Вы тут

Дылема паходжання Мінска будзе вырашана? Што знайшлі на раскопках каля Менкі


Прыкладна за дзесяць кіламетраў на захад ад сучаснага Мінска, на беразе ракі Менкі пры ўпадзенні ў яе ручая Дунай, размешчана старажытнае гарадзішча. Вучоныя мяркуюць, што менавіта тут знаходзіўся летапісны Мінск. Аб гэтым кажуць і знойдзеныя там артэфакты. Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка даручыў Нацыянальнай акадэміі навук арганізаваць маштабнае вывучэнне археалагічнага комплексу. Гэта неабходна для вызначэння яго гісторыка-культурнай ролі ў ІХ—ХІ стагоддзях і яго значэння ў гісторыі Мінска і Беларусі.


Палявы археалагічны сезон 2023 года на беразе ракі Менка пачаўся ў красавіку з правядзення інструментальнага даследавання першага селішча і працягнуўся летам паўнавартаснымі археалагічнымі раскопкамі. На першым селішчы былі закладзены два раскопы агульнай плошчай 220 квадратных метраў, на другім — таксама два раскопы плошчай 104 квадратныя метры.

Больш за 100 унікальных рэчаў ІX—XІІ стагоддзяў было прадстаўлена на выставе «Падарожжа ў мінулае: галоўныя артэфакты з археалагічнага комплексу на рацэ Менка», якая больш за два тыдні працавала ў Мінскай гарадской ратушы і закрыецца заўтра, 13 жніўня. Сярод экспанатаў — фрагменты керамічных гаршчкоў і таварныя пломбы з княжымі знакамі прадстаўнікоў полацкай дынастыі. Асобнае месца адведзена знаходкам з комплексу «ювелірная майстэрня», які знойдзены на другім селішчы: матрыцам, загатоўкам для стварэння ювелірных вырабаў, спецыяльным інструментам ювеліра.

У раскопках пад кіраўніцтвам навукоўцаў і археолагаў з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі бяруць удзел студэнты вядучых дзяржаўных універсітэтаў з розных рэгіёнаў краіны, а таксама валанцёры.

— Гэта самыя буйныя раскопкі археалагічнага сезона, якія вядуцца сіламі беларускіх універсітэтаў пад кіраўніцтвам археолага Андрэя Вайцяховіча, — адзначыла вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-фондавай работы Музея гісторыі горада Мінска Яўгенія Стальмахова. — Гэта каласальная колькасць людзей. Галоўная задума — максімальна раскрыць археалагічны комплекс. На працягу апошніх месяцаў яны капалі селішча неўмацаванага гарадзішча на валах. Гэта велізарная пляцоўка, абмежаваная валамі на некалькі дзясяткаў метраў плошчай некалькі гектараў.

Спецыяліст мяркуе, што гарадзішча было заселена ў ІX—X стагоддзях: «Галоўнай задачай было правесці комплекснае даследаванне. Цяпер яны разразаюць вал, глядзяць, што там унутры. Вал — гэта земляны насып, які абараняў насельніцтва ад нападзення. З аднаго боку там працякае легендарная рэчка Менка, ад якой, як мяркуюць многія гісторыкі, пайшоў наш Мінск, яго назва. Дылема нашых беларускіх археолагаў — адкуль пачынаўся Мінск. Яе хацелася б вырашыць».

Паводле адной з гіпотэз, менавіта гэтае гарадзішча было старажытным Менскам, а ўжо пасля таго, як яго некалькі разоў спалілі, паселішча перанеслі на цяперашняе месца — каля рэк Свіслач і Няміга. Гэта адзін з найважнейшых археалагічных помнікаў Беларусі.

Але дакладна вызначыць, адкуль пайшоў Мінск, — справа не аднаго археалагічнага сезона. Яўгенія Стальмахова звяртае ўвагу, што на Менцы было паселішча менавіта гарадскога тыпа, а не сельскага.

— Знойдзеныя артэфакты кажуць аб развітой матэрыяльнай культуры, рамёствах. Напрыклад, аднымі з самых топавых знаходак з’яўляюцца донцы з княжымі клеймамі. Як мяркуе Андрэй Вайцяховіч, адно з гэтых донцаў — з таўром сына Рагнеды Ізяслава, — распавяла вядучы супрацоўнік.

Па словах спецыяліста, былі знойдзены дзіўныя фрагменты керамікі ІX—X стагоддзяў з цудоўнай арнаментацыяй і нават сальніца для нейкіх спецый, а таксама дырхемы, што кажа аб развітых эканамічных сувязях з Блізкім Усходам, з арабскімі дзяржавамі.

Дзякуючы знаходкам на Менцы можна ўявіць, як упрыгожвалі сябе людзі больш за тысячу гадоў таму.

— У нас ёсць комплекс ювелірнай майстэрні, інструменты ювеліра, розныя формы для ліцця. Накладкі на рамяні, фібулы для зашпількі плашча, бранзалет, скроневыя колцы і падвеска, загатоўка для пярсцёнка. Таксама былі знойдзены і шкляныя каралі. У нас доўгі час не было шкла. Гэта кажа пра тое, што тут былі рэчы замежныя. Прадстаўлены і касцяныя грабеньчыкі, — звярнула ўвагу Яўгенія Стальмахова.

Самае цікавае — дырхемы, манета Ягайлы ці Вітаўта, гандлёвыя пломбы. У археалагічным асяроддзі прынята лічыць, што такімі пломбамі таўравалі князі тавар, які пастаўляўся з іх тэрыторыі.

Яшчэ адна незвычайная рэч — жарон. Яго, як мяркуе спецыяліст, выкарыстоўвалі ў рытуальных мэтах. Ёсць і шыферныя (вытачаныя з каменю), і гліняныя прасліцы. Шырока прадстаўлена гаспадарчая атрыбутыка: тачыльныя камяні, фрагмент каменнай сякеры, ножыкі, кісцень, паплавок, ключ, ручка ад вядра.

— Ад нашых археолагаў мы чакаем новых адкрыццяў. Гэта знакавая пляцоўка, таму што звязаная з пытаннем узнікнення Мінска. Важна тое, што там захаваліся валы. Было б выдатна стварыць там музей. Цяпер ідзе гаворка пра тое, каб зрабіць гэтыя раскопкі асновай для экспазіцый, але пакуль не ведаем, як гэта будзе выглядаць, — падагульніла Яўгенія Стальмахова.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.