Вы тут

Працаваць у сельскай гаспадарцы нялёгка, але цікава. Меркаванне маладога спецыяліста


Вераніка Давыдзенка ўжо не студэнтка, а малады спецыяліст. Кожную раніцу ў якасці ветэрынарнага ўрача яна спяшаецца на адну з жывёлагадоўчых ферм сельгаспрадпрыемства «Савушкіна пушча» ў Камянецкім раёне.


Давыдзенкай Вераніка стала зусім нядаўна, да гэтага была Кузняцовай. Дзяўчына паспяхова скончыла Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Родам яна з Брэста, і апошнюю, пераддыпломную, практыку праходзіла ў сельгаспрадпрыемстве «За мір» Брэсцкага раёна. За чатыры месяцы яе практыкі кіраўніцтва названай гаспадаркі адзначала стараннасць, удумлівасць, прафесійную зацікаўленасць будучага спецыяліста. А калі да яе выпуску кіраўнік сельгаспрадпрыемства ўжо атрымаў прызначэнне на іншую пасаду і стаў займацца кадравым пытаннем на новым месцы, яна атрымала запрашэнне на вакантнае месца ветурача ў «Савушкіну пушчу».

Паколькі з мужам Паўлам яны ўступілі ў шлюб ужо пасля размеркавання, то яму давялося праходзіць няпростую працэдуру пераразмеркавання, бо ён быў накіраваны ў Гомельскую вобласць. Але ўсе звязаныя з гэтым клопаты ўжо засталіся ў гісторыі, і маладая сям'я не тое што ўз'ядналася, але аказалася ў адным раёне. Муж маладога спецыяліста з «Савушкінай пушчы» атрымаў пасаду ветурача ў суседняй гаспадарцы «АграНіва».

«Мы вельмі рады, што ўдалося вырашыць пытанні з пераразмеркаваннем, — гаворыць Вераніка. — Як сямейная, я атрымала асобны пакой у інтэрнаце для маладых спецыялістаў. А мужу наогул у яго гаспадарцы выдзелілі дом, куды і я планую пераехаць пасля абавязковых двух гадоў адпрацоўкі.

Я таксама рада, што трапіла ў адно з вядучых сельгаспрадпрыемстваў вобласці. У свой час ААТ «Савушкіна пушча» было ўтворана шляхам аб'яднання трох гаспадарак Камянецкага раёна. Маштабы тут адпаведныя. Прадпрыемства з'яўляецца філіялам найбуйнейшага вытворцы малочных прадуктаў «Савушкін прадукт», а наша гаспадарка — адна з галоўных яго сыравінных баз. Штодзень на завод адпраўляецца больш за 60 тон малака. Мы, спецыялісты і працаўнікі, у адказе за яго бездакорную якасць, якая вызначаецца найперш здароўем пагалоўя».

«З першых дзён у гаспадарцы я зразумела, якая няпростая тут работа, — працягвае малады ветурач. — У нас, напрыклад, адзін выхадны дзень. Але ж відавочна, які ўнікальны вопыт работы я тут атрымаю. Тым больш што старэйшыя калегі заўсёды прыходзяць на дапамогу, падкажуць, навучаць. Найперш гэта галоўны ветэрынарны ўрач гаспадаркі Ганна Уладзіміраўна Чыліевіч. Зарплата ў сельгаспрадпрыемстве прыстойная, сацпакет — таксама, умовы для работы створаны, ад нас чакаюць добрасумленнай працы».


Наталлля Манько, начальнік аддзела кадравага і прававога забеспячэння камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама:

— Спачатку некалькі лічбаў. Летась установамі адукацыі аграрнага профілю ў сельскагаспадарчыя арганізацыі вобласці накіравана з вышэйшай адукацыяй 348 маладых спецыялістаў і 433 з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. З іх 139 — гэта ветэрынарныя ўрачы і ветэрынарныя фельчары. У 2023 годзе ў гаспадаркі вобласці накіравана 165 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і 455 з сярэдняй спецыяльнай, якія прыступілі да работы да 1 жніўня.

Маладыя спецыялісты ў сельскагаспадарчых арганізацыях абавязкова забяспечваюцца жыллём, паколькі гэта з'яўляецца адным з асноўных матываў, каб працягнуць работу ў гаспадарцы. Напрыклад, летась маладым спецыялістам было выдзелена 97 дамоў (пакояў у доме), 30 кватэр, 118 пакояў у інтэрнаце, 49 чалавек атрымалі кампенсацыю аплаты за найм жылля. Пры гэтым 461 малады спецыяліст пражывае дома ў бацькоў, два маюць асабістае жыллё.

Важна, што калектыўныя дагаворы сельскагаспадарчых арганізацый маюць раздзелы па пытаннях жыллёвага будаўніцтва, паляпшэння жыллёвых умоў, там прапісаны льготы для маладых спецыялістаў.

Ва ўсіх сельгасарганізацыях за маладымі спецыялістамі замацоўваюцца настаўнікі з ліку вопытных працаўнікоў, якім прадугледжана матэрыяльнае заахвочванне. А тыя, хто пасля абавязковай адпрацоўкі заключаюць кантракт на працяг работы, атрымліваюць павышэнне зарплаты. У асобных гаспадарках Столінскага, Пінскага, Кобрынскага, Пружанскага раёнаў пачалі прымяняць практыку выплат у памеры 300—500 базавых велічынь тым з маладых спецыялістаў, хто заключае кантракт на пяць гадоў. Апошняе, несумненна, становіцца дзейсным спосабам замацавання спецыялістаў пасля абавязковай адпрацоўкі.

Адной з мер па замацаванні маладых людзей на сяле з'яўляецца накіраванне хадайніцтваў у раённыя (гарадскія) прызыўныя камісіі аб прызыве работнікаў сельгасарганізацый на службу ў рэзерве, а таксама аб атрыманні адтэрміноўкі праходжання тэрміновай ваеннай службы. Такія хадайніцтвы ўвайшлі ў практыку, пэўная іх колькасць задавальняецца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.