Вы тут

Спорт, драйв і эмоцыі зведалі ўдзельнікі «Вытокаў» у Касцюковічах


Нягледзячы на 30-градусную спёку, двухдзённы фестываль прайшоў масава, весела і насычана. Народ актыўна ўдзельнічаў у спартыўных мерапрыемствах, наведваў культурна-забаўляльныя і гандлёвыя пляцоўкі, частаваўся шашлыкамі. І гэта ўсё на фоне гучнай бадзёрай музыкі, народных спеваў і паказаў мод.


Асноўнай арэнай свята стала пляцоўка каля Касцюковіцкага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра (ФАЦ), які быў пабудаваны ў 2017 годзе. Тады жыхары адначасова атрымалі ў падарунак басейн, спартыўную і дзве трэнажорныя залы, а таксама залы барацьбы і бокса. Потым на тэрыторыі ФАЦ за кошт спонсарскіх сродкаў, ахвяраванняў працоўных калектываў і грашовых паступленняў ад суботнікаў былі пабудаваныя тэнісны корт, пляцоўка для пляжнага валейбола, хакейная каробка стандартнага еўрапейскага ўзору 60 на 30 метраў. Выдатна ўжо тым, што ўсё знаходзіцца ў адным месцы. Ды яшчэ ў такім цудоўным! Побач урочышча Баравец, дзе ёсць сцежка здароўя і дзе людзі летам займаюцца скандынаўскай хадзьбой і бегам, зімой катаюцца на лыжах. Адным словам, Касцюковічы — горад спартыўны, і гэта бачна няўзброеным вокам. «Вытокі» арганічна ўпісаліся ў яго.

— Цудоўны фестываль, — не хавае сваіх эмоцый дырэктар ФАЦ Міхаіл Свістуноў.—Вельмі ганарова, што Касцюковічы сталі ў нашай вобласці трэцім горадам пасля Бабруйска і Горак, дзе ён пабываў. Фестываль дае стымул займацца спортам і дзецям, і дарослым. Добрая магчымасць адначасова наведаць шмат спартыўных пляцовак, пашукаць свой від спорту ды яшчэ атрымаць прыз.

У тым, што ў горадзе створаны добрыя ўмовы для заняткаў спортам, арганізатары свята пераканаліся, наведаўшы Дзіцяча-юнацкую спартыўную школу. І статысячны сертыфікат, які ўручыў падчас адкрыцця свята Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, дакладна яшчэ больш умацуе спартыўную базу раёна. Віктар Лукашэнка заклікаў і дзяцей, і дарослых яшчэ мацней пасябраваць са спортам і кожнаму выбраць тое, што яму блізкае.

Член Саюза майстроў Рэспублікі Беларусь па ручным ткацтве  Валянціна Волкава — прыхільніца «Звязды».

Адразу ж пасля адкрыцця фестывалю дзяцей да 14 гадоў запрасілі праверыць свае магчымасці ў алімпійскім квэсце — розных відах спорту. На больш чым 30 пляцоўках былі арганізаваныя актыўнасці па барацьбе, боксе, біятлоне, веласпорце, валейболе, баскетболе, лёгкай атлетыцы, кулявой стральбе, цяжкой атлетыцы, настольным тэнісе, конным спорце, каратэ, хакеі з шайбай, стральбе з лука, тэнісе, гандболе, міні-гольфе, брэйк-дансе і іншыя. За ўдзел і выкананне задання ўручаліся каштоўныя прызы.

Захар Васюкоў прыехаў на свята разам з маці Алесяй з Магілёва. Хлопчык вельмі любіць спорт і як пацвярджэнне прадэманстраваў карту ўдзельніка з адзнакамі, што ён выпрабаваў сябе ў 14 відах спорту. Яго маці расказала, што яны з Захарам бралі ўдзел ва ўсіх фестывалях «Вытокі», якія адбыліся ў Магілёўскай вобласці. Летась у Горках выйгралі блютуз-калонку. Цяпер вось змагаліся за бесправадныя навушнікі. Алеся, дарэчы, таксама са спортам на «ты», яна прадстаўніца Магілёўскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву «Багіма». І, што асабліва прыемна, наша падпісчыца.

На свята жыхары горада прыйшлі разам з дзецьмі. Некаторыя разам беглі ў алімпійскім забегу для дзяцей да 9 гадоў. У ім узяло ўдзел каля 500 хлопчыкаў і дзяўчынак. Арганізатары ацанілі волю малых да перамогі. Нехта ў азарце страціў красовак, але з дыстанцыі не сышоў.

Маладая сям'я ў складзе Уладзіміра і Вольгі Прыходзькаў разам з маленькімі сынамі Раманам і Аляксандрам хварэлі за сямігадовую дачку і сястрычку Дашу, якая захацела выпрабаваць сябе ў кросе.

Крэатыўна падышоў да справы «Белаграпрамбанк». На яго пляцоўцы можна было згуляць у жартоўныя віды спорту, напрыклад, перавернуты футбол, дзе гуляць трэба ў акулярах віртуальнай рэальнасці, або хэдбол, дзе, каб забіць гол, трэба дзьмуць. За ўдзел у кожнай гульні таксама ўручаўся падарунак.

Вельмі яркі атрымаўся і культурны складнік. Многія раёны Магілёўскай вобласці прадставілі свае адметнасці. Краснаполле прыехала з глечыкамі і артыстамі праслаўленага народнага тэатра, Мсціслаў — са сваімі каванымі вырабамі і рыцарамі, Хоцімск — з народнымі майстрамі і лялькамі-абярэгамі, Клімавічы — са знакамітым аграрным каледжам і кантактным міні-заапаркам: трусяня, казляня і кацяня. Установа, дарэчы, рыхтуе ветэрынараў і кіроўцаў. На свята Клімавіцкі каледж прыхапіў яшчэ і спецыяльны трэнажор, дзе можна віртуальна пракаціцца на аўтамабілі. Самі Касцюковічы прадэманстравалі ткацкія дасягненні. Член Саюза майстроў Рэспублікі Беларусь па ручным ткацтве Валянціна Волкава скарысталася магчымасцю перадаць прывітанне паважанаму калектыву «Звязды» і асобнае — Анатолю Клешчуку. Што датычыцца «Вытокаў», то яна лічыць, што спорт і культура непарыўна звязаныя.

— Нават седзячы за станком, калі ты не зробіш размінку, будзе застой крыві, — смяецца майстар. — А без гэтага няма ўжо той актыўнасці і пазітыўнасці. Свята вельмі шырокага спектра і маштабу. Мы на ім і ў Бабруйску, і ў Горках прысутнічалі.

Сваю нішу тут знайшлі і спевакі, і дызайнеры, і мастакі. Мастацкая галерэя-салон «АртХаос» з Мінска арганізавала на фестывалі інтэрактыў «Гуляйце з намі — малюйце самі». Яе дырэктар Лілія Лукашэнка адзначыла, што фестываль «Вытокі» перш за ўсё — аб'яднальнае свята і, што вельмі важна, сямейнае. Тут знаходзяць цікавае для сябе людзі рознага ўзросту.

Уладзімір і Вольга Прыходзькі разам з сынамі Раманам і Аляксандрам.

— Для станаўлення ўсебакова развітой асобы трэба паспрабаваць сябе ва ўсім, і фестываль дае такую магчымасць, — адзначыла яна. — У Касцюковічах мастацкі складнік і інтэрактыў, перш за ўсё, былі разлічаныя на дзяцей. Юныя мастакі атрымалі магчымасць узяць пэндзаль у рукі і аздобіць горад, стварыўшы прыгожую пляцоўку. Кожны рэгіён унікальны, мае сваю гісторыю, таленавітых людзей. Мы выступаем за захаванне традыцый.

— На мой погляд, склалася ўнікальная формула свята, якая ўключае ў сябе і культуру, і традыцыі, і самабытнасць, і ўзнімае гісторыю таго месца, дзе яно праводзіцца, — падзяліўся меркаваннем з карэспандэнтам «Звязды» намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — І, вядома ж, гэта тыя квэсты, спартыўныя пляцоўкі, якія працуюць падчас фестывалю. Свята каштоўнае тым, што не мае меж, пастаянна пашыраецца. А падарунак ад арганізатараў у выглядзе 100-тысячнага сертыфіката толькі дапаможа развіццю мясцовых відаў спорту. Вельмі прыемны бонус да мерапрыемства.

Дарэчы, што датычыцца бонусу, то ён сапраўды патрэбны раёну для ўмацавання спартыўнай базы.

— Плануем абнавіць спартінвентар, — падзялілася старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Аляксандра Міхеенка. — Нам неабходны аўтобус для дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, каб дзеці актыўна ўдзельнічалі ў спартыўных мерапрыемствах.

Як трапна выказалася падчас адкрыцця фестывалю Аляксандра Міхеенка, гэтае свята — як працяг Указа Прэзідэнта «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна». «Мы павінны развіваць не толькі эканоміку, але і спорт, і культурныя сувязі. І ў нас для гэтага ўсе ёсць», — падкрэсліла яна.

Свята вылучаецца яшчэ і тым, што на ім заўсёды вельмі шмат моладзі. На фестываль у Касцюковічы прыехалі дзеці і падлеткі з 19 раёнаў вобласці, а таксама моладзь Браншчыны з Расіі.

— Гэтае свята пад эгідай Нацыянальнага алімпійскага камітэта стала ўжо брэндам нашай краіны, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Усе рэгіёны чакаюць фестываль. Касцюковічы славяцца сваімі традыцыямі і гісторыяй, у той жа час гэта сучасны горад, дзе будуецца шмат спартыўных пляцовак, літаральна ў верасні мы будзем адкрываць тут яшчэ адну — баскетбольную. «Вытокі» — не толькі культурна-спартыўнае мерапрыемства, яно мае і выхаваўчую мэту: прапагандуе дзецям і дарослым здаровы спосаб жыцця. Хочацца, каб гэты фестываль шырыўся і ахопліваў як мага большыя слаі насельніцтва.

Арганізатарамі фестывалю «Вытокі» з'яўляюцца Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Федэрацыя прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь, ТАА «АртХаос» і ТАА «БелБрэндАўдыт».

Свята ў Касцюковічах закончылася, але 25—26 жніўня яно працягнецца ўжо ў Барысаве.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Аляксандр Рагожнік звярнуў увагу, што зусім хутка беларускаму народу трэба будзе чарговы лёсавызначальны выбар.

Эканоміка

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.