Вы тут

У пачатку шляху


Згадайце першае спатканне. Знаёмства. Хваляванне. Сэрца б’ецца, уяўленне малюе аптымістычныя карцінкі. Як пішуць літаратары, дзесьці казыча ў душы... Але першае спатканне бывае не толькі з чалавекам. З працай, напрыклад. Мне здаецца, гэта гістарычны момант для кожнага чалавека. Станаўленне на крыло. Стаіш на скрыжаванні, а наперадзе — вялікі гасцінец. З аднаго боку — хвалююча, нават цяжка, з іншага — адчуваеш сябе Калумбам, адкрываеш сваю асабістую Амерыку. Чысцюсенькія лісты не толькі працоўнай кніжкі. Твая працоўная біяграфія — тabula rasa. Калі ўсё яшчэ наперадзе. І мо не трэба спяшацца запаўняць — абы запоўніць — старонкі ў працоўным сшытку. Каб было як мага меней клякс і выпраўленняў. Гэта не пра маралізатарства, гэта каб зберагчы юныя душы. Як пісаў класік: «Прайсці яшчэ раз, азірнуцца, // Сабраць з дарог каменні тыя, // Што губяць сілы маладыя, — // К вясне б маёй хацеў вярнуцца»...


Усе ведаюць і радкі гэтыя, і тое, што так адбываецца. І усе наступаюць на тыя ж граблі. Моладзі жадаю як менш набіць гузоў і каб іх працоўны летапіс ад пачатку быў напісаны акуратным почыркам. Гэта залежыць і ад маладога спецыяліста, і ад калектыву. Цяпер трэндава ўспамінаць свой вопыт, як кажуць, гісторыю поспеху. Гэта так гучыць на заходні манер, а я б назваў гэта гісторыяй сталення. Бо працоўная дарога не заўжды будзе выклікаць галівудскую ўсмешку.

Пра свой досвед. Першыя спробы пяра (яшчэ ў школе) для мяне пачаліся з малой радзімы — мясцовай раёнкі. А вось прафесійная журналістыка для мяне пачалася ў Кобрыне. Рэдакцыю з першымі (здавалася тады — геніяльнымі) артыкуламі прыходзілася штурмаваць, нібы некалі захопнікам сімвал майго роднага горада — Камянецкую вежу. Пашанцавала на кіраўніка — і потым сустракаліся добрыя людзі, але менавіта за Валянціна Паўлавіча ад сэрца стаўлю свечкі ў нашых бажніцах. Ён паверыў у «неапёранага журналіста». Канешне, сярод «акул пяра» хапала і бурчлівых кабет. Але «з брыдкім качанём» няўрымсліва працавала галоўны рэдактар. Кожны раз пры сустрэчы і сёння хочацца сказаць ёй: «Дзякуй, Наталля Станіславаўна»... Таму сёння я сам вельмі адказна і цярпліва стаўлюся да стасункаў з эшалонамі маладых спецыялістаў. «Акул пяра» ў медыйным акварыуме хапае і без мяне.

Але, што называецца, працоўная адаптацыя — гэта шлях з двухбаковым рухам. Хацелася б імпэту і ад тых, хто павінен стаць лепшым за нас. Адразу адзначу — то не тэндэнцыя, але факты ёсць, калі гэтага руху насустрач ну ніяк не назіраецца.

Прыкмета часу — забавы моладзі. Дык сёння некаторыя маладыя спецыялісты ўзялі за моду флэшмоб: што не падабаецца на першым месцы працы. Такі вось квэст: нібы хто болей знойдзе хібаў і заган, той пераможа. І блогерскую прастору насычаюць заявамі, антылайкамі — хто на што здольны, а яна, прастора, усё сцерпіць. Нават калі «праблема глабальнага маштабу», ні больш ні менш — кулера ў кабінеце няма. І як пасля гэтага жыць? (Калі хто з маладых не зразумеў — гэта я так іранізую...) Нашы бацькі наадварот у такім узросце цягнуліся да цяжкасцяў. Ехалі «па туман і пах тайгі». Ніхто не зважаў на побытавыя цяжкасці. Моладзь была апантаная вялікімі ідэямі — будаўніцтвам магістраляў, заводаў, плацін, настаўніцтвам або ўрачэбнай практыкай у глыбінцы.

Цяпер, скажаце, час не той? Прабачце. Сёння, як і заўжды, гучыць з папрокам: «Замінаюць маладому пакаленню»... Дык у чым справа? Вось вам магчымасці. Прапаноўвайцеся, нястрымна рвіцеся наперад, стаўце рэкорды. А вось чакаць таго, што атрымаеце «цёплае месца» і адразу заробкі, як у тых, хто ў прафесіі ўжо не першае дзесяцігоддзе, не варта. Нездарма ж кар’ерная і прафесійная — «лесвіца», а не «пад’ёмнік». Трэба прыкладаць намаганні. Кропкі апоры ёсць — паверце. Больш удалыя і надзейныя, чым у тых, хто ўваходзіў у дарослае жыццё ў 90-я або нават яшчэ гадоў дзесяць таму.

Яшчэ вельмі важкая акалічнасць — стаўленне да свайго. Нельга цурацца сваёй малой Радзімы, драўлянай Хаты, мазалёў на руках Маці. Нельга адмаўляцца быць часткай гэтага галоўнага ў жыцці. Мультыкультурная прастора, глабалізацыйны парадак падштурхоўвае да забыцця і адрачэння ад каштоўнасцяў народа, навязвае думку: маўляў, сваё аўтэнтычнае — перыферыйна, заакіянскаму аддай сваё сэрца. Памылка. Жахлівая памылка. Сваё трэба любіць, не за тое, што яно блішчыць, а за тое, што — сваё. І калі школа ці нават ВНУ не змаглі навучыць адданасці справе, калектыву, Радзіме, то гэтыя хібы будуць выпраўляць на працы. І маладому спецыялісту трэба разумець: не ў адзін момант будзе свая ўласная кватэра. Пачакайце. Папрацуйце. Трэба ж унесці і свой уклад у развіццё працоўнага месца, ад якога чакаеце салодкіх «данатаў».

А яшчэ трэба памятаць, што вада са свайго калодзежа смачнейшая. Галоўнае не пляваць у яго. І тады наперадзе — шырокія праспекты, зялёнае святло і нават чырвоная дывановая дарожка. Добра адзначана — моладзь на маршы. Дык ужо не кульгайце, не псуйце той строй.

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Пнеўманія пасля COVІD-19 развіваецца ў 3-5%, пасля грыпу — у 30%!

Пнеўманія пасля COVІD-19 развіваецца ў 3-5%, пасля грыпу — у 30%!

Факты для тых, хто сумняваецца, прышчапляцца ці не.

Грамадства

Першыя ахвяры ледзяной вады. Як пазбегнуць трагедыі?

Першыя ахвяры ледзяной вады. Як пазбегнуць трагедыі?

Ледзяное покрыва яшчэ не акрэпла, а таму выходзіць на яго рызыкоўна і небяспечна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.