Вы тут

Стварэнне школьных спартыўных ліг і электроннае паступленне


Сёлетні нюанс — электроннае паступленне

Прыёмная кампанія ў ВНУ сёлета адрознівалася: спосаб электроннай падачы дакументаў быў пераважны, заявіў міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Валерый Фалькоў.

«Прыёмная кампанія кожнага года дзіўная па-свойму. Заўсёды з’яўляюцца нейкія нюансы. І прыёмная кампанія гэтага года, вядома, мела адрозненне ад таго, што была годам раней, два гады раней і гэтак далей. У чым адметная асаблівасць? Відавочна ўжо, што спосаб электроннай падачы дакументаў быў пераважны», — сказаў міністр у інтэрв’ю на канале «Расія 24». Паводле яго слоў, сёлета ўдасканалілі сістэму суперсэрвісу «Паступленне ў ВНУ анлайн». «У гэтым годзе яна лепш інтэграваная з адзіным парталам дзяржаўных паслуг. І мы разлічваем, што яшчэ больш выпускнікоў у далейшым скарыстаецца суперсэрвісам», — адзначыў міністр.


Годны даход праз... сацыяльны падатак

Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў падпісаў Указ «Аб дадатковых мерах па садзейнічанні занятасці і забеспячэнні пастаяннай працай моладзі». Мэта — забяспечыць пастаяннай працай маладых людзей і даць ім магчымасць атрымліваць годны даход.

Да 1 студзеня 2025 года работадаўцам з дзяржаўнага бюджэту поўнасцю кампенсуецца сума сацыяльнага падатку, аплачаная імі за работнікаў не старэйшых за 25 гадоў.

Выключэнне складаюць бюджэтныя арганізацыі, дзяржаўныя прадпрыемствы, юрыдычныя асобы, у статутным фондзе якіх дзяржаўная доля складае 50 працэнтаў і больш, а таксама плацельшчыкі сацыяльнага падатку па стаўцы адзін працэнт.

Пры гэтым суму сацыяльнага падатку вернуць работадаўцу, калі супрацоўнік прапрацаваў на яго бесперапынна не менш за паўгода.

Кампенсацыя сумы сацыяльнага падатку сёлета вядзецца за кошт трансфертаў, што выдзяляюцца пазабюджэтнаму Пенсіённаму фонду пры міністэрстве эканомікі і фінансаў з рэспубліканскага бюджэту на 2023 год.


Намер — стварыць школьныя спартыўныя лігі

Укараненне інтэрактыўнай карты дабрабыту дзяцей плануецца ў Казахстане, перадае карэспандэнт МІА «Казинфарм». Такія меры прадугледжаны ў праекце Комплекснага плана па абароне дзяцей ад гвалту, прэвенцыі суіцыду і забеспячэння іх правоў і дабрабыту на 2023–2025 гады.

«Плануецца забеспячэнне школ высакахуткасным інтэрнэтам з атрыманнем доступу паводле „белага спіса“ адукацыйных інтэрнэт-рэсурсаў у фіксаваных і мабільных сетках тэлекамунікацыі, увядзенне дзіцячых SІM-картак», — адзначана ў дакуменце.

Згодна з праектам, запланавана правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне культурнага выхавання, развіцця творчага патэнцыялу дзяцей і падлеткаў (у тым ліку культурна-адукацыйныя праекты «Культурны нарматыў школьніка», праекты «Дзень у тэатры», «Дзень у музеі», работа ў дзіцячай студыі тэатра «Астана Опера»).

Акрамя таго, будуць праведзены работы па развіцці дзіцяча-юнацкага спорту, стварэнне школьных спартыўных ліг і арганізацыя фізкультурных мерапрыемстваў сярод школьных спартыўных клубаў.


«Сакрэтная мова» педагогаў і бацькоў

Настаўніца, якая вядзе акаўнт @bored_teachers у TіkTok, распавяла, што разам з калегамі ў размове і перапісцы з бацькамі вучняў выкарыстоўвае сакрэтную мову і кодавыя словы. Пра гэта паведаміла New York Post.

Напрыклад, па словах аўтара роліка, калі выкладчык кажа бацьку, што яго сын ці дачка «вельмі таварыскія або свецкія», гэта азначае, што ён ці яна «балбочуць без перарыву і перашкаджаюць усяму класу». Калі настаўнік кажа, што ваша дзіця «проста заражае ўсіх сваёй радасцю і ўзрушанасцю», насамрэч яго проста немагчыма супакоіць.

Калі педагог кажа аб вашым дзіцяці, што ён «прыроджаны лідар», гэта азначае, што ён аўтарытарны ў стасунках і размаўляе з іншымі начальніцкім тонам.

У каментарыі прыйшлі і бацькі, і настаўнікі. Пры гэтым многія з ліку першых змаглі пацвердзіць, што гэта сапраўды так. «Мне яны кажуць, што мой сын абавязкова стане адвакатам, і я разумею, што ён увесь час з усімі спрачаецца», — напісала адна маці. Іншая паскардзілася, што не разумее такое прымяншэнне і перабольшванне, і аддае перавагу, калі педагогі выказваюцца прама.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.