Вы тут

Прэм’ера спектакля «Майстар і Маргарыта» ў Тэатры юнага гледача


Заўсёды важна, як ты ідзеш у тэатр: для многіх гэта свята, таму хочацца яго падмацаваць адмысловым строем. Але ў дадзеным выпадку варта разумець, што кожны прысутны ў зале можа апынуцца госцем... на балі ў Воланда. І тут ніякіх жартаў: усё павінна адпавядаць нагодзе, пра што папярэджвалі гледачоў загадзя.


Пастаноўка паводле самага таямнічага рамана Міхаіла Булгакава з’явілася ў афішы тэатра з пазнакай «16+». Гэта зразумела: твор вельмі складаны, таму падчас прэм’еры ў зале Тэатра юнага гледача было шмат дарослых людзей. У іх, хутчэй за ўсё, было ўжо сваё ўяўленне пра раман Булгакава і сталенне да яго герояў. Тэатр мог яго ўдакладніць ці наогул змяніць. Тут галоўнай стала менавіта лінія кахання. Такі падыход ажыццявіў тэатр сумесна з праектам «ТрыТфармаТ», у межах якога наладжана супрацоўніцтва з маскоўскімі маладымі творцамі — рэжысёрам Таццянай Самбук і кампазітарам Дар’яй Гарбузняк. Як мастак над спектаклем працавала Дар’я Волкава, мастак па касцюмах — Наталля Лазарчык. Але акрамя пастановачнай групы тут вельмі важны склад выканаўцаў галоўных роляў. На ролю Майстра абралі двух акцёраў — Сяргея Лапаніцына і Генадзя Гаранскага. А вось адзіную жаночую ролю (тут нават няма Гелы!) выконвае Вера Палякова-Макей, якая з’яўляецца дырэктарам тэатра і адказвае за фарміраванне рэпертуару.

— Мы распавядаем частку твора Булгакава: раскрываем лінію кахання Майстра і Маргарыты. У прыватнасці, мая гераіня Маргарыта нават гатовая прадаць душу д’яблу, каб уратаваць свайго каханага Майстра. Яна яго муза, і мы ведаем, што вобраз Маргарыты быў напісаны з жонкі Булгакава. Гэта вялікі раман, а мы зрабілі сціснутую версію на паўтары гадзіны дзеля таго, каб глядач не стаміўся, але атрымаў максімум інфармацыі і вобразнасці. Наогул гэта спектакль-вобраз. Гледачу шмат што трэба дадумваць, — тлумачыць Вера Палякова-Макей. — Даўно была думка ўвасобіць гэты твор на сцэне. Але мне здаецца, што яшчэ год таму я не змагла б сыграць ролю Маргарыты. Так склаліся абставіны майго жыцця ў апошні год, што я вельмі змянілася ўнутрана і, мне здаецца, што гэта мне дапамагло ў працы над вобразам. Таму што страціць каханага чалавека — гэта заўсёды вялікі боль. Боль Маргарыты зараз я разумею як ніхто. Мне блізкая гэта моцная жанчына. Насамрэч у гэтай гісторыі Майстар — даволі флегматычны, і як усе вялікія творчыя людзі ён больш у сабе, чым у жанчыне, якую пакахаў. А Маргарыта — чалавек, які гатовы пайсці на ўсё, каб вярнуць сваё каханне і быць разам з ім. Як артыстка я хацела, каб са мной былі годныя партнёры і ў плане акцёрскага майстэрства, і па фактуры. Таму выбар паў на Генадзя Гаранскага і Сяргея Лапаніцына. Фактурна мы і з адным, і з другім партнёрам добра глядзімся на сцэне. А гэта таксама вельмі важна. 70 працэнтаў поспеху — гэта правільнае размеркаванне роляў, каб глядач верыў у тое, што гэтая пара магла б быць разам.

Кожны артыст бачыць сваю ролю, а ўвесь спектакль цалкам бачыць рэжысёр. Таццяна Самбук адзначала, што спектакль ствараўся хутка, за лічаныя месяцы, што мала для такога аб’ёму матэрыялу, які трэба было асэнсаваць:

— Я не раз казала, што інсцэніроўкі — мой моцны бок. Я ведаю, як трэба папрацаваць з тэкстам, каб засталася галоўная лінія. Таму наш спектакль пачынаецца з 13-й главы, а не з першай. У нашым спектаклі шмат сцэн, якія трэба менавіта бачыць і адчуваць. Вобразнасць у іх ствараюць дым, святло, гук, музыка. І нават чорны дрэс-код для гледачоў, якія самі становяцца гасцямі Воланда — гэта разынка спектаклю. Усё таму што містыка павінна існаваць не толькі на сцэне, але і ў глядзельнай зале. Хоць я лічу, што наогул не бывае выключна чорнага і белага. Свет шматаблічны, у ім ёсць і нешта сярэдняе. Нават Воланд — сам д’ябал — здольны расчуліцца гісторыяй Маргарыты і дапамагчы ёй пасля выпрабаванняў, падарыць ёй вечнае каханне. А яно ёсць! Пакуль мы жывыя і дыхаем, яно жыве разам з намі.

Таццяна кажа, што для яе гісторыя Майстра і Маргарыты не цёмная, а светлая. Яна імкнулася паставіць такі спектакль, каб глядач мог не столькі думаць пра ўвасабленне рамана Булгакава, колькі перажываць пачуцці падчас прагляду. Тут няма таго, што магло б радаваць вока і прыносіць задавальненне: вар’етэ, фокусаў і адрэзанай галавы Берліёза не ўбачыце. Затое галоўная лінія падмацаваная музычнымі нумарамі. Акрамя музыкі да спектаклю, тут гучаць спевы — Майстра, Азазэла, Майстра і Маргарыты.

— Ніякай цемры, ніякай пякельнасці. Усё толькі пра каханне, пра любоў, — пацвярджае Дар’я Гарбузняк. — З трупай мы ўжо працавалі разам, добра ведаем адзін аднаго. Я ведала, у каго якія галасы і магла на гэта разлічваць. Аказалася, што нехта ўмее іграць на музычных інструментах, мы скарысталіся гэтым. Праз музыку і песні перадаём розны стан герояў. Часам здавалася, што мы знайшлі нейкія містычныя гукі ў скрыпцы. А калі стваралася фінальная песня, то ўвесь час адбывалася нешта нечаканае...

Што такое каханне, як мы разумеем яго на зямлі, і як яно выглядае ў іншым сусвеце. І чаму героі не трапілі ў рай, а толькі атрымалі вечны спакой — вось пра гэта трэба будзе думаць падчас прагляду.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Ганы ШАРКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.