Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Галоўнае пытанне — сітуацыя на палях


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам віцэ-прэм'ера Леаніда Зайца, адказнага за аграрны кірунак. «Галоўнае пытанне — як на палях у нас сёння сітуацыя? Як складваецца ўборка ўраджаю?» — запытаў кіраўнік дзяржавы.


Другое, але не меншае па значнасці, пытанне — кадры. У мінулую пятніцу на селектарнай нарадзе Прэзідэнт прызначыў міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло памочнікам у Віцебскай вобласці. А ўраду было даручана на працягу тыдня прапанаваць кандыдатуру новага міністра сельскай гаспадаркі.

«То-бок кадры і арганізацыя ўборачных работ на сёння. А ў хуткім часе я пастараюся пабыць (у рэгіёнах. — Заўв.). У мяне ў плане захад паглядзець. Якраз зона тваёй адказнасці — Гродзенская вобласць. Паглядзім, магчыма, Брэсцкую вобласць. Цэлы комплекс работ Міністэрства сельскай гаспадаркі», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў пра сваё даручэнне зрабіць цукеркі з сухога малака. Падчас наведвання малочнатаварнага комплексу ў Аршанскім раёне ён расказаў, што пакаштаваў кітайскія цукеркі з сухога малака. Улічваючы што ў Беларусі хапае сыравіны, Прэзідэнт прапанаваў наладзіць вытворчасць такіх ласункаў і ў нас. Праз два тыдні пробная партыя цукерак была на стале ў Прэзідэнта.

«Табе цукеркі даручалася зрабіць. Зрабіў ты іх ці не? Каб людзі разумелі, што ў нас сухога малака абястлушчанага — мора. А ў Кітаі мы падгледзелі іх тэхналогіі вытворчасці рознага кшталту кандытарскіх вырабаў, у дадзеным выпадку цукерак. Наогул без цукру з сухога малака. Можна дадаваць туды нейкія раслінныя дабаўкі. Асабліва для дзяцей. Шчыра кажучы, калі Мікалай прывёз мне іх з Кітая, я пакаштаваў сам. Вядома, гэта не для мяне. Але дзеці, маленькія дзеці з найвялікшым задавальненнем спажываюць гэты ласунак. Чаму мы не можам рабіць гэта і прадаваць? І галоўнае, сваіх людзей забяспечыць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, яшчэ раз звярнуўшы ўвагу, што ў Беларусі сухога малака мора.

Леанід Заяц далажыў, што пад вытворчасць выпрабавальнай партыі пакуль задзейнічалі лінію на заводзе медпрэпаратаў: «Тут у складзе сухое малако. Некаторыя ёсць — дзіцячае харчаванне да 40 % даходзіць. Сухое неразведзенае малако, сыроватка. Розны склад. Але вельмі прыемныя на смак, і для спажыўца дастаткова нядрэнны прадукт», — сказаў ён.

«Трэба пакаштаваць і дарослым людзям, асабліва дзецям. Гэта вельмі важна, што мы расліннага паходжання дабаўкі можам уключаць. Кітайцы малайцы. Яны ўхапіліся за гэта і апанавалі свой рынак такім ласункам. Але мы можам проста і ў Кітай пастаўляць», — звярнуў увагу Прэзідэнт. Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што цукеркі можна пастаўляць і ў краіны Афрыкі. «Ды куда заўгодна. Мы ж працуем з імі», — адказаў кіраўнік дзяржавы.

Пакуль, па словах Леаніда Зайца, трэба апрабаваць лінію па вырабе цукерак. «Нават дзве лініі трэба», — заўважыў Прэзідэнт. Таксама цяпер трэба распрацаваць упакоўку ласунку, каб прадаваць яго ў належным выглядзе. На пытанне кіраўніка дзяржавы, ці ўжо вырашана дадзенае пытанне, Леанід Заяц адказаў станоўча.

Трэба зрабіць дастатковую колькасць і апрабаваць у дзіцячых садках, у школах і гэтак далей», — падсумаваў Прэзідэнт.

Тэхнічных магчымасцяў і людскіх рэсурсаў дастаткова для таго, каб убраць усё своечасова і без страт

У размове з журналістамі Леанід Заяц паведаміў, што на раніцу 27 ліпеня ўбрана каля 16 працэнтаў усяго збожжавага палетка, намалочана 1,156 млн т пры ўраджайнасці 36,2 ц/га. «Стрымліваецца ўборка з-за ўмоў надвор'я. Тэхнічная гатоўнасць вельмі высокая, камбайны спраўныя, сушыльная гаспадарка працуе на ўсе сто працэнтаў. Чакаем на ўскрайку поля добрых умоў і пачынаем уборку. Кожную гадзіну выкарыстоўваем для таго, каб можна было ўбраць хлеб. Тэхнічных магчымасцяў і людскіх рэсурсаў дастаткова для таго, каб убраць усё своечасова і без страт», — падкрэсліў ён.

Па словах віцэ-прэм'ера, на ўзроўні ўрада і кіраўніка дзяржавы прыняты ўсе неабходныя рашэнні для арганізацыі ўборкі збожжавых культур, у тым ліку па забеспячэнні сельгасарганізацый палівам, запчасткамі для тэхнікі, дадатковым аўтатранспартам.

Праводзіцца ўборка азімага рапсу, ён убраны на 61 працэнце плошчаў, ураджайнасць складае 24,4 ц/га, што вышэй за паказчыкі мінулага года. Леанід Заяц падкрэсліў, што сёлета чакаецца ўраджай азімага рапсу ў аб'ёме больш як 800 тысяч тон плюс яравы рапс. «Валавы збор рапсу сёлета будзе не ніжэйшы, чым летась, што дасць магчымасць забяспечыць выкананне дзяржаўнага заказу», — запэўніў віцэ-прэм'ер. У лік дзяржзаказу сёлета прадпрыемствы павінны паставіць каля аднаго мільёна тон збожжа, у тым ліку 807 тысяч тон харчовага збожжа. У лік дзяржзаказу ўжо адгружана 60 тысяч адборнага харчовага збожжа, таксама рэалізавана 20 тысяч тон піваварнага ячменю.

Леанід Заяц таксама расказаў, што Прэзідэнтам пастаўлена задача — да канца бягучага года неабходна наладзіць масавую вытворчасць цукерак з сухога малака і для ўнутранага спажывання, і для экспарту за межы нашай дзяржавы. Для запуску масавай вытворчасці будзе ажыццяўляцца закупка неабходнай тэхналагічнай лініі, у тым ліку па фасоўцы, упакоўцы.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».