Вы тут

Перакладчык з Паднябеснай адзначаны Музеем Якуба Коласа


Кітайская тэма далёка не чужая для Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Блізкае сведчанне на тое — узнагароджванне Падзякай гэтай асветніцкай установы прафесара Нанькайскага ўніверсітэта, перакладчыка Гу Юя, адзнакай, якая днямі адправіцца ў Кітайскую Народную Рэспубліку.


Фота: pixabay.com

Нядаўна часопіс «Беларусь», — расказвае дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс, — у сваім «кітайскім раздзеле» надрукаваў пераклады вершаў народнага песняра Беларусі Якуба Коласа, здзейсненыя Гу Юем. Нам вельмі прыемна, што перакладчык звярнуўся да твораў, якія Колас напісаў у пачатку XX стагоддзя. Сярод іх — і верш «Родныя вобразы». Дарэчы, дзякуючы памкненням нашай супрацоўніцы Васіліны Міцкевіч, сабрана некалькі дзесяткаў перакладаў гэтага твора на розныя мовы народаў свету. На кітайскай ён гучыць у пераўвасабленні Гу Юя. Мастак слова з Паднябеснай даўно зацікаўлены беларускай літаратурай. Яшчэ ў 1980-я гады ён сустракаўся ў Мінску з народным паэтам Беларусі Максімам Танкам. У перакладчыцкім багажы нашага добрага сябра з Кітая — пераклады каля сотні вершаў аўтара «Нарачанскіх соснаў», «Лісткоў з календара» і іншых неўміручых кніг вялікага мастака беларускага паэтычнага слова. Пераклады твораў Максіма Танка, Янкі Купалы глыбокапаважаны Гу Юй надрукаваў і ў Азіяцкай старонцы. У прыватнасці, вершы Купалы — у літаратурным часопісе з прыгожай назвай «Асенняя вада». Спадзяюся, што і вершы Якуба Коласа знойдуць сваё месца на старонках гэтага ці іншага выдання на кітайскай мове.

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа выбудоўваюцца і іншыя масты супольнай працы з кітайскім бокам. Беларускія музейшчыкі жадаюць прадстаўляць неўміручую коласаўскую спадчыну ў шырокай прасторы Кітайскай Народнай Рэспублікі, памятаюць пра тое, што каліграфічны партрэт Якуба Коласа выканаў кітайскі перакладчык і каліграф Гаа Ман, а таксама — і тое, што двойчы аповесць «Дрыгва» («Дзед Талаш») пабачыла свет у Паднябеснай.

Можа быць, у бліжэйшы час музей Якуба Коласа стане пляцоўкай для анлайн-круглага стала «Творчая спадчына Якуба Коласа і Кітай»? Да рэалізацыі гэтага праекта гатовы падключыцца і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Сяргей ЯРЭМІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.