Вы тут

Цярністы шлях да Мендэльсона. Што трэба, каб жаніць на сабе каханага?


Цёплы сезон у нашых шыротах — час вяселляў, гарачая пара для загсаў, рэстаранаў, вясельных фатографаў і іншых прадстаўнікоў ведынг-індустрыі. Улетку многія з нас не-не ды і атрымліваюць запрашэнне на вяселле сяброў або сваякоў. Пабываўшы на чужым вяселлі, дзяўчаты рознага ўзросту часам задумваюцца аб уласным, нават калі каханы і адзіны «любіць, але з прапановай рукі і сэрца не спяшаецца». Самыя рашучыя імкнуцца паспець ажыццявіць задуманае, пакуль лета не скончылася і прыгожых лакацый для вясельнай фотасесіі не паменшала ў сувязі з надыходам восені.


Як бы ні мяняўся свет, кожнай жанчыне хочацца замуж. Можна колькі заўгодна разважаць аб перавагах грамадзянскага шлюбу, але белая сукенка і запаветнае «Згодная!» застаюцца вечнымі каштоўнасцямі ў жаночай сістэме каардынат. І калі выбраннік марудзіць з уступленнем у шлюб, у самую інтэлектуальную і высокаарганізаваную галаву самай паспяховай і арыентаванай на кар'еру дзяўчыны закрадваецца пытанне: як жа падштурхнуць яго, няўцямнага, да адказнага рашэння? Тым больш і мама, верная саюзніца дачкі на цярністым шляху да Мендэльсона, намякае — а то і адкрыта пытаецца — ці не надышоў ужо час узаконіць адносіны. Пра тое, як правільна пабудаваць дыялог на такую далікатную тэму і абмеркаваць перспектывы адносін, не напалохаўшы мілага, псіхолагі напісалі сотні, нават тысячы артыкулаў. І ўсе яны не здольныя прадухіліць найбольш распаўсюджаныя жаночыя «прамашкі», якія ўзводзяць непераадольныя сцены на шляху ў загс. Ну а мы паспрабуем перасцерагчы патэнцыяльных нявестаў ад гэтых памылак...

Не хлопчык, але муж

Заключэнне шлюбу — вельмі адказны крок, хто б спрачаўся. І словы каханага аб тым, што да гэтага кроку трэба падрыхтавацца, выглядаюць разумнымі — гэта словы не хлопчыка, але мужа. Трэба «больш даведацца адзін пра аднаго», забяспечыць гіпатэтычных дзяцей дахам над галавой (гэта значыць, набыць кватэру) і дастойным узроўнем жыцця (то-бок зарабіць грошай), чагосьці дасягнуць у прафесіі і пабудаваць кар'еру. Усё выглядае правільна. Але ключавое слова тут — «выглядае». Фактычна, адзіная прычына, з якой ён не спяшаецца апусціцца на адно калена і дастаць з кішэні запаветную аксамітную скрыначку з залатым пярсцёнкам, — нежаданне браць на сябе адказнасць і абцяжарваць сябе якімі-небудзь абавязацельствамі. Справа ў тым, што ва ўсе часы менавіта афіцыйна аформленыя адносіны расстаўляюць тыя нябачныя межы, якія і вызначаюць «ячэйку грамадства» з усімі адпаведнымі ўзаемнымі абавязкамі і агульнымі жыццёвымі мэтамі яе ўдзельнікаў. Вядома, пажыць пад адным дахам, каб больш даведацца і зразумець адно аднаго, у нашы дні — нядрэннае рашэнне. Але такі стан спраў не павінен быць працяглым: «выпрабавальны тэрмін» ніколі не доўжыцца вечна. Кажуць, няма нічога больш працяглага, чым часовае, вось і грамадзянскі шлюб можа доўжыцца ўсё жыццё. А вам давядзецца гадамі верыць і чакаць, выслухоўваючы разумныя і натхнёныя прамовы аб чарговых аб'ектыўных прычынах, з якіх «штамп у пашпарце» пакуль немагчымы. Праблема ў тым, што тая форма сумеснага жыцця, якую сёння называюць «грамадзянскім шлюбам» і якая атрымала шырокае распаўсюджанне ў нашым грамадстве, выгадная перш за ўсё мужчынам, адзначаюць сямейныя псіхолагі.

— Мужчына карыстаецца ўсімі станоўчымі бакамі такога шлюбу — ад вымытага і адпрасаванага адзення да своечасова прыгатаванай вячэры, у яго няма пытанняў ні з прыборкай дому, ні з інтымнай сферай. А мінусы законнага шлюбу — абавязкі і абавязацельствы — праходзяць як бы міма яго, — тлумачыць сямейны псіхолаг Кацярына Алёхіна. — Таму і існуе выслоўе, што грамадзянскі шлюб — гэта калі жанчына ўпэўненая, што яна замужам, а мужчына лічыць сябе нежанатым.

А раз такі стан спраў падабаецца мужчыну, падсвядома ён шукае прычыны, каб захоўваць яго як мага даўжэй — у ідэале, усё жыццё. Справа не ў нейкіх негатыўных якасцях сучасных мужчын. Гэта нармальная ўласцівасць чалавечай псіхікі: нежаданне выходзіць з зоны камфорту і шукаць «ад дабра дабра». Дарэчы, аб тым, колькі можа доўжыцца «выпрабавальны перыяд» (тое, што сёння называецца «пажывём разам і паглядзім, ці падыходзім мы адно аднаму»). Сямейныя псіхолагі называюць дакладныя часавыя рамкі — не больш за 6 месяцаў. Калі за гэты час прапановы рукі і сэрца не паступіла, існуе рызыка, што вам яе не дачакацца і праз дзесяць гадоў. Таму марудзіць, чакаць, што ўсё неяк уладкуецца само сабой, і адкладаць рашучыя дзеянні ў дадзеным выпадку — так сабе варыянт. Вырашэнне пытання давядзецца браць у свае пяшчотныя жаночыя рукі.

Але рабіць тое лепш асцярожна і не секчы з-за пляча. Шырока растыражаваныя ў рамантычных серыялах, асвечаныя вякамі спосабы накшталт прад'яўлення каханаму станоўчага тэста на цяжарнасць (або жывата, што раптам падрос) — напэўна, найгоршае, што можна прыдумаць. Таму што мэты вы, магчыма, дасягнеце, але толькі фармальна, і захаваць такі шлюб у перспектыве будзе няпроста. Зрэшты, скандалы, шантаж, прамыя пытанні «ў лоб»: «ну калі ж ты са мной ажэнішся?» — таксама будуць вам «у мінус».

— У дадзеным выпадку ніякі «гвалт» не працуе. Тут асабліва важна, каб мужчына быў упэўнены, што стварэнне сям'і з вамі было яго — і толькі яго — рашэннем, — падкрэслівае псіхолаг. — А падштурхоўваюць мужчыну да гэтага рашэння і падрыхтоўваюць для яго глебу вашы самастойнасць і незалежнасць. Як ні дзіўна, каб выйсці замуж, не трэба... гэтага жадаць. Ва ўсякім разе, нельга дэманстраваць, што белая сукенка і вэлюм — асноўная мэта вашага жыцця. Замест таго займіцеся сваімі ўласнымі інтарэсамі і развіццём. Шукайце сябе ў розных сферах дзейнасці, будуйце кар'еру, не адмаўляйцеся ад сустрэч з сябрамі — не растварайцеся ў каханым. Хай ён сам ламае галаву, як назаўжды «прывязаць да сябе» такую самадастатковую і яркую асобу.

Фота: pexels.com

Правілы «сур'ёзнай размовы»

Ну а калі ўсё ж вы адчуваеце неабходнасць пагаварыць аб перспектывах вашых адносін? У такім выпадку — барані вас божа пачынаць сваю прамову класічным жаночым «Дарагі, мы павінны сур'ёзна пагаварыць», падкрэслівае псіхолаг. Нічога, акрамя раздражнення, яно ў мужчыны не выкліча. Падобная няпростая размова лепш за ўсё пройдзе, скажам так, у неафіцыйнай абстаноўцы — не варта абстаўляць яе як мітынг або афіцыйнае мерапрыемства. Важна, каб, калі ўжо жанчына рашаецца сама прапанаваць руку і сэрца, мужчына знаходзіўся ў добрым настроі, каб у яго не было ніякіх тэрміновых нявырашаных спраў, каб ён быў негалодны, спакойны і меў дастаткова часу. Словам, вечар у сярэдзіне тыдня пасля доўгага працоўнага дня — не самы прыдатны час. Што яшчэ важна памятаць? Што тыповыя фразы пра «біялагічны гадзіннік», які «цікае», пра «найлепшыя гады, якія я прысвяціла табе», пра тое, што «хутка будзе позна заводзіць дзяцей» і пра тое, што «мама ўвесь час пытаецца», выклікаюць толькі адмоўны эфект. Як і слёзы з заломваннем рук. Праблему лепш абмяркоўваць спакойна, як любое «рабочае пытанне». Па-дзелавому, але пры гэтым шчыра і сумленна. Ад таго, наколькі вы падчас размовы здолееце трымаць сябе ў руках, залежыць яе поспех. Менавіта сумленнасць, давер і адкрыты дыялог — аснова пабудовы любых працяглых партнёрскіх адносін, у тым ліку трывалага шлюбу.

— З пункту гледжання мужчыны, прычына жадаць стварыць сям'ю з ім у вас павінна быць толькі адна. Вы не проста «хочаце прымераць вэлюм і вясельную сукенку» — вы хочаце звязаць свой лёс менавіта з гэтым чалавекам, — тлумачыць псіхолаг.

І хочаце вы гэтага не таму, што «ўсе сяброўкі ўжо замужам, а чым я горшая?», не з-за славутага «біялагічнага гадзінніка» і не для таго, каб парадаваць яго будучую цешчу. Не, вы проста хочаце ісці з ім рука ў руцэ па жыцці да самага апошняга дня. У смутку і радасці. Амін. Лічыцца, што большасці мужчын не даспадобы рамантыка, што гэта — жаночая «фішка». Насамрэч, глыбока ў душы мужчыны таксама маюць рамантычныя ўяўленні пра «ідэальную жанчыну». І прычыны яе жадання заключыць шлюбны саюз з ім павінны быць менавіта такія. Словам, гэта думка павінна ляжаць у аснове вашай размовы, падкрэслівае псіхолаг. Але, вядома, лепш, калі вы не проста прамаўляеце гэтыя словы: у душы вы павінны быць з імі згодныя. Бо калі для стварэння сям'і жанчына выкарыстоўвае маніпуляцыі, гэта не самы лепшы пачатак сямейнага жыцця.

Замуж хочацца!

І яшчэ некалькі парад ад псіхолагаў.

• Калі адна «сур'ёзная размова» не прывяла да канкрэтнага выніку, не адчайвайцеся. Памятайце: вада камень точыць. Але гаворка — не аб ныцці і не аб папроках. Наадварот, казаць аб сваім жаданні стварыць з абраннікам сям'ю варта ў самыя незабыўныя сумесныя моманты — калі вы абодва шчаслівыя. І ўжо сапраўды не падчас сварак (каб дабіць саперніка моцным аргументам). Няхай думка аб шлюбе з вамі ў яго будзе падсвядома звязаная толькі са станоўчымі эмоцыямі.

• Не называйце яго мужам, а сябе жонкай, пакуль афіцыйна вы такімі не з'яўляецеся. Хлусіць самой сабе, што ў вас сям'я, пакуль яе няма — гэта ўзводзіць дадатковыя псіхалагічныя перашкоды на вашым шляху да марша Мендэльсона.

• Доўгатэрміновыя агульныя планы і мэты — адзін з дзейсных шляхоў да жаданага залатога пярсцёнка на пальцы. Бо агульная будучыня мае на ўвазе перспектыву сталых адносін, умацаваць якія і закліканы афіцыйны інстытут сям'і.

• Пасябруйце з яго мамай. І з татам, і з бабуляй і дзядулем. А таксама з цёткамі-дзядзькамі і іншымі сваякамі. Але перш за ўсё — з мамай, таму што фігура маці апрыёры знакавая для любога мужчыны (нават калі яны з мамай у не надта цёплых адносінах). А акрамя таго, пажылыя сваякі — прыхільнікі традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, і, магчыма, частку работы па пераконванні вашага мужчыны зрабіць нарэшце вам прапанову яны выканаюць за вас.

• Не рэагуйце бурна на пытанні вашых бацькоў і сваякоў: «Калі ж ужо ён зробіць табе прапанову?». Замест таго — радуйцеся кожнаму сумеснаму дню, кожнай станоўчай падзеі. Пастаянна нервуючыся і перажываючы: «А раптам ён так са мной і не ажэніцца?», мы не заўважаем усяго таго, што можа зрабіць нас шчаслівымі проста тут і цяпер, а не ў будучыні.

• Не забывайце, што шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік. Банальна? Так. Але дзейсна. Будзьце добрай гаспадыняй, калі вы жывяце разам, і цешце яго кулінарнымі вынаходствамі, прыходзячы ў госці, калі пражываеце асобна.

• І нарэшце, паводзьце сябе як дарослы чалавек. Сёння мужчына часцей за ўсё шукае ў жанчыне не «аздобу жыцця», а блізкага сябра і паплечніка — то-бок чалавека, разам з якім і крочыць па жыцці лягчэй, і дасягнуць можна шмат чаго. Ён не жадае вырашаць нечыя праблемы, ён жадае, каб побач з ім была дарослая, самастойная, адукаваная жанчына, якая цікавая яму як асоба, якую можна не толькі кахаць, але і паважаць. І гэта — зноў пра шчырасць і сумленнасць, цэласнасць і самадастатковасць, самаадукацыю і самаразвіццё, якія, па сутнасці, і з'яўляюцца самым надзейным шляхам да стварэння трывалага сямейнага саюза.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?