Вы тут

Уклады ў рублях больш выгадныя


Кожны мае разумець — грошы не павінны ляжаць без справы. Калі ў вас ёсць нейкія зберажэнні — іх трэба прымусіць прыносіць прыбытак. Найбольш простым і ў той жа час вельмі эфектыўным інструментам з'яўляюцца банкаўскія ўклады або, як іх яшчэ называюць, дэпазіты.

Што трэба ведаць пра ўклады перад тым, як прыступіць да выбару прадукту? Уклады ў беларускіх рублях адрозніваюцца высокімі стаўкамі — яны робяцца такімі для таго, каб абараніць вашы зберажэнні ад інфляцыі. Уклады ў замежнай валюце не прынясуць вялікага даходу, але пацешаць стабільнасцю. Такім чынам, працэнтныя стаўкі па ўкладах у рублях могуць прынесці добры прыбытак, калі падысці да справы з розумам. А дэпазіты ў валюце засцерагуць ад дэвальвацыі, праўда — не заўсёды.


Фота: pixabay.com

Эксперты рэкамендуюць не захоўваць усе яйкі (фінансы) у адным кошыку, таму калі вы — шчаслівы ўладальнік зберажэнняў, дыверсіфікуйце свае рызыкі і выбірайце розныя інструменты і розныя банкаўскія ўклады.

Інфляцыя і стаўка рэфінансавання

Галоўны вораг грошай — інфляцыя. Менавіта яна абясцэньвае зберажэнні. І хоць візуальна здаецца, што даходы і зберажэнні растуць, на гэтую суму мы можам купіць усё менш тавараў. Калі ж нехта думае, што гэта не датычыцца замежнай валюты, то ён памыляецца. Напрыклад, долар ЗША за перыяд з 1990 года да 2020-га абясцэніўся ў два разы. Гэта значыць, што за 30 гадоў мы б страцілі роўна палову сваіх зберажэнняў у амерыканскай валюце, калі б яна ляжала пад падушкай без справы.

Разгледзім факты. Стаўка рэфінансавання з 28 чэрвеня знізілася да 9,5 % гадавых. А гэта значыць, што ў нас захоўваецца тэндэнцыя запаволення інфляцыйных працэсаў. У маі спажывецкія цэны знізіліся адносна красавіка бягучага года на 0,3 %. На такім фоне паказчык гадавой інфляцыі зменшыўся да 3,7 % з 4,7 % месяцам раней.

Як адзначылі ў прэс-службе Нацбанка, зыходзячы з комплекснай ацэнкі сітуацыі ў эканоміцы, фактычнай і чаканай інфляцыі прымаецца рашэнне аб узроўні стаўкі рэфінансавання і тым самым аказваецца ўздзеянне на ўзровень будучай інфляцыі. Кіруючы стаўкай рэфінансавання, галоўны банк краіны ўплывае ў канчатковым выніку на стаўкі па крэдытах і ўкладах для кліентаў банкаў — фізічных і юрыдычных асоб.

На розныя тэрміны

Цяпер самыя вялікія стаўкі прадугледжаны па безадзыўных укладах, якія маюць на ўвазе максімальныя тэрміны захоўвання грошай (не менш за два гады). Гэта ўклады з фіксаванай стаўкай даходнасці, якая роўная 12—12,5 % гадавых, таксама ёсць магчымасць папаўнення ўкладаў і штомесячная выплата працэнтаў.

Ёсць у самага буйнога камерцыйнага банка краіны безадзыўны ўклад «Паспяховы». Ён прадугледжвае захаванне грошай у банку на тых жа 13 месяцаў пад 12 % гадавых. Вось толькі мінімальная сума ўкладу пачынаецца ад 10 тысяч рублёў, тут ужываецца не фіксаваная, а пераменная стаўка.

Калі разглядаць больш кароткія тэрміны дэпазітаў, то найбольш выгадным выглядае ўклад на 190 дзён пад 7—9,5 %. Але ў дадзенай прапанове адсутнічаюць капіталізацыя, папаўненне дадатковых укладаў, датэрміновае або частковае зняцце і выплата працэнтаў. Безадзыўны ўклад на 170 дзён дае ўладальніку грошай ужо на 8 % гадавых. Тут таксама не прадугледжаны «плюшкі», а значыць, паклаў грошы ў банк — на паўгода цалкам забыўся пра іх.

Самыя папулярныя цяпер уклады ў беларускіх рублях, якія выбіраюць нашы суайчыннікі, прапануюцца на адносна кароткія тэрміны. Гэта безадзыўныя дэпазіты на 45 і 95 дзён. Яны маюць даходнасць ад 3,5 % і 7,5 % адпаведна. Раней мы разгледзелі безадзыўныя ўклады, адзыўныя ж дэпазіты маюць меншую прыбытковасць — на 3—5 %.

Па доларавых дэпазітах стаўкі наогул знізіліся кардынальна. Максімальная стаўка па валютным укладзе на 13 месяцаў у аднаго камерцыйнага банка роўная 2 % гадавых. Яшчэ ў маі ўсе сістэмныя банкі па валюце давалі не менш чым 2,5 % гадавых. Цяпер за долары даюць не больш як 0,5—1,5 %. А, напрыклад, Беларусбанк прапануе свой самы выгадны валютны ўклад пад 0,4 % гадавых.

Рызыкі ёсць

Вядома, у банкаўскіх дэпазітаў ёсць і пэўныя недахопы. Многія ўклады аўтаматычна не прадаўжаюцца, таму вам неабходна самастойна адсочваць тэрмін заканчэння. Да таго ж не ўсе банкі прапануюць капіталізацыю працэнтаў, а гэта істотна ўплывае на канчатковы вынік. Таксама ў апошні час банкі часта прапануюць безадзыўныя дэпазіты, дзе ўкладчык губляе большую частку сваіх працэнтаў, калі яму трэба адклікаць уклад да яго завяршэння. Такія ўклады пазбаўляюць вас высокай ліквіднасці.

Да дадатковай рызыкі можна аднесці верагоднасць банкруцтва банка, а таксама павышэнне працэнтных ставак па новых дэпазітах. У апошнім выпадку вы проста не атрымліваеце сапраўды вялікі даход.

Эксперты сыходзяцца на думцы, што інфляцыя і далей будзе «даганяць» працэнты па банкаўскіх дэпазітах у доларах, а магчыма, і ў рублях. Гэта не азначае, што банкаўскія ўклады хутка знікнуць, але ўсё больш людзей будзе выбіраць больш прыбытковыя інвестыцыі (акцыі, карпаратыўныя аблігацыі). У цэлым, мэтазгодна захоўваць пэўную суму ў банку на «чорны дзень» або на дарагую пакупку, калі вы яе плануеце на працягу года. Але ў такім выпадку лепш выбіраць адзыўныя ўклады з капіталізацыяй працэнтаў. Для засцярогі ад інфляцыі трэба разбірацца з акцыямі, што не так ужо і складана. Але зусім простага спосабу, на жаль, няма.

Карпаратыўныя аблігацыі

Мабыць, самым надзейным фінансавым інструментам на фондавым рынку з'яўляюцца аблігацыі. Гэта даўгавыя паперы, якія можа выпусціць як дзяржава, так і прыватная кампанія. Сэнс у тым, што эмітэнт пазычыў пэўную суму грошай у крэдытора, а праз названы ў аблігацыі прамежак часу эмітэнт павінен вярнуць намінальны кошт пазыковай паперы і купонны даход. Гэта як даць грошы ў доўг пад распіску і за невялікае ўзнагароджанне. Даход ад аблігацыі лічыцца такім чынам: складваюцца намінальная цана пазыковай паперы і купонны даход за час яе трымання.

У рэальнасці няма дакладнага адказу, якія аблігацыі больш выгадныя. Гэта кансерватыўны від інвестыцый — яны ўсё роўна маюць мінімальныя рызыкі. Пры іх выкарыстанні сур'ёзнай пагрозай для інвестара з'яўляецца дэфолт эмітэнта, простымі словамі — калі даўжнік не можа заплаціць. У дадзеным выпадку аблігацыі альбо страчваюць усякую каштоўнасць, альбо падлягаюць рэструктурызацыі.

Добрым варыянтам для захавання сродкаў будуць карпаратыўныя аблігацыі. Гэта доўгатэрміновы інструмент для інвеставання, і ў іх эмітэнтамі могуць выступаць як прыватныя, так і дзяржаўныя кампаніі. Дзяржаўныя лічацца больш надзейнымі, бо калі раптам у краіне здарыцца дэфолт, інвестары атрымаюць грошы назад, чаго нельга сказаць аб прыватных. Цяпер існуе шмат кампаній, якія прапануюць завоблачныя працэнты, з-за чаго павялічваецца рызыка для інвестара — верагоднасць, што яму вернуцца грошы, вельмі невялікая. Тут падчас набыцця аблігацый варта звяртаць увагу на крэдытны рэйтынг кампаніі або краіны.

Як правіла, карпаратыўныя аблігацыі прывязаныя да долара і маюць невялікую прыбытковасць. Але бываюць выключэнні. Літаральна ў гэтым месяцы з'явіліся аблігацыі адной саліднай кампаніі, дзе грашовым наміналам выступае беларускі рубель. Дадзеная аблігацыя абяцае 22 % гадавых, а з 1 жніўня даходнасць яе павялічваецца да 25 % гадавых на працягу яшчэ двух гадоў. На думку спецыялістаў, такія аблігацыі найбольш прыбытковыя менавіта цяпер.

Падаткі вылічаць аўтаматычна

Падаткаабкладанне даходаў па ўкладах ажыццяўляецца падатковымі агентамі, яны ўпаўнаважаныя разлічваць і ўтрымліваць сумы падаходнага падатку з даходаў па ўкладах фізічных асоб на карысць бюджэту. Падаходны падатак утрымліваецца толькі з працэнтнага даходу (налічанага па стаўцы, якая перавышае стаўку да запатрабавання) па наступных укладах: у беларускіх рублях — на тэрмін менш за адзін год; у замежнай валюце — на тэрмін менш за два гады.

Для мэт падаткаабкладання пад пачаткам тэрміну ўкладу маецца на ўвазе дата ўнясення кожнай грашовай сумы на рахунак (першапачатковага ўзносу, дадатковага ўзносу), пад заканчэннем тэрміну — дата зняцця грашовай сумы. Падаходны падатак таксама ўтрымліваецца з працэнтнага даходу, налічанага на суму дадатковага ўзносу па ўкладах, якія не падпадаюць пад падаткаабкладанне, пры фактычным размяшчэнні гэтага дадатковага ўзносу на тэрмін менш за год у беларускіх рублях і менш за два гады ў замежнай валюце.

Напрыклад, дагаворам банкаўскага ўкладу прадугледжана магчымасць папаўнення ўкладу. Па ўкладзе ў беларускіх рублях тэрмінам на адзін год праз два месяцы пасля яго адкрыцця здзейснены дадатковы ўзнос. З працэнтнага даходу, налічанага на суму такога дадатковага ўзносу, будзе ўтрымлівацца падаходны падатак. Пры гэтым ён не ўтрымліваецца з працэнтаў, налічаных на капіталізаваныя працэнты.

Чытайце дагавор

Фінансавы рэгулятар адзначае, што банкі самастойна вызначаюць умовы заключэння здзелак з кліентамі і ўстанаўліваюць узровень працэнтных ставак па банкаўскіх укладах зыходзячы з узроўню стаўкі рэфінансавання, стану грашовага рынку, уласнай дэпазітнай палітыкі і неабходнасці забеспячэння даступнасці крэдытаў. Па асобных відах банкаўскіх дэпазітаў памер ставак вызначаецца тэрмінам ўкладу, сумай, частатой выплаты даходу, аб'ёмам і характарам паслуг, нарэшце, залежыць ад выканання кліентам умоў дагавора.

Нацбанк, не ўмешваючыся ў дагаворныя адносіны банкаў і іх кліентаў, з'яўляецца рэгулятарам грашова-крэдытнага рынку і выкарыстоўвае розныя метады, каб забяспечыць захаванасць рублёвых зберажэнняў ад інфляцыі.

Памер працэнтаў па ўкладзе (дэпазіце) можа вызначацца: у абсалютным лікавым выражэнні (фіксаваная гадавая працэнтная стаўка); зыходзячы з разліковай велічыні, прывязанай да базавага паказчыка, у парадку, узгодненым бакамі пры заключэнні дагавора банкаўскага ўкладу (пераменная гадавая працэнтная стаўка). Укладаатрымальнік не мае права ў аднабаковым парадку паменшыць памер працэнтаў па ўкладзе.

Перад падпісаннем дагавора банкаўскага ўкладу варта ўважліва вывучыць яго ўмовы, у тым ліку звяртаючы асаблівую ўвагу на наступныя моманты: працэнтная стаўка па ўкладзе з'яўляецца фіксаванай ці зменнай, а таксама на памер працэнтнай стаўкі, у тым ліку пры датэрміновым зняцці ўкладу (ці будуць пералічаныя працэнты па паніжанай працэнтнай стаўцы, калі кліент вырашыць скасаваць дзеючы дагавор). У выпадку ўзнікнення цяжкасцяў з разуменнем умоў дагавора ўкладу лепш звярнуцца да кансультанта банка па тлумачэнні і дапамогу.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?