Вы тут

Якія задачы паставіла Наталля Качанава перад кіраўніцтвам Мінска


На пасяджэнні Мінскага гарвыканкама падвялі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця сталіцы за першае паўгоддзе. Абмеркаванне прайшло пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, якая з’яўляецца ўпаўнаважаным прадстаўніком Прэзідэнта ў Мінску.


«Мы збіраліся па выніках квартала, дамаўляліся, што да паўгоддзя ўсё будзе зроблена, — задала тон размовы Наталля Качанава. — Не ўсе задачы выкананы. Аб’ектыўныя прычыны, якія не залежаць ад Мінгарвыканкама, Уладзімір Кухараў агучыў на пасяджэнні Саўміна. Лічу, што рэспубліканскія органы кіравання ў тым ліку абавязаны далучыцца. І ў найкарацейшыя тэрміны давесці паказчыкі».

Як адзначыў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, «забяспечылі дынаміку па ўсіх паказчыках, дынаміку нядрэнную, але праблемы ёсць».

Першы намеснік старшыні Надзея Лазарэвіч, адзначыўшы станоўчыя моманты (добрая дынаміка па выхадзе з крызісу стратных прадпрыемстваў, рэнтабельнасць продажаў дасягнула больш як 5 працэнтаў, сярэдняя зарплата па Мінску дасягае 2,5 тысячы рублёў), назвала і праблемныя: «Напрыклад, ідзе рост складскіх астаткаў. Дынаміка росту недапушчальная, паколькі ёсць павышаны попыт на нашы тавары. Таму будзем акцэнтаваць увагу профільных міністэрстваў, каб звярнулі ўвагу на пэўныя прадпрыемствы, у якіх цяпер рост па складскіх астатках, — адзначыла яна. — Добрая дынаміка ў нас па рабоце з выплатай заработнай платы. Так, ёсць шэраг прадпрыемстваў, якія не паспяваюць у апошні дзень месяца закрыць заработную плату. Але мы разумеем, што з 15 прадпрыемстваў, якія лічацца ў статыстыцы па незакрытых у заработнай плаце, 11 — гэта прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў санацыі — банкруцтве. А два-тры — у розныя месяцы ўзніклыя прадпрыемствы, з якімі мы працуем кропкава і на працягу двух тыдняў закрываем пытанне з заработнай платай. Гэта значыць, працуем у ручным рэжыме з усімі суб’ектамі гаспадарання».

Наталля Качанава па кожнай тэме абмеркавання паставіла перад кіраўніцтвам горада канкрэтныя задачы, якія павінны быць выкананы.

Больш актыўна павінны працаваць кіраўнікі прадпрыемстваў сталіцы

«Будзе сур’ёзная размова і сур’ёзна спытаем. Прэзідэнт нашай краіны дакладна паставіў задачу па выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, — падкрэсліла спікер. — Трэба сёння рабіць усё магчымае і немагчымае і не трэба спасылацца ні на якія санкцыі. Забудзьцеся аб гэтых санкцыях, для вас яны не існуюць, вы павінны працаваць як трэба». «Сёння час магчымасцяў. Аб гэтым Прэзідэнт гаварыў шмат разоў, — сказала Наталля Качанава. — Таму павінен быць самы жорсткі запыт з кожнага за тое, чым ён займаецца. Кожны за сваё прадпрыемства павінен адказваць. Размова па 9 месяцах будзе вельмі сур’ёзная. Павінны быць зроблены ўсе меры для выканання прагнозных паказчыкаў».

«Трэба, каб у Мінску была дастойная заработная плата. І людзі атрымлівалі зарплату, якую яны зарабілі», — паставіла задачу Старшыня Савета Рэспублікі.

Аб’екты незавершанага будаўніцтва павінны быць на пастаянным кантролі

«Што да будаўніцтва жылля і перспектыў — дакладна трэба ведаць, як мы плануем развіваць горад Мінск з улікам генплана, той дэмаграфічнай сітуацыі, якая будзе складвацца. Гэта павінна быць сур’ёзная прапрацоўка», — адзначыла Наталля Качанава.

Паводле слоў спікера, важна ведаць канкрэтныя тэрміны ўводу аб’ектаў звышнарматыўнага будаўніцтва. «Вы дакладна скажыце людзям — калі ўведзяце аб’ект, і прапішам у рашэнні выканкама. Гэта ваша ацэнка работы. Аб’екты незавершанага будаўніцтва — на кантролі ў Прэзідэнта, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. — Гэта задача ў тым ліку кіраўнікоў адміністрацый раёнаў».

Рыхтаваць кадры павінны пад патрэбы эканомікі

«Сёння дзяржава выдзяляе вялікія сродкі на адукацыю. І трэба максімальна эфектыўна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі», — сказала Наталля Качанава.

Паводле слоў спікера, не менш важнае пытанне — далейшы лёс выпускнікоў ВНУ. «Галоўнае сёння — думаць, што будзе з маладымі людзьмі і куды яны пойдуць пасля навучання, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. — Задача Прэзідэнтам пастаўлена адназначная: кожны выпускнік павінен атрымаць рабочае месца. Мы павінны рыхтаваць кадры пад патрэбы эканомікі».

Паводле БЕЛТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».