Сярод іншых дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія маюць дачыненне да літаратурнага працэсу мінулых дзесяцігоддзяў — сярэдзіны XX стагоддзя — увагу прыцягвае і вось гэта даведка ці дакладная запіска... Адрасаваная сакратару ЦК КП Беларусі таварышу Мазураву К. Т. (з 28 ліпеня 1956 г. — да 30 сакавіка 1965 г. — Першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі), яна носіць даволі канкрэтную назву, якая адразу ўводзіць, што называецца, «у тэму»: «Аб рабоце партыйнай арганізацыі Саюза Пісьменнікаў БССР». І датавана 23 лютага 1963 года... Хто яе аўтары — можна толькі здагадвацца. Але ж не гэта нават галоўнае. Хто б ні стаяў за самім тэкстам — інакшым ён наўрад ці быў бы.
Напрыканцы 1950 — у пачатку 1960-х гг. савецкая літаратура «ўздыхнула» на поўныя грудзі. Ці ў любым выпадку — паспрабавала дыхаць напоўніцу... Мяркуйце па імёнах і творах рускай і ўвогуле савецкай літаратуры, якія сталі вядомымі шырокаму чытачу ў тыя гады... У 1956 годзе выходзіць раман Уладзіміра Дудзінцава «Не хлебам адзіным». А яшчэ раней, у 1954 годзе, часопіс «Знамя» друкуе аповесць Ільі Эрэнбурга «Адліга», якая і дала назву цэламу дзесяцігоддзю... Надрукаваны аповесці пісьменнікаў-франтавікоў Юрыя Бондарава, Рыгора Бакланава. У іх шэрагі становяцца і творы беларускага празаіка Васіля Быкава — «Жураўліны крык» (1961), «Трэцяя ракета» (1962). Выдаюцца зборнікі вершаў паэтаў франтавога пакалення — Барыса Слуцкага, Аляксандра Межырава, Яўгена Вінакурава, Давіда Самойлава... 11 верасня 1955 года ў Маскве прайшоў першы Дзень паэзіі. Паэты выйшлі на пляцоўкі вялікіх палацаў культуры, на стадыёны, чыталі вершы ў кнігарнях. У 1958 годзе за раман «Доктар Жывага», надрукаваны за межамі СССР, Барысу Пастэрнаку прысуджаюць Нобелеўскую прэмію па літаратуры... І разам з тым шмат што не друкавалі, забаранялі, на многія публікацыі абвальваўся шквал аглабельнай крытыкі…
У Беларусі аўтары дакладной запіскі супакойваюць партыйнага кіраўніка рэспублікі: «Варта адзначыць, што на беларускую літаратуру не аказалі якога-небудзь істотнага ўздзеяння атакі замежнага рэвізіянізму. Нават у той час, калі асобныя літаратары, якія няправільна вытлумачылі прынцыповую крытыку культа асобы, былі падвергнуты рэвізіянісцкім хістанням, беларуская пісьменніцкая арганізацыя прадэманстравала сваю ідэйную сталасць і трываласць, сваю вернасць прынцыпам сацыялістычнага рэалізму, прынцыпам партыйнасці і народнасці савецкай літаратуры. Беларускія пісьменнікі адзінадушна ўхвалілі меры, якімі ЦК КПСС перапыніў фракцыйныя дзеянні антыпартыйнай групы і цвёрда стаяць на ідэйных пазіцыях партыі.
За час, які прайшоў пасля XX з’езда КПСС, беларускія літаратары стварылі нямала твораў, якія заваявалі любоў і прызнанне народа праўдзівым і высокамастацкім адлюстраваннем жыцця, яго сённяшняга дня і гераічнага мінулага.
Канкрэтнымі творамі адгукнуліся беларускія пісьменнікі на заклік партыі зрабіць галоўным героем літаратуры нашага сучасніка.
Лепшыя творы апошніх гадоў адзначаны Дзяржаўнымі і рэспубліканскімі прэміямі. Ленінскай прэміі ўдастоены народны паэт БССР П. Броўка за зборнік „А дні ідуць...“ Прэміі імя Якуба Коласа і Янкі Купалы прысуджаны М. Танку, П. Панчанку, П. Броўку, І. Шамякіну, А. Адамовічу, А. Макаёнку і У. Дубоўку.
Станоўчую ацэнку атрымалі ў чытачоў і літаратурнай крытыкі „Людзі на балоце“ І. Мележа, „Вайна пад стрэхамі“ А. Адамовіча, „Трэцяя ракета“ В. Быкава, „Лявоніха на арбіце“ А. Макаёнка, „Пад адным небам“ А. Маўзона, „Вецер з Волгі“ А. Вялюгіна, вершы М. Танка, П. Панчанкі, А. Куляшова, К. Кірэенкі, С. Грахоўскага, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна і г. д. Белдзяржвыдат выпусціў серыю нарысаў „Нашы сучаснікі“ аб перадавых працаўніках рэспублікі. Некаторыя зрухі адбыліся ў галіне літаратуразнаўства, літаратурнай і тэатральнай крытыкі.
Многія з выдадзеных за апошнія гады твораў беларускіх пісьменнікаў перакладзены на мовы народаў СССР і краін народнай дэмакратыі...»
І чамусьці перш-наперш у полі зроку цэкоўскіх работнікаў — літаратурная моладзь. Хаця што тут дзіўнага?.. Не крытыкаваць жа Петруся Броўку ці Міхася Лынькова, прызнаных аўтарытэтаў беларускай літаратуры і на той ужо час…
З дакладной запіскі Першаму сакратару: «Мала пісьменнікаў прымае ўдзел у працы секцыі прозы. Пасяджэнні секцыі дэталёва не прадумваюцца, не рыхтуюцца і праходзяць не заўсёды ўдала. Вельмі важным было пасяджэнне секцыі 31 мая 1962 г., на якім стаяла пытанне пра творчасць маладых празаікаў. Аднак гэта пасяджэнне гаворыць толькі пра тое, як нельга арганізоўваць абмеркаванні. За некалькі дзён да пасяджэння ў газеце „Звязда“ быў надрукаваны артыкул „Пацяруха“ пра кнігу Б. Сачанкі „Барвы ранняй восені“. І замест таго, каб сапраўды абмеркаваць творчасць маладых празаікаў, доказна адзначыць, што ў іх творчасці добрага, над чым варта задумацца, усё абмеркаванне звялося да грубага асуджэння артыкула і ўхвалення няўдалых твораў Б. Сачанкі, І. Пташнікава і некаторых іншых маладых пісьменнікаў. Ганебна вялі сябе на гэтым абмеркаванні навуковыя супрацоўнікі Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР В. Гапава, Д. Бугаёў, В. Каваленка. Іх дэмагагічныя, крыклівыя выступленні не атрымалі вартага адпору з боку болей сталых пісьменнікаў, якіх, на жаль, на гэтым паседжанні было вельмі мала». Калі азірнуцца назад, агледзець усё зробленае ў прозе лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа Барысам Сачанкам (1936–1996), які так заўчасна пайшоў з жыцця, не дасягнуўшы і сваёй 60-й вярсты, то якраз яго першыя кнігі, «Дарога ішла праз лес» і «Барвы ранняй восені», вылучаюцца сваёй свежасцю, цеплынёй, гавораць пра талент пісьменніка, яго арыгінальнасць. І хто ведае, калі б не такога кшталту аглабельнасць, якая была скіравана на творчыя здзяйсненні маладога аўтара, то, магчыма, і іншым, болей плённым, быў увесь яго мастацкі шлях…
«Як секцыя прозы, так і паэзіі ў асноўным займаецца абмеркаваннем творчасці маладых тады, калі ж звяртаюцца з заявамі аб прыёме ў Саюз, — чытаем у дакладной запісцы. — Дарэчы, як відаць з пратаколаў, творы маладых абмяркоўваюць у асноўным маладыя члены секцыі, часам да іх далучаюцца М. Калачынскі, С. Шушкевіч, А. Русецкі, А. Вялюгін. Але бывалі і такія выпадкі, калі, напрыклад, пра вершы У. Ляпёшкіна рабіў даклад А. Дзеружынскі, які нават не з’яўляецца членам Саюза (так, Авяр’яна Дзеружынскага прынялі ў СП БССР у 1964 г. — В. С., К. Л.). Мяркуем, што было б большай карысці, калі б гэта рабілі старэйшыя і болей вопытныя пісьменнікі і паэты…
Асноўны недахоп у рабоце ўсіх секцый заключаецца ў тым, што яны мала займаюцца сапраўды творчымі праблемамі, слаба вядуць канкрэтную працу па павышэнню якасці мастацкіх твораў...»
Чытаем далей: «...За апошні час у беларускую літаратуру прыйшло нямала таленавітай моладзі, якая сваёй творчасцю звярнула на сябе ўвагу чытачоў і крытыкі. Маладыя пісьменнікі ўсё болей настойліва заяўляюць аб сабе, у іх творах прыкметна імкненне творча асэнсаваць нашу рэчаіснасць, адлюстраваць тыя вялікія перамены ў нашым грамадстве, якія адбыліся пасля XX з’езда КПСС.
У маладых не толькі бясспрэчныя поспехі, значныя творчыя дасягненні, але ў іх ёсць і свае цяжкасці, свае «хваробы росту». Маладым літаратарам патрэбна пастаянная ўвага як з боку пісьменніцкай арганізацыі, так і з боку друкаваных органаў.
Нельга сказаць, што ў Саюзе пісьменнікаў не цікавяцца творчасцю маладых, што іх творы не выносяцца на абмеркаванне, не разглядаюцца ў творчых секцыях. Нядаўна праведзены адкрыты партыйны сход, на якім асноўная ўвага была звернута на творчасць маладых. Саюзам пісьменнікаў арганізаваны шэраг паездак маладых пісьменнікаў на цаліну, у калгасы і саўгасы рэспублікі.
Аднак сапраўдны аналіз іх творчасці пачынаецца тады, калі кнігі маладых па нейкіх прычынах затрымліваюцца ці бракуюцца ў выдавецтве ці калі на кнігу маладога пісьменніка з’яўляецца адмоўная рэцэнзія. Так здарылася з кнігамі І. Пташнікава «Чакай у далёкіх Грынях», Б. Сачанкі «Барвы ранняй восені».
Не ва ўсіх творчых секцыях аднолькава патрабавальна адносяцца да творчасці маладых пісьменнікаў. У секцыі дзіцячай літаратуры часам без усялякіх на тое падстаў захвальваюцца слабыя ў мастацкім плане творы, якія рэкамендуюцца да выдання.
Партыйная арганізацыя Саюза, яго Праўленне слаба дапамагаюць маладым пісьменнікам сцвярджаць і развіваць тое добрае, што ёсць у іх творчасці і зусім сціпла гавораць пра недахопы.
Не так даўно на пасяджэнні крытыкі слухалася пытанне пра стан крытыкі ў часопісах «Беларусь» і «Маладосць». На жаль, выступоўцы амаль не краналіся такіх пытанняў, як суб’ектывізм і густаўшчына ў беларускай літаратурнай крытыцы. А такія з’явы яшчэ маюцца. У свой час усе літаратурныя часопісы захлёбваючыся хвалілі першыя кніжкі маладых пісьменнікаў В. Адамчыка і Р. Барадуліна. Несумненна, гэта здольныя людзі, але было б болей карысці, каб гэтыя артыкулы і рэцэнзіі адзначаліся глыбокім і канкрэтным аналізам без лішняга фіміяму..."
Зусім не дзіўна, што крытычныя заўвагі выклікае стаўленне, на шчасце, добрае і разумнае стаўленне старэйшых пісьменнікаў да сапраўды таленавітых Рыгора Барадуліна і Вячаслава Адамчыка... Таленты заўжды прыкметныя, выклікаюць зайздрасць, ды і вырастаюць, фарміруюцца ў асобы,калі самі здольныя крытычна разглядаць рэчаіснасць... Рыгор Барадулін прыблізна ў тыя часіны, калі пісалася дакладная запіска, мо крыху раней, напрыканцы 1950-х, напісаў такую эпіграму:
Аб сабе заяўляе прама:
Не паэт — а сучаснасць сама.
Кожны верш — то яго праграма,
Толькі дзеяння штосьці няма.
І ў дакладной запісцы простай мовай, месцамі — падтэкстам, інтанацыі скіраваны на галоўнае, па меркаванні, зразумела, работнікаў ЦК, — літаратура павінна «ісці ў нагу з часам»... Толькі, атрымліваецца, самі пісьменнікі абавязаны прыслухоўвацца да дырэктыў, якія каментуюць гэты час, іначай, калі самі аглядаюць час, разважаюць пра яго, то здольны і памыліцца…
Са звароту да Першага сакратара: «Паўсядзённая, настойлівая творчая вучоба маладых падмяняецца асобнымі мерапрыемствамі, якія пры ўсёй іх каштоўнасці застаюцца хіба што толькі асобнымі мерапрыемствамі.
Маладыя літаратары яшчэ не заўсёды цвёрда ведаюць, на якіх баках нашага жыцця варта засяродзіць увагу, якія людзі, падзеі, канфлікты з’яўляюцца галоўнымі для сённяшняга дня.
Адным з істотных недахопаў у рабоце партыйнай арганізацыі з маладымі пісьменнікамі з’яўляецца і тое, што ёй не ўдаецца яшчэ наладзіць большую творчую повязь паміж пісьменнікамі старэйшага пакалення і маладымі. Пісьменнікі старэйшага пакалення вельмі рэдка выступаюць у друку з рэцэнзіямі па кнігах маладых, не прымаюць удзелу ў рэдагаванні іх кніг.
Газета «ЛіМ» у 1962 годзе ўвяла спецыяльную рубрыку — «Слова пра малодшага сябра». З аналізам творчасці маладых мастакоў і акцёраў выступілі народны мастак БССР З. Азгур, заслужаныя артысты БССР А. Асторына, А. Шкайскі, дырыжор В. Барсаў і г. д. Разам з тым за ўвесь перыяд ніхто са старэйшых і вопытных пісьменнікаў не прыняў удзел у гэтым карысным пачынанні.
Пералічаныя вышэй недахопы ў рабоце з маладымі пісьменнікамі, а таксама адсутнасць вартай патрабавальнасці з боку рэдакцый часопісаў і выдавецтваў прыводзяць да таго, што ў друку з’яўляюцца такія «сачыненні», як «Плыві, мой чоўн» В. Шаціла, «Чакай у далёкіх Грынях» І. Пташнікава, асобныя апавяданні Б. Сачанкі, некаторыя вершы А. Наўроцкага і У. Караткевіча і г. д.
Зніжана патрабавальнасць апошні час і пры прыёме ў члены Саюза. Не паспее яшчэ выйсці першая кніга, як выдаецца членскі білет. А ўсім жа вядома, што ранняя прафесіяналізацыя карысці не прыносіць, паколькі жыццёвы шлях, які заключаецца ў асноўным у трохкутніку — «школа — інстытут — Саюз», без працоўных навыкаў дае вельмі павярхоўнае веданне жыцця, скоўвае творчыя магчымасці, у некаторых выпадках вядзе да аднабаковай, няправільнай пастаноўкі пытанняў сучаснай рэчаіснасці…
Партарганізацыя Саюза слаба прыцягвае маладых пісьменнікаў да ўдзелу ў грамадскай рабоце, недастаткова сочыць за павышэннем іх палітычнага ўзроўню, не рыхтуе да ўступлення ў члены КПСС..."
І яшчэ: «Ростам партыйных шэрагаў партарганізацыя займалася нездавальняюча, паколькі з 1952 г. у шэрагі членаў КПСС ніхто з пісьменнікаў не прыняты».
І хоць у рабоце партыйнай арганізацыі і самой пісьменніцкай арганізацыі рэспублікі было знойдзена і нешта станоўчае, дакладная запіска Першаму сакратару ЦК Кампартыі Беларусі падштурхоўвае да наступнай высновы... Беларуская мастацкая літаратура і ў другой палове 1950-х — на пачатку 1960-х гг. развівалася згодна з законамі жыцця, законамі мастацтва. І з таго часу, з 1961–1962 гг., засталіся кнігі, творы, за якія беларускай літаратуры не сорамна... Згадаем хоць бы некаторыя... У 1962 г. у пятым-шостым нумарах часопіс «Полымя» друкуе раман Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць». А годам раней у красавіцкім нумары «Полымя» выходзіць аповесць У. Караткевіча «Раман Ракута», цяпер вядомая пад назвай «Сівая легенда»... Дарэчы, у лютым — 1 і 26 лютага — дакладная запіска Першаму сакратару датавана 23 лютага 1963 г. — у «Літаратуры і мастацтве» змешчаны ўрыўкі з рамана «Каласы пад сярпом тваім» і з «Дзікага палявання караля Стаха»... У 1960 г. выходзіць кніга апавяданняў Вячаслава Адамчыка «Млечны шлях». Паступова становіцца відавочным, што чытача болей прыцягвае тое, што характарызуе творчасць праз асабістае, тое, што не нагадвае пра капіраванне, няхай сабе і ідэйна правільнае «капіраванне»... Невыпадкова славуты беларускі празаік Янка Брыль сярод іншых запісаў у 1962 годзе ў «Сваіх старонках: Да творчай біяграфіі» пакідае наступнае назіранне: «Ці сваё, ці чужое, але добра сказаў нядаўна Куляшоў, праслухаўшы верш Караткевіча: «Гэта вельмі асабістае, гэта — здорава!»
Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, Кастусь ЛЕШНІЦА
Прэв’ю: pixabay.com
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.