Вы тут

Гісторыя лётчыка, які быў збіты на трэці дзень вайны і толькі зараз з пашанай пахаваны на радзіме


Сталыя людзі ведалі, што на балоце паміж вёскамі Паляцічы і Батчы ў 1941-м упаў самалёт. Ды паступова старажылы адыходзілі ў іншы свет, праўда, папярэдне перадаўшы інфармацыю дзецям. Такім чынам памяць жыла, працягвалася, не згасала, каб аднойчы на тое месца прыйшлі людзі і зрабілі высакародную справу — вярнулі з небыцця яшчэ аднаго невядомага ўдзельніка вайны.


Пётр Шмыгаў.

Апошняе пісьмо

Самалёт паднялі ў 2021 годзе, а да гэтага будзе роўна 80 гадоў невядомасці лёсу сваяка адной вясковай расійскай сям'і. У далёкім ад Батчы расійскім Велікадвор'і 16 лютага 1920 года нарадзіўся хлопчык Пеця. Ён быў старэйшым у сям'і Еўдакіі і Аляксандра Шмыгавых, затым адно за адным нарадзіліся яшчэ чацвёра. Калі Пецю было ўсяго толькі дзесяць гадоў, памёр бацька, і хлопчык стаў галоўным маміным памочнікам. Даглядаў малодшых, пакуль маці працавала. Іх роднае сяло Велікадвор'е ў Гусь-Хрустальным раёне Уладзімірскай вобласці было даволі вялікім, цяпер, дарэчы, гэта пасёлак.

Як і многія яго равеснікі, пасля сямі класаў Пётр паступіў на рабфак. Вучыўся і працаваў, асвойваў самую папулярную ў тых мясцінах прафесію шклароба. Калі споўнілася васямнаццаць, хлопца прызвалі ў армію. Там здольнага вяскоўца накіравалі асвойваць лётную справу. Ён атрымаў спецыяльнасць стралка-радыста і званне малодшага сяржанта. Салдатам тэрміновай службы і ў тую пару штомесяц плацілі невялікія грошы на кішэнныя расходы. Дык вось, Пётр Шмыгаў тыя грошы на сябе не траціў, адпраўляў іх маці, ведаў, як цяжка ёй адной падымаць малых.

У чэрвені 1941 года ён пісаў матулі, што хутка яму дадуць водпуск, і яны нарэшце ўбачацца. Для Еўдакіі гэта была найвялікшая радасць, яна ўжо чакала сына, старалася прыхаваць нешта лепшае, смачнейшае для жаданай сустрэчы. Яна тады не ведала, што пісьмо было апошняе, і яна ніколі больш не ўбачыць свайго хлопчыка.

Маці Пятра Шмыгава.

Калі салдат збіраўся ў водпуск, ён ужо служыў у 140-м бамбардзіровачным палку 47-й змешанай авіядывізіі Арлоўскай ваеннай акругі. З 23 чэрвеня полк базіраваўся на аэрадроме Зубаўка пад Оршай. А 24 чэрвеня ён у складзе экіпажа з трох чалавек ляцеў бамбіць варожыя пазіцыі пад Брэстам, недзе ў раёне Кобрына.

Школьныя следапыты

Жыхар гэтых мясцін Кірыл Верамяюк, чый расповед у свой час запісалі следапыты з Батчынскай школы, сведчыў: «У той дзень тры пары нашых бамбардзіроўшчыкаў ішлі строем, былі атакаваны двума нямецкімі знішчальнікамі, і ўсе шэсць былі збітыя. Адзін упаў каля вёскі Рагозна Жабінкаўскага раёна ў балота, другі — каля вёскі Піліпавічы ў полі, трэці ўпаў у канаву каля вёскі Панцюхі (падняты пасля вайны). Два самалёты ўпалі ў раёне вёскі Батчы і вёскі Літвінкі каля чыгункі на адлегласці два кіламетры адзін ад аднаго».

Калі гэтыя звесткі дайшлі да дырэктара Батчынскай школы Мікалая Сасіма, ён вырашыў, што справа яго гонару праверыць іх, дайсці да ісціны, як мага больш даведацца пра герояў вайны, што і паваяваць не паспелі, але аддалі свае жыцці за Радзіму менавіта ў гэтых мясцінах. Мікалай Іосіфавіч стаў узначальваць школу ў 1979 годзе. Пад яго кіраўніцтвам і пры яго ўдзеле педагогі і вучні правялі вялікую пошукавую работу. Апыталі і запісалі ўспаміны многіх вяскоўцаў, сведак тых падзей і іх нашчадкаў. Сам дырэктар сядаў на матацыкл і ехаў шукаць, запісваць, распытваць.

Помнік Пятру Шмыгаву.

Бясцэннымі аказаліся сведчанні жыхара Кобрына Леаніда Гелаха. Леанід Іванавіч нарадзіўся ў 1945 годзе на хутары Сярэдняе якраз паміж вёскамі Батчы і Паляцічы. Яго бацька і старэйшая сястра Вера дакладна ведалі, дзе ўпаў самалёт 24 чэрвеня 1941 года. Ды і ён ведаў з дзяцінства тую ўпадзіну на балоцістай мясцовасці. Менавіта сын Леаніда Гелаха Віктар звярнуўся ў пошукавы атрад «Авіяпошук Брэст» з просьбай знайсці самалёт, які ўпаў. Праз некаторы час кіраўнік атрада Уладзімір Бухта прыехаў на месца падзення. Ужо пасля правядзення паспяховай аперацыі Уладзімір Бухта адзначыць, што сведка быў скрупулёзны, паказаў месца з дакладнасцю ледзь не да сантыметра.

З балота паднялі самалёт і цела

Падняць самалёт з глыбінь зямлі — гэта даволі працаёмкая і складаная аперацыя. Першую разведку актывісты атрада «Авіяпошук Брэст» правялі вясной 2017 года. Дробныя фрагменты самалёта былі знойдзены, устаноўлена, што яны належаць хуткаснаму бамбардзіроўшчыку. Затым быў доўгі працэс афармлення дакументаў, атрымання дазволу.
І ў верасні 2021 года на месца прыбылі пошукавікі з усім камплектам тэхнікі і абсталявання. Глыбіня раскопу склала шэсць метраў, але ніякіх прыкмет самалёта не было. Стралы экскаватара далей не хапала, пачалі капаць уручную, стаялі ледзь не па пояс у вадзе. У нейкі момант з'явіліся сумненні: а ці ёсць тут што наогул? І толькі калі на вадзе сталі заўважныя масляныя разводы, сумнявацца больш не выпадала, сталі настойліва капаць далей.

Але перш чым убачыць цела чалавека, заўважылі чатыры авіяцыйныя бомбы, якія стралок так і не паспеў скінуць у цэль. Давялося выклікаць сапёраў і адкладваць асноўную работу на некалькі дзён.... І ўсе мясцовыя жыхары даведаліся, што дзясяткі гадоў аралі і сеялі поле, пад якім ляжаў смертаносны груз. Колькі яшчэ такіх бомб хавае ў сабе наша зямля!

Камсамольскі білет.

Пасля таго як небяспека мінула — бомбы павезлі на палігон для абясшкоджвання, — пошукавікі з-пад фрагментаў кабіны дасталі муміфікаванае цела чалавека, якое вельмі добра захавалася. У гэтым сэнсе балота — найлепшы кансервант, ва ўмовах адсутнасці паветра захавалася не толькі цела, але і форма, пятліцы малодшага сяржанта, дакументы, у якіх пазначаны прозвішча, імя, як вы ўжо здагадаліся, Пятра Шмыгава. У камсамольскім білеце наогул чытаецца кожнае слова. У кішэні яшчэ ляжаў блакнот з запісамі і вершамі, якія пісаў у вольныя хвіліны баец.

Беларускія і расійскія краязнаўцы

Па дакументах устанавілі полк, а расійскія калегі брэсцкіх пошукавікоў літаральна за два дні знайшлі родных Пятра Шмыгава. На Кобрыншчыну тады прыехаў унучаты пляменнік франтавіка Максім Кучмін, яму перадалі і цела дзеда, і яго асабістыя рэчы. У пасёлку Велікадворскі Гусь-Хрустальнага раёна сабраліся нашчадкі тых, хто некалі праводзіў у войска Пятра, каб правесці яго ў апошні шлях.

Вучні і настаўнікі Батчынскай школы звязаліся са школай Велікадворскага. Перапіска працягваецца і цяпер, з беларускімі калегамі яе вядзе дырэктар школы Марына Цюменева. Ад яе і даведаліся пра сям'ю Пятра Шмыгава, пра яго кароткае жыццё, а таксама пра тое, што ў школе ёсць краязнаўчы музей, а цяпер вось рыхтуецца асобная экспазіцыя пра лётчыка Шмыгава.

Былы дырэктар школы Мікалай Сасім з вучаніцамі школы.

Пасля выхаду на пенсію дырэктара Батчынскай школы Мікалая Сасіма краязнаўчую справу прадоўжыла настаўніца гісторыі Марыя Асійчук, а калі Марыя Васільеўна пайшла на заслужаны адпачынак, эстафету перадала дачцэ — настаўніцы гісторыі Іне Вакульчык. Пад кіраўніцтвам Іны Віктараўны дзеці рыхтуюць даклады, паведамленні, пішуць творчыя работы, ствараюць краязнаўчыя праекты. Адзін з такіх, падрыхтаваны трыма вучаніцамі, прысвечаны гісторыі лётчыка Шмыгава.

Вымаленае вяртанне

— Я хоць ужо на пенсіі, актыўна не займаюся пошукам, але гэтая гісторыя проста не выходзіць з галавы, не адпускае, — гаворыць Марыя Асійчук. — Калі нам упершыню расійскія калегі напісалі пра маці Пятра, мы ўсе плакалі. Мы даведаліся, што Еўдакія Міхайлаўна была вельмі веруючым чалавекам, хадзіла ў царкву і маліла Бога за сына. У сваім сяле яна была так званай «плакальшчыцай», аплаквала ўсіх нябожчыкаў падчас пахавання. Сваім родным яна казала, што вымаліла ў Бога вяртанне сына і незадоўга да сваёй смерці папрасіла, каб пакінулі месца побач з яе магілай для яго. Да яе слоў ставіліся з пэўнай доляй спагады, паважаючы мацярынскае гора, але не надта верылі ў прароцтвы, тым больш што падстаў ніякіх не было. Але ж апошнюю волю выканалі і месца пакінулі.

Ён загінуў у 1941-м, а яна памерла праз сорак гадоў, у 1981-м. Яшчэ праз сорак гадоў, у 2021-м, яго прывезлі і пахавалі побач з маці на могілках у вёсцы Пятніца, недалёка ад царквы велікамучаніцы Параскевы, у якой і адпявалі Пятра перад пахаваннем. Там жа, дарэчы, знаходзяцца мошчы святога праведнага Пятра Велікадворскага, якога таксама горача маліла Еўдакія аб дапамозе ў вяртанні сына. І, як вынікае, мацярынская малітва была пачутая.

Памятны знак пад Кобрынам.

Яны вельмі падобныя знешне — маці і сын, гэта добра відаць на фотаздымках. На помніку, які паставілі на магіле, ён у лётнай форме, такі малады, прыгожы, узнёслы. І надпіс: «Я вярнуўся, мама!»

Дарэчы, калі яго паднялі з балота на Кобрыншчыне, то разам з дакументамі ў кішэні гімнасцёркі знайшлі фотаздымак маці, які ўсе гэтыя гады ён насіў з сабой, які быў з ім і ў апошнюю секунду жыцця.

Памятны знак на Кобрыншчыне

Цяпер на месцы падзення самалёта стаіць памятны знак. Разам са старшынёй Батчынскага сельскага Савета Святланай Гангала мы стаім і перажываем расказаную ёю мне гісторыю наноў. Пасля расповеду пра маці Пятра, яе цвёрдую веру ў вяртанне сына, малітоўны подзвіг, мы, абедзве маці дарослых сыноў, некаторы час нават не можам гаварыць... Потым пачынаем разважаць пра адзін з галоўных жахаў вайны, калі маці, адправіўшы на вайну дзіця, часам усё астатняе жыццё не ведала, дзе ён, што з ім, у якой зямлі ляжаць яго косці. І ніхто не ведае ліку такіх сямейных трагедый.

...Памятны знак адкрылі зусім нядаўна, у сярэдзіне ліпеня. Цырымонію прымеркавалі да дня горада Кобрына. Прыехалі кіраўнікі раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Вядома, прыйшлі настаўнікі і вучні Батчынскай школы, ветэраны пошукавай работы. Усе разам згадалі тыя векапомныя дні, згадалі герояў, што аддалі жыццё ў баях за радзіму, усклалі кветкі.

Мемарыяльны знак уяўляе сабой абрысы самалёта, скіраванага ў бок зямлі. Памятная дошка змяшчае інфармацыю пра апошні палёт бамбардзіроўшчыка. Знак устаноўлены на гранітным пастаменце. Клопат па фінансаванні ўзвядзення помніка ўзялі на сябе прадпрыемствы горада. Знаходзіцца ён праз дарогу ад аграсядзібы «Валасюкоў хутар», гаспадары якой узяліся даглядаць тэрыторыю вакол помніка.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і Батчынскай сярэдняй школы

Аўтар выказвае падзяку Марыі Асійчук і Іне Вакульчык за дапамогу пры падрыхтоўцы артыкула

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.