Вы тут

Чаго чакалі творчыя саюзы?.. Год 1988-ы...


Да ЦК Кампартыі, са зразумелых прычын, да 1991 года звярталіся як да вышэйшай інстанцыі. А куды яшчэ?.. Жыццё па ўсіх параметрах было падначалена партыйнай уладзе... Адпаведна, і развіццё культуры, удзел у гэтым творчых саюзаў залежалі ад прыняцця рашэнняў.


Фота: pixabay.com

Што ж хвалявала беларускіх літаратараў, кінематаграфістаў, тэатральных дзеячаў, кампазітараў, мастакоў у канцы 1980-х гадоў, нам раскажуць некалькі архіўных старонак дакладной запіскі на тэму «Аб ходзе выканання пастановы Бюро Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі ад 29 ліпеня 1987 года «Аб мерапрыемствах па рэалізацыі прапаноў і крытычных заўваг, выказаных на сустрэчах прадстаўнікоў творчых саюзаў рэспублікі», якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

Датаваны дакумент 10 жніўня 1988 года. Падпісана дакладная загадчыкамі адразу трох аддзелаў ЦК партыі — культуры, прапаганды і агітацыі, навукі і навучальных устаноў... І адразу — канкрэтыка: «Аддзелы культуры, прапаганды і агітацыі, навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ, творчыя саюзы прымаюць меры па рэалізацыі прапаноў мастацкай інтэлігенцыі, скіраваных на стварэнне неабходных умоў для іх дзейнасці...» Дарэчы, у такой прамалінейнасці адсочваецца і наступная важкая акалічнасць: творчыя саюзы працуюць разам са структурамі партыйнай улады, а не толькі стаяць, вобразна кажучы, з працягнутай рукою. І не чакаюць, пакуль будуць задаволеныя тыя ці іншыя праблемы...

Што ж было зроблена за год, пасля ліпеньскай пастановы Бюро ЦК КПБ? Адкрыты новы часопіс «Крыніца» («Родник») — на беларускай і рускай мовах. Пачала выдавацца бібліятэчка часопіса «Маладосць». З 1988-га да пачатку 2000-х выйшла сапраўдная бібліятэка кніг прозы, паэзіі, літаратурнай крытыкі, публіцыстыкі. І якія аўтары выдалі ў адмысловай серыі свае творы!.. Празаікі Уладзімір Саламаха, Алесь Наварыч, Анатоль Казлоў, Андрэй Федарэнка, Анатоль Крэйдзіч, паэты Мікола Мятліцкі, Анатоль Сыс, Іван Рубін, Людміла Рублеўская, Анатоль Шушко, крытыкі, публіцысты Алесь Марціновіч, Іван Афанасьеў, Таццяна Мушынская...

І яшчэ — здабыткі... Дзяржкамвыдатам БССР былі распрацаваны і ажыццяўляюцца комплексны план выпуску дзіцячай літаратуры на 1990—1995 гады, перспектыўны план выпуску літаратурнай спадчыны. У 1988 годзе рыхтаваўся выпуск бібліятэкі «Скарбы сусветнай літаратуры» ў ста тамах. Быў вызначаны план выпуску літаратуры павышанага попыту на 1985—1990 гады «Скарбы...» — сапраўды ўразная бібліятэка!.. Але вось толькі шкада, што праект па выданні найлепшых твораў замежных літаратур не ажыццявіўся і напалову... Рэалізацыя серыі «Скарбы сусветнай літаратуры», несумненна, істотна паўплывала б на развіццё айчыннай школы мастацкага перакладу. А сёння нават альманахі перакладныя сышлі на нішто: «Ветразь», «Братэрства»... Праўда, пасля доўгага перапынку ўбачылі свет у 2019, 2020, 2021 і 2023 гадах чатыры выпускі «Даляглядаў». Іх выхад ажыццяўляецца пры фінасавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь... Можа быць, тая даўняя традыцыя і выдання серыі, і згаданых альманахаў «Братэрства», «Ветразь» яшчэ вернецца да жыцця?!

Чытаем у дакладной запісцы загадчыкаў аддзелаў ЦК: «...Саюз пісьменнікаў БССР увайшоў у Саюз пісьменнікаў СССР з прапановамі аб упарадкаванні структуры літаратурных часопісаў, іх аб'ёмаў, штатаў, ганарараў і вырашэнні іншых пытанняў». І далей — яшчэ больш маштабная ідэя: «Рыхтуецца праектнакаштарысная дакументацыя на ўзвядзенне з 1990 года будынка выдавецтва «Полымя», у якім размесцяцца рэдакцыі часопісаў «Беларусь», «Мастацтва Беларусі» (цяпер — часопіс «Мастацтва»), «Полымя», «Нёман». Такога асобнага будынка, на вялікі жаль, так і не ўзвялі... «У ЦК КПБ разглядаюцца прапановы пра ўсталяванне ў г. Мінску помніка Ф. Скарыну. У 1990 годзе ў г. Полацку ў будынку былой брацкай школы, якая рэстаўрыруецца, будзе адкрыты музей беларускага кнігадрукавання», — чытаем у запісцы. Час паказаў, што помнік удалося паставіць... Праўда, ужо ў новай, суверэннай, Беларусі — у 2006 годзе. Перад будынкам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. І музей таксама, дзякуй Богу, адкрылі — 8 верасня 1990 года. Падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны.

Як дасягненне было прыведзена і наступнае: «Выдадзены зборнік твораў паэта Алеся Гаруна. Прынята рашэнне аб рэабілітацыі Дз. Ф. Жылуновіча». Сапраўды, факты даволі красамоўныя. Дз. Ф. Жылуновіч (Цішка Гартны) — паэт, драматург, празаік, журналіст, у студзені-лютым 1919 года — кіраўнік Часовага рабоча-сялянскага ўрада Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Акадэмік АН БССР. Аўтар першага беларускага рамана «Сокі цаліны». Працаваў галоўным рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», часопіса «Полымя», дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Быў членам ЦВК БССР (1920—1931). У 1936 годзе арыштаваны. Памёр у Магілёўскай псіхіятрычнай лякарні. Паводле адной з версій скончыў жыццё самагубствам. Між іншым, у 1987—1989 гадах было ажыццёўлена выданне чатырохтомнага Збору твораў Цішкі Гартнага. Пэўна, важным клопатам для сучаснага літаратуразнаўства магло б стаць вяртанне да новага выдання Збору твораў Цішкі Гартнага?.. І быў бы ён ужо, зразумела, не ў чатырох тамах, а шмат большым.

І вось такое дасягненне акрэслілі аўтары дакладной запіскі: «Прыняты меры па росту шэрагаў партыйнай арганізацыі СП БССР за кошт найболей вартых членаў творчага саюза». І далей: «Штогод плануюцца і праводзяцца сустрэчы кіруючых работнікаў партыйных, савецкіх органаў рэспублікі, спецыялістаў народнай гаспадаркі, міністраў з творчай інтэлігенцыяй (Міністэрства аховы здароўя БССР, Дзяржаграпрам БССР, АН БССР і інш.), а таксама азнаямленчыя паездкі на прадпрыемствы, ва ўстановы навукі, у калгасы і саўгасы (шэраг інстытутаў АН БССР, завод № 407 Міністэрства грамадзянскай авіяцыі СССР, лакаматыўнае дэпо ст. Мінск-Сартыровачны і інш.). Вялікія групы прадстаўнікоў творчых саюзаў удзельнічалі ў рэспубліканскіх семінарах па пытаннях сельскай гаспадаркі ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях».

Істотныя меры былі прынятыя і ў дачыненні да развіцця кінематаграфіі. У прыватнасці, была падтрымана прапанова Саюза кінематаграфістаў БССР і кінастудыі «Беларусьфільм» аб арганізацыі дэбютных пастановак для кінематаграфістаў. У 1988 годзе павінна было завяршыцца ўзвядзенне трохпавярховай прыбудовы да галоўнага корпуса кінастудыі. Распрацавана тэхніка-эканамічнае рашэнне на будаванне ў XІІ пяцігодцы корпуса гуказапісу. Прапрацоўваліся пытанні пачатку будаўніцтва ў 1989 годзе жылога дома для работнікаў кіно, выдзялялася 200 тысяч інвалютных рублёў для набыцця па імпарце з сацыялістычных краін кінематаграфічнага абсталявання. У будучай пяцігодцы прадугледжвалася рэканструкцыя Рэспубліканскага Дома кінематаграфістаў з будаўніцтвам дадатковага двухпавярховага будынка, а таксама стварэнне падземнай кіназалы на 500 месцаў.

Былі заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве Тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм» з драматычным тэатрам у горадзе Гдыня (ПНР), прапрацоўваліся пытанні развіцця творчых сувязяў з Варшаўскай кінастудыяй імя Караля Іржыкоўскага. Кінематаграфічны праект «Савецкая Беларусь» з кіначасопіса быў рэарганізаваны ў кінаальманах. Былі запланаваны рэгулярныя перадачы пра дакументальнае кіно на рэспубліканскім тэлебачанні. У Віцебску і Мінску вылучылі спецыяльныя залы для паказу дакументальных фільмаў. Падрыхтавалі нават праект стварэння самастойнай студыі «Кінаакцёр». Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут прапрацаваў пытанне аб падрыхтоўцы ў інстытуце спецыялістаў для кіно (у майстэрні рэжысёра Ігара Дабралюбава). Савет Міністраў БССР 14 жніўня 1987 года прыняў рашэнне павялічыць у 1988 годзе творчы склад сімфанічнага аркестра. Таксама ўрад дазволіў устанавіць асобным артыстам вышэйшай катэгорыі аклады па пасадзе.

Міністэрству культуры ў 1988 годзе былі павялічаны асігнаванні на набыццё музычных твораў. Вырасла сума датацыі тэатрам на 183 тысячы рублёў. Вырашана пытанне аб укамплектаванні інструментамі Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі. Саюзу тэатральных дзеячаў БССР былі выдзелены памяшканні для размяшчэння прэзідыума Саюза і Тэатральнага фонду, мэбля на 22 тысячы рублёў, відэамагнітафон і каляровы тэлевізар, чатыры станкі па метале. Вырашана пытанне забеспячэння тканінай у поўнай адпаведнасці з заяўкай. Выдзелены капіталаўкладанні ў аб'ёме 450 тысячы рублёў для заканчэння будаўніцтва і ўводу ў дзеянне Дома творчасці «Астрашыцкі Гарадок».

Відавочна па ўсім, што адбылося даволі шмат істотных змен у стаўленні да культуры, розных відаў мастацтва. І гэтыя змены былі, зразумела, скіраваны на тое, каб праца тэатраў, праца пісьменнікаў, мастакоў, кінематаграфістаў, кампазітараў насіла больш знакавы характар, уплывала на стан развіцця грамадства. Чытаем у дакладной запісцы: «У верасні 1987 года Саветам міністраў БССР узгоднены комплексны план эстэтычнага выхавання насельніцтва рэспублікі. Вызначана праграма развіцця сеткі музычных і мастацкіх школ, прынята рашэнне аб стварэнні ў г. Мінску рэспубліканскага цэнтра эстэтычнага выхавання дзяцей». І далей: «Усталяваны кантроль за правядзеннем перавыбрання творчага складу ў тэатрах, якія знаходзяцца на эксперыменце. Выпрацавана сістэма заахвочвання тэатральных дзеячаў да Дня тэатра са сродкаў Саюза тэатральных дзеячаў і Міністэрства культуры БССР...»

Умацавана была і музычная рэдакцыя выдавецтва «Беларусь». За 1988 год па рэдакцыі было выдадзена 12 падручнікаў, дзве работы па мастацтвазнаўстве, 14 рэпертуарных зборнікаў для выкарыстання як у школе, так і ў мастацкай самадзейнасці. Вырашана было пытанне аб будаўніцтве ў Мінску Дома грампласцінак з фірменнай крамай і музычным цэнтрам Усесаюзнай фірмы «Мелодыя». Будаўніцтва планавалі пачаць у 1990 годзе... На 2280 квадратных метраў былі павялічаны вытворчыя магчымасці прадпрыемстваў сістэмы Мастацкага фонду БССР. У распараджэнне мастакоў перадалі ўчастак ліцця Мінскага вопытна-эскперыментальнага завода манументальных скульптур. Прапрацоўвалася пытанне выдзялення капітальных укладанняў на будаўніцтва новага корпуса Мінскага мастацка-вытворчага камбіната.

А што ўсё ж не было зроблена і патрабавала далейшай работы па кіраўніцтве культурнай сферай?.. На думку аўтараў дакладной запіскі, якія, вядома ж, дэталёва вывучылі стан спраў, «...не ўсе пытанні могуць быць вырашаны ў бліжэйшы час, яны патрабуюць паслядоўнай прапрацоўкі і будуць рэалізаваны ў перспектыве».

З-за адсутнасці адпаведных лімітаў (само слова «ліміт» некалі выклікала надзвычайнае ўнутранае хваляванне!) не падтрымалі просьбу кінастудыі «Беларусьфільм» аб устанаўленні мастацкім кіраўнікам персанальных акладаў. Не выдзелілі валюту капіталістычных краін для набыцця новай кінатэхнікі. Не вырашылі пытанні будаўніцтва для кінастудыі атэля, піянерскага лагера-прафілакторыя. Мінскі аблвыканкам не вырашыў пытанні, звязаныя з пакрыццём участка дарогі да пляцоўкі натурных здымак. Саюзам кінематаграфістаў БССР не вырашаны пытанні правядзення штогадовых фестываляў мультыплікацыйных фільмаў на базе аднаго з калгасаў Мінскай вобласці. «...Па-ранейшаму няма сістэмы ў афармленні ў рэспубліцы аб'ектаў сацкультбыта, не арганізаваны капіравальны ўчастак для патрэб Саюза мастакоў, не вырашаны ўсе праблемы, якія звязаны з забеспячэннем творчых работнкіаў майстэрнямі. Не выдзелены ў кожным раёне памяшканні для арганізацыі выставачных залаў...»

Такія дакументы, з якіх часам, вобразна кажучы, варта стрэсваць пыл і выцягваць іх на сонца, цікавыя яшчэ і таму, што паказваюць саму атмасферу жыцця творчых саюзаў, работнікаў культуры, залежнасць здзейсненага імі ад надзённых клопатаў жыцця, ад стану эканомікі, народнай гаспадаркі ў той ці іншы перыяд дзяржаўнага будаўніцтва. Па вялікім рахунку ўзнятыя раней пытанні працягваюць вырашацца і ў сённяшні час. Мастацтва, якое служыць народу, дзяржаве, — заўсёды ў полі зроку самой дзяржавы. І яшчэ... Мастацтва заўсёды патрабуе значнай матэрыяльнай падтрымкі.

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.

Эканоміка

Час прыглядацца да крэдытаў

Час прыглядацца да крэдытаў

Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.