Вы тут

Як зразумець, што дзіця сапраўды псіхалагічна знясілена, і правільна аказаць яму дапамогу?


«Мне дрэнна, я стаміўся, ні на што няма сіл...» — гэтыя словы мы ўсё часцей чуем не толькі ад дарослых, але і ад дзяцей. На жаль, большасць бацькоў тлумачыць іх як звычайную ляноту або нежаданне вучыцца. Як зразумець, што дзіця сапраўды псіхалагічна знясілена, і правільна аказаць яму дапамогу? Як распазнаць дэпрэсію? І ў якіх выпадках трэба неадкладна звяртацца да спецыяліста? Пра гэта гутарым з псіхолагам Марыяй Гуцько.


— Ці сапраўды падлеткі больш схільныя да дэпрэсіі?

— Такія рысы характару, як адчувальнасць, эмацыянальнасць, праяўляюцца ў нас у падлеткавым узросце, і падлеткавыя дэпрэсіі развіваюцца ў 12–18 гадоў. Аднак і дзеці з 5 да 11 гадоў таксама могуць пакутаваць на дэпрэсію. Гэта зніжаны настрой, калі нічога не радуе, дзіця ўвесь час прыгнечанае.

Трэба звярнуць увагу, што дэпрэсія — хвароба, якую варта лячыць у спецыяліста. І трэба да яго звяртацца, нават калі ёсць падазрэнне. Выявіць схільнасць да дэпрэсіі вельмі складана. Але можна яе западозрыць, калі чалавек адчуваў складанасці, перажываў моцны стрэс, была дэпрэсія ў блізкіх, бо схільнасць да хваробы можа перадавацца генетычна.

Калі мы можам казаць пра дэпрэсію? Калі бачым, што ў дзіцяці ўжо каля трох тыдняў зніжаны настрой, павышаная плаксівасць, магчыма пераяданне ці недаяданне, адсутнічае сон ці, наадварот, пастаянная санлівасць.

— Да яе больш схільныя хлопчыкі ці дзяўчынкі?

— Дзяўчынкі, бо яны больш эмацыянальныя, у іх больш разважанняў аб існаванні, светапогляд больш шырокі ў гэтым сэнсе. Хлопчыкі, наадварот, скіраваныя рабіць штосьці канкрэтнае і менш схільныя да павышанай трывожнасці. Але ёсць і хлопчыкі з высокай трывожнасцю, у якіх могуць быць дэпрэсіўныя эпізоды.

Тут важна не блытаць дэпрэсіўны стан і дэпрэсію. Дэпрэсія — гэта хвароба, якую варта лячыць. І заклікаю, каб людзі звярталіся да псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, бо ў адваротным выпадку гэта можа скончыцца не вельмі добра.

— Ці залежыць дэпрэсія ад рыс характару?

— Многае залежыць ад нашага тэмпераменту, ён вызначаецца нервовай сістэмай, мы з ім нараджаемся, і змяніць яго немагчыма. Зрабіць сангвініка халерыкам ці халерыка флегматыкам нельга. Тут трэба прымаць і любіць сваё дзіця такім, якое яно ёсць. Імкнуцца «вылепіць» з яго той вобраз, які вы ўяўлялі, ні ў якім разе нельга.

А вось рысы характару фарміруюцца ў нас падобным чынам. І адносіны да людзей — даверлівасць, эмацыянальнасць, блізкасць — развіваюцца ўжо да года. Калі маці ў гэты час перажывала пасляродавую дэпрэсію ці бацькі, напрыклад, скасоўвалі шлюб, у дзіцяці можа быць схільнасць да псіхічных расстройстваў. Вельмі важна да года сфарміраваць эмацыянальную прывязанасць, каб дзіця цалкам атрымала эмацыянальнае пацвярджэнне любові. А гэта азначае ўзяць на ручкі і не слухаць нікога, хто раіць: «Няхай яно паплача — не прывучай да рук». Дзіця не проста так плача, гэта яго патрэба ў любові маці, тое, што яго цяпер развівае.

З трох да сямі гадоў фарміруюцца адносіны да працы — працавітасць, адказнасць, і тут таксама закладваюцца пэўныя рысы характару. З сямі да адзінаццаці таксама фарміруюцца рысы характару ў адносінах да людзей, бо дзіця ў гэты час ідзе ў школу і па-новаму глядзіць на навакольных. Валявыя рысы характару развіваюцца ў раннім падлеткавым узросце, а з 15 да 17 фарміруюцца менавіта маральныя рысы характару — патрыятызм, самаахвяраванне, шчырасць, вернасць абавязку і іншае.

— Што можа прыводзіць да дэпрэсіі? Ці заўсёды ёсць знешняя прычына?

— Дэпрэсія — гэта хвароба, і да яе могуць прыводзіць гарманальныя збоі, дысбаланс нейрамедыятараў галаўнога мозга, пэўнае ўзрушэнне ў арганізме. Са знешніх прычын — сваркі, ціск дарослых, завышаныя патрабаванні. Як кажуць самі дзеці, «я ўвесь час адчуваю сябе абавязаным». У школе штосьці абавязаны, і як бы ні зрабіў — дрэнна, дома — свае патрабаванні. І такое дзіця загнанае ў кут. Самаацэнка падае, аддаляюцца сябры, бо дзіця пачынае параўноўваць сябе з імі. Да таго ж, калі іншыя аднагодкі адчулі гэты стан падлетка, яны пачынаюць яго баяцца і абыходзіць, бо ён нейкі дзіўны. Больш за тое, аддаляюцца і бацькі, паколькі таксама палохаюцца гэтага стану. (А раптам гэта мы вінаватыя, а раптам гэта наркотыкі?) Псіхаактыўныя рэчывы, дарэчы, таксама могуць правакаваць дэпрэсію.

Таму варта назіраць за дзіцем, наколькі яно закрылася, наколькі зніжаны настрой, але, каб гэта заўважыць, трэба кантактаваць. Нельга пазбягаць яго праблем, якія нам здаюцца неістотнымі — для яго яны вялізныя! У пяць гадоў, калі пасварыліся з сяброўкай ці пакрыўдзіла выхавацелька, гэта праблема. Таму кожны раз апускайцеся да ўзроўню свайго дзіцяці.

На практыцы кожны раз гадаеш: дэпрэсія ці не? Часам яна хаваецца за нацягнутай усмешкай, прыўзнятым настроем, а потым падлетак прыходзіць дадому і рыдае. Таму патрэбна агульнае назіранне бацькоў, каб настаўнікі прыкмячалі, патэлефанаваць сябрам дзіцяці і спытаць, ці не адбылося штосьці... І назіраць за яго агульным станам: сон, харчаванне.

— Даводзілася чуць меркаванне, што дэпрэсіі не бывае ў людзей, якія выраслі ў вёсцы, умоўна кажучы, з прыбіральняй на вуліцы…

— Я таксама не раз чула: «Калі ў цябе дэпрэсія — завядзі карову, не праходзіць — завядзі другую, і не будзе часу пра гэта думаць». Аднак гэта не так. Калі зыходзіць з таго, што часам да дэпрэсіі прыводзіць наша біялагічная схільнасць — камусьці яе не пазбегнуць. Яна здараецца і ў людзей, якія шмат працуюць у вёсцы, шмат вучацца ці жывуць у горадзе. І ў тых, у каго ўсё ёсць і няма пра што клапаціцца. Але нельга сказаць, што дэпрэсія ад ляноты і гультайства.

— Калі заўважыць дэпрэсію на ранняй стадыі, з ёй лягчэй справіцца?

— Значна лягчэй. Калі адразу заўважылі, што з дзіцем штосьці не так, гэта хутчэй і без цяжкіх наступстваў лечыцца. А наступствы могуць быць розныя, бо падключаецца псіхасаматыка, з’яўляюцца спадарожныя захворванні. Да таго ж чалавек прывыкае так жыць, мяняецца яго менталітэт. Маёй пажылой матулі нядаўна выдалілі катаракту. Канешне, я заўважала ў апошні год яе дэпрэсіўныя настроі. А калі пасля аперацыі знялі павязку, яна кажа: «У вас такая прыгожая і яркая карціна на сцяне, і канапа ў вас новая». У чалавека была заслона на вачах, усе фарбы цьмяныя, і такі настрой і жыццёвая філасофія пераважалі, што ўсё маркотнае, сумнае. Прыязджае да сваіх дзяцей — у іх старая карціна, старая канапа. У дэпрэсіі мы забываем, што калісьці былі яркія фарбы. І, на жаль, прызвычайваемся да таго, што чагосьці не бачым, не чуем, і свет становіцца шэрым.

— Ці ёсць праявы, з-за якіх бацькі мусяць адразу звяртацца па дапамогу?

— Калі дзіця кажа пра суіцыд, пра тое, што яму надакучыла жыць, не трэба абясцэньваць такія выказванні. Калі гэта было сказана падчас канфлікту, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, гэта адна гісторыя. А калі такія выказванні гучаць часта, у падлетка зніжаны настрой, ён перастаў цікавіцца жыццём, маюцца ўсе дэпрэсіўныя праявы, нежаданне працаваць, дапамагаць, ва ўсім адмова і ўпадак сіл, не трэба баяцца клінік і пастаноўкі на ўлік, варта хутчэй звярнуцца да спецыялістаў. Ды і не заўсёды гэта пастаноўка на ўлік і лячэнне ў стацыянары. З іншага боку, я кажу бацькам: «Што вы выбіраеце: той улік ці жыццё дзіцяці?» З уліку здымаюць, у рэшце рэшт і з ім можна жыць. А без дапамогі дзіця можна страціць.

— Ці заўсёды дзеці агучваюць свае суіцыдальныя думкі?

— Часцей за ўсё так. Але бывае, што і не агучваюць. І прычына тут — у няўменні бацькоў кантактаваць з дзіцем, калі яны даўным-даўно перасталі гэта рабіць. Дзіця пайшло ў школу, мы яго кормім-адзяваем, што яшчэ трэба? Калі знікае навык кантактавання, можна і не заўважаць ні зніжанага настрою, ні іншых праяў. Калі з’яўляюцца захворванні ў падлетка, гэта дадатковыя складанасці і яшчэ больш верагоднасці таго, што ўсё скончыцца не вельмі добра.

Паўтаруся, у добрых сем’ях таксама бываюць дэпрэсіі. Не кажучы пра сем’і, дзе ёсць алкаголікі, дэпрэсіўныя людзі, практыкуюцца дэвіянтныя паводзіны — у дзяцей гэта можа заканчвацца дэпрэсіяй з суіцыдальнымі спробамі. Таму прафілактыку суіцыду варта рабіць з нулявога ўзросту: дзіця нарадзілася — круціся як хочаш, але ўсміхайся, стварай настрой.

— Як мусяць сябе паводзіць бацькі, калі ў дзіцяці дэпрэсія? Якая павінна быць падтрымка?

— Калі для выздараўлення дрэнныя ўмовы, яно зацягваецца. Дрэнныя ўмовы — гэта па-ранейшаму высокія патрабаванні, ігнараванне, што дзіця хворае: «узбадзёрся і вучыся далей», неразуменне таго, што гэта хвароба і дзіця не можа так зрабіць. Не выключана, што падлетка давядзецца выходжваць як кураня, нягледзячы на тое, што яму 15 ці 17 гадоў. Важна мець павагу да яго стану. І прыбраць уласныя сарамлівасць, амбіцыі, эгаізм з прычыны, што ў цябе такое дзіця, а ў іншых гэткіх праблем няма.

— Колькі ў сярэднім займае тэрапія?

— Як мінімум год. Здараецца, што дарослыя людзі выходзяць раней і адмаўляюцца ад прэпаратаў. Жаданне жыць без таблетак прыводзіць да таго, што яны прыдумляюць спосабы, як спраўляцца з тым ці іншым станам, як сябе стымуляваць.

Наступствы і адгалоскі будуць адчувацца каля двух гадоў: з’яўляецца падобны стан, страх ад таго, што ўсё пачынаецца зноў. Таму назіранне ў псіхолага, псіхатэрапеўта, кантроль за сваім станам рэкамендаваны як мінімум два гады.

— Калі дэпрэсія была ў падлеткавым узросце, ці азначае гэта, што яе небяспека захоўваецца на ўсё жыццё?

— Схільнасць будзе. Знаёмыя адчуванні будуць з’яўляцца пасля складанасцяў у жыцці, таксама іх могуць правакаваць фізічнае знясіленне, доўгі стрэс, інфекцыйныя захворванні з высокай тэмпературай, якія выклікаюць гіпаксію мозга.

— Ці можна падчас псіхатэрапіі навучыцца кантраляваць свой стан і ў далейшым самастойна спраўляцца з трывогай і дэпрэсіўным настроем?

— Безумоўна, адна з умоў лячэння — псіхаэдукацыя сям’і і самога пацыента. Гэта навучанне навыкам самарэгуляцыі, уменню адчуваць і ўсведамляць свае эмоцыі, павышаць свой эмацыянальны інтэлект, развіваць усвядомленасць. Адназначна толькі дзякуючы гэтаму чалавек зможа дастойна прайсці дэпрэсіўныя эпізоды.

— Ці існуе прафілактыка дэпрэсіі?

— Паколькі мы вядзём размову пра падлеткавую дэпрэсію, а ў іх ёсць бацькі, то галоўныя рэкамендацыі датычацца іх. Найперш не забываць, што гэта ўсё яшчэ ваша дзіця, і выслухоўваць усе яго пакуты. Не заўсёды трэба ўспрымаць іх як прызыў да дзеяння, што вам абавязкова трэба вырашыць праблему. Вельмі часта дастаткова выслухаць, бо ў яго накіпела і трэба выгаварыцца. І пасля гэтага ў дзіцяці ўсё добра, раніцай яно прачнецца і скажа, што няма ніякіх праблем.

Часам мы сутыкаемся з тым, што бацькі не вытрымліваюць такіх размоў, бо разумеюць, што самі не спраўляюцца. У такіх выпадках лепш звярнуцца да псіхолага. Калі ўсе эмоцыі «выліваюцца», падлетак выходзіць з кабінета з шараговай сітуацыяй, якую і самому можна вырашыць. Таму важна выслухаць дзяцей і імкнуцца самім не трапіць у дэпрэсію. Дарэчы, вельмі часта, калі дэпрэсія здараецца ў дзіцяці да 11 гадоў, у сям’і маем або дэпрэсіўную матулю, або тату, або бабулю, якія гэтым актыўна дзеляцца. Дзеці ж жывуць нашымі эмоцыямі, глядзяць на нас і забіраюць на сябе пэўную іх частку.

Важная і тэма СМІ, дзе не варта прапагандаваць суіцыдальныя паводзіны. Шмат фільмаў пра такі стан. Не скажу, што іх нельга глядзець, але лепш рабіць гэта ва ўзросце, калі наступіла эмацыянальная спеласць. Фільмы, дзе ёсць сцэны гвалту, суіцыдальныя настроі, не проста так ідуць з пазнакай 16+. Старайцеся з дзецьмі не глядзець такія фільмы. Часам ад бацькоў чуеш: «Няхай ведае, якое цяжкае жыццё, і прывыкае». Ён у 40 гадоў і сам зразумее, што жыццё цяжкае, але справіцца можна. А ў 16 гэта можа стаць непасільным грузам: навошта тады жыць? Таму не старайцеся фарсіраваць развіццё дзіцяці і арганізоўваць яму «загартоўку».

Ад пажылых людзей ва ўзросце 65+ часта чую: «У мяне ўсё жыццё няпростае, а якое ў мяне цяжкае было дзяцінства і юнацтва!» І калі разам аналізуем, высвятляецца, што там не было эмацыянальнага прыняцця бацькамі, і гэта дзіця не атрымала той панцыр, які на ўсё жыццё дае нам абарону і ўпэўненасць: я з усім спраўлюся. Фактычна ўсе з усім справіліся, а эмацыянальная, дзіцячая частка ўсё жыццё пакутуе ад таго, што маці не прымала цябе з тваімі слязамі, няўпэўненасцю: «Вырашай праблемы сама, ты ўжо вялікая, злезь з кален». Таму не ігнаруйце дзіцячыя эмоцыі і праблемы, любіце і прымайце ваша дзіця такім, якое яно ёсць, — гэта нашмат спросціць яго жыццё.


Дарэчы, паняцце «падлетак» узнікла на рубяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў, калі Форд, а за ім і іншыя пачалі выкарыстоўваць прамысловы канвеер. Вызвалілася шмат рабочых рук. Да гэтага дзеці, якія ўжо маглі сябе абслугоўваць, працавалі разам з дарослымі. Са з’яўленнем канвеера і дарослым стала не хапаць работы, а падлеткі ўвогуле аказаліся незапатрабаваныя. І дагэтуль мы бачым, што прымяніць сябе маладым людзям часам няма дзе, пры ўладкаванні на працу існуе шэраг перашкод і абмежаванняў. Нярэдка гэта дае падставы падлеткам адчуваць сябе «недалюдзьмі», хоць у іх свядомасць дарослага чалавека.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.