Вы тут

Як старэйшына аб’яднала вяскоўцаў добрымі ідэямі


У весцы Папоўка, што ў Сенненскім раене, здаецца, кожны ведае Алу Іванаўну Шмурадку. Не толькі з-за таго, што яна ўзначальвае адзіны ў населеным пункце сацыяльна-культурны аб’ект — вясковы клуб, — але і таму, што яна, як ніхто іншы, умее дзяліцца цяплом і аб’ядноўваць вакол сябе такіх жа нераўнадушных людзей. Мо таму і яе залаты ўзрост па пашпарце не адпавядае ўнутранаму, не па гадах бадзёраму, аптымізму.


У вёску Папоўка маладая дзяўчына трапіла ў 1984 годзе з Міншчыны: паехала працаваць у Віцебск на «КІМ» вязальшчыцай панчошна-трыкатажных вырабаў. Тут пазнаёмілася з будучым мужам, які і перавёз яе ў вёску, у калгас «Праўда». «Ён таксама быў вясковы хлопец, і я ведала, што лёгка не будзе, але хіба хтосьці з нас у парыве светлых юнацкіх пачуццяў думае пра будучыню? Мы таксама ў Вілейскім раене жылі, з самага дзяцінства дапамагала маці, якая працавала даяркай. Тады даільных апаратаў не было, і мне давяралі таксама 2-3 кароўкі выдаіць. І, здавалася б, паехала ў горад, але зноў вярнулася ў вёску. Маці мая была вельмі супраць, мы нават не размаўлялі з ёй некаторы час», — успамінае Ала Іванаўна.

Тады Папоўка будавалася, адкрываўся магазін, ФАП, пошта, дзіцячы садок, будавалі домікі для калгаснікаў. Населены пункт развіваўся і адкрываў для двухсот яго жыхароў пэўныя перспектывы, у весцы было 63 каровы. Дом ад калгаса атрымала і маладая сям’я: муж працаваў у гаспадарцы трактарыстам, Ала пайшла ў лабаранты, пасля — у эканамісты. У вясковы клуб трапіла выпадкова: спачатку сяброўкі запрасілі ў драматычны гурток, а потым яркую і натхнёную дзяўчыну паклікалі на пасаду мастацкага кіраўніка з умовай, што яна пойдзе вучыцца па адпаведнай спецыяльнасці.

Так і пачаўся вірлівы карагод вясковага жыцця: завочна атрымлівала мастацкую адукацыю, паралельна займалася хатняй гаспадаркай. Узваліла на свае плечы кароўку, свіней, курэй, трусоў — гэта акрамя гектара зямлі, якую трэба было таксама абрабляць. Нарадзіла дваіх дзяцей, не адрываючыся ад творчай прафесіі. У клубе Ала Іванаўна працуе з 2007 года, а з 2010-га ўзначальвае гэты маленькі і адзіны на сённяшні дзень цэнтр жыцця Папоўкі.

У 2009 годзе прадстаўнікі Чырвонага Крыжа прапанавалі рэалізаваць на базе клуба дабрачынны праект «Мы — разам», мэтай якога было стварэнне ініцыятыўнай групы з вясковых жыхароў, якія б маглі не толькі праводзіць разам час, але і дапамагаць тым, хто па ўзросце або стане здароўя не можа даць рады хатнім справам. Адным словам, тое, што рабіла жанчына адна заўсёды — а дапамагаць тым, каму цяжэй, яе навучылі бацькі, — цяпер удалося ўвасобіць у суполку аднадумцаў. Калі праект толькі зараджаўся, каля яго вытокаў стаяла сем жанчын, некаторым з іх сёння ўжо за 90 гадоў. Нават двое мужчын не маглі застацца ў баку ад ініцыятывы: далучыліся таксама, прыкладаючы моцную мужчынскую руку да сельскагаспадарчых пытанняў. «Крыжоўцы» — так сталі называць у Папоўцы гэтых апантаных і заўсёды аптымістычных людзей, якія працягвалі руку дапамогі не толькі старым людзям, але і гаспадаркам найбліжэйшых вёсак. «Мы ездзілі ў Віцебск на вучобу, асвойвалі хуткую медыцынскую дапамогу. Гэта, дарэчы, вельмі спатрэбілася, калі закрылі фельчарска-акушэрскі пункт. Цяпер вяскоўцы ведаюць, што ў любы час у клубе можна памераць ціск, атрымаць таблетку, калі трэба. З дапамогай Чырвонага Крыжа мы набылі газонакасілку, ёсць мотаблок, каб апрацоўваць участкі нашым пажылым», — расказвае Ала Іванаўна.

Дэвіз «Мы — разам» стаў для ўдзельнікаў праекта сэнсам жыцця, асабліва для тых, хто на старасці гадоў застаўся ў адзіноце. Разам яны працуюць: капаюць бульбу тым, хто не можа сам, зімовай парой разам ад двара да двара расчышчаюць снег. «Ярка памятаю, як мы ездзілі дапамагаць фермерскай гаспадарцы ўбіраць буракі. Адной з нашых самых дарослых удзельніц праекта Кацярыне Сцяпанаўне Губарэвіч было ўжо за 80, здаецца, што здароўе ўжо не тое, каб ехаць на чужыя грады. Аднак яна ўсё роўна была з намі на полі і радавалася, што мы разам. Гэты момант на фотаздымку мы захоўваем і сёння. Праект — ён пра душэўны парыў, адзінства ў смутку і радасці», — успамінае Ала Іванаўна.

А яны і сапраўды застаюцца разам у самыя цяжкія і самыя радасныя моманты жыцця: разам святкуюць юбілеі і святы народнага календара, разам праводзяць у апошні шлях колішніх таварышаў... Шмат хто з вясковых, калі распачынаўся праект, імкнуўся далучыцца да яго з-за ілюзіі вялікіх грошай, аднак за ўсе добрыя справы тут не плацяць. Аплатай за дапамогу жанчыны лічаць шчырыя словы падзякі і энергію дабра, якая ідзе ад навакольных.

Руку дапамогі клуб працягвае і тым, хто аб ёй не просіць. Летась на вучэннях у вёсцы спыніліся нашы салдаты. Тут жа жанчыны разгарнулі палявую кухню: гатавалі дома кампоты і супы, тушылі бульбу. Пакінулі і начаваць, каб хлопцы не мерзлі на вуліцы. Проста ад усёй душы, па-мацярынску. Трэба сказаць, што акрамя праекта і клуба, Ала Іванаўна больш за 20 гадоў з’яўляецца старэйшынай Папоўкі. «Як мяне выбралі на гэту пасаду — не ведаю. Але вёску, якая за столькі гадоў стала мне роднай, я люблю і цяпер, імкнуся зрабіць яе прыгажэйшай і больш утульнай», — расказвае гераіня аповеда. Так, разам з жанчынамі пры дапамозе ЖКГ адрамантавала закінуты калодзеж, каб у вёсцы была яшчэ адна крыніца чыстай вады. Летам цэнтр вёскі тоне ў яркіх фарбах шматлікіх кветнікаў, разбітых удзельнікамі праекта. Жыхары вёскі, якіх сення засталося каля 80 чалавек, у першую чаргу звяртаюцца па дапамогу да старэйшыны: дзе на могілках трэба спілаваць дрэва, дзе дарогу падсыпаць. Старшыня Нямойтаўскага сельсавета Анатоль Бараноўскі адзначае, што такіх адданых свайму населенаму пункту людзей засталося няшмат. «Мы заўсёды на сувязі, буйныя праблемы вырашаем агульнымі сіламі, а з-за дробных пытанняў Ала Іванаўна і не турбуе».

Калі адна з падапечных праекта зімой зламала нагу, старэйшына паліла ёй у печы, гатавала ежу. У эпідэмію каранавіруса, калі зносіны сталі дыстанцыйнымі, жанчыны прыносілі адна адной прадукты. Нават за апошнім канём, на якім калісьці вакальны калектыў «Рабінушка» ездзіў даваць канцэрты ў суседнія вёскі, даглядалі разам, калі гаспадыня злегла.

Сёння ў Папоўцы пастаяннымі ўдзельнікамі праекта «Мы — разам» з’яўляюцца 13 чалавек, сярод якіх не толькі людзі паважанага ўзросту, але і маладая дзяўчына. Некаторыя з валанцёраў удзельнічаюць цэлымі пакаленнямі, акружаючы клопатам каля пяці чалавек, сярод якіх інвалід дзяцінства. Акрамя звыклых гаспадарчых спраў, жанчыны пад кіраўніцтвам Алы Шмурадкі рыхтуюць канцэрты, займаюцца ў клубе аматараў народных свят і абрадаў «Аколіца» дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам.

На развітанне я пытаюся ў Алы Іванаўны, якая справіла 60-гадовы юбілей, адкуль у ёй столькі жыццёвых сіл і дабрыні? «Ведаеце, энергія, якая ідзе ад людзей навокал, з’яўляецца для мяне агеньчыкам, які штораз запальвае сэрца. Для мяне шчасце — дарыць людзям дабро, шчасце — жыць у любімай краіне пад мірным небам. І нават калі б лёс закінуў мяне ў іншую прафесію, я б усё роўна засталася тым чалавекам, якім мяне выхавалі бацькі», — дзеліцца сакрэтам любові да жыцця Ала Шмурадка.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?