«Фантастычная казка для дарослых па матывах аднайменнага рамана Міхаіла Булгакава» ў афішы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача з’яўляецца тым спектаклем, які прыцягне ўвагу на пачату сезона ў верасні. Сама назва «Майстар і Маргарыта» інтрыгуе: як можна ўвасобіць гэты складаны твор у тэатры, які працуе з гледачом, чый жыццёвы і тэатральны досвед няспелы? Але тут прыйдзецца адкінуць некаторыя стэрэатыпы.
Першы пра тое, што ТЮГ — дзіцячы тэатр. Гэта не зусім так! І спачатку трэба звярнуць увагу на ўзроставае абмежаванне: пастаноўка для тых юных асоб, каму ад шаснаццаці і вышэй. То-бок, для тых, хто ўмее чытаць і здолее рабіць гэта ўдумліва, каб спасцігнуць таямніцы містычнага рамана Булгакава. А чытаць, прынамсі, пажадана. Бо ўвасобіць вялікі раман на сцэне — не самая простая задача заўсёды. Таму публіка, для якой паход у тэатр — свята, няхай развітаецца з другім стэрэатыпам: літаратурны твор і тэатральны — не адно і тое ж, мала таго, кожны рэжысёр можа прапанаваць сваё прачытанне рамана. Нездарма «Майстра і Маргарыту» даволі часта бяруцца ўвасабляць у тэатры з таго самага моманту, як упершыню ў СССР сваю пастаноўку прапанаваў славуты Юрый Любімаў — яна прайшла выбухова ў Маскоўскім тэатры на Таганцы і стала эталонам рэжысёрскага прачытання рамана з пункту гледжання спалучэння змету і формы. Але былі і іншыя варыянты, і нават у Мінску ставілі Булгакава. Мне, напрыклад, давялося бачыць дагэтуль некалькі «Майстроў і Маргарыт», і кожны раз гэта быў іншы спектакль.
Напэўна, таму, што кожны Булгакава ўспрымае па-свойму: раман шматузроўневы, ужо хаця б таму, што ахоплівае некалькі эпох, зямны і тонкі свет існавання чалавека і яго духу, паказвае людскую мітусню і страсці, сярод каторых і каханне, якое людзі звычайна схільны рамантызаваць. Таму пра ажыццяўленні пастаноўкі заўсёды ёсць выбар, на чым зрабіць акцэнт. Тое ж і ў нашым ТЮГу — тут тым больш прыйшлося выбіраць з некалькіх сюжэтных ліній, каб у выніку пакінуць менавіта рамантычную гісторыю адносін Майстра і Маргарыты: як для юных гледачоў.
Пастаноўку ажыццявіла Таццяна Самбук, запрошаная ў якасці рэжысёра разам з кампазітарам Дар’яй Гарбузняк з Масквы. У іх наладжана супрацоўніцтва з Верай Паляковай-Макей, якая цяпер з’яўляецца дырэктарам ТЮГа. «Майстра і Маргарыту» яна захацела бачыць у тэатры зусім невыпадкова і прызналася: адчувае, што гатова да ролі Маргарыты, перажыўшы асабісты боль і страту каханага чалавека. Менавіта яна і ўвасабляе на сцэне Маргарыту — а ў дадзенай пастаноўцы гэта наогул адзіная жаночая роля (тут нават няма Гелы). Актрыса Вера Палякова-Макей і адначасова дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача прызнавалася перад прэм’ерай спектакля «Майстар і Маргарыта», што ёй блізкая роля галоўнай гераіні рамана Міхаіла Булгакава. Гэта моцная жанчына, якая страціла каханага чалавека і гатова пайсці на ўсё (нават на змову з д’яблам), каб вярнуць яго і быць разам. Паказ гэтага спектакля ў тэатры збіраюцца прымеркаваць да юбілею актрысы, які яна адзначыць, у кастрычніку — да таго часу спектакль якраз будзе «абкатаны», а ў акцёрскім складзе ўсё будзе сыграна і адпрацавана. Таму «Майстар і Маргарыта» падыдзе для акцёрскага бенефісу. Усё прадумана: Вера Палякова-Макей даўно супрацоўнічае з праектам «ТрыТфармаТ» (Таварыства Тэатральных Працаголікаў), які вылучаецца спробамі працаваць з класікай нетрывіяльным чынам.
Так і тут, вельмі нетрывіяльна: ад Булгакава засталася ўсяго адна лінія — кахання, дзеля чаго пастаралася Таццяна Самбук, якая сама стварала інсцэніроўку. Зусім маладая дзяўчына, напэўна, робіць адпаведна разуменню пажаданняў свайго пакалення, акрамя таго, улічвала фармат і запыт з боку тэатра. Але містычны дух, закладзены Булгакавым, немагчыма абысці. І героі — носьбіты гэтага духу ў спектаклі.
Дзеянне спачатку адбываецца нібыта па-за часам і прасторай, нейкі абстрактны свет для дваіх. Таму і сцэнаграфічнае рашэнне (мастак Дар’я Волкава) адпаведнае — гэта Сусвет творчага чалавека, дзе пануюць літары, словы, радкі. І яшчэ ў ім ёсць кніга Майстра, якую ён стварыў дзякуючы каханай: цёмная дошка прасторы, спісаная белай крэйдай (кнігі жывуць не толькі ў матэрыяльным надрукаваным выглядзе, яны каштоўныя найперш сэнсам). Яркім акцэнтам у гэтай прасторы становяцца жоўтыя мімозы, якія несла Маргарыта пры першай сустрэчы з Майстрам. Сімвалічна, бо мімоза — увасабленне сонца і святла. Але букет апынаецца на зямлі — надта трывожнымі падаюцца кветкі Майстру… На яго ролю прызначаны два артысты — Сяргей Лапаніцын і Генадзь Гаранскі, — у якіх задача не толькі драматычнага ўвасаблення героя, ёсць і дадатковая нагрузка. Лінія Майстра і Маргарыты развіваецца паводле Булгакава — крыху запаволена спачатку, калі ідзе расповед пра іх знаёмства. Але каб глядач не засумаваў, у дзею ўрываецца музыка: Майстар спявае! Нечакана… Але ж чаму і не?
«Музычныя паўзы» ў гэтым спектаклі дапамагаюць перабіць манатоннасць рытму, закладзенага напачатку. Але не толькі яны. Некаторыя рэжысёрскія знаходкі (ці амаль трукі) таксама робяць сваю справу для ашаламляльнага эфекту, які ўражвае публіку. Не, ну чаго ж, Булгакаў сам адкрыў для гэтага браму, прыдумаўшы фантасмагарычныя сцэны і герояў нечалавечага свету — нячыстай сілы. Маргарыта ўсведамляе, з якой сілай звязалася. Воланд і яго світа здаюцца мілымі і цікавымі — ці не так дзейнічаюць спакусы ў чалавечым свеце? Можа быць, нездарма ў спектаклі, які збольшага ідзе ў абстрактным вымярэнні, гэтыя героі паказаны ў больш рэальным антуражы, падобным на кватэру, пазбаўленую жыльцоў (хоць канцэптуальна яно тут магло б быць інакш)? Так і хочацца сказаць: людзі, будзьце пільныя, яны побач!.. Булгакаў праз гэтых герояў імкнуўся паказаць пэўны кантэкст, які бачыў і адчуваў. Тут яго няма, але вельмі хочацца зразумець, што стаіць за справамі Воланда — а ён жа таксама вечны і толькі чакае, дзе правесці свой чарговы баль…
Некаторыя рэжысёры раней рабілі стаўку на эфектнае шоу Воланда, пераносіўшы дзеянне ў залу, а ў нас (паколькі трэба працаваць на іншую лінію) «ваў-эфект» дасягаецца праз палёт Маргарыты над горадам. Белы халат развяваецца над цёмным светам, а яна нібыта лунае над аблокамі — рашучая, гатовая на ўсё дзеля сваёй мэты, перамагае час, прастору ды законы гравітацыі, каб дасягнуць сваёй мэты. Гэта насамрэч прыгожа і захапляльна.
Але кульмінацыяй становіцца жудасная чорная каранацыя Маргарыты (ох, магільны холад ідзе па скуры ад гэтай сцэны) і баль у Воланда. Вось навошта вам спатрэбяцца чорныя строі пры паходзе ў тэатр: на гэты баль запрошаны ўсе! Усе павінны быць гатовыя рабіць справаздачу за сваё жыццё. Усе зададуць сабе пытанне: ці магу прэтэндаваць на спагаду? Ці заслугоўваю даравання?
Інтэрактыў, уплецены ў канву спектакля, — з выхадам у залу, з пытаннямі да тых, хто трапіць пад увагу Валанда і яго служак — Азазэла, Кароўева і Бегемота (так, яны мілыя, абаяльныя, дасціпныя, у кожнага свой характар). Запалілася святло — і ўсе як на далоні, кожны ў зале павінен быць гатовы адказваць за ўласныя ўчынкі.
Той выпадак, калі сімвалізм і містыцызм Булгакава падмацоўваюцца рэжысёрскімі метафарамі. І адчуваецца імкненне стварыць «варушняк»: акрамя Майстра, спявае яшчэ Азазэла. Але гэта нумар пра філасофію, дабро і зло на зямлі. Праекцыя хронікі на белы экран сцэны паказвае нам усю боль зямлі з трагедыямі, якія чыняць і перажываюць людзі: удары стыхій, ад якіх немагчыма ўратавацца, жудасныя выбухі, войны, разбурэнне і заспусценне… Як і апісана ў Бібліі, да якой Булгакаў звяртаўся праз такіх герояў, як Іешуа і Понцій Пілат: варыянт пісьменніка пасля прачытання кнігі так і хочацца параўнаць з арыгіналам. А тут гэтай часткі рамана няма наогул.
Хіба што… Воланд разумее, што канчатковы прысуд закаханым вынесе той, хто па-над зямной мітуснёй. І пасланец з іншага вымярэння прыносіць вестку: закаханыя не заслужылі раю, але разам здабываюць вечны спакой.
Напрыканцы закаханая пара спявае дуэтам: гэта спроба збалансаваць драматычны фінал (героі ж паміраюць), але гучыць тэма вечнага кахання, што надае нейкі аптымізм. Бо не трэба, каб «юны» глядач выходзіў са спектакля ў змрочным настроі. Але тое, што ён будзе выходзіць адтуль з пытаннямі — дакладна. І найперш гэтыя пытанні будуць тычыцца самога бессмяротнага рамана, бо нішто не дазволіць паглыбіцца ў яго лепш, чым чытанне. Можа, гэта і трэба было даказаць?
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Ганны ШАРКО
Што будуюць, а што ўжо ўвялі ў эксплуатацыю?
«У ідэале, не адзін алімпійскі цыкл».
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?