Вы тут

Новыя перамогі з ядром і молатам


У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы ў нядзелю было горача. У фінальных спаборніцтвах дзяўчаты і юнакі пазмагаліся ў кіданні молата, юнакі — штурханні ядра.


Фота: БелТА

У фінале спаборніцтваў па штурханні ядра залаты медаль заваяваў беларус Анатоль Хоміч. Другі вынік паказаў расіянін Максім Сакалоў. Дастанбек Абдымуталаў з Узбекістана стаў уладальнікам «бронзы».

Трэнер беларускай зборнай Людміла Кунац расказала, што Анатоль Хоміч усяго год займаецца штурханнем ядра. Таму, па яе словах, падчас падрыхтоўкі было праблемна зрабіць паварот падчас кідка. Але ён справіўся. «Гэта дастойная перамога і цудоўны вынік», — адзначыла трэнер.

Анатоль Хоміч распавёў, як трапіў у лёгкую атлетыку. «Я пайшоў займацца ў спартыўную школу. І ў мяне атрымалася. Спачатку выйграваў раённыя спаборніцтвы, потым выйшаў на вобласць. І там таксама паказаў дастойны вынік. Мяне заўважылі і запрасілі ў Брэсцкае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву. Там я займаўся больш актыўна, выйшаў на ўзровень рэспубліканскіх спаборніцтваў і выйграў іх чатыры разы. А цяпер пакарыў міжнародныя спаборніцтвы», — сказаў спартсмен і дадаў, што плануе заставацца ў спорце і браць новыя вышыні.

Расіянін Максім Сакалоў адзначыў, што галоўнае для яго было не месца, а асабісты вынік: «Я заўсёды настроены на вынік. Былі думкі, што займу нейкае месца, але стараўся на тое не адцягвацца. Трэба было засяродзіцца на самім спаборніцтве. Лёгкай атлетыкай займаюся пяты год, і для мяне гэта вялікае задавальненне».

Трэнер каманды Узбекістана па лёгкай атлетыцы Мікалай Барысаў падкрэсліў, што Гульні — цудоўнае свята для маладых спартсменаў. «Іх правядзенне трэба абавязкова працягваць. І арганізоўваць нават не два разы на год, а часцей. І рабіць гэта ў розных краінах, каб спартсмены маглі паглядзець свет. Гульні робяць дзяржавы больш дружнымі, яны збліжаюць», — лічыць ён. Узбекістан збіраў сваю каманду па лёгкай атлетыцы па ўсёй краіне.

Мікалай Барысаў падкрэсліў, што ўражаны ўзроўнем арганізацыі ІІ Гульняў краін СНД: «Самі спаборніцтвы, пражыванне і харчаванне — усё на найвышэйшым узроўні. У вас вельмі добра ўладкаваны спартыўныя аб’екты. Усе нашы рабяты вельмі задаволеныя».

Спаборніцкую праграму другога дня ў РЦАП па лёгкай атлетыцы закрываў фінал у кіданні молата сярод мужчын. Медалістамі сталі два беларусы: Мікіта Тараўскі адправіў молат на 64,82 метра і заняў другое месца, Ілья Варапаеў паказаў вынік 64,13 метра і выйграў «бронзу». Пераможцам ІІ Гульняў краін СНД па кіданні молата стаў прадстаўнік Расіі Максім Херсонцаў, які закінуў молат на 67,48 метра.

«Прафесійна займаюся спортам паўтара года. Было хвалююча, вельмі перажываў, але рады, што ўсё атрымалася, і не збіраюся спыняцца на дасягнутым, — расказаў Максім Херсонцаў. — Мне падабаецца ў Беларусі, нас прынялі па-сяброўску, у вас вельмі гасцінна і прыгожа».

Таксама на базе РЦАП па лёгкай атлетыцы вызначылі наймацнейшых з юных кідальніц молата. Два найлепшыя вынікі паказалі прадстаўніцы Беларусі. «Золата» заваявала Софія Каралёнак, якая ў найлепшай са спроб адправіла снарад на 64,15 метра. «Серабро» дасталася нашай Вераніцы Шчарбянок, якая кінула молат на адзнаку 60,83 метра. Тройку найлепшых дапоўніла расіянка Варвара Іванова з вынікам 58,57 метра.

«Напружанне вельмі сур’ёзнае», — такімі словамі ахарактарызаваў спаборніцтвы трэнер лёгкаатлеткі Софіі Каралёнак, якая заняла першае месца ў кіданні молата, Канстанцін Астапковіч. Ён расказаў, што падрыхтоўка да ІІ Гульняў краін СНД у спартсменкі ішла паралельна з іншымі спаборніцтвамі.

— Мы ставілі задачу, давалі разміначныя спробы, яны ўдзельнічалі ў іншых спаборніцтвах. Трэніраваліся на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі. І паступова прывыклі. Але напружанне было ўсё роўна вельмі сур’ёзнае, — адзначыў Канстанцін Астапковіч.

Па словах трэнера, Гульні з’яўляюцца значнай падзеяй.

— Мы дэманструем усяму свету, што мы можам працаваць і паказваць дастойны вынік, — падкрэсліў ён.

Як адзначыла Софія Каралёнак, перад спаборніцтвамі было вельмі страшна.

— Але потым сабралася, паставіла асабісты рэкорд. Таму ўражанні добрыя, — сказала пераможца. Яна дадала, што ёй было вельмі цікава пазнаёміцца і паспаборнічаць са спартсменкамі з іншых краін.

Удзел у мультыспартыўным форуме бярэ падрастаючае пакаленне лёгкаатлетаў з дзевяці краін — спартсмены 2009 года нараджэння і маладзейшыя. Акрамя 67 юных прадстаўнікоў Беларусі, у сектары і на дарожкі выходзяць прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?