Вы тут

У Беларусі прынята дэкларацыя патрыятычных сіл


На пасяджэнні штаба патрыятычных сіл Рэспублікі Беларусь на базе Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску прынята абноўленая дэкларацыя патрыятычных сіл, перадае БелТА.


Фота: БелТА.

Тэкст дэкларацыі зачытаў старшыня Беларускай партыі «Белая Русь», старшыня РГА «Белая Русь», член Савета Рэспублікі Алег Раманаў.

«Год таму мы сабраліся на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы і прынялі першую сумесную дэкларацыю. З задавальненнем адзначаем, што яе пункты выконваюцца як самімі ўдзельнікамі таго форуму, так і органамі дзяржаўнай улады. За мінулы час былі прыняты законы аб Усебеларускім народным сходзе, аб грамадзянскай супольнасці, аб палітычных партыях. У Беларусі паслядоўна ажыццяўляецца ўдасканаленне палітычнай сістэмы. А гэта ўмацоўвае нашу незалежнасць і суверэнітэт», — гаворыцца ў дэкларацыі.

Ужо зусім хутка Беларусь уступіць у пару сур’ёзных выбарчых кампаній. «У лютым 2024 года адбудуцца выбары ў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, мясцовыя саветы, будзе сфарміраваны склад Усебеларускага народнага сходу. А ў 2025 годзе пройдуць прэзідэнцкія выбары. Мы ўсведамляем, што ў любым грамадстве палітычнае жыццё непазбежна суправаджаецца канкурэнцыяй, сутыкненнем поглядаў і ідэй, нават барацьбой за галасы выбаршчыкаў. Адначасова ўсе мы зацікаўленыя, каб гэты працэс праходзіў у цывілізаванай форме, не вёў да расколу грамадства, а спрыяў яго паступальнаму руху наперад», — падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

У сувязі з гэтым грамадска-палітычныя сілы Беларусі пацвярджаюць сваю прыхільнасць наступным прынцыпам, якімі будуць кіравацца ў далейшай дзейнасці, у тым ліку ў перадвыбарчы перыяд. «Незалежнасць і суверэнітэт з’яўляюцца непарушнай асновай нашага разумення дзяржаўнасці. Канстытуцыя ў рэдакцыі, адобранай на ўсенародным рэферэндуме 27 лютага 2022 года, вызначае агульнапрызнаныя рамкі айчыннай мадэлі развіцця. Дасягненні перыяду прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі задаюць вектар развіцця нашай краіны на многія гады наперад. Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца святымі сімваламі, якія гуртуюць увесь народ. Беларусь захоўвае вернасць сваім абавязацельствам у Саюзнай дзяржаве, заснаваным на разуменні агульнасці шляху ўсходнеславянскіх народаў, нягледзячы на ўсе нягоды і выпрабаванні. Палітычнае жыццё павінна будавацца ў ключы адкрытай дыскусіі па актуальных грамадска значных пытаннях. Брудныя палітычныя тэхналогіі недапушчальныя падчас выбарчых кампаній, яны супярэчаць самаму разуменню грамадскага ладу, уласціваму беларусам. Любое замежнае ўмяшанне ва ўнутрыпалітычныя працэсы краіны з’яўляецца злачынным і павінна цалкам выключацца. Партыі, а таксама асобныя кандыдаты, якія ўдзельнічаюць у выбарах, у сваіх палітычных праграмах павінны кіравацца перш за ўсё агульнанацыянальнымі інтарэсамі, не разменьваючы іх на імгненныя прыватныя разлікі. Распальванне якой бы там ні было варожасці ўнутры беларускага грамадства непрымальнае», — адзначаецца ў дэкларацыі.

«Перакананыя, што ўсе мы, народ Рэспублікі Беларусь, годна пройдзем адказны палітычны перыяд і прадэманструем усяму свету сваю высокую грамадзянскую культуру, прыхільнасць нормам сапраўднага народаўладдзя», — падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.