вялікімі паэтычнымі здзяйсненнямі. Зразумела, не маю права сказаць, што ў перакладзе прозы няма цяжкасцяў, і заўважу, што пераклад прозы — таксама мая любімая справа. Я люблю пераклад, таму што пры перакладзе, дзякуючы маёй галаве і маім рукам, чытачы Кітая разам з унікальнымі літаратурнымі творамі змогуць падарожнічаць праз час і прастору ў іншыя краіны, дзе гавораць на іншай мове і дзе іншая культура. Я вельмі шчаслівы, калі думаю пра гэта. Шчаслівы, што раблю чытанне, выбар кітайскага чытача шмат шырэйшым, багацейшым. Ці на крайні выпадак — удзельнічаю ў гэтым працэсе, з’яўляюся адным з ліку працаўнікоў кітайскага мастацкага перакладу, якія садзейнічаюць новым адкрыццям, новым асэнсаванням багаццяў літаратурнага прачытання жыцця на ўсёй нашай планеце Зямля.
— Што, на Ваш погляд, акрамя, зразумела, перакладу саміх твораў, варта зрабіць, каб беларускую літаратуру лепей ведалі ў Кітаі самі даследчыкі сусветнага літаратурнага працэса?
— Я асабіста лічу, што для большай папулярызацыі і прасоўвання беларускіх літаратурных твораў у Кітаі, зразумела, неабходна перакладаць найлепшыя беларускія літаратурныя творы. Перш за ўсё, кітайскія чытачы павінны мець магчымасць чытаць творы беларускіх пісьменнікаў. Акрамя гэтага, варта ўжо выдадзеныя пераклады літаратурных твораў выкарыстоўваць як нагоду для правядзення некаторых мерапрыемстваў. Такіх, напрыклад, як невялікія чытацкія канферэнцыі, прэзентацыі кнігі. Зразумела, пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў Кітаі і іншых устаноў, які працуюць на развіццё двухбаковых адносін... Магчыма, варта арганізаваць правядзенне сустрэч беларускіх пісьменнікаў з кітайскімі чытачамі. І было б здорава, каб кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі здолела прыехаць у Кітай з візітам. Жывыя сустрэчы дапамаглі б у многім у развіцці фармата, пашырэння нашых літаратурных, перакладчыцкіх сувязяў.
— У Кітаі ў розныя гады выйшлі кнігі народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава... Ці знаёмая Вам іх творчасць? Ці варта сёння шырэй прадстаўляць на кітайскай мове беларускую класіку?
— Мне знаёмыя ўсе гэтыя пісьменнікі — Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Максім Танк. Я чытаў іх творы на кітайскай мове. Класічныя творы заўсёды будуць складаць самую важную і самую бліскучую частку літаратурна-мастацкіх твораў той ці іншай краіны. Я лічу, што, па магчымасці, варта прымяняць двухбаковы падыход не толькі да перакладу выдатных твораў сучасных маладых пісьменнікаў і пісьменнікаў сярэдняга ўзросту, але і да перакладу літаратурнай класікі.
— Ці не падаецца Вам, што шмат для болей плённага развіцця беларуска-кітайскіх літаратурных сувязяў магло зрабіць спецыялізаванае перыядычнае выданне, якое стала б агульнай пляцоўкай зацікаўленых чытачоў, экспертаў, перакладчыкаў? Калі такое выданне будзе выходзіць у Беларусі як сеткавы рэсурс, размяшчацца ў лічбавай прасторы, ці будуць у яго спажыўцы, чытачы ў Кітаі?
— Я думаю, што такая кіберпрасторавая платформа ці такія інтэрнэт-публікацыі будуць мець добры рынак попыту і ў Кітаі. Дзякуючы такой платформе кітайскія чытачы здолеюць не толькі пазнаць беларускую літаратуру, але і адкрыць для сябе беларускую гісторыю і культуру. Гэта, безумоўна, можа садзейнічаць культурным абменам паміж двума краінамі, што таксама носіць немалаважны характар.
— Беларускую літаратуру перакладалі ў Кітаі і раней. Сярод яе перакладчыкаў — і Гэ Баацюань, Гаа Ман, Гу Юй... Вы ведаеце пра працы гэтых перакладчыкаў ў частцы іх увагі да беларускай літаратуры?
— Гэ Баацюань, Гаа Ман, Гу Юй — старэйшыны перакладчыцкай кагорты, якія заслужылі і заслугоўваюць вялікую павагу ў Кітаі. Яны пераклалі шмат літаратурных твораў краін, дзе размаўляюць, пішуць на рускай мове, выдаюць кнігі па-руску, і з’яўляюцца нашымі папярэднікамі ў перакладчыцкай справе. Я добра ведаю ўсе творы, якія яны пераклалі. Я таксама хачу ісці следам за імі, па іх сцяжынках, хачу выконваць як мага болей перакладчыцкай працы, каб садзейнічаць літаратурнаму і культурнаму абмену паміж Кітаем і Беларуссю, іншымі славянскімі краінамі, каб кітайскія чытачы маглі б чытаць шэдэўры нацыянальных літаратур гэтых краін.
— І ўсё ж такі, якія сёння замежныя літаратуры знаходзяцца ў прасторы найбольшай увагі кітайскіх перакладчыкаў, кітайскіх выдаўцоў?
— Як і ў любую папярэднюю эпоху, увага перакладчыкаў, а таксама выдаўцоў, магчыма, па-ранейшаму найболей засяроджана на літаратурных творах з Еўропы і Амерыкі. І ўсё ж сёння ў Кітаі адчуваецца сапраўдны бум у дачыненні да беларускай літаратуры. Таму я думаю, што варта выкарыстоўваць гэта як своеасаблівую магчымасць перакласці паболей беларускіх літаратурных твораў для кітайскіх чытачоў.
— Шматпаважаны Хань Сяое, выкладзіце сваю галоўную параду маладым літаратарам, якія хацелі б узяцца за пераўвасабленне твораў беларускіх аўтараў на кітайскую мову.
— Дарагія сябры, дарагія маладыя пісьменнікі, маладыя перакладчыкі, сённяшні свет узаемазвязаны, і ў людзей кожнай краіны ёсць жаданне спасцігнуць іншую краіну. Літаратурная творчасць і аповяды пра радзімыя куточкі, пра Айчыну пісьменнікаў — гэта найболей эфектыўныя механізмы дзеля таго, каб людзі іншай нацыі, іншай краіны адкрывалі невядомы дагэтуль свет. Я спадзяюся, што вы здолееце выкарыстаць свой розум, глыбокія веды і залатую ручку для напісання яшчэ болей выдатных прац! Многія кітайскія перакладчыкі і я таксама заўсёды з нецярпеннем чакаем выхада вашых выдатных перакладчыцкіх твораў. Мы гатовы вам дапамагчы ў перакладзе твораў беларускай літаратуры для шырокага чытача ў Кітаі!
Гутарыў Кастусь ХАДЫКА
Прэв’ю: pexels.com
Рамонт катлоў, замена сетак і запас паліва
Навошта навукоўцы вывучаюць трапічныя культуры?
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.