Вы тут

Пакістанскія спартсмены возьмуць удзел у ІІ Гульнях краін СНД


У традыцыйным аглядзе «Звязды» — самыя важныя спартыўныя навіны.


Фота: sb.by

Аб'ява тыдня. Пакістанскія спартсмены возьмуць удзел у ІІ Гульнях краін СНД. Аб гэтым паведаміў журналістам пасол Беларусі ў Пакістане Андрэй Мяцеліца. Беларускі дыпламат 13 ліпеня сустрэўся з федэральным міністрам міжправінцыяльнай каардынацыі Пакістана Эхсанам Ур Рэхманам Мазары. Адной з тэм сустрэчы сталі беларуска-пакістанскія адносіны ў спартыўнай сферы. «Асобная ўвага адведзена ўдзелу спартыўных камандаў Пакістана ў ІІ гульнях СНД і іншых краін, якія адбудуцца ў Рэспубліцы Беларусь», — паведаміла пасольства.

Героі тыдня. Зборная Беларусі па конным спорце другі год запар стала пераможцам Еўразійскіх гульняў па выездцы. На спаборніцтвах, што прайшлі ў Маскоўскай вобласці, беларускі Ганна Карасёва, Алена Андрэева, Вераніка Ярашэвіч і Алена Масцяніца выйгралі камандны турнір. У асабістым заліку «золата» заваявала Ганна Карасёва, а сярэбраным прызёрам стала Алена Андрэева.

Поспех тыдня. Беларускія лёгкаатлеты сталі ўладальнікамі васьмі ўзнагарод на спаборніцтвах у Маскве. На турніры памяці двухразовага алімпійскага чэмпіёна Уладзіміра Куца Віялета Скварцова перамагла ў трайным скачку, паказаўшы вынік 14 м 19 см. Таццяна Шабанава выйграла забег на 3000 м з перашкодамі, устанавіўшы асабісты рэкорд — 9 хв. 45,39 сек. Арцём Калачоў заваяваў «серабро» ў бегу на 1500 м — 3 хв. 45,53 сек., а Аляксей Каткавец заняў другое месца ў кіданні кап'я — 80 м 49 см.

У спаборніцтвах «Шлях да Алімпу» з серыі «Каралева расійскага спорту» Мацвей Волкаў перамог у сектары для скачкоў з шастом — 5 м 52 см. У жаночых спаборніцтвах па гэтай дысцыпліне Ірына Жук стала ўладальніцай бронзавага медаля, паказаўшы вынік — 4 м 33 см. У бегу на 800 м Ян Слома паказаў трэці вынік — 1 хв. 47,16 сек. Цяпер беларускія атлеты рыхтуюцца да чэмпіянату краіны, які з 28 да 30 ліпеня пройдзе на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама» ў Мінску.

Медалі тыдня. На мінулым тыдні беларускія велагоншчыкі былі найлепшымі на спаборніцтвах у Расіі. У агульным заліку велашматдзёнкі «Золата Ладагі» прадстаўнік велаклуба «Мінск» Сяргей Шаўчэнка заняў першае месца. Другое месца заняў яго аднаклубнік Яўген Собаль.

Ганна Церах, Караліна Бірук, Анастасія Кіпцікава, Ірына Чуянкова перамаглі ў адкрытым чэмпіянаце Расіі па веласпорце на трэку ў Санкт-Пецярбургу і абнавілі нацыянальны рэкорд у каманднай гонцы на 4 км, пераадолеўшы трэк за 4.19,752. Яўген Каралёк і Дзяніс Мазур сталі сярэбранымі прызёрамі турніру ў мэдысане. У жанчын у згаданым відзе праграмы Ганна Церах і Анастасія Кіпцікава заваявалі «бронзу». У гіце на 1000 м у мужчын Арцём Зайцаў стаў уладальнікам сярэбранага медаля. Яўген Каралёк заняў другое месца ў скрэтчы.

Падпісанне тыдня. Вядомы беларускі хакеіст Андрэй Стась вярнуўся ў мінскае «Дынама». Пра гэта інфармуе прэс-служба клуба. У сваёй кар'еры 34-гадовы форвард правёў у мінскім «Дынама» сем сезонаў. Два апошнія сезоны ён адгуляў у чалябінскім «Трактары», а ў 2021 годзе — у складзе омскага «Авангарда». Усяго ў Кантынентальнай хакейнай лізе Андрэй Стась згуляў 803 матчы. У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі ўзяў удзел у дзевяці чэмпіянатах свету, а таксама гуляў на Алімпійскіх гульнях — 2010 у Ванкуверы.

Свята тыдня. На базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках прайшоў альтэрнатыўны сеанс адначасовай гульні, прысвечаны Міжнароднаму дню шахматаў. Сеанс праводзілі спартсмены — інструктары нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па шахматах, спартсмены — навучэнцы цэнтра. Сапернікамі міжнароднага майстра Вячаслава Зарубіцкага і майстра ФІДЭ Максіма Царука былі зусім юныя спартсмены — навучэнцы цэнтра. У выніку з 20-ці юных талентаў мацнейшымі за шматразовых пераможцаў сусветных форумаў аказаліся Арсеній Пучкоўскі, Ніка Венская і Яна Дзяльнік. Дамір Булгак, Мацвей Савельеў, Аляксандр Каспяровіч і Давід Даброўскі звялі партыі да нічыёй.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.