Вы тут

Антаніна Карпілава: Кіно не магло абысці ўвагай літаратуру з такім узроўнем драматызму і глыбіні


Беларускае кіно набліжаецца да свайго 100-годдзя, і на шляху да гэтай даты хочацца зразумець, у чым яно было асаблівае, як напрацоўвала сабе імідж. І калі спытаць, якая галоўная тэма беларускага кіно за стагоддзе, усе назавуць яе, не задумваючыся. Невыпадкова нашу кінастудыю звязваюць з фільмамі пра вайну: яны шмат у чым вызначылі лёс айчыннага кіно на этапе савецкай гісторыі. Ды і ў постсавецкі перыяд «Беларусьфільм» працягвалі звязваць з гэтай тэмай. Яна стала адной з галоўных для нас, таму што беларускі народ да гэтага часу адчувае боль ад каласальных страт і перажытых трагедый. А яшчэ таму, што былі тыя, хто іх адчуў на сабе і расказаў пра гэта на старонках кніг, якія сталі падмуркам для стварэння фільмаў.


Калаж часопіса «На экранах».

Феномен Быкава

Адным з аўтараў, чые творы актыўна экранізаваліся за савецкім часам (і не толькі ў Беларусі!), быў Васіль Быкаў. Беларускае кіно і Быкаў — аднагодкі. Пачаўшы адваротны адлік да юбілею, хочацца зразумець, што было важна ў чалавечым досведзе пісьменніка для айчынных рэжысёраў — аўтараў фільмаў, якія, па сутнасці, не страцілі сваёй актуальнасці і сёння.

Нашы кіназнаўцы даследавалі гэты феномен. Ужо ў ХХI стагоддзі ўбачыў свет зборнік навуковых прац «Вялікая Айчынная вайна ў кінамастацтве Беларусі» пад рэдакцыяй Антаніны Карпілавай, загадчыцы аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. З ёй мы гаворым пра лепшыя экранізацыі аповесцяў пісьменніка, якія ўвайшлі ў гісторыю беларускага кіно.

На хвалях памяці

— Калі разглядаць унёсак беларускай культуры ХХ стагоддзя ў сусветную скарбонку, то трэба спыніцца на некалькіх мастацкіх з’явах. Гэта «Песняры», якія праславіліся не толькі ў Беларусі, у Савецкім Саюзе, але і ў Амерыцы — іх называлі беларускімі «Бітлз». Гэта бліскучы харэограф Валянцін Елізар’еў, які зараз з’яўляецца мастацкім кіраўніком тэатра оперы і балета Беларусі. У літаратуры ёсць некалькі знакавых пісьменнікаў, якія паставілі пытанні аб шляхах развіцця беларускага этнасу і народа: Ян Баршчэўскі, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч. З бліжэйшых да нашага часу — вядома, Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч. Але Быкаў — асаблівая з’ява ў беларускай літаратуры савецкага перыяду, таму што ён асэнсоўваў надзвычай цяжкую для рэспублікі і ўсяго свету тэму і здолеў у ёй гаварыць з чалавекам вельмі даверліва і глыбока. Невыпадкова яго проза была перакладзена на мноства моў: вайна суправаджала чалавецтва на розных этапах развіцця і не сышла ў нябыт нават пасля разбурэнняў, выкліканых Другой сусветнай. Людзі не зрабілі неабходных высноў, таму заклік да чалавечнасці застаецца актуальным нават зараз, а прадчуванні і прагнозы пісьменніка-франтавіка распаўсюджваюцца і на XXI стагоддзе.

Проза Быкава — гэта асобны Сусвет. Шмат чаго нам яшчэ трэба ўсвядоміць не толькі ў дачыненні да Беларусі, але і ў частцы яго прароцкіх прагнозаў наконт будучыні чалавечага свету наогул. Васіль Быкаў абапіраўся ў сваіх творах на экзістэнцыйную філасофію Камю, Сартра і іншых пісьменнікаў, якія ўзнімалі вечныя, ці «апошнія», пытанні быцця. Быкаў засяродзіўся на вастрыні экстрэмальных сітуацый ХХ стагоддзя. І гэта зразумела: ваяваў, родным паведамілі пра ягоную гібель, але ён атрымаў шанц. У філасофіі Камю і Сартра момант выпадковасці і шанцу вельмі важны. І гэта закладзена ў творах Васіля Уладзіміравіча. Ён верыў у шанц, які дае чалавеку лёс, хоць і не быў вернікам у тым сэнсе, які звычайна ўкладваецца ў гэтае слова. Але ў некаторых яго творах можна знайсці зварот да малітваў і ікон, пры тым, што сам ён быў чалавекам іншага духоўнага кіравання, яго светаадчуванне вызначылі перажытыя трагічныя ваенныя падзеі.

Я чалавек рускі, нарадзілася ў Мардовіі, вырасла ў Полацку. І заўжды ведала імя Быкава як аднаго з тых людзей, якія ўплываюць на працэс самаідэнтыфікацыі нацыі, пры тым, што яго творчасць разглядалася ў кантэксце савецкай гісторыі. Але тут не ўсё так проста. Калі звярнуцца да пантэона вялікіх зорак беларускай літаратуры — Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, — іх творчасць звязваюць з архетыпам неба і зямлі. Быкаў падключаецца да гэтага пантэона, але што стаіць за ім? Я думаю, што гэта зорка нейкага падземнага — ці падсвядомага — свету. Прыйшоўшы ў беларускую літаратуру пасля многіх важных для народа пісьменнікаў, ён па сутнасці працягваў іх шлях, але даследаваў не верхнія пласты свядомасці, а капаў углыб. Кіно не магло абысці ўвагай літаратуру з такім узроўнем драматызму і глыбіні. Невыпадкова ў нас слаўная гісторыя экранізацый Быкава менавіта беларускімі рэжысёрамі.

Кадр з фільма «Альпійская балада».

Першая хваля:  гранічная сумленнасць

— Зварот да прозы Быкава ў кіно я б падзяліла на некалькі этапаў. У пачатку 60-х адбылося адкрыццё Быкава для кіно — і пайшла плынь экранізацый. У 1963-м выйшаў адзін з маіх любімых фільмаў — «Трэцяя ракета» Рычарда Віктарава. Да гэтага часу памятаю чорна-белую стылістыку — жорсткую, у нечым тэатральную, дзе раскрываюцца лёсы некалькіх чалавек, якія апынуліся ў адным акопе. Адсюль пайшло паняцце «акопная праўда». У фільме няма дадатковых выразных сродкаў, у прыватнасці, музыкі, але для мяне да гэтага часу ён з’яўляецца камертонам прозы ў экранным выяўленні: ён выклікае магутную эмоцыю.

Пасля адкрыліся іншыя шлюзы быкаўскай творчасці, узнікла нават рамантычная інтанацыя: у цэнтры сюжэта «Альпійскай балады» знаходзіцца каханне. Праўда, у Быкава любое выказванне суправаджаецца сур’ёзнымі рэтраспекцыямі — гэта характэрная рыса яго прозы, у якой заўсёды ёсць успаміны герояў, як і ў аповесці «Альпійская балада». На жаль, кіно пагрэбавала гэтым, атрымалася рамантычная драма з-за таго, што Іван пазбавіўся ўспамінаў аб перадваенным жыцці. Але рэжысёр Барыс Сцяпанаў меў на гэта права, і ў свой час карціна атрымала неверагодны рэзананс. Насамрэч гледачу цяжка ўспрымаць нелінейнае апавяданне, калі ёсць звароты да мінулага, да будучыні. Вядома, Станіслаў Любшын і Любоў Румянцава адыгралі выдатна ў рэжысёрскім увасабленні аповесці — гэтая інтэрпрэтацыя сапраўды вельмі складаная.

Кадр з фільма «Трэцяя ракета».

Творчасць Быкава невыпадкова была вельмі запатрабаванай у кіно, бо глядзела ў глыбіню. Гэта давала рэжысёрам магчымасць паказаць чалавечыя драмы, якія спарадзіла вайна. Нават у «кароткім метры», як у фільме «Пастка» Леаніда Мартынюка. Але ў адзін шэраг з «Трэцяй ракетай» Віктарава (які зняў яшчэ «Абеліск») я б паставіла фільм «Воўчая зграя» Барыса Сцяпанава. Некалькі чалавек едуць на возе ў партызанскі лагер і праходзяць праз усе архетыповыя выпрабаванні — лес, балота, вада, пажар… Па іх слядах ідуць фашысты, выяўляючы сваю звярыную сутнасць. Фільм, магчыма, не зусім адбыўся, калі яго разглядаць з пункту гледжання кінамастацтва, але Сцяпанаў паспрабаваў наблізіцца да глыбінных, можна нават сказаць — антычных асноў гэтай гісторыі. Атрымалася гераічная меладрама з сімвалічным фіналам: нараджаецца дзіця, якое трэба выратаваць дзеля працягу жыцця.

Мне здаецца, гранічная сумленнасць расповеду пра вайну і людзей у неверагодна складаных сітуацыях, калі трэба было выжыць, выяўлялася на першым этапе асэнсавання прозы Быкава, які быў вельмі плённым пісьменнікам, а яго творчасць — шматмернай. Гэта ж выявілася ў тэлевізійных фільмах, у прыватнасці, «Доўгія вёрсты вайны» Аляксандра Карпава-старэйшага. Рэжысёр-франтавік, які ведаў усе падзеі не па расповедах, зняў трылогію, у якой кожная гісторыя праўдзівая, і гэта нядзіўна: Карпаў увасобіў уласныя думкі і адчуванні. Я нядаўна перагледзела фільм: ён успрымаецца актуальна, бо фрагменты могуць сысці за хроніку, за дакументальныя кадры ці не часоў Вялікай Айчыннай вайны. У працы над трылогіяй Карпаў абапіраўся на сцэнарый самога пісьменніка. Тры часткі — гэта экранізацыі трох аповесцяў: «Жураўліны крык», «Атака з ходу» і «На ўзыходзе сонца». Па сутнасці, у іх адлюстраваны тры этапы вайны ад 41-га года да таго моманту, калі для нашых людзей пачалося пераможнае ўзыходжанне. Ідэя ўзыходжання звязана, вядома, з фільмам Ларысы Шэпіцькі. Але гэтая тэма была апрабаваная раней, у тым ліку ў беларускіх фільмах.

Бо ў тэлефільме «Доўгія вёрсты вайны» адбываецца менавіта ўзыходжанне народа ад прыніжэння, ад прыгнечання, ад адступлення праз наступ да перамогі. Прычым Карпаў гэта паказвае без пафасу. Яго трылогія прасякнутая агульным лейтматывам, ён аб’яднаў яе часткі адным героем — для гэтага абралі ваеннага чалавека, якога іграе Вадзім Якаўлеў. Праз яго перадаецца ўвесь жах пяхоты падчас страшнага адступлення напачатку вайны. Але гэта ўспрыманне вайны радавымі — там няма высокіх генералаў. Зноў тая самая «акопная праўда» Быкава, які адгукнуўся на заклік рэжысёра па стварэнні сцэнарыю. Гэты фільм трэба і можна глядзець сёння, бо ён сумленны. У гэтую ж абойму ўваходзіць больш позні фільм Карпава «Яго батальён» пра Героя Савецкага Саюза, які ратаваў салдат ад бессэнсоўнай гібелі. Я б сказала, што гэта паўтарэнне пройдзенага — «акопнай» гераічнай гісторыі. Але час ужо чакаў іншага падыходу да ваеннай тэмы ў кіно.

Гутарыла Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.