Вы тут

Моладзь стала цікавіцца сучаснай беларускай літаратурай, празаікамі і паэтамі


Апошнім часам назіраецца станоўчая тэндэнцыя: моладзь стала цікавіцца сучаснай беларускай літаратурай, празаікамі і паэтамі. Але ў кніжных крамах і бібліятэках часцей можна сустрэць кнігі беларускіх класікаў, чым сучасную літаратуру.


Падаецца, што сітуацыю можа выправіць сумесны літаратурны праект Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдавецтва «АВЕРСЭВ». Ён дае магчымасць пазнаёміцца з новымі творамі беларускіх празаікаў і паэтаў. Серыя кніг «Сучасная беларуская літаратура» заснавана ў 2023 годзе. Першы том прысвечаны сучаснай аповесці. Наступныя выданні, як піша ва ўводзінах старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, пашыраць наша ўяўленне пра разнастайнасць сучаснай беларускай літаратуры. Чытач зможа пазнаёміцца з жаночай навелай, дэтэктыўнай аповесцю, казкамі, фантастычнымі творамі. Заключным выданнем серыі будзе зборнік «Адрасы памяці», дзе беларускія пісьменнікі раскажуць пра сваю малую радзіму, любоў да яе і сваё фарміраванне як творцаў.

Але ж вернемся да першага тома пад назвай «Дараванне. Аповесці», які ўжо можна знайсці на паліцах кнігарняў. У зборнік увайшлі творы знакамітых беларускіх пісьменнікаў: Алены Брава, Алега Ждана, Анатоля Бензерука, Алеся Бадака і Андрэя Федарэнкі. Аповесці не аб’яднаны агульнай тэмай, таму не прынцыпова, у якой паслядоўнасці вы будзеце чытаць.

Кніга пачынаецца з аднайменнай аповесці Алены Брава «Дараванне». Думаю, гэта невыпадкова. Творы маюць розны сюжэт, але ва ўсіх адчуваецца адзіны матыў: каштоўнасць нашай беларускай ментальнасці, наш агульны лёс і агульны боль.

У кожнай аповесці заўважаюцца тыповыя рысы беларусаў: і наіўная гасціннасць, і страх шчасця напаказ, і дабрыня пад маскай сварлівасці. Аповесць Андрэя Федарэнкі «Дзікі луг» спачатку вяртае ўспамінамі ў вёску, да бабулі на сенакос, а потым нечакана кідае ў рэальнасць, дзе ўсе так баяцца шчасця: «Вось так яно спрацавала, гэтае подлае, бязлітаснае, жорсткае да агіды правіла — не забывайся, хто ты ў гэтым свеце, не любі моцна, не прывязвайся да каго б ні было, не прывыкай, будзь заўсёды напагатове, каб не заспела знянацку, умей абараняцца, трымай на запас усе варыянты — аж да самага горшага…»

Мяне вельмі абурылі гэтыя радкі: так глыбока адчуўся ў іх адвечны страх майго народа за сваё маленькае шчасце. Стала так балюча ад разумення, што, магчыма, мы ўсе проста не дазваляем сабе радасці, бо гістарычны шлях беларусаў заўсёды суправаджаўся крывёй і слязьмі. Але прыйшоў час змяніць такі светапогляд, знаходзіць новыя шляхі, каб быць шчаслівым і нарэшце падняць галаву пасля доўгіх пакут.

Без сумневу, кожнае пакаленне чытачоў можа знайсці ў гэтым томе штосьці для сябе. Творы будуць цікавыя і блізкія як падлеткам, так і дарослым. Кожны здолее глядзець на апісаныя падзеі праз прызму свайго жыццёвага досведу, таму ўспрыняцце будзе яркім і разнастайным. Варта пагадзіцца з думкай Алеся Карлюкевіча пра тое, што такія выданні дапамогуць адрадзіць беларускае слова і вярнуць беларусам магчымасць глядзець на сваю гісторыю хоць і з сумам, але без болю, бо наперадзе нас чакае лепшае, пабудаванае ўласнымі рукамі.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.