Вы тут

Сёння ў Слаўгарадзе: «Сырныя прысмакі — усім да смаку»


З раніцы слаўгарадчане весела і дружна адзначаюць свой любімы, смачны гастранамічны фестываль «Гаспадарчы сыр». Яшчэ за некалькі гадзін да афіцыйнага адкрыцця і жыхары, і госці паспелі паспрабаваць навінкі і закупіць любімыя віды. Дастаткова азнаёміцца з выставай-продажам прадукцыі майстроў-сыравараў «Сырныя прысмакі — усім да смаку», каб зразумець адкуль такі попыт. Ад аднаго віду на тавар слінкі цякуць.


Сыравары прысутнічаюць на ўсіх слаўгарадскіх фестывалях. Але менавіта на гэтым яны і асноўныя героі, і гаспадары. Знаёмцеся — майстры хатняга сыраварства «Сырных спраў майстры» — Галіна Таран, Тамара Цвярдоўская, Наталля Кавалёва, Алена Вараб’ёва, Ніна Гецарава. І гэта толькі частка іх дружнай сяброўскай каманды. Гасцей і ўдзельнікаў фэста вітае старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык.

— Дазвольце павіншаваць усіх ад Магілёўскага аблвыканкама і аблсавета, — звярнулася да прысутных Ірына Раінчык. — Не першы год гасцінная слаўгарадская зямля сустракае фестываль. І вельмі каштоўна, што ў ім удзельнічае і прысутнічае моладзь, якой мы перадаём нашы культурныя традыцыі. І вельмі важна, што ў Год міра і стваральнай працы мы так ярка і прыгожа праводзім гэты фестываль. Жадаю ўсім мірнага неба, дабрабыту, шчасця ў сем’ях. 

Дарэчы, Слаўгарадскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей запрашаў якраз азнаёміцца з традыцыямі і ўзяць іх на ўзбраенне.

Старшы навуковы супрацоўнік Вера Стасенка дэманструе, як выглядалі жанчыны кульшацкага строю, і тлумачыць пра што яны расказвалі.

Цікавая інфармацыя зашыфраваная ў ручніку з Азарыч. Спецыялістка мяркуе, што ён шлюбны. На ім шмат жаноцкіх і мужчынскіх знакаў.

І гісторыя, і спартыўныя старты, і песні з танцамі сёння вяртаюць усіх да сыраварных традыцый. Народ дзеля гэтага ехаў нават з Мінска.

Галіна Таран спецыялізуецца на казіным сыре, які карыстаецца вялікім попытам. Усе 5 кілаграмаў прадала, не паспеў раскласці тавар. Паралельна прапаноўвала знакаміты абхазскі сулугуні свайго сябра па бізнесу Уладзіслава Баланюка. Сам ён не змог прысутнічаць на свяце, бо пара гарачая і яго рукі спатрэбіліся на таку.

—Ёсць тварожныя, сычужныя, запечаныя, — пералічвае Наталля Кавалёва. — Усяго каля 10 відаў. Навінка — сыр Халумі, унутры – мята. Яго можна жарыць на сетцы, сухой патэльні — вельмі смачна. Адзіны сыр, які не расцякаецца. Ён пакрываецца корачкай, а ўнутры - мяккі. Сыры, выстаўленыя на пробу, разыходзяцца, як гарачыя піражкі.

 

Тамара Цвярдоўская сыравар з вопытам. Некалькі гадоў таму спецыяльна для чытачоў «Звязды» давала майстар-класс. На сённяшнім фэсце таксама прапановывала некалькі відаў сырнай смакаты.

Гаспадынькі шчодра дзеляцца яшчэ парадамі і лайфхакамі па сыраробстве і выкарыстанні. Сыравары сёння нарасхват — з аднаго боку іх цярэбяць пакупнікі, з другога — яны, як брэнд раёна, павінны дэманстраваць сябе на сцэне. 

Якіх толькі сыроў сёння няма на прылаўку — салёныя і салодкія, перчаныя і вэнджаныя, цвёрдыя і мяккія, і ўсе аднолькава добра ідуць пад музыку і спевы. На сцэне пад залівістыя гукі народных інструментаў дзве гаспадынькі з жартачкамі і кепікамі адна да адной дзеляцца са спадарствам навінамі і запрашаюць калектывы мастацкай самадзейнасці. Артысты прыехалі на свята не толькі з Магілёўскай, але і Гомельскай абласцей.

Сыры і мёд – спалучэнне для сапраўдных гурманаў. На свяце працуе выстава-продаж прадукцыі пчалярства «З сырам частуй мядок – будзе ў сям’і ладок». Трэба абавязкова праверыць.

Ногі самі просяцца прайсціся па радам, дзе тавары на любы густ. Арганізаваная работа падворкаў устаноў культуры і адукацыі раёна «Сырны рай», прэзентацыя страў беларускай нацыянальнай кухні «Беларускі гасцінец».

Шмат хто прыязджае ў Слаўгарадскі раён адпачываць. Ім карысна ведаць, дзе тут чакаюць турыстаў. Прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу Слаўгарадскага раёна «Слаўгарадчына турыстычная» якраз пра гэта. Мастакоў рэальных і патэнцыяльных чакае цікавы майстар-клас «Натхненне ў акварэлі». Тут жа выстава дзіцячых малюнкаў «Прыгажосць роднага краю». Упершыню запрашае тэматычная пляцоўка «Вусная народная творчасць у беларускім фальклоры».

Тут шмат дзяцей. Да іх паслуг гульнявыя інтэрактыўныя і спартыўныя пляцоўкі. Усё гэта разам і ёсць гастранамічны фестываль «Гаспадарчы сыр». Ён праводзіцца ў раёне з 2012 года. Галоўная яго мэта — развіццё старадаўніх традыцый сыраварства. 

— Фестываль дазваляе захоўваць і папулярызаваць беларускія традыцыі, расказвае пра багатае культурнае жыццё рэгіёна, — паведамілі арганізатары.

Галоўны прыярытэт на свяце — мясцовы кулінарны брэнд — хатнія сыры.

Гэта наша гісторыя і наш гонар.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Слаўгарад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».