Вы тут

Гісторыя айчыннай лёгкай атлетыкі — галерэя характараў


Кожны буйны міжнародны старт, які праходзіць у Беларусі, становіцца яркай часткай яе спартыўнай гісторыі. І гэта выдатная нагода ўспомніць, які спартыўны бэкграунд мае наша краіна. У рамках рубрыкі «Гульні для Дружбы», прысвечанай ІІ Гульням краін СНД, «Звязда» раскажа пра гісторыю відаў спорту, уключаных у праграму Гульняў.


Лёгкая атлетыка і многія яе дысцыпліны былі ў жыцці беларусаў заўсёды. Але пунктам адліку развіцця лёгкай атлетыкі як віду спорту стаў 1913 год, калі ў Гомелі былі арганізаваны спаборніцтвы па бегу, скачках і кіданнях. У 1919 годзе ў Віцебску правялі першую Алімпіяду па лёгкай атлетыцы, удзельнікамі якой сталі 240 фізкультурнікаў. Пачалося будаўніцтва найпрасцейшых спартыўных збудаванняў. У 1924-м годзе адбылося першае Усебеларускае свята фізічнай культуры, у праграму якога былі ўключаны спаборніцтвы па 12 відах лёгкай атлетыкі. Усё больш і больш спартсменаў аддавалі перавагу каралеве спорту. Павялічвалася колькасць — расло майстэрство У 1926 годзе Ніна Бялевіч стала першай рэкардсменкай Беларусі ў бегу на кароткую дыстанцыю — стомятроўку яна прабегла за 14,3 секунды. у 1927 і 1928 годзе гамяльчанка Кацярына Шаўчэнка выйграла першынства краіны ў кіданні дыска. У 1927 годзе гомельская спартсменка перамагла на Усесаюзнай спартакіядзе. У 1920-х гадах развіццё лёгкай атлетыкі стрымлівалася з-за недахопу кваліфікаваных трэнераў. Таму вялікай падмогай для развіцця віду спорту стала адкрыццё ў 1929 годзе ў Мінску тэхнікума фізічнай культуры, які ў 1937 годзе быў пераўтвораны ў інстытут. Да 1941 года лёгкай атлетыкай у Беларусі займаліся каля 40 тысяч чалавек.

Вялікая Айчынная вайна, зразумела, паставіла на паўзу развіццё ўсяго віду спорту. Многім партызанам, падпольшчыкам і байцам на фронце лёгкаатлетычная падрыхтоўка была вельмі дарэчы. Але ўсё ж спартыўную падрыхтоўку лепш дэманстраваць на стадыёне, а не на полі боя. Таму практычна адразу ж пасля вызвалення Беларусі лёгкая атлетыка стала адраджацца, садзейнічала і тое, што гэта просты і даступны для ўсіх від спорту.

Пасля вайны на старт развіцця выйшла такая дысцыпліна лёгкай атлетыкі як спартыўная хадзьба. У 1944-м годзе на стадыёне «Харчавік» адбылося першае фізкультурнае свята моладзі. На гэтым турніры Томас Рэнэль устанавіў рэкорд СССР і рэкорд Еўропы ў хадзьбе на 5 кіламетраў — 20.58 хвілін. У гісторыю беларускай лёгкай атлетыкі Томас Рэнэль увайшоў як трэнер хадакоў. Ён падрыхтаваў сярэбранага прызёра Алімпійскіх гульняў 1956 года Яўгена Макінскова, рэкардсмена краіны ў хадзьбе на 20 кіламетраў Канстанціна Кудрава, майстра спорту Барыса Храловіча.

У 1948 годзе ў Мінск з Новасібірска вярнуўся бягун Барыс Левінсан, які ўстанавіў у 1934 годзе рэкорды БССР у бегу на 100 метраў і ў скачках у вышыню. У Беларусі Барыс Левінсан падрыхтаваў шэраг таленавітых спартсменаў. Сярод яго вучняў — бар’ерыст Цімафей Лунёў — галоўная зорка беларускага спорту першых пасляваенных гадоў. З 1947 па 1953 год ён быў пераможцам на дыстанцыі 200 метраў сярод савецкіх спартсменаў. Ён дзевяць разоў абнаўляў рэкорды СССР, біў рэкорд Еўропы. У 1953 годзе Цімафей выступаў на сусветных студэнцкіх Гульнях у Будапешце, дзе стаў бронзавым прызёрам на дыстанцыях 110 і 200 метраў з бар’ерамі. Барыс Левінсан падрыхтаваў Веру Набокаву, чэмпіёнку СССР 1951-га года ў кіданні кап’я. Чэмпіёнка Еўропы Лізавета Ермалаева, заслужаны майстар спорту Анатоль Юлін, рэкардсменка свету Марыя Іткіна таксама трэніраваліся ў Барыса Левінсана. Знамянальным для трэнера і яго вучняў выдаўся 1958 год. Лізавета Ермалаева стала чэмпіёнкай Еўропы ў бегу на 800 метраў, Марыя Іткіна перамагла на дыстанцыі 400 метраў. Марыя Іткіна ўвайшла ў гісторыю як самая медальная лёгкаатлетка савецкага перыяду — чатыры залатыя медалі чэмпіянатаў Еўропы, 17 узнагарод вышэйшай пробы з чэмпіянатаў СССР, чатыры рэкорды свету ў бегу на 400 метраў. Яна аднолькава паспяхова выступала на дыстанцыях 100, 200 і 400 метраў, а таксама ў разнастайных спрынтарскіх эстафетах.

У кагорту лепшых бар’ерыстаў СССР Анатоль Юлін увайшоў у 1951-м годзе, калі ўпершыню стаў прызёрам чэмпіянату краіны. У наступным годзе ён стаў сярэбраным прызёрам, але галоўнай узнагародай стала ўключэнне Анатоля Юліна ў алімпійскую зборную краіны. На Алімпіядзе ў Хельсінкі Анатоль Юлін фінішаваў чацвёртым. У 1954 годзе першым сярод беларускіх лёгкаатлетаў стаў чэмпіёнам Еўропы. Яго рэкорд БССР на 400 метрах з бар’ерамі — 50,5 секунд — пратрымаўся 17 гадоў. «Сапраўдны спартсмен — гэта характар. Вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што бягун на 400 метраў — гэта характар удвая. Найцяжэйшая дыстанцыя», — казаў Анатоль Юлін. У 1958 годзе Анатоль Юлін скончыў спартыўную кар’еру і стаў трэнерам.

Алімпійскія гульні 1956 года ў Мельбурне прынеслі беларускай лёгкай атлетыцы першы алімпійскі медаль. Кідальнік молата Міхаіл Крываносаў заваяваў срэбра. Усяго за сваю спартыўную кар’еру Міхаіл Крываносаў шэсць разоў паляпшаў сусветныя рэкорды ў кіданні молата, 11 разоў біў рэкорды СССР. На яго рахунку — золата чэмпіянату Еўропы 1956 года і срэбра гэтага турніру ў 1958 годзе, шэсць залатых медалёў з чэмпіянату Еўропы. «Не магу не ўспомніць добрым словам майго трэнера заслужанага трэнера СССР Яўгена Міхайлавіча Шукевіча. Для яго ніколі не існавала вучняў бесперспектыўных. Самаму быццам бы няздольнаму, ён аддаваў усё, што мог», — адзначаў Міхаіл Крываносаў. Яго настаўнік Яўген Шукевіч даў дарогу ў вялікі спорт многім кідальнікам, імёны якіх ведае ўвесь спартыўны свет — Васіль Рудзянкоў (алімпійскі чэмпіён 1960-га года), Аляксей Балтоўскі (сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы 1952 года), Рамуальд Клім. Менавіта Яўген Шукевіч заклаў падмурак для развіцця беларускай школы кідання молата.

Рамуальд Клім: «Як жыццё? Атрымалася!»

Яўген Міхайлавіч Шукевіч сцвярджаў, што кідальнік павінен валодаць не толькі сілай, але і мець светлую галаву. «Нельга, не адчуваючы рытму рухаў, разлічваць на вялікія перамогі», — сцвярджаў выбітны трэнер. Гэтае навучанне за аснову сваёй падрыхтоўкі прыняў яго выбітны вучань Рамуальд Клім.

У 1959 годзе Рамуальд Клім заняў першае месца на чэмпіянаце вясковай моладзі сацыялістычных краін. Але з запрашэннем у зборную СССР ніхто не спяшаўся. Узрост у беларускага спартсмена быў крытычны, а вага сур’ёзна не дацягвала да нормы. Але яны з трэнерам не апускалі рукі. У 1963 годзе Рамуальд Клім заняў трэцяе месца на самых адказных стартах — мемарыял братоў Знаменскіх, Спартакіяда народаў СССР і іншых. Не заўважаць беларуса ўжо было немагчыма. Ён нарэшце стаў членам зборнай Савецкага Саюза. У галоўнай камандзе краіны лідзіравалі моцныя кідальнікі, якія рвалі штангу вагой 110-115 кілаграм, Рамуальд Клім быў здольны толькі на 75 кілаграм. Спартсмены ў зборнай бралі на грудзі 180 кілаграм, Клім — толькі 130. Але затое молат, адпушчаны Рамуальдам Клімам, ляцеў далей, чым у іншых. Ён рэдка дазваляў заступы і паляпшаў вынік ад спробы да спробы. На прыкідцы перад Алімпійскімі гульнямі 1964 года Рамуальд Клім устанавіў рэкорд СССР, а непасрэдна ў Токіа перасягнуў гэты вынік. У Токіа ён перасягнуў вынікі і ўсіх астатніх кідальнікаў молата. І стаў першым у гісторыі айчыннай лёгкай атлетыкі алімпійскім чэмпіёнам.

На Алімпійскіх гульнях 1968-га года Рамуальд Клім у трэцяй і чацвёртай спробах устанавіў алімпійскія рэкорды. Але ў пятай спробе саступіў венгру Жывацкі ўсяго восем сантыметраў і заняў толькі другое месца. У 1973 годзе Рамуальд Клім, які кідаў молат на 72 метры, скончыў спартыўную кар’еру. Ён адразу стаў трэніраваць кідальнікаў у Спартыўным клубе арміі Беларускай ваеннай акругі. А ў 1989-м годзе перайшоў на працу ў Акадэмію фізічнага выхавання і спорту.

У інстытуце яго любілі калегі і студэнты. Сучаснікам Рамуальд Іосіфавіч запомніўся як душа кампаніі, непераўзыдзены апавядальнік анекдотаў. На пытанне: «Як жыццё?», ён адказваў коратка і ясна «Атрымалася».

З 1976 года ў Беларусі праводзіцца турнір кідальнікаў на прызы Рамуальда Кліма. У знак прызнання выдатных заслуг Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі з 1992 года надала яму статут міжнароднага. А ў 2011 годзе словы «на прызы» змянілася словам «памяці».

Хутчэй і далей

У 1960-я грымела на ўвесь спартыўны свет і імя хлопца з Мінска Уладзіміра Гараева, які спецыялізаваўся на трайным скачку. Студэнт хімічнага факультэта БДУ не раз паднімаўся на вышэйшую прыступку п’едэстала буйных міжнародных стартаў — матчавых сустрэчах СССР-ЗША, Спартакіяды народаў СССР. На Алімпійскіх гульнях 1960-га года Уладзімір Гараеў стаў сярэбраным прызёрам.

У 1960-я лепшым бегуном у Беларусі быў Уладзіслаў Сапея, наймацнейшы спрынтар СССР. У 1968 годзе на міжнародных спаборніцтвах мемарыял братоў Знаменскіх ён прабег стометроўку за 10 секунд — фенаменальны для таго часу вынік. Беларускі спартсмен устанавіў адразу два рэкорды — рэспубліканскі і ўсесаюзны ў бегу на 100 метраў, паўтарыў рэкорды Еўропы і свету. У гісторыі беларускай лёгкай атлетыкі — гэта лепшы вынік.

Алімпійскія гульні 1972 года ў Мюнхене прынеслі беларускай лёгкай атлетыцы толькі адзін медаль. Ураджэнец Жлобіна Уладзімір Лавецкі заваяваў сярэбраны медаль у эстафеце 4×100 метраў разам з Аляксандрам Карнялюком, Юрыем Сілавым і Валерыем Барзовым. Уладзімір выступаў і ў асабістых спаборніцтвах на дыстанцыі 200 метраў, але выбыў у чвэрцьфінале.

У 1970-я адным з лепшых бар’ерыстаў свету быў Яўген Гаўрыленка. Спачатку Яўген спецыялізаваўся на 110 метрах з бар’ерамі. Але яго трэнер Раман Рыгоравіч Розенберг вырашыў засяродзіцца на дыстанцыі 400 метраў з бар’ерамі, хуткасць Яўгена дазваляла і на гэтай дыстанцыі паказваць добрыя вынікі. Магчыма, адыграла ролю і тое, што сам Раман Розенберг быў бар’ерыстам, як і яго настаўнік — Анатоль Юлін. На V Спартакіядзе народаў СССР у эстафеце 4×400 метраў Яўген Гаўрыленка абышоў многіх сапернікаў і вывеў беларускую каманду на прызавое месца. У 1976-м годзе на Алімпійскіх гульнях у Манрэалі Яўген Гаўрыленка заваяваў бронзу на дыстанцыі 400 метраў з бар’ерамі, медаль якога так доўга не было ў савецкай лёгкаатлетычнай зборнай.

Матчы гігантаў

Важнай падзеяй для савецкай лёгкай атлетыкі былі матчы СССР-ЗША, якія праводзіліся з 1958 па 1982 гады па чарзе ў СССР і ў ЗША. Усе гэтыя гады ў зборнай СССР нязменна прысутнічалі беларускія спартсмены. Яны заваёўвалі гэтае права сваімі бясспрэчнымі поспехамі. На першым матчы 1958-га года на дыстанцыі 800 метраў не было роўных мінчанцы Лізавеце Ермалаевай. Адным з герояў першага матча 1958-га года быў мінчанін Уладзімір Булатаў, які выступаў у скачках з шастом. На матчы ў Маскве ён атрымаў сенсацыйную перамогу над услаўленымі амерыканскімі скакунамі, паказаўшы 4.50 метраў. Ён жа вызначыўся і ў 1959-м годзе ў Філадэльфіі, дзе паказаў аднолькавы вынік з будучым алімпійскім чэмпіёнам у Рыме амерыканцам Дональдам Брэгам — 4 м 64 см. Гэта вынік Булатава стаў новым рэкордам Еўропы і СССР.

Рэкардсменкай па ўдзеле ў матчах была Марыя Іткіна. Яна выступала ў пяці матчах, стартуючы ў двух-трох відах. Усяго ж яна ў матчах СССР-ЗША стартавала адзінаццаць разоў. І часцей за іншых беларусаў у іх перамагала: у 1961-м годзе ў бегу на 200 метраў, у 1963 на 200 метрах і ў эстафеце 4×100. У 1964-м і ў 1965-м гадах у кіданні молата перамагаў Рамуальд Клім. Пераможцам матчу 1962-га года быў у трайным скачку быў Уладзімір Гараеў. У спіс пераможцаў матчаў упісаны і Барыс Храловіч, які ў 1965-м годзе першым фінішаваў у спартыўнай хадзьбе на 20 кіламетраў.

Матч СССР — ЗША 1973-га года стаў самым памятным у гісторыі беларускай лёгкай атлетыкі. Прымаў такую важную падзею Мінск. У сталіцы БССР выступалі беларусы Аляксандр Жыдкіх, Міхаіл Жалабоўскі, Віктар Мяснікоў, Аляксандр Бліняеў, Яўген Іўчанка, Яўген Гаўрыленка. За ходам спаборніцтваў у Мінску сачылі каля 32 тысяч чалавек.

«Калі казаць пра непасрэдны ўнёсак беларускіх лёгкаатлетаў у поспех нашай зборнай, то самых добрых слоў заслугоўвае Яўген Гаўрыленка, які атрымаў вельмі важкую перамогу над моцным амерыканскім бар’ерыстам Джымам Болдынгам. Спадабаліся Яўген Іўчанка і Віктар Мяснікоў, хаця ён і быў другім. Але асабліва я б адзначыў дзесяціборца 22-гадовага мінчаніна Аляксандра Бліняева, які бліскуча сябе паказаў у гэтым сезоне і здолеў у найцяжэйшай барацьбе ўзяць уверх над сваімі заакіянскімі сапернікамі. Па меры сваіх сіл выступалі беларускія лёгкаатлеты і ў іншых відах спаборніцтваў», — адзначаў у інтэрв’ю «Савецкаму спорту» начальнік аддзела лёгкай атлетыкі Усесаюзнага спорткамітэта А.С.Герчыкаў. Ужо ў 1970-я гады Мінск умеў прымаць буйныя спартыўныя падзеі, пакідаючы ў сваіх гасцей прыемныя ўражанні. «У Мінску мы бачылі цудоўны рэканструяваны стадыён, сучасны навукова-метадычны цэнтр, у рэспубліцы выраслі добрыя трэнерскія кадры, якім пад сілу вырашаць самыя складаныя задачы. Расце разуменне неабходнасці да паглыбленай спецыялізацыі трэнераў у тым ці іншым выглядзе лёгкай атлетыкі. у рэспубліцы ёсць група перспектыўных юніёраў. Задача складаецца ў тым, каб ніводны з іх не быў страчаны для вялікага спорту», — дзяліўся Герчыкаў.

У цэлым, амаль ніхто з беларускіх лёгкаатлетаў, хто выступаў на матчах СССР-США ў вялікім спорце не згубіўся. Міхаіл Жалабоўскі і сёння асоба відная ў айчыннай атлетыцы. Міхаіл Мікалаевіч Жалабоўскі нарадзіўся 8 мая 1946 года — праз год пасля Вялікай Перамогі. Канешне, у невялікай вёсцы Скіпаровічы Дзятлаўскага раёна ніхто нават і не падумаў, што на свет з’явіўся вядомы спартсмен, які будзе ўсіх перамагаць. Але пераможная дата свой уплыў аказала. Міхаіл Жалабоўскі перамагаў шмат: сем разоў на чэмпіянаце СССР у бегу на 1500 м, 500 м, 800 м. На яго рахунку — чатыры рэкорды Савецкага Саюза. Міхаіл Жалабоўскі выйграў Сусветную ўніверсіяду ў бегу на 5000 метраў. Перамог на зімовым чэмпіянаце Еўропы-1968 года ў эстафетным бегу. Тройчы паднімаўся на вышэйшую прыступку п’едэстала матчавых сустрэч СССР-ЗША і столькі ж разоў перамагаў на міжнародных спаборніцтвах на прызы братоў Знаменскіх. Любімай дыстанцыі ў спартоўца не было: ён аднолькава паспяхова выступаў як на сярэдніх, так і на доўгіх дыстанцыях. «А будзь у нас такія ўмовы, як у сучасных спартоўцаў, я б яшчэ больш перамагаў», — усміхаецца бягун.

Віктар Мяснікоў — майстар спорту міжнароднага класа, заслужаны трэнер СССР, заслужаны трэнер БССР па лёгкай атлетыцы. Гэтыя званні ён атрымаў за пераадоленне лёгкаатлетычных бар’ераў. Але калі б званні прысвойвалі за пераадоленне жыццёвых бар’ераў — ён бы і іх атрымаў. Віктар Мяснікоў двойчы выступаў на Алімпійскіх гульнях. Кожны раз ён быў гатовы прывезці дадому медаль, але прывозіў толькі жыццёвы досвед. Ён неаднаразова выходзіў на дарожку з траўмамі, перамагаючы не толькі боль, але і сапернікаў. Каласальныя нагрузкі бар’ерам для яго і зусім ніколі не былі. Віктар Мяснікоў па магчымасці выступаў і на спрынтарскіх дыстанцыях «гладкага» бегу. На дыстанцыі 200 метраў яго асабісты рэкорд — 21.16 секунды. Сваімі вынікамі ён паважаць сябе прымусіў многіх спрынтараў. А сваёй спартыўнай і трэнерскай кар’ерай выклікаў павагу і пашану ў Каралевы спорту, якой прысвяціў усё жыццё.

У 1972-м годзе на Алімпійскіх гульнях у Мюнхене ў спаборніцтвах па спартыўнай хадзьбе ўдзельнічаў беларускі спартсмен Яўген Іўчанка. Ён быў блізкі да перамогі на 20 кіламетраў, але падвялі нервы — спартсмен перайшоў на бег, прыкметны хіба спецыялістам. Але заўважны. Бязлітасныя суддзі дыскваліфікавалі спартсмена. Пасля Мюнхена Яўген сканцэнтраваўся на дыстанцыі 50 кіламетраў, якая на першае месца ставіць агульную фізічную падрыхтоўку. У 1980-м годзе на Алімпійскіх гульнях у Маскве Яўген Іўчанка прыйшоў да доўгачаканага медаля — ён стаў бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў і адным з самых узроставых прызёраў у гісторыі лёгкай атлетыкі. На той момант яму было 42 гады.

На Алімпійскіх гульнях у Маскве да запаветнай мэты прыйшоў і скараход Пётр Пачынчук. У 1980-м годзе ён стаў сярэбраным прызёрам Алімпіяды на дыстанцыі 20 кіламетраў. У той дзень на дыстанцыі было горача ва ўсіх сэнсах. Па-першае, 24 ліпеня 1980 года ў тэмпература ў цені дасягала 30 градусаў. Па-другое, спаборнічаць беларускаму хадаку трэба было з наймацнейшымі прадстаўнікамі зборнай СССР Анатолем Саломін і Яўгенам Еўсюковым. Фаварытамі спаборніцтваў былі мексіканец Даніэль Баўтыста і італьянец Маўрыцыа Дамілана. На апошніх кіламетрах дыстанцыі знялі Баўтыста, затым Саломіна. Пётр Пачынчук атрымаў папярэджанне. Беларус разумеў, што да фінішу ён дойдзе, але толькі другім, надта далёка сышоў Дамілана.

На Гульнях у Маскве галоўнай задачай беларускага бегуна Мікалая Кірава было трапленне ў фінал. Безумоўным лідэрам тады быў брытанец Себасцьян Коэ, яму ў спіну дыхаў суайчыннік Стыў Овет. Асабісты рэкорд Кірава быў на тры секунды больш павольна. Задачу мінімум у Маскве Мікалай Кіраў выканаў — выйшаў у фінал забегу на 800 метраў. У фінале за 250 метраў ды фінішу ён жвава панёсся наперад. Але Овет дагнаў яго за 50 метраў да фінішу, Коэ — толькі ў клетках. У выніку розніца ў выніках у прызёраў складала паўсекунды: −1:45,40 у Овета, 1:45,85 у Коэ, 1:45,94 у Кірава. У тое, што стаў трэцім, Мікалай паверыў не адразу.

Дарогу ў вялікі спорт Таццяне Лядоўскай адкрыў вядомы трэнер Анатоль Іванавіч Бадуеў заўважыў будучую чэмпіёнку ў піянерскім лагеры і запрасіў сабе ў групу. Тады ніхто з іх нават не падазраваў, што дзяўчынка з горада Шчокіна Тульскай вобласці неўзабаве ўславіць Беларусь. У 1984-м годзе Анатоля Бадуева запрасілі на працу ў Мінск. Разам з ім з’ехала і група спартоўцаў, сярод якіх была і Таццяна Лядоўская.

Ды Алімпійскіх гульняў 1988-га года ў Сеуле Таццяна Лядоўская выступала на адзіным замежным старце — Сусветнай універсіядзе. Але тады яна выступала не на чатырохсотмятроўцы з бар’ерамі, а на такой жа гладкай дыстанцыі. У Сеул яна прыехала без грузу медальных планаў. І прывезла дадому два алімпійскія медалі. У забегу на 400 метраў з бар’ерамі Таццяна саступіла адну сотую секунды аўстралійцы Дэбі Флінтаф-Кінг і стала сярэбраным прызёрам Алімпійскіх гульняў. У эстафеце 4×400 метраў Таццяна Лядоўская бегла першы этап, бо лічылася адной з найлепшых у бар’ерным бегу. Пасля яе ў барацьбу ўключыліся Вольга Назарава, Марыя Пінігіна і Вольга Брызгіна. Савецкія спартсмены фінішавалі першымі, абышоўшы наймацнейшыя зборныя ЗША і ГДР і ўстанавілі фантастычны сусветны рэкорд — 3:15,18! Прозвішча беларускі аказалася адзіным у шырокім спісе ўладальнікаў сусветных рэкордаў.

У 1988-м годзе ў Сеўле сапраўдны спартыўны цуд паказалі майстры трайнога скачка. Адразу два беларускіх спартсмены падняліся на п’едэстал. На другім месцы быў Ігар Лапшын. Сваю Алімпіяду ён успамінаў у інтэрв’ю «Звяздзе». А на трэцім месцы быў яго сябар Аляксандр Каваленка. У Сеуле ў першай спробе Аляксандр устанавіў алімпійскі рэкорд — 17.42 — і гэты вынік падчас спаборніцтваў пераскочыць не змог. Пасля поспеху Ігара Лапшына і Аляксандра Каваленкі ў беларускіх майстроў трайнога скачка медалёў на галоўных стартах не было.

Надвор’е цяпер робяць кідальнікі

У 1990-я аб сабе заявілі беларускія кідальнікі. На Алімпійскіх гульнях 1992 года Наталля Шыкаленка заваявала сярэбраны медаль у спаборніцтвах па кіданні кап’я. Барацьба за першае месца ішла да апошніх сантыметраў, да апошняй спробы. І лідэрам была менавіта беларуска. Аднак у трох заключных спробах яе паставілі кідаць перадапошняй. Але нямецкая спартсменка Зільке Рэнк выканала неверагоднае — адправіла снарад на 69.46 сантыметраў. Кап’ё Наталлі Шыкаленка паляцела на 69.38 сантыметраў. Яна застаецца самай тытулаванай кідальніцай дзіды ў гісторыі беларускай лёгкай атлетыкі. Акрамя алімпійскага срэбра ў яе актыве бронза чэмпіянату свету 1993 года і золата планетарнага мундыяля 1995 года.

Хвалебныя традыцыі Міхаіла Крынавасава і Рамуальда Кліма ў Барселоне працягнуў ураджэнец Наваполацка Ігар Астапковіч. У алімпійскім сектары ён адправіў снарад на 81.96 сантметраў, апярэдзіўшы бронзавага прызёра масквіча Ігара Нікуліна на 58 сантыметраў. Сапраўдны фурор Ігар Астапковіч зрабіў за месяц да Алімпійскіх гульняў. У фінале Гран-пры ў іспанскай Севільі ён не толькі ўстанавіў асабісты рэкорд, але і паказаў трэці вынік за ўсю гісторыю кідання молата. Снарад з яго рук паляцеў на 84.62 метры. Для Беларусі гэта стала новым рэкордам, які быў перапісаны толькі праз 13 год. Ігар Астапковіч выступаў і на Алімпійскіх гульнях 2000-га года. У Сіднэі ён заваяваў бронзавы медаль. Акрамя таго, Ігар Астапковіч — трохразовы сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету, чэмпіён Еўропы, уладальнік Кубка Еўропы, двухразовы пераможца Сусветнай універсіяды. «Надвор’е ў беларускай лёгкай атлетыцы сягоння робяць толькі кідальнікі», — заўважыў Ігар Астапковіч пасля Алімпійскіх гульняў у Барселоне. І як у ваду глядзеў.

На Алімпійскіх гульнях 1996 года ў Атланце пасля спаборніцтваў па кіданні дыска на п’едэстал узняліся два беларускія спартсмены: на другім месцы Уладзімір Дуброўшчык, на трэцім — Васіль Капцюх. Такая ж гісторыя разгарнулася і на чэмпіянаце свету 1995-га года. У Атланце сярэбраны медаль спаборніцтваў сямібор’е быў заваяваны дэбютанткай Гульняў Наталляй Сазановіч. Гэта была яе першая буйная ўзнагарода такога ўзроўню. Акрамя таго, на Алімпійскіх гульня ўраджэнка Баранавічаў устанавіла асабісты рэкорд па суме мнагабор’я і адзначылася дасягненнямі ў асобных відах праграмы: штурханні ядра, бегу на 200 і на 800 метраў.

На Алімпійскіх гульнях у Сіднеі кідальніца дыска Ірына Ятчанка заваявала бронзавы медаль. Для спартсменкі гэта была першая ўзнагарода спаборніцтваў топ-узроўню. І адразу на Алімпійскіх гульнях! І гэта стане добрым стартам. У 2003-м годзе Ірына выйграла чэмпіянат свету.

Поспехі беларускіх кідальнікаў у 1990-я гады ў многім звязаны з імем выдатнага трэнера Мечыслава Аўсяніка, які да апошняга дня працаваў са спартсменамі. «Дрэнных людзей у спорце я не сустракаў... Так, шмат задзірлівых, славалюбівых. Але без такіх якасцей цяжка абысці, абагнаць саперніка. Ва ўсякім разе, калі перад такімі паставіць мэту, яны разаб’юцца, але прыйдуць да яе. Я і сябе да такіх адношу: калі бяруся за справу, то задняга ходу не раблю. Дайду да ўпора, пераканаюся, што больш нічога нельга зрабіць — тады перад сваім сумленнем чысты», — дзяліўся Мечыслаў Мікалаевіч з «Фізкультурнікам Беларусі».

Са сваімі вучнямі ён даходзіў калі не да ўпора, то да піка спартыўнай дзейнасці — да залатых медаляў Алімпійскіх гульняў. Кідальнікі надоўга сталі заканадаўцамі мод у беларускай лёгкай атлетыцы. Менавіта яны прывезлі ў краіну найбольшую колькасць медалёў. Але, аддаць належнае, зусім няшмат саступаюць ім і прадстаўнікі іншых лёгкаатлетычных дысцыплін.

Эліна Зверава: «Выйдучы з цягніка на мінскім вакзале, уздыхнула і зразумела — «маё».

„Нельга выпадаць са спаборніцкай арбіты, трэба ўвесь час трымаць сябе ў тонусе, доўгая адсутнасць у сектары пазбаўляе не толькі турнірнай тактыкі, але і цягне за сабой страту навыкаў паводзін у момант спаборніцтваў. Каб усё гэта аднавіць, патрэбны час. А час знаходжання ў кідальным сектары абмежаваны хвілінамі“, — разважала ў інтэрв’ю „Спартыўнай панараме“ алімпійская чэмпіёнка Эліна Зверава, чыё знаходжанне ў сектары працягвалася не некалькі хвілін, а некалькі дзясяткаў гадоў. У лёсе гэтай жанчыны было шмат радавых траўмаў, вельмі сур’ёзных праблем са здароўем, расстанне з трэнерам, рознагалоссі і непаразуменні. Але ўсё гэта яна пераадолела і, што б не адбывалася, выходзіла ў кідальны сектар — ужо моцна не любіла выпадаць са спаборніцкай арбіты. Нават уласную сям’ю яна выбудавала на спартыўнай арбіце — да перамог на чэмпіянатах свету 1995 і 2001 гадоў, алімпійскай бронзе 1996 года і алімпійскаму золату 2000-га года яе прывёў муж і трэнер Віктар Бочын. Дачка спартыўнай пары Алена таксама круціцца на спатыўнай арбіце — уваходзіла ў склад зборнай па веславанні, але маміны гены прывялі ў лёгкую атлетыку. Свой спартыўны лёс Эліна Аляксандраўна незвычайнай не лічыць, бо яна проста займалася любімай справай. Паводле яе слоў, усё проста: стаіць задача — трэба выконваць.

Яніна Правалінская-Карольчык: „Ішоў, упаў, ачуўся — гіпс“ — гэта выпадкова. А за кожным медалём стаіць вялізная праца».

Акуратна выкладзеныя валасы, лёгкі макіяж, дзёрзкі чорны манікюр — у 2000-м годзе статная Яніна Карольчык пакарала не подыум, а Алімп. У спаборніцтвах па штурханні ядра на Алімпійскіх гульнях года ў шостай рашаючай спробе яна адправіла снарад на 20 метраў 56 сантыметраў. Ад фотаздысмкаў, зробленых у першыя хвіліны яе трыумфу, вее прыгажосцю і ўпэўненасцю, якія заўсёды вылучаюць жанчыну. А ўжо ўладальніцу алімпійскага золата тым больш. «Жанчына, дзе б яна не была, чым бы яна не займалася, заўжды павінна заставацца жанчынай. У дзень фіналу Алімпійскіх гульняў мне хацелася выглядаць вельмі добра ва ўсіх сэнсах», — адзначае чэмпіёнка. Вынікі ў сектары і фатаграфіі пацвярджаюць, што ёй гэта ўдалося. За прыгажосцю і поспехам заўсёды стаіць вялікі шлях. Яніна Правалінская-Карольчык пачала яго ў невялікай вёсцы ў глыбіні Белавежскай пушчы, дайшла да алімпійскіх вышынь і пасля гэтага яшчэ 18 гадоў ішла па спартыўным шляху з ганарліва паднятай галавой. На гэтым шляху яна даведалася не толькі, як быць чэмпіёнкай, але і жонкай, музай народнага артыста Уладзіміра Правалінскага і маці цудоўнай Анастасіі.

Юлія Несцярэнка: «Першай думкай на фінішы было «нарэшце ўсё скончылася»

21 жніўня 2004 года ў Афінах грымнула маланка, але не пушчаная Зеўсам з Алімпу. Маланка прыляцела з Брэста, каб у Афінах падняцца на свой асабісты Алімп. Юлія Несцярэнка зрабіла тое, што здавалася немагчымым раней — перамагла на самай прэстыжнай дыстанцыі ў лёгкай атлетыцы. Гэта была грандыёзная сенсацыя. Упершыню з 1980-га года пераможцай жаночага спрынту была не прадстаўніца ЗША. «Белая маланка», як яе адразу ахрысцілі журналісты, абагнала цемнаскурых спартсменак, якія да гэтага лічыліся непераможнымі. Усе вялікія рэчы заўсёды незразумелыя і непасціжныя. Нават праз 20 гадоў, калі гаворка заходзіць аб алімпійскай перамозе Юліі Несцярэнкі ўзнікае пытанне — «Як яна гэта зрабіла?». Спартсменка, якая за год да Алімпіяды на вядучых стартах не ззяла, бліснула і прагрымела на самым галоўным старце — сапраўдная маланка.

Так яскрава, як у 2004 годзе, белая маланка больш не свяціла, хоць і не знікала са спартыўнага небасхілу. У 2005-м годзе на чэмпіянаце свету фінішавала з восьмым вынікам і заваявала бронзу ў складзе эстафеты 4×100 метраў, паўтарыла гэты вынік на чэмпіянаце Еўропы 2006 года. На Алімпійскіх гульнях 2008 года Юлія Несцярэнка дабегла толькі да паўфіналу. Выступіць у алімпійскім Лондане ў 2012-м годзе перашкодзіла траўма. Ну так і маланка доўга не ззяе — толькі імгненне. А Юлія Несцярэнка за сваё імгненне ўвайшла ў гісторыю сусветнага спорту.

Іван Ціхан: «Стымулаў, матывацыі і прычын заставацца ў спорце ў мяне было вельмі шмат»

Нават тыя, хто не лічыць сябе фанатам лёгкай атлетыкі, і пра перамогі каралевы спорту даведаюцца выпадкова з агульнага патоку навін, усё роўна ведаюць імя гэтага спартсмена. Іван Ціхан доўгі час быў тварам і ўвасабленнем усяго беларускага спорту, а не толькі лёгкай атлетыкі. Тое, што адбылося ў свеце за амаль 30-гадовую спартыўную кар’еру Івана Ціхана, можна пералічваць бясконца. Мяняліся пакаленні атлетаў, раслі вынікі, а ён па-ранейшаму заставаўся ў сектары для кідання молата. Журналісты часта называюць такіх людзей «чалавекам-эпохай». А любая эпоха поўная разнастайных падзей. У кар’еры Івана Ціхана іх было так шмат, што інакш як эпапей яе не назавеш.

У 2003 годзе Іван Ціхан перамог на чэмпіянаце свету ў Парыжы. У эліце сусветнага кідання молата зноў быў беларускі спартсмен. Золата чэмпіянату свету ён заваяваў і ў 2007 годзе. У 2008 годзе на сваіх трэціх Алімпійскіх гульнях у Пекіне Іван Ціхан заваяваў бронзу. Але эпапея — гэта не толькі вялікія і прыемныя падзея, але яшчэ і маштабныя непрыемнасці. Яны і здарыліся ў снежні 2010 года, калі допінг-пробы Івана Ціхана і яго суайчынніка Вадзіма Дзевятоўскага (сярэбранага прызёра Пекіна) аказаліся станоўчымі. Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў беларусаў медалёў, узнікла пагроза з-за дыскваліфікацыі прапусціць Алімпійскія гульні ў Лондане 2012 года. Многія вырашылі б, што змагацца з міжнароднымі спартыўнымі структурамі тое ж самае, што і змагацца з ветракамі. Многія, але не Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі. Спартсмены, заручыўшыся падтрымкай вопытнага адваката, падалі ў Спартыўны арбітражны суд. І перамаглі! CAS прызнаў памылковым рашэнне МАК. У сусветным спорце выпадак беспрэцэдэнтны. Алімпійскія бронза і серабро вярнуліся да сваіх герояў. Здавалася б, вось ён хэпі-энд, але эпапея працягвалася. У 2012 годзе на Алімпійскіх гульнях у Лондане Іван Ціхан павінен быў паказаць, на што здольны. Але спартсмена адхілілі ад удзелу ў Гульнях літаральна за некалькі дзён да старту, разварушыўшы допінг-пробы 2004 года.

З-за барацьбы са спартыўнымі чыноўнікамі Іван Ціхан не выступаў на спаборніцтвах сем гадоў. Па спартыўных мерках такі перапынак — гэта прорва. Аб’ява аб завяршэнні кар’еры было б вельмі лагічным крокам. Але тады і эпапеі не было б. Не робячы ніякіх заяў, Іван Ціхан займаўся любімай справай. І ў 2015 годзе вярнуўся ў сектар. А ў 2016 годзе заваяваў срэбра на чэмпіянаце Еўропы ў Амстэрдаме і на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра.

Журналісты на ўсе лады распісвалі, наколькі важны гэты медаль, сцвярджалі, што гэта «срэбра з залатым адлівам», не саромеючыся спявалі дыфірамбы спартсмену. А сам Іван Ціхан, як заўсёды, спакойны і ўраўнаважаны заявіў: «Не думаю, што сёння ў Рыа я паставіў кропку». Наступіла кульмінацыя гэтай эпапеі. Але яна не сканчалася.

У 2020 годзе ў спартыўнай эпапеі Івана Ціхана пачалася новая глава — ён быў абраны старшынёй Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, застаючыся пры гэтым дзеючым спартсменам. Для беларускага спорту падзея абсалютна неўласцівая. Але Івану Ціхану не абвыкаць тое, што шматлікім здавалася немагчымым. Старшыня федэрацыі нават выступіў на Алімпійскіх гульнях у Токіа ў 2021 годзе. На жаль, на гэты раз застаўся без медалёў. Шчыра прызнаўся — «вынік нездавальняючы» — і ўзяўся за працу кіраўніка. Тут, вядома, маштаб дзейнасці большы, чым у сектары для кідання молата.

А значыць, спартыўная эпапея працягваецца…

Падрабязнасці сваёй неверагоднай кар'еры Іван Ціхан успамінаў у інтэрв'ю «Звяздзе».

Алімпійскія поспехі Эліны Зверевай, Яніны Правалінскай-Карольчык, Івана Ціхана і іншых беларусаў — непаўторная спартыўная гісторыя. Але жыць мінулым у спорце не прынята. Таму гісторыя працягваецца. Сёння яе піша новае пакаленне спартсменаў. Гісторыю ў беге з бар’ерамі працягвае вучаніца Віктара Мяснікова Эльвіра Грабарэнка (Герман). У 2014 годзе яна стала сярэбраным прызёрам Юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Нанкіне. У 2015 выйграла чэмпіянат Еўропы сярод юніёраў. У 2016 годзе выйграла чэмпіянат Свету сярод юніёраў, устанавіўшы рэкорд Еўропы і рэкорд юніёрскіх чэмпіянатаў Свету. У 2017 годзе заняла другое месца на чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі. У 2018-м стала чэмпіёнкай Еўропы сярод дарослых. У 2019-м Чэмпіёнка Еўропы сярод моладзі, пераможца Еўрапейскіх гульняў у Мінску.

Традыцыі, закладзеныя кідальнікамі працягвае і Таццяна Халадовіч. Менавіта ёй належыць нацыянальны рэкорд у кіданні кап’я — 67 метраў 47 сантыметраў. Улічваючы, што залатым вынікам чэмпіянату свету 2022 года сталі лічбы 66 метраў 91 сантыметр, можна ўявіць, на што здольная беларуская кідальніца. Свае здольнасці ва ўсёй красе яна прадэманстравала на чэмпіянаце Еўропы, на Еўрапейскіх гульнях, на этапах Брыльянтавай лігі.

Працягваюць перамагаць і беларускія скакуны. Настасся Мірончык-Іванова, Віялета Скварцова непаўторныя ў скачках у даўжыню. Ірына Жук адкрывае для беларусаў скачкі з шастом. Як ёй гэта ўдаецца яна расказвала «Звяздзе». Карына Дзямідзік лятае вышэй за ўсіх у сектары для скачкоў у вышыню. Няма тут роўных і Максіму Недасекаву, бронзаваму прызёру Алімпійскіх гульняў 2020 года. Бліжэй пазнаёміцца з гэтым неардынарным спартсменам можна ў нашым інтэрв'ю.

Беларускія лёгкаатлеты заўсёды былі мацнейшымі на важных стартах. Хочацца верыць, што ўдзельнікі ІІ Гульняў краін СНД гэтым звычкам не зменяць. Старт зусім хутка!

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?