Вы тут

Сёлета пятая частка ўсіх купляў будзе ажыццяўляцца анлайн


Як вядома, электронная камерцыя працягвае развівацца і пашыраць свой уплыў на сусветную эканоміку. Паводле даных вядучых інфармацыйных кампаній, сёлета практычна 21% сусветных рознічных купляў будзе здзяйсняцца анлайн. Гэта азначае, што брэнды і фірмы працягваюць нарошчваць сваю прысутнасць у анлайне і адаптавацца да новых патрэб і чаканняў пакупнікоў, а таксама выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі і інструменты для паляпшэння сваёй прысутнасці ў сеціве. Пра тое, якія трэнды на рынках e-commerce можна будзе ўбачыць у другім паўгоддзі распавёў дырэктар кампаніі правайдара электронных плацяжоў Assіst Belarus Вячаслаў Сенін.


«Залатая» пляцоўка?

Гандлёвая пляцоўка (маркетплэйс) — гэта анлайн-платформа для продажу і куплі тавараў і паслуг праз інтэрнэт. Простымі словамі, там прадаўцы размяшчаюць свае тавары, пакупнікі выбіраюць найлепшыя варыянты па цэнах, характарыстыках і іншых параметрах. Самі маркетплэйсы нічога не прадаюць, іх задача — забяспечваць прасоўванне тавараў. Дык вось, такія пляцоўкі з’яўляюцца адной з самых хуткарослых мадэляў бізнесу ў сферы анлайн-гандлю. Напрыклад, толькі ў расійскім сегменце інтэрнэту ў 2020 годзе аб’ём продажаў на маркетплэйсах склаў 721 мільярд рублёў, што на 108% больш, чым у 2019-м. Па прагнозах экспертаў, да 2024-га іх доля ў анлайн-рытэйле можа дасягнуць 50% ад усяго аб’ёму. Прыклады — Wіldberrіes, Ozon, «Яндэкс Маркет» і іншыя.

«Што датычыцца замежных маркетплэйсаў, возьмем дынаміку продажаў найбольш вядомага Amazоn. Выручка дадзенага маркетплэйса за 2022 год павялічылася на 9%, да 513,98 мільярда долараў супраць 469,82 мільярда долараў на год раней. А ў першым квартале ўжо бягучага года ў Amazon чакаюць выручку, якая павялічыцца на 4–8%», — адзначыў Вячаслаў Сенін.

Віртуальная рэальнасць у дапамогу

Для таго каб прыцягнуць і ўтрымаць пакупнікоў на сваіх пляцоўках, маркетплэйсы выкарыстоўваюць розныя тэхналогіі продажаў і прасоўвання. Напрыклад, у другім паўгоддзі сфера электроннай камерцыі чакае, што будзе запатрабаваны шэраг трэндаў на дадзеным рынку. У першую чаргу гаворка ідзе пра дапоўненую (АR) і віртуальную рэальнасці. Тэхналогія дазваляе пакупнікам лепш уяўляць сабе тавары, якія яны хочуць набыць, а таксама ствараць больш рэалістычны і захапляльны вопыт куплі. Напрыклад, з дапамогай AR можна прымераць адзенне ці абутак, убачыць, як будзе выглядаць мэбля ў інтэр’еры ці якое адценне памады падыдзе да колеру вашай скуры.

Віртуальная рэальнасць (VR) — гэта створаны камп’ютарам свет, доступ да якога можна атрымаць з дапамогай імерсійных прылад — шлемаў, пальчатак, навушнікаў. Віртуальнае асяроддзе цалкам замяняе рэальны свет, не рэагуючы на вонкавыя змены, пры гэтым карыстальнік можа ўздзейнічаць на яго.

З дапамогай VR можна паглыбіцца ў віртуальны магазін або прайсці інтэрактыўны тур па вытворчасці тавару. Брэнды, якія інтэгруюць гэтыя тэхналогіі ў свае інтэрнэт-крамы або мабільныя дадаткі, могуць атрымаць перавагу перад канкурэнтамі і павысіць узровень даверу і лаяльнасці кліентаў.

Стаўка на штучны інтэлект

Штучны інтэлект (AІ) і машыннае навучанне (ML). У дадзеным выпадку тэхналогія дапамагае брэндам аналізаваць вялікія аб’ёмы даеных аб паводзінах і перавагах пакупнікоў, а таксама прапаноўваць ім персаналізаваныя рэкамендацыі тавараў, рабіць цанавыя прапановы, праводзіць зніжкі і акцыі. Таксама AІ можа выкарыстоўвацца для стварэння чат-ботаў і галасавых памочнікаў, якія забяспечваюць хуткае і зручнае абслугоўванне кліентаў, адказваючы на іх пытанні, дапамагаючы з выбарам тавару або афармленнем заказу. Брэнды, што выкарыстоўваюць AІ і ML для паляпшэння свайго сэрвісу і якасці прадукту, могуць павысіць канверсію і ўтрыманне кліентаў, а таксама знізіць выдаткі на маркетынг і падтрымку.

Выразна вымавіць прасцей, чым правільна набраць

Тут гаворка ідзе пра галасавы і візуальны пошук. Гэтыя функцыі дазваляюць пакупнікам знаходзіць патрэбныя тавары з дапамогай галасавых камандаў або малюнкаў. Галасавы пошук спрашчае жыццё карыстальнікаў, якія аддаюць перавагу вуснай форме каманды, або тых, хто хоча эканоміць час. Візуальны пошук дапамагае пакупнікам знайсці тавары па фота.

Давер нельга купіць, але яго можна стварыць

Дадзены кірунак называецца «сацыяльная камерцыя» (СК). Яна звязаная з продажам тавараў праз сацыяльныя сеткі, такія як Іnstagram, Facebook, TіkTok і іншыя. Сацыяльная камерцыя дазваляе брэндам павялічыць сваю аўдыторыю, павысіць пазнавальнасць і давер да свайго прадукту, а таксама скараціць шлях пакупніка ад прагляду да куплі.

Гэта як у мінулым «сарафаннае радыё». Там пакупнікі могуць лёгка знайсці тавары, якія іх цікавяць, паглядзець водгукі і рэальныя фота ад іншых карыстальнікаў. Дзякуючы СК цяпер можна зрабіць заказ проста ў дадатку сацыяльнай сеткі. Брэнды, што актыўна выкарыстоўваюць сацыяльную камерцыю, могуць атрымаць доступ да мільёнаў патэнцыяльных кліентаў, якія праводзяць шмат часу ў сацыяльных медыя і гатовыя да імпульсіўных трат.

Калі пакупнік — капрыза

Тут падыдзе такое паняцце, як омніканальнасць (ад англійскага «omnі-channel») — аб’яднанне ўсіх каналаў камунікацыі кліента з кампаніяй у адзіную сістэму з захаваннем усёй гісторыі зносін і купляў. Омніканальнасць дазваляе брэндам забяспечваць пакупнікам бясшвовы і гарманічны вопыт куплі на любой прыладзе і ў любым месцы. Пакупнікі могуць пачаць свой шлях у адным канале, напрыклад, на сайце або ў мабільным дадатку, а скончыць ў іншым, напрыклад, у афлайн-краме або праз дастаўку. Дадзеная сістэма лаяльнасці на практыцы пацвярджае слоган «пакупнік заўсёды мае рацыю». Брэнды, якія рэалізоўваюць омніканальнасць, могуць павысіць задаволенасць кліентаў, а таксама збіраць больш звестак аб іх паводзінах і перавагах.

Сучасная моладзь за справядлівасць галасуе рублём

Устойлівасць і сацыяльная адказнасць становяцца ўсё больш важнымі для сучасных спажыўцоў, асабліва для маладога пакалення. Пакупнікі ўсё больш звяртаюць увагу на тое, як брэнды вырабляюць свае тавары, як яны ўплываюць на навакольнае асяроддзе і грамадства, а таксама як яны ставяцца да сваіх супрацоўнікаў і партнёраў. Фірмы, якія дэманструюць сваю ўстойлівасць і сацыяльную адказнасць, могуць прыцягнуць і ўтрымаць кліентаў, што падзяляюць гэтыя каштоўнасці і гатовыя падтрымаць такія кампаніі. Таксама брэнды могуць выкарыстоўваць такія каштоўнасці як канкурэнтную перавагу і дыферэнцыяцыю на рынку.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?