Сярод іншых матэрыялаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія так ці іначай датычацца літаратурнага жыцця ў 1950—1980-я гады, цікавасць выклікае і вось гэтая параўнальна невялікая даведка ці, хутчэй, — дакладная запіска загадчыка аддзела культуры ЦК Кампартыі Беларусі Яўгена Вайтовіча, датаваная чэрвенем 1988 года.
Яўген Канстанцінавіч Вайтовіч (1937—2021) — дзяржаўны дзеяч, дыпламат. Кандыдат эканамічных навук (1964). Член Беларускага саюза кінематаграфістаў (1980). У 1975 — 1983 гадах ён кіраваў кінастудыяй «Беларусьфільм». Затым займаў высокую па тым часе пасаду ў Маскве — начальніка галоўнага ўпраўлення кінафікацыі і кінапракату Дзяржкіно СССР (1983—1988). У 1990—1993 гады Вайтовіч — міністр культуры Беларусі. Наступныя пяць гадоў Яўген Канстанцінавіч — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы.
Назва ў дакумента наступная: «Аб пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў БССР». Пленум прайшоў 19 мая 1988 года. Час даволі напружаны. Перабудова так закружыла галаву ўсім, а творчай інтэлігенцыі — ці не найперш, што органам дзяржаўнага кіравання толькі і заставалася прымаць з розных бакоў усе крытычныя стрэлы на свой адрас... А што ж у самой мастацкай літаратуры адбывалася. Згадаем хоць бы некаторыя кнігі, якія ўбачылі свет у 1988-м і папярэднія гады. У 1986 годзе выходзіць кніга крытыкі і публіцыстыкі Алеся Адамовіча «Выберы — жыццё». У 1987 г. у Маскве часопіс «Огонёк» выдае яго зборнічак апавяданняў і эсэ «Маленне пра будучыню». Яшчэ праз год — у адным з маскоўскіх выдавецтваў зборнік «Дадумваць да канца: Літаратура і трывогі веку». Вячаслаў Адамчык працягвае работу над цыклам раманаў, распачатых «Чужой бацькаўшчынай». У 1987 годзе выходзіць ужо трэцяя кніга пра жыццё ў Заходняй Беларусі — раман «І скажа той, хто народзіцца...». Новыя раманы выдалі Леанід Дайнека — «Меч князя Вячкі» (1987) і «След ваўкалака» (1988); Генрых Далідовіч — «Пабуджаныя» (1988). У 1985 годзе ўбачыў свет раман Васіля Быкава «Кар'ер», у 1988-м — аповесць «У тумане». За аповесць «Знак бяды» народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў у 1986 годзе быў адзначаны Ленінскай прэміяй...
На майскім пленуме Саюза пісьменнікаў БССР творцы абмяркоўвалі два пытанні, як падавалася на той час, самыя актуальныя: «Гісторыя народа і літаратура» і «Выкананне рашэнняў ІX з'езда пісьменнікаў Беларусі і шляхі перабудовы арганізацыйна-творчай дзейнасці Саюза пісьменнікаў БССР». Аўтарытэтных дакладчыкаў па першым пытанні было двое — дактары філалагічных навук, загадчыкі сектараў Інстытута літаратуры імя Я. Купалы Адам Мальдзіс і Міхась Мушынскі. Па другім пытанні з асноўным дакладам выступіў першы сакратар СП БССР Ніл Сымонавіч Гілевіч. У рабоце пленума ўдзельнічала вялікая група вучоных-гісторыкаў, кіраўнікі шэрагу інстытутаў Аддзялення грамадскіх навук БССР, Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ, загадчыкі кафедраў гісторыі КПСС, гісторыі СССР і гісторыі БССР шэрагу ВНУ рэспублікі. У абмеркаванні парадку дня ўзялі ўдзел 46 чалавек, з іх — 11 гісторыкаў. Колькасць выступоўцаў, як бачыце, даволі салідная...
Што адразу адзначыў «цэковец» Яўген Вайтовіч: «Увогуле размова на пленуме, асабліва па першаму пытанню, атрымалася зацікаўленай, прадметнай, канструктыўнай. Выказаны шэраг прапаноў па ўмацаванню кантактаў пісьменнікаў і гісторыкаў, па вывучэнню «белых плям» гісторыі БССР, ацэнцы асоб, якія дагэтуль не мелі адназначнага тлумачэння, пашырэнню вывучэння гісторыі БССР, увядзенню яе асобным прадметам ва ўсіх навучальных установах, выхаванню гістарычнай самасвядомасці народа і г. д. Гучалі прапановы пра неабходнасць кансалідацыі сіл пісьменнікаў і гісторыкаў. Гэта знайшло адлюстраванне ў пастанове пленума, дзе вызначаны шэраг сумесных акцый.
У выступленнях ўздымаліся праблемы нацыянальна-рускага двухмоўя, пашырэння ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, забеспячэння паслядоўнасці ў вывучэнні беларускай мовы ад дзіцячага сада да ВНУ. Выказваліся прапановы пра неабходнасць увекавечыць памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій, стварыць адпаведную камісію ў рэспубліцы па рэабілітацыі незаслужана рэпрэсіраваных. Прапаноўвалася павялічыць колькасць навуковых і навукова-папулярных выданняў па гісторыі, у т. л. перыядычных, арганізаваць выданне маладзёжных дадаткаў да абласных газет, літаратурных альманахаў у абласцях».
Вельмі важнай падаецца заўвага аўтара дакладной запіскі пра тое, што «сапраўдны пленум праўлення... адрозніваецца ад праведзенага 4 чэрвеня 1987 г., дзе востра ставіліся пытанні стаўлення да беларускай мовы і культуры, большай узважанасцю ацэнак, канструктыўнасцю прапаноў, значна меншым напалам страсцяў і эмоцый. Гэта сведчыць пра тое, што ў пісьменніцкім асяроддзі ідзе пазітыўная эвалюцыя поглядаў, усё болей сцвярджаецца разуменне таго, што праблемы, якія з беларускай мовай назбіраліся гадамі, нельга вырашыць наскокам, валявым рашэннем, з аднаго маху, што для гэтага патрабуецца час, карпатлівая праца ўсіх зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў. Аднак справядлівымі прадстаўляюцца выказванні, што марудзіць з рашэннем гэтых пытанняў, асабліва на месцах, таксама нельга». І далей: «Ход пленума паказаў, што абсалютная большасць пісьменнікаў стаіць на канструктыўных, цвярозых пазіцыях, зацікаўлена ва ўсямерным паляпшэнні дзейнасці Саюза пісьменнікаў, правільна ацэньвае тое, што ў рэспубліцы адбываюцца змены ў адносінах да нацыянальнай культуры, гісторыі. У дакладах і выступленнях на пленуме (Максім Танк, Н. С. Гілевіч, А. І. Мальдзіс) выказвалася адабрэнне практыкі сустрэч у ЦК КПБ з творчай інтэлігенцыяй, выказвалася падтрымка тым мерам, якія прымаюцца партыйнымі і дзяржаўнымі органамі па развіццю беларуска-рускай двухмоўнасці, у т. л. абвешчаным на X пленуме ЦК КПБ».
Але было і тое ў час выступленняў пісьменнікаў ды гісторыкаў, што выклікала напружанасць. Я. Вайтовіч адзначыў няспелы, дэмагагічны характар выступлення супрацоўніка Інстытута гісторыі АН БССР, члена Саюза пісьменнікаў БССР Уладзіміра Якутава. Ён блытана і вельмі агульна выкладаў свае версіі некаторых падзей. Заявіў, што ў яго «да гэтага часу няма пераканання, што Ленін памёр сваёй смерцю», што «не выпадковая гібель Машэрава». «Аратар, — падкрэслівае Я. Вайтовіч, — дэмагагічна і бяздоказна разважаў пра тое, што «тармозяць перабудову не ў Беларусі, не наш ЦК, а на іх цісне яшчэ нехта з Масквы» і г. д. Тон яго выступлення ў многім абумоўлены асабістымі крыўдамі, на яго погляд, тым, што ў час яго працы ў Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ яго прыцяснялі».
Даволі крытычна выказаўся загадчык аддзела ЦК адносна выступлення пісьменніка Уладзіміра Дамашэвіча. Палемічнае выступленне вядомага празаіка Яўген Вайтовіч назваў палітыканскім і падбухторшчыцкім. «...Калі нас не разумеюць дома, то павінны зразумець у Маскве і ва ўсім свеце», — гаварыў У. Дамашэвіч. Ён рашуча не пагадзіўся з палажэннямі даклада на X пленуме ЦК КПБ, назваў партыйныя меры касметычнымі. «Бяздоказна разважаў, — піша Я. Вайтовіч, — што наш урад, кіраўніцтва рэспублік як быццам не жадаюць лічыцца з меркаваннем грамадскасці...»
«Неабгрунтаваныя заявы былі ў выступленні пісьменніка В. Якавенкі, — піша загадчык аддзела ЦК КПБ, — які сцвярджаў, што «рэспубліканскі друк, як увогуле і прапаганда, не зрабілі стратэгічную лінію партыі на дэмакратызацыю грамадства сваёй асноўнай тэмай размовы і не прымаюць ніякіх мер для развіцця дэмакратызацыі, крытыкі і галоснасці». Ён галаслоўна заяўляў, што ў рэспубліцы «над органамі інфармацыі ўсталявана «палітычная» цэнзура, самадзейная, бо з цэнтра яе адмянілі». Павінны ў гэтым як быццам С. Я. Паўлаў, які, па меркаванню Якавенкі, «не можа быць выкарыстаны ні на якой іншай ідэалагічнай рабоце» і павінны быў сам сысці ў адстаўку». Крыху пра Савелія Яфімавіча Паўлава (1934—2017)... Як журналіст ён працаваў намеснікам рэдактара, рэдактарам браслаўскай раённай газеты «Звязда», адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Чырвоная змена». Затым быў выбраны сакратаром Маладзечанскага абкама камсамола. Займаў пасаду загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК камсамола Беларусі. Затым — многія гады ў ЦК КПБ: першы намеснік загадчыка, загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК Кампартыі Беларусі. Публіцыст, палітолаг. У 1989 годзе ўсё ж вымушаны быў сысці з ЦК: Савелія Яфімавіча прызначылі рэктарам Мінскай вышэйшай партыйнай школы... А пісьменнікі наўздагон яшчэ і з СП БССР выключылі, куды, здаецца, зусім нядаўна ці не аднагалосна прымалі.
Выступаў на пленуме і народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў... Ацэнка ад Вайтовіча яго прамове наступная: «...Шэраг залішне катэгарычных сцвярджэнняў прагучала ў выступленні В. У. Быкава. Яны датычыліся ацэнкі хода перабудовы ў рэспубліцы, моўнай праблемы, нацыянальнай культуры, некаторых публікацый у рэспубліканскім друку. На аснове гэтага прамоўца зрабіў выснову, што «антыперабудовачныя сілы ў рэспубліцы не спяць, у культуры і ідэалогіі яны дзейнічаюць актыўна, мэтанакіравана і дастаткова рэзультатыўна».
І яшчэ з запіскі Я. Вайтовіча: «...Многія непрадуманыя выказванні і заявы знайшлі ацэнку ў выступленнях на пленуме М. Танка, Н. С. Гілевіча, Г. М. Бураўкіна, Р. П. Платонава, І. Я. Навуменкі, Г. Г. Таразевіча, Я. К. Вайтовіча.
Неабходна адзначыць, што выступленні многіх гісторыкаў былі слабейшымі, не заўсёды самакрытычнымі, слаба аргументаванымі, што сведчыць аб іх няўменні весці жывую дыскусію, доказна адстойваць свой пункт гледжання.
У многіх выступленнях па другому пытанню гучала крытыка ў адрас кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў, яго сакратарыята і асабліва Н. С. Гілевіча. Былі прапановы пра перавыбары сакратароў таемным галасаваннем, аб змяншэнні іх колькасці, аб ліквідацыі двоеўладдзя (старшыня і першы сакратар праўлення). Аднак удзельнікі пленума не падтрымалі гэтыя прапановы і пагадзіліся з тым, што трэба спакойна і цвяроза ацэньваць сітуацыю і, зыходзячы з пераасэнсавання функцый СП, разгледзець мэтазгоднасць змянення структуры яго кіраўніцкіх кадраў».
Відавочна, што, нягледзячы на вонкавы спакойны тон дакладной запіскі, пісьменніцкі пленум выклікаў у ЦК некаторую напружанасць. І якія ў такім разе прапановы ўносіць загадчык аддзела культуры?..
Яўген Канстанцінавіч заўважае ў канцы наступнае: «...Падрабязна вывучыць характар прапаноў і заўваг, выказаных на пленуме, разгледзець іх у аддзелах ЦК, адпаведных міністэрствах і ведамствах. Па тых з іх, якія маюць практычнае значэнне, прыняць неабходныя меры і праінфармаваць пісьменнікаў.
Аддзелу культуры ЦК КПБ сумесна з Саюзам пісьменнікаў БССР вывучыць пытанне аб мэтазгоднасці структурных змяненняў у СП БССР...» І яшчэ: «Правесці ў 1988 г. пленум праўлення СП БССР аб задачах па выхаванню літаратурнай змены і працы з маладымі пісьменнікамі...» Вось, лічы, і ўсё, што атрымалася ў выніку. Калі, безумоўна, не лічыць і такога характару задач: «...Правесці закрыты партыйны сход у Саюзе пісьменнікаў БССР, на якім адкрыта і прынцыпова абмеркаваць ролю і месца кожнага камуніста ў правядзенні рашэнняў партыі ў жыццё, павышэнне асабістай адказнасці за свае словы і справы, развіццё крытыкі і самакрытыкі, партыйнай таварыскасці і дысцыпліны».
Градус напружанасці ў некаторай ступені на пэўны перыяд быў зняты, але час, вядома ж, не стаяў на месцы. І наперадзе як ЦК партыі, так і пісьменніцкую арганізацыю чакалі новыя выпрабаванні.
Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ
Мікола БЕРЛЕЖ
Прэв’ю: pexels.com
Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.
Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.