Вы тут

Наталля Качанава марыць стварыць у краіне ІТ-кампанію для людзей з аўтызмам


У Гомелі пад кіраўніцтвам старшыні верхняй палаты парламента Наталлі Качанавай прайшло пасяджэнне Кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспублікі па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Старшыня Савета Рэспублікі і кіраўнікі міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, адукацыі, культуры, а таксама спорту і турызму азнаёміліся з работай Гомельскага дома-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Яны на свае вочы пабачылі, як праходзяць заняткі, пагутарылі з выхаванцамі і іх педагогамі, бацькамі, ацанілі ўмовы пражывання ва ўстанове.


Гарадок, дзе сем’і могуць перадыхнуць

— Вялікі інвестыцыйны праект, але вельмі важны, — адзначыла Наталля Качанава ўжо пры першым знаёмстве з аснашчэннем памяшканняў дома-інтэрната.

Установа працуе 12-ты год. Знешне яна нагадвае ўтульны катэджны гарадок. Размяшчаюцца тут пяць жылых карпусоў і асобны, адкрыты два гады таму, тэрапеўтычны рэабілітацыйны корпус. Сёння тут абслугоўваецца 140 чалавек: 65 — у групе дзённага знаходжання, 75 выхаванцаў знаходзяцца кругласутачна. Выхоўваюцца таксама ва ўстанове 22 дзіцяці, якія засталіся без апекі бацькоў.

— Мэта нашай работы — нармалізацыя жыцця сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю, асабліва з цяжкімі шматлікімі парушэннямі ў развіцці. Працуем, каб кожная такая сям’я адчувала сябе абсалютна звычайнай, нармальнай, каб бацькі маглі раніцай устаць, прывесці дзіця на заняткі ў школу ці сад, гэта значыць да нас. Мы прадастаўляем ўсе неабходныя сацыяльныя паслугі па псіхолага-педагагічнай карэкцыі, медыцынскай і сацыяльна-бытавой рэабілітацыі, прафарыентацыі і працоўнай тэрапіі. Прымаем дзяцей з чатырох гадоў і без абмежаванняў пасля паўналецця, — распавяла аб рабоце свайго калектыву дырэктар Гомельскага дома-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Галіна Даўгаполава.

Па яе словах, паслугай сацыяльнай перадышкі і кароткатэрміновага знаходжання ва ўстанове могуць скарыстацца жыхары з усіх раёнаў Гомельскай вобласці. У групе дзённага знаходжання педагогі дома-інтэрната працуюць з дзецьмі і маладымі інвалідамі з Гомеля і Гомельскага раёна. 

— Хтосьці дабіраецца да нас сам, кагосьці прывозяць бацькі. Акрамя таго, у нас ёсць свой спецыяльны транспарт з пад’ёмнікам і мы аказваем дапамогу ў падвозе, — дадала Галіна Даўгаполава. — З пачатку года паслугай сацыяльнай перадышкі ў нас скарысталася 25 сем’яў. Сёння па законе яна прадастаўляецца на 56 дзён у год. 

Наталля Качанава паназірала, як праходзяць заняткі па арт-тэрапіі, якія праходзяць для дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю. У класе, дзе на мальбертах замест аркушаў паперы, — палотны белага шоўку, дзве дзяўчыны- выхаванкі выконвалі роспіс у тэхніцы «халодны батык». Займаецца гэтым напрамкам творчасці з дзецьмі інструктар па працоўнай тэрапіі Наталля Пушкарова.

— Арт-тэрапіяй прапануем займацца ўсім нашым дзецям, у адных атрымліваецца лепш, хто не можа працаваць па шоўку, займаецца з паперай. Усю работу, акрамя нанясення контуру, дзеці самі выконваюць, — патлумачыла Наталля спецыфіку заняткаў.
Сюрпрызы ад прыхільнікаў Старшыня Савета Рэспублікі перадала пеагогу сертыфікат на набыццё мальберта. Выхаванцы ў сваю чаргу папрасілі Наталлю Качанаву прыняць ад іх асаблівы сюрпрыз для яе — шалік з прынтам ручной работы.

— З дзяцінства люблю маляваць, — распавяла адна з выхаванак Юлія.

Дзяўчына прапанавала Наталлі Іванаўне, каб яна стала паміж ёй і яе сяброўкай, таксама Юляй, і загадала жаданне. Дзяўчына ўпэўнена, што яно абавязкова збудзецца.

На занятках ва ўстанове, як патлумачылі педагогі, займаюцца дзеці, маладыя людзі з інваліднасцю, пакінутыя без апекі бацькоў, і тыя дзеці, якія жывуць у сваіх сем’ях.

— Тое, што дзеці тут разам — гэта таксама вельмі добра. Родныя дзетак таксама камунікуюць адно з адным. Нам трэба падумаць над такой формай работыз дзецьмі з інваліднасцю, якія засталіся без апекі бацькоў, — адзначыла Наталля Качанава.

На занятках у адных групах займаюцца і дзеці з рознымі парушэннямі псіха-фізічнага здароўя, у тым ліку дзеці з расстройствамі аўтыстычнага спектру. Наталля Качанава высока ацаніла практыку заахвочвання гомельскіх школьнікаў-валанцёраў, якія прыязджаюць у дом-інтэрнат — дапамагаюць педагогам. Спікер запрасіла актыўных старшакласнікаў-валанцёраў у Савет Рэспублікі, каб бліжэй пазнаёміцца з работай парламентарыяў.

Вельмі кранальным момантам падчас наведвання стала тое, з якой адкрытасцю дзеці падзяліліся, што адразу пазналі Наталлю Іванаўну, бо запомнілі спікера па выступленнях на тэлебачанні.

Умеюць «бачыць» музыку 

— Мы Вас толькі па тэлевізары бачылі, а сёння рады, што пазнаёміліся, — шчыра прывіталі старшыню Савета Рэспублікі і выхаванцы Гомельскага цэнтра інклюзіўнай культуры.

Як распавяла кіраўнік цэнтра Ірына Цяпугіна, установа вызначаецца ў рэгіёне мноствам клубных аб’яднанняў па розных напрамках. Цэнтр сёння наведваюць 474 чалавекі. 

Выхаванцы музычнай студыі «Ла-ла-лэнд» падрыхтавалі міні-канцэрт для гасцей. У гэтым гуртку заняткі праводзіць інвалід па зроку Дзмітрый Герашчанка. У выступленнях на сцэне прымаюць удзел дзеці з расстройствамі аўтыстычнага спектру. 

Пасля выступлення дзяцей спікер пайменна падзякавала юным артыстам за іх творчасць. Яна звярнула ўвагу, што асаблівасць цэнтра інклюзіўнай культуры якраз у тым, каб вучыць дзяцей у тым ліку выступаць на вялікай сцэне для шырокай публікі.

— Работу па інклюзіўнай адукацыі, як у Гомелі і вобласці, варта развіваць у іншых рэгіёнах, — падкрэсліла Наталля Качанава пасля знаёмства з творчасцю артыстаў і майстроў цэнтра. — Неабходна больш актыўна ўключаць артыстаў інклюзіі ў культурнае жыццё рэгіёна і краіны.

Госці цэнтра ацанілі таксама выставу карцін удзельнікаў студыі «Палітра». У гэтым аб’яднанні па інтарэсах займаюцца чатыры дзіцяці-інваліды па слыху і дзіця з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Кіраўнік студыі — Аляксандр Пакаціла сам мае інваліднасць па слыху, але заахвочвае развівацца ў творчасці таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з падобнымі праблемамі са здароўем.

«Часам чалавек губляецца...» 

— Тое, што мы ўбачылі, мне спадабалася. І тое, што робіцца ў Гомелі і ў Гомельскай вобласці па рабоце з дзецьмі, па інклюзіўнай адукацыі, трэба ўзяць за аснову, якую мы павінны развіваць у іншых рэгіёнах, — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на пасяджэнні Кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспублікі па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Сустрэча прайшла ў Гомельскім абласным грамадска-культурным цэнтры. У ёй прынялі ўдзел члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі міністэрстваў, устаноў адукацыі, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, урачы, прадстаўнікі грамадскасці, навуковай супольнасці, законныя прадстаўнікі і бацькі дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

Як звярнула ўвагу Наталля Качанава, кансультатыўны савет быў створаны зыходзячы з таго, што ў Савет Рэспублікі звярталіся людзі, якія выхоўваюць дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектру, СДУГ, якія закранулі праблемы рэабілітацыі дзетак, далейшай іх сацыялізацыі, навучання.

— У нас у краіне выбудавана даволі зладжаная сістэма, якая вызначана заканадаўча, пастановамі міністэрстваў. Мы ўбачылі, што мы робім усё правільна, але часам чалавек губляецца ў сітуацыі і не ведае, дзе яму знайсці дапамогу, куды яму са сваёй праблемай звярнуцца, — нагадала парламентарый. — Гэтыя людзі павінны быць разам з намі. Яны такія ж, як мы. Толькі ў іх у жыцці па Божай волі склалася трохі інакш. І мы павінны рабіць усё, як правільна прапісана ў нас у законах, і тое, аб чым нам заўсёды гаворыць наш Прэзідэнт.

Наталля Качанава падзялілася амбіцыйным праектам, які цяжка пераацаніць для падтрымкі людзей з расстройствамі аўтыстычнага спектра:

— Мая мара — стварыць IT-кампанію для людзей з аўтызмам у Беларусі.

Яна заўважыла, што IT сфера не патрабуе ўмення шмат кантактаваць з людзьмі, што праблематычна для тых, хто мае падобныя расстройствы. 

— Людзей з такімі захворваннямі неабходна падтрымліваць і дапамагаць ім ва ўсіх сферах — пры гэтым па прынцыпе «роўны роўнаму». Мы павінны зрабіць усё, каб дапамагчы любому чалавеку — у ахове здароўя, адукацыі, культуры, іншых сферах. Няма невырашальных праблем, — пераканана Наталля Качанава.

Парламентарый таксама падкрэсліла, што на падобныя сустрэчы ў рэгіёнах абавязкова варта запрашаць бацькоў, сем’і, якія аказаліся у падобных сітуацыях. Важна разам абмяркоўваць, што яшчэ трэба зрабіць ў вырашэнні сацыяльна важнай задачы. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.