Вы тут

Ганна Анісенка — перамагла анкалогію і стала аднім з першых бальнічных клоўнаў у Беларусі


Ганна Анісенка не толькі актрыса, але і педагог, і шматдзетная маці. А яшчэ адзін з першых бальнічных клоунаў у Беларусі. Жанчына, якая перамагла анкалогію. Аптыміст, у якога варта павучыцца такому складанаму майстэрству, як майстэрства жыць.


Тэатральны «вірус»

Яна нарадзілася ў тэатральнай сям’і. Бацька — акцёр і рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Данілавіч Анісенка. Мама (на жаль, ужо нябожчыца) — актрыса Святлана Аляксееўна Некіпелава. Нядзіўна, што палову дзяцінства Аня правяла за кулісамі, на гастролях; многія спектаклі ведала на памяць, а знакамітыя артысты бывалі ў іх дома ў гасцях. Не падхапіць тэатральны «вірус» дзяўчынка проста не магла. Аднак бацькі не падтрымлівалі ў ёй імкнення прадоўжыць акцёрскую дынастыю. І пасля школы Ганна Анісенка ўладкавалася працаваць сакратаром на філфак БДУ. Цікаўнай і актыўнай, ёй там усё настолькі падабалася, што праз год яна стала «па сумяшчальніцтве» студэнткай-завочніцай.

— Вучылася я з задавальненнем, — прызнаецца мая суразмоўніца. — Пасля заканчэння ВНУ атрымала накіраванне ў аспірантуру. Але паступаць вырашыла ў Акадэмію мастацтваў. Усе 5 гадоў вучобы на філфаку іграла ў студэнцкім тэатры. Яго кіраўніка — Людмілу Іосіфаўну Ярмак лічу сваім першым педагогам акцёрскага майстэрства. Пастаянна чуючы ад навакольных аб сваёй яркай тэатральнасці, зразумела: каб пасля не шкадаваць аб нерэалізаваных марах, павінна трапіць да майстроў і пераканацца, ці ёсць у мяне сапраўднае прызванне. Так апынулася ў БДАМ на рэжысёрскім курсе Барыса Пятровіча Уторава.

Але завяршыць вучобу ў Акадэміі ў Ганны не атрымалася. Жыццё ўнесла свае драматычныя карэктывы: муж трапіў у аварыю. Да таго часу ў яе было дзве маленькія дачкі: Саша і Глаша. Прыйшлося браць акадэмічны водпуск: выходжваць мужа, займацца дзецьмі. Завяршала Ганна сваю рэжысёрскую адукацыю ўжо ва ўніверсітэце культуры. А атрымаўшы дыплом, разам з іншымі аднакурснікамі прыйшла ў РТБД. І да гэтага часу працуе тут.

— У тэатры не бывае лёгка, — перакананая Ганна Анісенка. — Разам з тым, тут заўсёды можна атрымаць задавальненне — ад цікавай ролі, ад ігры з партнёрамі, рэакцыі публікі. Гэта складаны свет, але калі яго любіш, у ім знаходзіш крыніцу натхнення і апору. Ну дзе яшчэ, як не на сцэне, дарослыя могуць ад душы падурэць, «пахуліганіць»? Дзе яшчэ, як не ў тэатры, глядач можа раздзяліць з іншымі перажыванні выдуманых персанажаў, пераканацца: ён не адзінокі ў сваіх страхах, пакутах, пошуку, сумненнях?

Сёння ў Ганны Анісенкі не шмат роляў у пастаноўках РТБД. Састарэлая маці ў «Калецы з вострава Інішман», Міа ў «Тэстах для дарослых», Магрэта ў «Адамавых жартах». Аднак без справы яна не сядзіць. Удзельнічае ў праектах Камернага драматычнага тэатра: «Авантурысткі», «Мамкі», «Вераніка вырашае памерці», «Клініка», «Шчаўкунчык», у імерсіўным спектаклі-шоу «Д’ябал і сеньярыта Прым».

— Іграю цяпер вельмі розных гераінь — падманутую жонку, крутую бізнес-лэдзі, інтэлігентную настаўніцу, інтрыганку гаспадыню гасцініцы. І гэта радуе, — адзначае Ганна. — Сумна, калі даюць аднолькавыя ролі. Як актрысе мне заўсёды цікава паназіраць з боку за сваімі не вельмі сімпатычнымі, а часам адкрыта адмоўнымі персанажамі: і паздзекавацца з іх, і паспачуваць.

Апроч акцёрскай прафесіі, Ганна Анісенка рэалізоўвае сябе як рэжысёр і педагог у школе-студыі «Авансцэна» пры Камерным драматычным тэатры. Раскрывае падлеткам сакрэты акцёрскага майстэрства, разам з імі ставіць спектаклі, абуджае ў іх дух творчасці. Ганна Валер’еўна разумее і любіць дзяцей. У яе жыцці гэта — зусім асаблівая «тэма».

Крэатыўная мама

Ганна Анісенка прызнаецца: для яе сэнс жыцця ніколі не зводзіўся да прафесійнай кар’еры, не замыкаўся ў межах тэатра і акцёрскай рэалізацыі. Ёй заўсёды хацелася праявіць сябе ў розных якасцях і на розных нівах. Адна з самых галоўных для Ганны роляў — роля мамы. Прычым не простай, а па яе ўласным вызначэнні — крэатыўнай.
Старэйшай дачцэ Аляксандры сёння 34 гады, Глафіры — 27 гадоў. Яны ўжо дарослыя і самастойныя. Малодшаму, Дзмітрыю, — 14 гадоў.

— Я зусім не належу да жанчын, якія настроены жыць без мужчыны, — кажа Ганна Анісенка. — Наадварот, вельмі імкнулася стварыць моцную сям’ю, старалася быць клапатлівай жонкай. Але так здарылася. Калі мой другі муж трапіў у аварыю, Глафіры не было года. Гэта быў вельмі цяжкі перыяд. Муж выжыў, але мы ўсё роўна рассталіся, я аказалася з дочкамі адна.

Якія б ні былі матывы разводаў дарослых, зразумела, наколькі гэта складана — застацца адной з дзвюма маленькімі дзяўчынкамі, бадзяцца з імі па здымных кватэрах, іграць у тэатры, здымацца, «круціцца» і зарабляць. Калі ў руках з’яўляліся свабодныя грошы, Ганна ўкладвала іх у вандраванні з Сашай і Глашай, у памнажэнне ўражанняў.

Уласна, менавіта дочкі і падштурхнулі Ганну да трэцяга шлюбу. «Мама, а давай ты выйдзеш замуж», — параілі яны ў нейкі момант, пасталеўшы і ўсвядоміўшы, што іх маладая прывабная мама ў адзіночку цягне на сваіх плячах зусім не жаночы груз. Ганне здавалася: яна выходзіць замуж «па розуме» — мужчына сталы, прыстойны, грунтоўны. Яна адразу папярэдзіла, што хоча трэцяе дзіця, а паколькі нараджаць самой ужо нельга, то мае намер усынавіць малога. Муж і жонка прайшлі спецыяльныя курсы ў Цэнтры ўсынаўлення і ўзялі з Дома дзіцяці Дзіму. Ганна была перакананая: на гэты раз усё ў яе складзецца. На жаль, не: з трэцім мужам яна таксама рассталася, застаўшыся з нявыплачаным крэдытам на кватэру, Глашай і маленькім Дзімам (Аляксандра ўжо жыла самастойна). Калі не хапала акцёрскага заробку, уладкоўвалася ў клінінгавую кампанію, прыбірала офісы і кватэры.

— Мусіць, самадастатковасць не красіць мяне як жанчыну, — разважае Ганна. — Але я з ёю не нарадзілася, а набыла вымушана і лічу: у выніку гэта пайшло на карысць. Гэта мой варыянт шчасця.

Ганна прызнаецца: з дочкамі было лягчэй спраўляцца. І з-за маладосці, і з-за таго, што прынцыпы выхавання дзяўчынак ёй больш зразумелыя. Адносіны з Дзімам складваліся няпроста, выхаваўчы працэс не ішоў да таго часу, пакуль яна не ўстанавіла жорсткія рамкі. Паступова агульную мову з сынам усё ж знайшла. Для гэтага Ганне, паводле яе прызнання, прыйшлося асвоіць шматлікія мужчынскія навыкі, напрыклад, уменне абыходзіцца са шрубавёртам. Гледзячы на маму, да інструмента пацягнуўся і Дзіма. Касіць траву юнак навучыўся без удзелу мамы, хоць і па яе парадзе. Спачатку ўзяў некалькі віртуальных урокаў у інтэрнэце, потым замацаваў веды на практыцы пад кіраўніцтвам суседа па лецішчы. Асвоіў электрапілу. Вядома, такія поспехі сына Ганна імкнецца стымуляваць, заахвочваць.

Смех як лекі

На працягу 22 гадоў Ганна Анісенка ў вольны час (для мяне так і засталося загадкай, як ён у яе знаходзіўся, — заўв. аўтара) працавала бальнічным клоунам Нюшай. Некалькі разоў у месяц наведвала дзетак у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, Мінскім гарадскім цэнтры рэабілітацыі дзяцей, уносіла ў іх жыццё крыху радасці, свята, адцягвала ад цяжкіх думак, фізічнага болю, пачуцця несправядлівасці.

— Бальнічная клаунада — унікальны, хоць эмацыянальна цяжкі досвед, — падкрэслівае мая суразмоўніца. — Гледзячы на хворых дзетак, зразумела, мучыш сябе пытаннем: чаму яны пакутуюць? Гэта памнажае скруху. І разам з тым гэты досвед падарыў неацэнны эмацыянальны багаж, які вельмі спатрэбіўся мне як актрысе і педагогу. Акрамя таго, бальнічная клаунада навучыла імправізацыі ў экстрэмальных умовах. Гэта выручае ў тэатры, дзе заўсёды трэба быць гатовым да таго, што партнёр можа забыць словы і іншых падобных нечаканасцяў.

Набытыя веды напэўна спатрэбіліся Ганне і для самарэабілітацыі. Што называецца, «бальнічны клоун вылечыўся сам»! У 36 гадоў у яе знайшлі пухліну. Апроч аперацыі і медыкаментознага лячэння, па словах маёй гераіні, яе адназначна выратаваў аптымізм.

— Памятаю, толькі адышла ад наркозу, стала нешта распавядаць суседкам па палаце, — кажа актрыса. — Смяяліся так, што прыходзілі з іншых палат, цікавіліся, што нам «укалолі». І каментавалі: «Так, пашанцавала — вас яшчэ і клоун лечыць». Калі выйшла з клінікі, сказала сабе: «Колькі б мне ні было адпушчана жыць, няхай гэта будзе час, аб якім застануцца самыя светлыя і цудоўныя ўспаміны. І не толькі ў мяне, але і ў дачок».

Лікёр з дзьмухаўцоў

Яна дысцыплінавана выконвала ўстаноўленыя медыкамі абмежаванні, але абаротаў не збавіла. А потым яшчэ ўмудрылася выйсці замуж. І хай няўдала, але сын у яе ўсё ж з’явіўся!

— Мне не падабаюцца людзі, якія вечна скардзяцца, — дзеліцца Ганна Анісенка. — Праблемы ёсць ва ўсіх, іх трэба вырашаць, а не ныць і тым больш не перакладваць на іншых. Калі ў мяне пачынае нешта балець, штосьці мучыць, я буджу ў сабе «дарослую Аню» і кажу: «Стоп, а ну давай завязвай з гэтым. Шукай выйсце». Вось здарыліся непрыемнасці — спачатку з адным каленам, потым з другім. Прагноз урачоў адносна маіх ног быў вельмі песімістычны. Але я «падключыла» ёгу, і няхай боль усё роўна вяртаецца, але я на сваіх дваіх. Боль — у рэшце рэшт, гэта нармальна. Калі баліць — значыць, ты жывая. Наогул, часам дастаткова зірнуць на сітуацыю пад іншым пунктам гледжання, і ўсё становіцца на свае месцы.

Ганна не хавае: пасля смерці мамы, якой не стала два з паловай гады таму, яна не адразу апамяталася. Але дзесяцігоддзі работы над сабой выручылі і на гэты раз. Колькі яна скончыла за сваё жыццё разнастайных трэнінгаў асобаснага росту, навучальных курсаў, колькі прачытала разумных кніг! І гэта, зразумела, не было дарэмным: яна валодае рознымі прыёмамі псіхалагічнай самадапамогі. Але ўсё ж самыя галоўныя веды пра жыццё, пра тое, за што трымацца, у чым шукаць апору, калі зямля сыходзіць з-пад ног, Ганна Анісенка атрымлівала ад людзей, якіх сустракала на сваім шляху і якія станавіліся для яе сапраўднымі Настаўнікамі.

— Мая любімая бабуля, Ганна Рыгораўна Некіпелава, вызначалася велізарнай цікаўнасцю і здаровым авантурызмам: не баялася асвойваць нешта новае, усё хацела ў жыцці паспрабаваць, — распавядае актрыса. — Мне здаецца, гэтую якасць я ад яе атрымала ў спадчыну. Мяне таксама ратуе цікаўнасць і аптымізм. Я магу часам паляжаць, пахандрыць, але потым падымаюся, пачынаю «грэбці ластамі» і выплываю.

Калі яна моцна стамляецца, то чакае моманту, каб сесці ў маршрутку і паехаць на дачу. Там Ганна, паводле яе ўласнага выказвання, «зазямляецца». Гэта значыць — гатуе лікёр і варэнне з дзьмухаўцоў, пячэ хлеб на заквасцы, робіць свой хатні сыр і квас. А яшчэ слухае птушак, глядзіць у неба... І паступова напаўняецца энергіяй, аднаўляецца.

— Усе драматычныя моманты свайго жыцця я старалася пражыць дастойна, — расказвае Ганна Анісенка. — І сёння мне сумна проста дажываць. Хочацца жыць, ствараць, атрымліваць максімальнае задавальненне ад кожнага дня. Я адкрытая для новых праектаў і шчыра веру: наперадзе мяне чакае яшчэ шмат цікавага.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота дадзена РТБД і суразмоўніцай

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.