Вы тут

Люстэрка развіцця гістарычнай навукі і адукацыі


У Нацыянальным інстытуце адукацыі адбыўся круглы стол «Беларускі гістарычны часопіс: 30 гадоў у айчыннай навуцы і сістэме адукацыі». У ім узялі ўдзел навукоўцы, метадысты, настаўнікі, якія прыехалі з розных рэгіёнаў краіны. Падчас сустрэчы яны абмеркавалі кірункі развіцця гістарычнай адукацыі і яе адлюстраванне на старонках навукова-метадычных выданняў па гісторыі.


— «Беларускі гістарычны часопіс» быў і застаецца для спецыялістаў-гісторыкаў прэстыжнай пляцоўкай для апублікавання як навуковых даследаванняў, так і метадычных распрацовак, адзначыла дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук.

Яна заўважыла, што часопіс можна назваць люстэркам беларускай гістарычнай навукі, бо тут друкуецца інфармацыя пра найважнейшыя адкрыцці і дасягненні беларускіх гісторыкаў, паведамляецца аб знаходках археолагаў, на яго старонках сярод першых была надрукаваная канцэпцыя гістарычнай адукацыі.

Падчас сустрэчы ўдзельнікі абмяркоўвалі змены, якія адбываюцца ў сістэме гістарычнай адукацыі, а таксама пытанні, што датычацца методыкі выкладання прадметаў «Гісторыя Беларусі» і «Сусветная гісторыя».

Галоўны рэдактар «Беларускага гістарычнага часопіса» Аляксандр Корзюк расказаў пра ролю навукова-метадычных выданняў у павышэнні прафесійнай кампетэнцыі настаўніка. Часопіс уваходзіць у Пералік навуковых выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, дзе могуць друкавацца дысертацыйныя даследаванні па гістарычных, юрыдычных навуках, мастацтвазнаўству і культуралогіі. «Такі высокі статус накладае на нас дастаткова высокія абавязкі па адборы кантэнту і па рабоце з аўтарамі, — заўважыў Аляксандр Корзюк. — На старонках часопіса адлюстроўваюцца апошнія дасягненні айчыннай гістарычнай навукі. Дзякуючы традыцыйным і новым рубрыкам мы можам ахапіць цэлы спектр гістарычных, эканамічных, гісторыка-культурных, прававых аспектаў дзейнасці і жыцця беларускай дзяржавы, беларускага грамадства. Часопіс адлюстроўвае беларускі погляд на сусветную гісторыю».

Па даручэнні Міністэрства адукацыі выданне забяспечвае навукова-метадычнае суправаджэнне выкладання ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі новага прадмета «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Стратэгічныя задачы, якія ставяцца перад сучаснымі педагогамі, асвятляюцца ў рубрыцы «Адукацыйныя тэхналогіі ХХІ стагоддзя». З улікам попыту чытачоў часопіс распачаў дзве серыі — «Гісторыя і гісторыкі Беларусі» і «Музеі Беларусі». Вокладка выдання робіцца такім чынам, каб педагогі маглі яе выкарыстаць падчас заняткаў. Напрыклад, калі ў часопісе пададзена фота гістарычнага аб'екта, у ім можна знайсці пра яго інфармацыю.

Выданне актыўна супрацоўнічае з настаўнікамі школ і выкладчыкамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Гэта своеасаблівы штаб па арганізацыі мерапрыемстваў для студэнцкай і вучнёўскай моладзі. На яго старонках настаўнікі могуць дзяліцца з калегамі сваімі метадычнымі напрацоўкамі. Выданне карыснае як для маладых педагогаў, так і для тых, хто ўжо шмат гадоў выкладае гісторыю. Тут можна знайсці распрацоўкі ўрокаў па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, алімпіядныя заданні, інфармацыю, якая спатрэбіцца для правядзення інтэлектуальных мерапрыемстваў, даследчай дзейнасці, тэксты па краязнаўстве, музейнай педагогіцы.

Праблему пераводу навуковых ведаў у адукацыйныя падчас круглага стала ўзняў вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі пачатковай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Паноў. Ён адзначыў, што сёння неабходна знайсці адказы на вельмі складаныя і сур'ёзныя пытанні: як падаць школьнікам канцэпты, якіх раней не было, распавесці пра беларускую дзяржаўнасць, сфарміраваць каштоўнасныя арыенціры, вызначыць пантэон нацыянальных герояў? Сам час падкідвае новыя выклікі. Так, сучаснае пакаленне ўспрымае інфармацыю па-іншаму — яму неабходна падаваць «малюнкі». Але якой павінна быць візуалізацыя ў гістарычнай навуцы? Хто ведае, як выглядалі Рагнеда, Рагвалод, Ізяслаў, Уладзімір? Ці можна выкарыстоўваць на ўроках і ў падручніках, напрыклад, выявы гэтых і іншых дзеячаў, створаныя мастакамі?..

«Гісторыя — цікавы, унікальны прадмет, калі вывучаецца тое, што немагчыма назіраць. Паміж падзеяй і яе даследчыкамі, у ролі якіх выступаюць вучні, — вялікая адлегласць», — заўважыла старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Галіна Давідоўская, якая разгледзела такі трэнд сучаснай школьнай адукацыі, як фарміраванне ў вучняў вобразаў гістарычнага мінулага.

Ужо каля сямі гадоў старшы выкладчык кафедры педагогікі і прадметных методык Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аксана Колтан вывучае нацыянальную ідэнтычнасць як найважнейшы складнік школьнай гістарычнай адукацыі. Сёння мала распавядаць пра гістарычныя падзеі, не абысціся без іх інтэрпрэтацыі з улікам сучасных поглядаў, каб тым самым актыўна фарміраваць у вучняў нацыянальную ідэнтычнасць.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.