Вы тут

Маладымі кіравалі рамантыка, энтузіязм і жаданне сябе праверыць


Афіцыйна датай нараджэння студатрадаўскага руху ў Беларусі лічаць 1963 год. У гэты час Цэнтральны камітэт УЛКСМ пастанавіў накіраваць студэнцкія атрады ў Казахстан для ўдзелу ў сельскім будаўніцтве. Пры беларускім камсамоле адразу ж быў створаны штаб, і свае студэнцкія атрады ў Казахстан накіравалі 16 вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі.

Зводны атрад з Беларусі ўдзельнічаў у будаўніцтве 362 аб'ектаў жыллёвага і культурна-бытавога прызначэння ў 41 гаспадарцы Заходне-Казахстанскага краю. У голым стэпе беларускія студэнты пабудавалі сто жылых дамоў, 18 інтэрнатаў, 34 культурна-бытавыя аб'екты, майстэрні, школы, лазні і склады. Але насамрэч падмурак для фарміравання студатрадаўскага руху быў закладзены нашмат раней.


Па закліку партыі...

— У 1954 годзе па ініцыятыве першага сакратара кампартыі Мікіты Хрушчова пленум ЦК КПСС прыняў пастанову «Аб далейшым павелічэнні вытворчасці збожжа ў краіне і аб асваенні цалінных і абложных зямель», у адпаведнасці з якой было намечана ўзараць у Казахстане, Сібіры, Паволжы, на Урале і ў некаторых іншых рэгіёнах не менш за 43 мільёны гектараў земляў. Меркавалася, што ўраджай з новай тэрыторыі дазволіць раз і назаўжды вырашыць харчовую праблему ў краіне і павялічыць экспарт збожжа, — расказвае доктар гістарычных навук, прафесар БДУ Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ. — Кіраўніцтва краіны ўмела выкарыстоўвала працоўны энтузіязм насельніцтва, асабліва моладзі, якая ахвотна адгукнулася на заклік партыі.

Провады зводнага студэнцкага будатрада ў Сібір, 1966 год.

Першы цалінны эшалон з маладымі мінчанамі адышоў са сталічнага вакзала ўжо ў сакавіку 1954 года. Усяго на працягу першага цаліннага года з БССР у Казахстан выехала звыш 4 тысяч юнакоў і дзяўчат. Пуцёўкі атрымалі найлепшыя, абраныя па выніках гутаркі са шматлікімі добраахвотнікамі, сярод якіх былі будаўнікі і кіроўцы, настаўнікі і аграномы, інжынеры і студэнты. Некаторыя заявы аб накіраванні на цаліну мелі калектыўны характар, іх аўтарамі былі брыгады, звёны і нават сем'і. У ліку першых, хто накіраваўся на цаліну, быў будаўнік МАЗа, прараб Барыс Галезнік, які меў жонку з двума дзецьмі, высокааплатную работу і добрую кватэру ў Мінску. Шмат гадоў пазней ён растлумачыў уласнае рашэнне, сказаўшы, што «не бачыў у гэтым нічога гераічнага, проста гэта было натуральным памкненнем мноства маладых людзей, іх жаданнем дапамагчы сваёй краіне».

Рэктар БДУ Антон Сеўчанка адпраўляе студэнтаў на цаліну, 1957 год.

На працягу 1954—1957 гадоў у Казахстан і на іншыя цалінныя землі па пуцёўках беларускага камсамола на розныя тэрміны выправілася каля 25 тысяч чалавек. Пераважна гэта былі студэнты ВНУ і тэхнікумаў, а таксама навучэнцы прафесійна-тэхнічных вучылішчаў і выпускнікі школ, якія падавалі калектыўныя заяўкі цэлымі курсамі, акадэмічнымі групамі і класамі, як тое, напрыклад, зрабілі ў 1957 годзе дзесяцікласнікі Панізоўскай школы Аршанскага раёна. Увогуле лета гэтага года было рэкордным па колькасці беларускай моладзі, накіраванай на ўборку ўраджаю на цаліне, калі там знаходзілася 13 196 чалавек. Маладымі кіравалі рамантыка першаадкрывальнікаў, энтузіязм і жаданне праверыць сябе ў цяжкіх жыццёвых умовах. Пра цаліну, якую абвясцілі камсамольска-маладзёжнай будоўляй, здымалі фільмы, складалі песні, пісалі вершы... «Цаліннікі» ў грамадскай свядомасці наблізілся да герояў-палярнікаў 1930-х гадоў. А тыя, хто не жадаў ехаць па рамантыку ў далёкі край, імкнуўся застацца пад апекай бацькоў, рабіліся персанажамі газетных фельетонаў.

Але паступова паток добраахвотнікаў з БССР пачаў змяншацца і фактычна спыніўся ў пачатку 1960-х гадоў, калі асваенне цаліны ўступіла ў стадыю крызісу.

...І па камсамольскай пуцёўцы

Як заўважае Аляксандр Гужалоўскі, ажыццяўленне цаліннага праекта распачалося без папярэдняй падрыхтоўкі, пры поўнай адсутнасці інфраструктуры — дарог, збожжасховішчаў, кваліфікаванага персаналу, не кажучы пра жыллё і рамонтную базу для тэхнікі. Прыродныя ўмовы стэпаў не браліся пад увагу. Не ўлічваліся пясчаныя буры і сухавеі, не былі распрацаваны ашчадныя спосабы апрацоўкі глеб і адаптаваныя да клімату сарты збожжавых.

— У той часткі моладзі, якая не падзяляла ўсеагульнай «цаліннай эйфарыі», для гэтага былі досыць важкія падставы, — падкрэслівае прафесар. — Дабіраліся добраахвотнікі да месца работы шмат дзён у таварных вагонах, нярэдка без пасцельнай бялізны, харчовага забеспячэння і нават вады. Працавалі цаліннікі часта з парушэннямі тэхнікі бяспекі, жылі ў палатках і часовых збудаваннях, без элементарных выгод і транспартных зносін, што прыводзіла да траўматызму і нават да смяротных выпадкаў.

І ўсё ж такі менавіта моладзь адыграла вырашальную ролю ў асваенні не толькі цалінных земляў, але таксама цяжкадаступных тэрыторый на поўначы і ўсходзе СССР.

«Студэнты БДУ на сіласаванні кармоў у калгасе».

Вялікая колькасць беларускіх юнакоў і дзяўчат працавала на ўдарных камсамольскіх будоўлях — найважнейшых народна-гаспадарчых аб'ектах, над узвядзеннем якіх шэфстваваў камсамол.

— Дакумент, паводле якога камсамольца накіроўвалі на аб'ект, меў назву «камсамольская пуцёўка». Яны выдаваліся выключна па рашэнні абкамаў і райкамаў камсамола пасля абмеркавання кандыдатуры на адкрытых камсамольскіх сходах. Падчас адбору кандыдатур значэнне мела не толькі наяўнасць рабочай спецыяльнасці, але таксама грамадская актыўнасць камсамольца, яго маральнае аблічча, — расказвае Аляксандр Гужалоўскі.

Як адзначалася ў справаздачах ЦК ЛКСМБ, у 1956—1958 гадах на ўдарныя будоўлі было накіравана 17 889 чалавек, якія ўзводзілі Нарыльскі горна-металургічны камбінат і Волжскую ГЭС, будавалі чыгунку Масква — Уладзівасток, шахты на Данбасе і ў Карагандзе. Усяго ж на працягу 1956—1965 гадоў на ўдарныя будоўлі краіны было накіравана каля 100 тысяч беларускіх юнакоў і дзяўчат.

Адным з іх быў выпускнік аддзялення журналістыкі БДУ Дзмітрый Моркаўка, які пасля заканчэння ўніверсітэта ў сярэдзіне 1960-х гадоў выправіўся па рамантыку на Нарыльскі горна-металургічны камбінат. Уласнае ідэалістычнае светаадчуванне ён уклаў у вусны героя напісанага за палярным кругам апавядання «Капітаны»: «Часам з'яўляюцца здрадлівыя думкі пра ўтульную кватэру, спакойную работу. Звычайна яны з'яўляюцца ў моманты, калі даводзіцца цяжка ці што-небудзь не атрымліваецца. І тады я згадваю словы: «Слабыя духам не вытрымліваюць»... І, ведаеце, нават неяк сорамна робіцца за сябе».

Зводны будатрад «50 гадоў СССР» на будаўніцтве ўчастка чыгункі Асіна — Белы, 1972 год.

А пачаткам руху студэнцкіх будаўнічых атрадаў у СССР лічыцца 1959 год, калі група студэнтаў-фізікаў Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава падчас летніх канікулаў накіравалася ў адзін з цалінных саўгасаў. Першыя ж профільныя студэнцкія атрады былі сфарміраваныя ў СССР толькі ў 1963 годзе. Летам гэтага года ва Уральскую вобласць Казахскай ССР выехаў першы зводны атрад беларускіх студэнтаў у колькасці 2,7 тысячы чалавек, 600 з іх былі студэнтамі Беларускага політэхнічнага інстытута, бо менавіта ў ім рыхтавалі спецыялістаў для будаўнічай галіны, а камандзірам стаў выпускнік БПІ Ноліс Варонін. Працоўны семестр доўжыўся 70 дзён, за гэты час атрад пабудаваў сто жылых дамоў, 34 культурна-бытавыя аб'екты, 18 інтэрнатаў, восем школ і іншае. У вольны ад работы час беларускія студэнты чыталі лекцыі, давалі канцэрты, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах. 37 з іх па выніках працоўнага семестра былі ўзнагароджаны медалём «За асваенне цалінных зямель».

Як пашыралася геаграфія

Поспех быў замацаваны наступным летам, калі на будоўлях у Заходнім Казахстане працавала каля трох тысяч беларускіх студэнтаў, аб'яднаных у 44 атрады. Яшчэ чатыры тысячы студэнтаў ВНУ і тэхнікумаў летам 1964 года выказалі жаданне працаваць на будаўніцтве розных аб'ектаў у БССР, у тым ліку Гродзенскага азотна-тукавага завода, Гомельскага суперфасфатнага камбіната, Светлагорскага завода штучнага валакна і іншых. У наступныя гады колькасць студэнтаў беларускіх ВНУ і тэхнікумаў, што ўдзельнічалі ў працоўных семестрах, стала павялічвалася, перавысіўшы ў 1968 годзе 12 тысяч чалавек, якія былі аб'яднаныя ў 439 будатрадаў.

Пашыралася таксама геаграфія аб'ектаў, дзе працавалі беларускія студэнты. Яна ўключала Комі АССР, Краснаярскі край, Цюменскую вобласць, ГДР і ЧССР. У 1965 годзе 14 беларусаў увайшлі ў склад Усесаюзнага атрада, які шчыраваў на будаўніцтве сельскагаспадарчага кааператыва ў Алжыры. Летам наступнага года зводны атрад студэнтаў пад назвай «Беларусь» удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў катастрафічнага землятрусу ў Ташкенце. Некаторым давялося папрацаваць на будоўлях, якія мелі вялікае значэнне для эканомікі краіны, накшталт Саяна-Шушанскай ГЭС.

Зводны атрад «Праметэй» за афармленнем газеты.

У 1966 годзе вышэйшае камсамольскае кіраўніцтва правяло ў Маскве першы ўсесаюзны злёт студэнцкіх будаўнічых атрадаў, дзе Беларускаму студэнцкаму будаўнічаму атраду быў уручаны ганаровы сцяг за асваенне цаліны. У 1968 годзе, неўзабаве пасля стварэння агульнасаюзнага штаба ў Маскве, распачаў дзейнасць рэспубліканскі штаб студэнцкіх будаўнічых атрадаў пры ЦК ЛКСМБ. Тады ж была створана і сістэма рэгіянальнага кіраўніцтва будатрадамі ў выглядзе занальных і абласных штабоў, якія дзейнічалі ў летні перыяд.

Набіраючыся досведу

Падчас летніх канікулаў арганізаваныя ў часовыя працоўныя калектывы студэнты ВНУ і тэхнікумаў выпраўляліся будаваць дамы, кароўнікі, птушкафермы і іншыя сельскагаспадарчыя аб'екты. Будатрады былі школай выхавання характару, працавітасці, адказнасці, арганізацыйных здольнасцяў.

— Галоўнай асобай у будатрадзе быў прызначаны камітэтам камсамола навучальнай установы камандзір, які адказваў за вытворчую дзейнасць і ўнутраную дысцыпліну. Другім чалавекам у атрадзе быў камісар, у абавязкі якога ўваходзіла правядзенне палітычнай і культурна-масавай работы. У атрады, якія выпраўляліся на важныя аб'екты, на пасады камандзіра і камісара прызначалі аспірантаў і маладых выкладчыкаў. Важнай фігурай з'яўляўся майстар, які вясной разам з камандзірам выязджаў на месца будучай работы, праводзіў перагаворы з падраднымі арганізацыямі, а летам кіраваў работамі. Менавіта ад яго ў вялікай ступені залежалі сумы грошай, якія прывозілі дадому байцы, — падкрэслівае Аляксандр Гужалоўскі. — Пачаткоўцам трэба было спачатку набрацца досведу на будоўлі нейкага беларускага аб'екта, пасля чаго наступным летам яны маглі претэндаваць на работу ў «далёкім» атрадзе ў Сібіры, на Поўначы ці Далёкім Усходзе. Большасць студэнтаў будаўнічыя атрады вабілі рамантыкай далёкіх, нязведаных мясцін, новымі сустрэчамі і знаёмствамі. Але і жаданне зарабіць грошы таксама прысутнічала.

Будатрад, 1979 год.

У 1967 годзе была прынятая пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР «Аб мерах па паляпшэнні арганізацыі і павышэнні эфектыўнасці летніх работ студэнтаў». У гэтым дакуменце вызначаўся парадак транспарціроўкі, правядзення работ і аплаты працы байцоў будаўнічых атрадаў. Іх юрыдычныя правы абараняліся з дапамогай гаспадарчага дагавора, наяўнасць якога стала абавязковай. А ў грамадстве будаўнічыя атрады прэзентаваліся як лабараторыя фарміравання новых, камуністычных адносін, альтэрнатыва спажывецкаму стаўленню да жыцця. Іх удзельнікі мелі свае атрыбуты — курткі-байцоўкі зялёнага колеру, на якія нашываліся шаўроны і эмблемы атрада, прышпільваліся значкі.

Студатрадаўскія традыцыі

Першыя паездкі на цаліну Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт арганізаваў яшчэ ў 1953 годзе. Аднак на той час не існавала студатрадаў. У 1956 годзе на базе ўніверсітэта быў створаны першы цалінны студэнцкі атрад, камандзірам якога стаў студэнт гістарычнага факультэта Яўген Бабосаў. Дэвіз брыгады Бабосава — «Дадому ніхто з нас не паедзе, пакуль не збяром увесь ураджай да зярнятка!».

У справе стварэння пры Беларускім дзяржаўным універстэце студэнцкіх будаўнічых атрадаў вырашальным аказаўся 1963 год, калі 282 студэнты ўніверсітэта працавалі ва Уральскай вобласці на будаўніцтве кароўнікаў, цяпліц, жылых дамоў і школ. Пры гэтым калі раней будаўнічыя работы не былі асноўнымі, то цяпер студэнты займаліся выключна імі. Для каардынацыі работ быў створаны штаб цаліннікаў БДУ, які каардынаваў дзейнасць студатрадаў не толькі на цаліне, але і ў Беларусі, у тым ліку на ўніверсітэцкіх будоўлях. Менавіта тады, вясной 1963 года, упершыню прагучала назва «студэнцкі будаўнічы атрад».

У наступныя гады колькасць студэнцкіх будаўнічых атрадаў расла. Фарміраваліся не толькі зводныя, але і асобныя атрады факультэтаў. Паміж імі развівалася спаборніцтва. З часам студэнцкія атрады набывалі свае традыцыі, з'явіліся асаблівыя святы «Закапванне зялёнага змея», «Цалінны Новы год», «Дзень спорту», «Дзень ветлівасці», «Дзень Нептуна», «Дзень будаўніка» , «Дзень розыгрышу», «Дзень анархіі», «ДМБ — дзень маладога байца», атрады абзаводзіліся ўласнымі імёнамі («Зубраня», «Аэліта», «Вікторыя», «Эўрыка» і іншымі).

Студэнты Белдзяржуніверсітэта праявілі сябе на будоўлях у Казахстане, Сібіры, Дагестане, Комі АССР, у Тальяці, у складзе інтэрнацыянальных атрадаў у ГДР, Чэхаславакіі, вялі будаўніцтва ў Мінску, Мінскай, Гомельскай абласцях, у Рэчыцы, Салігорску, аднаўлялі разбураныя землятрусам Кізляр (1970 год) і Джамбул (1971).

«Студэнцкая цаліна» і студэнцкія будаўнічыя атрады засталіся яркай старонкай у гісторыі СССР. Усяго за перыяд з 1963 да 1990 года школу будатрадаў прайшло каля 700 тысяч беларускіх студэнтаў, але іх традыцыі не былі забытыя і знаходзяць працяг — у тым ліку ў сучаснай гісторыі Беларусі. Пяць гадоў таму, да 55-годдзя студатрадаўскага руху Беларусі, у скверы БНТУ каля галоўнага корпуса быў адкрыты памятны знак. У цэнтры выявы — кельня, асноўны інструмент будаўніка, накіраваны ўверх. У якасці матэрыялу абралі паліраваную нержавеючую сталь, каб перадаць дух маладосці і стваральнай працы. На яго паверхню нанесены надпіс «Студэнцкім будатрадам Беларусі». Маладая рука, якая сціскае кельню, увасабляе энергію і сілу, а арка ў выглядзе вясёлкі сімвалізуе акно ў будучыню.

Надзея НІКАЛАЕВА

фота з Музея гісторыі БДУ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?