Вы тут

Дзюдаісты паказалі максімум, але хацелі б лепшага выніку


Здаецца, ІІ Гульні краін СНД толькі пачаліся, а ў некаторых відах спорту ўжо разыгралі ўсе медалі, у гонар чэмпіёнаў прагучалі гімны, гледачы парадаваліся перамогам і пажурыліся з-за паражэнняў. Так, у панядзелак скончылася спаборніцкая праграма па дзюдо. Спецыяльна дзеля іх у Гомельскім лядовым палацы спорту лёд змянілі на татамі, на якім з 5 да 7 жніўня кіпела барацьба паміж спартсменамі 2006–2008 гадоў нараджэння з дзевяці краін. Майстры «гібкага шляху» выступалі ў васьмі вагавых катэгорыях сярод юнакоў і дзяўчат. Беларускія спартсмены на татамі не згубіліся, у скарбонцы гаспадароў турніру адзін сярэбраны і сем бронзавых медалёў.


Першы медаль для беларускай каманды заваявала Софія Варапай, якая стала бронзавым прызёрам у вагавой катэгорыі да 44 кг. Арына Макеенка стала сярэбраным прызёрам у катэгорыі да 48 кг. «Зрабіла прыём, але не да канца дацягнула рукамі, саперніца пачала мяне паднімаць — і я ўпала на спіну. Я гэтага не чакала», — растлумачыла сваю памылку спартсменка. Трэцяе месца ў вагавой катэгорыі 63 кг заняла Эмілія Ксенжык. Свой медаль спартсменка прысвяціла бацькам. Ганна Сітнік таксама заваявала бронзавы медаль у катэгорыі 70 кг. У катэгорыі звыш 70 кг трэцяе месца атрымала Вікторыя Суворава. Медаль яна заваявала ў паядынку супраць сяброўкі па камандзе Дар’і Мішуты. Як адзначыла Вікторыя, выходзіць на татамі супраць калегі па камандзе больш складана, чым супраць незнаёмай саперніцы. У мужчын у вагавой катэгорыі да 90 кг на трэцюю прыступку п’едэстала падняўся Яўген Марозаў. Бронзавымі прызёрамі ІІ Гульняў краін СНД сталі таксама Рыгор Зурначан (55 кг) і Мацвей Сычоў (60 кг).

Праграму па дзюдо закрывалі спаборніцтвы змешаных камандаў. У матчы за трэцяе месца беларусы перамаглі каманду Туркменістана і скончылі ІІ Гульні краін СНД на прыгожай бронзавай ноце. «Мы рады, што да нас прыехалі спартсмены з дзевяць краін, яны зараджаныя, мы зараджаныя. А мы засумавалі па сапраўднай барацьбе. Усімі сіламі стараліся пераадолець хваляванне. Хацелася б лепшы вынік», — падкрэсліла трэнер Таццяна Кунцэвіч. Аднак нават бронзвы медаль — лепш, чым ніякі.

Для спартсменаў ІІ Гульні краін СНД былі галоўным стартам сезона. Тыя прайшлі некалькі вучэбна-трэніровачных збораў, некалькі адборачных стартаў. Падрыхтоўка была праведзена каласальная, накіраваная толькі на перамогу. Аднак у спорце заўсёды ёсць месца «але». На гэта звярнуў увагу і Андрэй Казусёнак, галоўны трэнер мужчынскай нацыянальнай зборнай па дзюдо. «У асабістых спаборніцтвах, улічваючы, што ў нас адзін сярэбраны і сем бронзавых, хацелася б, каб быў залаты медаль. У катэгорыі 48 кілаграмаў у дзяўчынак і 90 кг у хлопчыкаў мы былі вельмі блізкія да перамогі. Спадзяваліся, але крыху не хапіла. Мы ўзялі колькасцю медалёў і расцягнулі задавальненне для гледачоў. Таму што столькі было прыгожых кідкоў, што вока цешылася. Усе нацешыліся прыгожым дзюдо», — заўважыў ён.

На ІІ Гульнях краін СНД беларусы выступалі супраць наймацнейшых краін у свеце дзюдо — Расіі, Казахстана, Узбекістана, Азербайджана. І па словах Андрэя Казусёнка, праявілі сябе вельмі дастойна. Таксама ён заўважыў, што ў Гомель прыехалі наймацнейшыя каманды. Асабіста для Андрэя Казусёнка Гульні краін СНД сталі магчымасцю прагледзець рэзерв для нацыянальнай каманды.

«У гэтым узросце ў некаторых спартсменах ужо бачная дарослая барацьба і можна даваць прагнозы, што з такой барацьбой чалавек пойдзе далей. Спартсменаў такога ўзросту можна разглядаць для падрыхтоўкі да наступных Алімпійскіх гульняў. У 2028 годзе ім будзе па 21, працэнтаў 30 спартсменаў заваёўвае медалі на Алімпійскіх гульнях і на чэмпіянатах свету менавіта ў такім узросце. Я таксама стаў прызёрам чэмпіянату свету па дзюдо ў 22 гады. Гэта юнакі, якія ў наступным алімпійскім цыкле будуць прадстаўляць нашу краіну», — адзначыў галоўны трэнер нацыянальнай зборнай.

Як заўважыў Аляксандр Цімошчык, старшы трэнер юнацкай зборнай па дзюдо, каманда рыхтавалася на «золата», але атрымалася заваяваць толькі «бронзу». Значыць, па словах трэнера, спартсмены гатовыя на «бронзу». А гэта значыць, што наперадзе ў іх вельмі шмат работы. Але тое будзе пасля невялікага адпачынку. А цяпер самі спартсмены і іх трэнеры шчаслівыя ад таго, што прыгожа выступілі на высокім узроўні, пры цёплай падтрымцы публікі.

«Татамі — гэта наша сцэна, на якой спартсмен робіць сваю справу, цешачы гледачоў. Мы стараліся цешыць гомельскіх гледачоў, а яны цешылі нас, за што я ім вельмі ўдзячны», — падкрэсліў Аляксандр Цімошчык.

Рэпетыцыя перад галоўнымі стартамі

Спаборніцтвы і асабліва іх прыгожае заканчэнне — эмацыянальны момант не толькі для спартсменаў, але і для кіраўнікоў. Не хаваў сваіх эмоцый і старшыня Беларускай федэрацыі дзюдо Павел Ясяноўскі. «Мы бачылі два дні бліскучай бескампраміснай барацьбы на індывідуальных сустрэчах і трэці дзень уражальнай каманднай барацьбы. Такія спаборніцтвы — не толькі складнік барацьбы, але і шанц для ўсіх пазнаёміцца і пасябраваць. Хацелася б, каб наша моладзь пераймала традыцыі, якія былі закладзены дзюдаістамі раней», — падзяліўся ён з журналістамі. Кіраўнік беларускага дзюдо падкрэсліў, што па напружанні на татамі не было розніцы — дарослыя там змагаюцца або кадэцкая група. «Гэтыя спартсмены — заўтрашні дзень нашага дзюдо, моцныя спартсмены, якія прайшлі вельмі доўгі і жорсткі адбор, дабіліся права выступаць і прадстаўляць краіну на ІІ Гульнях краін СНД. Важна згуртаваць каманду, настроіць на работу — гэта тое, што робіць наш трэнерскі штаб, і мы бачым, што ў іх гэта атрымліваецца. Мы ўжо прыступілі да алімпійскага адбору, рашэнне будзе прынята ў кастрычніку. Цяпер нацыянальная каманда рыхтуецца выступаць на турніры ў Баку», — сказаў ён.

Мала хто ведае, што старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко займаўся дзюдо. «Фінал камандаў было глядзець адно задавальненне. Тэхніка ў рабят высокая. Прыемна было назіраць за беларусамі. Хацелася, вядома, каб яны пазмагаліся за „золата“ з расіянамі. Дзеці таго вартыя», — падзяліўся ён сваімі ўражаннямі. Па словах Івана Крупко, рэгіёну за гонар прымаць дзюдо ў Гомелі, самба ў Жлобіне«. «Мы імкнуліся стварыць усе ўмовы так, каб паказаць гасцям Беларусь, паказаць Гомельшчыну, нашы турыстычныя магчымасці і тое, што мы можам у спорце. Дзякуючы такому спартыўнаму святу колькасць моладзі, якая займаецца спортам, удвоіцца, утроіцца. А тыя трэнінгі, якія праводзілі алімпійскія чэмпіёны для моладзі, адыграюць сваю ролю ў далейшым развіцці дзюдо як на Гомельшчыне, так і ў цэлым у краіне», — падкрэсліў Іван Крупко.

Майстар-класы ад алімпійскіх чэмпіёнаў сталі яркім і незабыўным элементам спаборніцтваў па дзюдо. Сваім вопытам дзяліўся расійскі дзюдаіст алімпійскі чэмпіён Тагір Хайбулаеў. Ён прызнаўся, што не чакаў убачыць на спаборніцтвах шмат людзей на трыбунах. Але гэта стварае атмасферу свята на турніры. «Цікавасць да ІІ Гульняў краін СНД выкліканая тым, што спаборніцтвы падобныя і да Алімпійскіх гульняў. Шмат відаў спорту, спаборніцтвы праходзяць у розных гарадах. Удзел у такім спаборніцтве для хлопчыкаў і дзяўчынак — гэта рэпетыцыя перад стартамі ўжо ў большым узросце», — падкрэсліў чэмпіён.

Зразумела, што свята дзюдо не магло прайсці і без майстар-класа ад Ігара Макарава, адзінага ў Беларусі алімпійскага чэмпіёна па згаданым відзе спорту. Алімпіец нарадзіўся на Гомельшчыне і сёння працуе на радзіме. Ён падкрэсліў, што падобных турніраў па дзюдо ў Гомелі не было ніколі. І гэта абавязкова паўплывае на далейшае развіццё віду спорту ў рэгіёне. «Трыбуны — бачылі? Яны запоўненыя поўнасцю. Спадзяюся, што ўдалося па-сапраўднаму зацікавіць людзей. Мы вельмі старанна рыхтаваліся да гэтага турніру, столькі сіл уклалі, каб усё было і відовішчна, і прыгожа. Думаю, нам удалося паказаць, што дзюдо — адзін з самых прыгожых відаў спорту, і яшчэ больш моладзі захоча запісацца ў секцыі па дзюдо», — падзяліўся ўражаннямі Ігар Макараў.

Хто ведае, можа, падчас ІІ Гульняў краін СНД на татамі выйшлі новыя Макаравы ці будучая першая алімпіская чэмпіёнка па дзюдо?

Валерыя СЦЯЦКО

Гомель

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».