Паколькі жыццё Уладзіміра Жылкі (1900—1933) звязана з рознымі краінамі, збор біяграфічных матэрыялаў, якім актыўна займаліся даследчыкі (найперш Уладзімір Калеснік) і родныя паэта, пачынаючы з 1960-х гг., быў звязаны з шэрагам цяжкасцей аб’ектыўнага характару.
У 1967 г. Людміла Краскоўская (1904—1999), супрацоўніца Славацкага нацыянальнага музея (Браціслава), перадала ў Беларусь рукапісныя зборы, якія У. Жылка пакінуў ён на захаванне перад сваім выездам у Мінск, прыняццем савецкага грамадзянства ў 1926 г. Унікальныя гістарычныя дакументы, што атрымалі назву «пражскі архіў», працяглы час захоўваліся ў брэсцкім прыватным зборы У. Калесніка, сталі факталагічнай асновай яго кнігі «Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (Мінск, 1977), шэрагу іншых публікацый. Пасля смерці даследчыка яны былі перададзены ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ), у адкрыты доступ паступілі ў 2018 г.
Да рукапісаў і эпісталярнай спадчыны паэта дадалося ліставанне яго родных 1960-х — пачатку 1990-х гг. Такім чынам паўстаў комплекс дакументаў, які ілюструе не толькі творчасць і біяграфічныя эпізоды У. Жылкі, але і пошукавую дзейнасць па выяўленні і зборы матэрыялаў да жыццяпісу пісьменніка. Паколькі архівы паэта мінскага перыяду амаль поўнасцю страчаны, зборы БДАМЛМ даюць унікальную магчымасць рэканструяваць некаторыя фрагменты творчай майстэрні, разгорнутай у часе, улічваючы, што многія з планаў рэалізоўваліся не адразу, а некаторыя вершы дапрацоўваліся пасля з’яўлення іх першапублікацый.
У часопісе «Узвышша» (1928, № 5) апублікаваны два вершы У. Жылкі: «***Будзь блаславёна, мая маладосць» і «Развітанне». Суседства твораў наводзіць на меркаванне пра своеасаблівы мастацкі тэкставы дыптых. На карысць гэтага гаворыць тэматыка і арыгінальная архітэктоніка вершаў, іх моцны пачуццёвы складнік. Да таго ж заключны подпіс аб часе і месцы стварэння — «Жнівень, 1928. Вёска Лісічына» — можна аднесці да абодвух.
Не такім зладжаным быў далейшы публікацыйны лёс. У зборніку «Пожні» (Мінск, 1986), верш «***Будзь бласлаўлёна, мая маладосць» пададзены ў суседстве з іншымі паэтычнымі творамі 1928 г.: «***Млынар заставіў застаўкі», «Каханню нічога не трэба», «Над калыскаю». Такое ж суседства, але не ў аналагічнай паслядоўнасці, захавана ў зборніку «Творы» (Мінск, 1996). Такім чынам, верш «Развітанне» не трапіў у падборку разам з творамі-аднагодкамі ў абедзвюх кнігах, падрыхтаваных У. Калеснікам, вядучым жылказнаўцам.
Можна меркаваць, названы паэтычны твор не падыходзіў для шэрагу выбраных з-за сваёй вобразна-выяўленчай зацемненасці. Карабель пад ветразямі адносіць чытача ў няпэўнае гістарычнае мінулае, пры гэтым лірычнага героя даволі цяжка суаднесці непасрэдна з аўтарскім «я», а для іншых ідэйна-тэматычных прывязак няма больш-менш дакладных падказак-каардынат. Пры гэтым у вершы гучаць страсці амаль шэкспіраўскага маштабу.
Верш «Развітанне» — прыклад форматворчых эксперыментаў паэта, дакладней — праходжання ім еўрапейскай версіфікацыйнай школы. Ва ўзвышаўскай публікацыі ён прэзентаваны пад назвай-падзагалоўкам «Lai». Вершаваная форма «ле» была распаўсюджана ў Францыі і Германіі ў ХІІІ—ХІV стст. (росквіт звязваецца з іменем Гільёма дэ Машо).
Аўтарам гэтых радкоў выяўлены ў фондах БДАМЛМ рукапіс «Развітання», які датуецца 1924—1925 гг. і служыць прыкладам наяўнасці папярэдняй, пражскай рэдакцыі твора ў яго чарнавым варыянце. Дзеля візуалізацыі аналізу дзвюх крыніц прывядзём поўны тэкст верша паводле ўзвышаўскай публікацыі 1928 г.:
Развітанне
(Lai)
Пара! Ня моўкне хваль гамонка,
Спявае вецер свежа, гонка
І ветразь плешча — Адплывай!
Цалуй ў апошні моцна, звонка, —
Мой сум, як золата пярсцёнка,
На сэрца лёг і цісне ўкрай.
Але трывог ня ўбачаць вонках,
Хоць вочы — светлая палонка, —
У іх адна, адна чытай.
Насупраць мне з імглы пялёнкай
Паўстане бур адхлань — прадонка
І бура выпесціць адчай.
Але хай машта квіліць тонка,
І ўспамінаецца старонка,
І мора пеніцца няхай, —
Затым, што мужны буду, жонка,
Вярнуся я; а ты ў ваконка
Цікуй і цноту ткліва дбай.
З далёкіх падарож, мая сасонка
Я прывязу суровых вод звычай,
І сэрца вернае, і ў тронках
Вось гэтых, гэты нож… бывай!
Жнівень, 1928.
в. Лісічына.
Рукапіс верша, што захоўваецца ў фондах БДАМЛМ (ф. 161, воп. 3, спр. 157), мае назву «Развітанне Пенелопы» (расчытка У. Калесніка і аўтара гэтых радкоў), якая адразу мяняе ракурсы яго прачытання і асэнсавання, дазваляе падключыць шырокі прасторава-часавы літаратурны кантэкст. Відавочна, што аўтар планаваў сумясціць дзве адрозныя традыцыі: міфалогію і ліра-эпіку Антычнасці («Адысея» Гамера) і заходнееўрапейскую вершаваную культуру Сярэднявечча.
Старонка рукапісу, які аналізуем, у параўнанні з іншымі архіўнымі дакументамі У. Жылкі, прадстаўляе візуалізацыю этапаў творчай задумы. Звычайна ў цэнтры аркуша размяшчалася чарнавая тэкставая аснова будучага верша, збоку фіксаваліся падабраныя рыфмы, потым пропуск ад цэнтра старонкі, а ў самым канцы — ключавыя фінальныя радкі твора.
Зачынны, экспазіцыйны этап адлюстраваны ў наступным ўрыўку (закрэсленыя аўтарам словы ўзяты намі ў дужкі): «Пара — дзьме вецер прудка, гонка, // У ветразях заводзіць (звонка) тонка // І плешча хваляй — адплывай. // І я гатоў».
Чарговае чатырохрадкоўе працуе на рэканструкцыю першапачатковай аўтарскай устаноўкі на дыялагізаваную форму верша, пры гэтым заключны радок уяўляе сабой найбольш зацемненае месца з пункту гледжання яго расшыфроўкі і семантыкі асобных слоў і выразаў: «З рукі не выпусціш ты тронкі, // Цябе паклікала старонка, // Цалуй (апошні) дужа, звонка // Не пабледнеш, не ўпарай». (У лістах да Антона Луцкевіча паэт неаднаразова называў свае вершы «лірычнымі п’ескамі», падмацоўваючы такім чынам наяўнасць драматургічнага пачатку ва ўласнай паэтычнай творчасці.)
Далейшае двухрадкоўе ў нязмененым выглядзе перайшло ў рэдакцыю верша 1928 г.: «Мой сум, як золата пярсцёнка, // На сэрца лёг і цісне ўкрай».
Наступныя радкі рукапісу варта аднесці да апрабацыйных форм адной выніковай канструкцыі: «Ды болю твар не выдасць (вонках)» — «Але не выдам боль свой» — «Але не ўбачаць сум мой вонках».
Завяршальныя ў ключавой канструкцыі тэксту радкі («Хоць вочы светлая палонка, // У іх адзін, адзін чытай») люстраным чынам пераклікаюцца з узвышаўскай рэдакцыяй, але адрозніваюцца ад яе лірычным героем-прамоўцай. У завершаным выглядзе гэта ўжо не “яна” (Пенелопа), а “ён” (дакладней — “я”): «Хоць вочы светлая палонка, — // У іх адна, адна чытай».
Пасля пропуску ў цэнтры аркуша зафіксаваны заключныя радкі: «Пачну чакаць, глядзець у ваконка. // Вярнешся ты, мая сасонка, // Мой пераможны вой — бывай». Затым, пасля закрэслівання, фінальныя словы зменены: «Вярнешся ты — цяпер бывай». Завяршальныя акорды ўзвышаўскай рэдакцыі верша вытрыманы ў духу шэкспіраўскіх жарсцей: «З далёкіх падарож, мая сасонка // Я прывязу суровых вод звычай, // І сэрца вернае, і ў тронках // Вось гэтых, гэты нож… бывай».
Збоку аркуша, запоўненага алоўкам, чарнілам пазначана рыфма «заслонка — жонка», ніжэй «пялёнка» і «вернасць пільнаваць».
Высвятленне абставін, дакладная лакалізацыя месца напісання верша «Развітанне» сталі магчымымі ў ходзе сістэмнай працы аўтара гэтых радкоў са зборамі БДАМЛМ, у якіх прадстаўлены вынікі шматгадовай пошукавай дзейнасці літаратуразнаўца Уладзіміра Калесніка (Брэст), брата паэта — Барыса Жылкі (Слуцк), а таксама яго дачкі — Наталлі Лазаравай (Полацк).
На нашу думку, У. Жылка надаваў вялікую ўвагу міфапаэтызацыі ўласнай творчасці, найноўшага нацыянальнага пісьменства. Пры гэтым немалаважную ролю адыгрывала геаграфія маладой беларускай літаратуры, звязаная з еўрапейскімі культурнымі цэнтрамі.
Пад многімі вершамі, напісанымі ў чэшскі перыяд і апублікаванымі ў розных краінах (Польшча, Латвія, Савецкі Саюз), месцам напісання значыцца выключна Прага (горад Францыска Скарыны, пачатку беларускага кнігадрукавання). Пераключэнне тапанімічнай факусіроўкі са сталічнай Прагі на правінцыяльнае Лісічына можа сведчыць на карысць новых жыццёвых светапоглядных карэкціровак паэта, а таксама дазваляе фіксаваць плённы перыяд у яго творчай дзейнасці.
У сувязі з тым, што практычна ўвесь архіў У. Жылкі мінскага перыяду страчаны, а ўзнаўленнем жыццяпісу даследчыкі творчасці і родныя паэта заняліся амаль праз 35 гадоў яго вымушанага забыцця, этапы і фрагменты асвятлення біяграфічных эпізодаў бачацца нам асабліва вартымі ўвагі.
У канцы 1960-х гг. абставінамі твора цікавіўся У. Калеснік, распытваў пра гэта ў брата паэта — Барыса. У лісце ад 13 красавіка 1969 г. той адказваў: «Наконт верша “Развітанне”, то я Вам пісаў ужо раней, што мой другі брат Алег настаўнічаў у в. Лісічына, то ён ездзіў з нейкімі двума таварышамі к Алегу ў госці, гэта за ст. Крупкі Халопеніцкага р-на па тагдышняму»…
Праведзеныя намі архіўныя росшукі, параўнальны аналіз апублікаванага тэксту з выяўленым рукапісам, падключэнне эпісталярнай спадчыны дазволілі ўпэўніцца ў перспектыве міждысцыплінарных даследаванняў у дачыненні да жыцця і творчасці Уладзіміра Жылкі, чыя біяграфія — адна з найбольш складаных для факталагічнага ўзнаўлення. Праца падобнага роду дазваляе актуалізаваць напрацоўкі папярэднікаў, увагу да культуры і методыкі даследчыцкай, архіўна-пошукавай дзейнасці.
Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.