Вы тут

Вадзім Бокач: Каманда наша вопытная, мы рыхтаваліся доўга


Гэта было трыумфальна! Трыбуны САК «Алімпійскі» літаральна ўзарваліся, калі стала вядома, што перамаглі беларускія «пляжнікі». Падзея адбылася на ІІ Гульнях краін СНД падчас паядынку па пляжным футболе паміж беларускай зборнай і іранскай камандай. Магілёўшчына можа смела ганарыцца гэтым поспехам, бо сем пляжных футбалістаў — з Кіраўска! І чэмпіёнамі сталі трое з іх — Вадзім Бокач, Юрый Пятроўскі і Арцемій Дрозд! Менавіта на рахунку Вадзіма Бокача (ён жа віцэ-капітан нацыянальнай зборнай) па два забітыя галы ў паўфінальнай гульні з Аманам, а затым і ў фінале з Іранам!


Тое, што я застала яго ў Кіраўску, — удача. Дзень легенды беларускага пляжнага футбола распісаны па хвілінах. І ён часта бывае ў раз'ездах. На гэты раз футбаліст трэніраваў моладзь і на некалькі хвілін (бо кудысьці яму ўсё ж такі трэба было бегчы) перарваўся, каб пагутарыць. З ходу цікаўлюся: «Новых чэмпіёнаў выхоўваеце?»

— Гэты від спорту, як і любы іншы, патрабуе пастаянных трэніровак, — адзначае чэмпіён.— Вось гэта кіраўская пляцоўка не дрэнная, толькі трыбун няма, а так яна стандартная. Летась мы тут кубак Беларусі выйгралі. Добрыя стадыёны ёсць у Мінску, Гродне, Віцебску, Маладзечне, хутка ў Брэсце будзе будавацца. А вось у Магілёве нармальнай пляцоўкі няма. Значыць, і чэмпіёнам няма адкуль будзе ўзяцца. Спачатку трэба згуляць на сваім пяску хоць бы чэмпіянат горада, тады пачнуць з'яўляцца футбалісты. А проста так прыйсці на пясок, ды яшчэ гуляць на ім, не кожны пажадае. На пяску нават стаяць цяжка, а тут трэба бегаць і нешта яшчэ з мячом рабіць. Калі гуляў у пляжны футбол у Барысаўскім ФК «БАТЭ», нашы футбольныя зоркі Аляксандр Глеб, Сяргей Верамко прыходзілі і здзіўляліся: «Як наогул тут можна гуляць?» Сапраўды, гэта нялёгка. Тут звычка павінна быць, а яна прыходзіць праз трэніроўкі. Але без грошай немагчыма вырасціць чэмпіёна. Былі б спонсары — і гульцы б трэніраваліся на пастаяннай аснове. Як гэта робіцца сёння ў Расіі. Усе каманды атрымліваюць грошы па кантрактах, таму ў іх такі ўзровень сур'ёзны.

— І, тым не менш, на Гульнях краін СНД менавіта вы падняліся на «залатую» прыступку.

— Склад удзельнікаў спаборніцтваў сапраўды быў вельмі моцны, — пагаджаецца Вадзім. — Але каманда наша вопытная, мы рыхтаваліся доўга, у нас былі 16 дзён збораў, усе знаходзіліся ў тонусе. Спаборніцтвы праходзілі на «Алімпійскім» на працягу пяці дзён — тры дні гульні ў групе, потым паўфінал і фінал. Самы складаны быў фінал, эмацыянальна напружаны, бо існавала адказнасць перад балельшчыкамі, не хацелася іх расчараваць. Але ўсё склалася паспяхова для нас.

— Прадчувалі, што станеце чэмпіёнамі?

— Мы ведаем свае сілы і выйгралі. Цяпер будзем рыхтавацца на фінал чэмпіянату свету, які плануецца ў лютым у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Планавалі, што ў фінале на Гульнях краін СНД з Расіяй будзем гуляць, але прыйшлося змагацца з Іранам. Калі Расія прайграла Ірану ў паўфінале, а мы выйгралі ў Амана, мы ўжо на працэнтаў 90 ведалі, што абыграем Іран. Гульня была вельмі цяжкая, увесь час утрымлівалі лік. Іранская каманда моцная, уваходзіць у чацвёрку чэмпіёнаў свету. Толькі калі ўсё скончылася, мы зразумелі, што перамаглі.

— Вашы ўражанні ад ІІ Гульняў краін СНД?

— Вельмі сур'ёзнае было мерапрыемства і па складзе ўдзельнікаў, і па арганізацыі саміх паядынкаў. У Мінску, які прымаў Еўрагульні, ужо быў вопыт правядзення такіх спаборніцтваў. Усім спадабалася.

— Наколькі пляжны футбол патрабавальны від спорту? Колькі ўвагі трэба яму ўдзяляць, каб стаць чэмпіёнам?

— Як і ва ўсякім іншым відзе спорту, патрэбныя агульна фізічныя практыкаванні. Зімой снег, пяску няма, таму трэніруемся ў спартыўнай і трэнажорнай залах. Хоць было такое, што ў тэрмашкарпэтках і на снезе гулялі. Але, як я ўжо казаў, без грошай не было б высокіх вынікаў. Дзякуй дырэктару абласнога Цэнтра алімпійскага рэзерву (ЦАР) па лёгкай атлетыцы і гульнявых відах спорту Дзмітрыю Чыгіру, які нас спансіруе. Нашай камандзе тры гады, і толькі дзякуючы ЦАРу мы ўсе тры гады чэмпіёны Беларусі.

— Колькі гадоў вы ў пляжным футболе, з чаго ўсё пачалося?

— Спачатку, як усе, гуляў у вялікі футбол у ФК «Белшына». Потым захапіўся міні-футболам. Пляжны для мяне адкрыў натхняльнік гэтага віду спорту мой трэнер Віктар Яўгенавіч Галомзік. Ён прапанаваў згуляць на турніры ў Мінску, і адтуль усё закруцілася. Мяне заўважыў дырэктар нацыянальнай зборнай і запрасіў на спаборніцтвы ў Францыю. Мы тады занялі першае месца. І з 2009 года займаюся выключна пляжным футболам.

— А што вас наогул захапіла ў пляжным футболе?

— Мне падаецца, што ён больш дынамічны і прыгожы. Шмат цікавых момантаў у параўнанні з вялікім футболам. У звычайным футболе ўдар можна прадбачыць за 10 хвілін, а тут паўхвіліны здольны вырашыць усё — шмат розных камбінацый. Спорт вельмі цікавы: розныя акрабатычныя элементы, бісіклеты і ўсё астатняе. Мне падаецца, што любы футбаліст, які выйдзе на пясок, сыграе адну гульню, улюбіцца ў гэты спорт. На жаль, ён у нас не так развіты, як гэтага хацелася б.

— А хто лічыцца эталонам у гэтым спорце?

— Была Бразілія, цяпер — Расія. Яна наогул вельмі імкліва развіваецца, у іх манежы пабудаваныя ў кожным горадзе, таму яны і чэмпіёны свету. Хоць Расія на гэтых Гульнях краін СНД трэцяе месца заняла, а мы — першае!

— Як наогул вы трапілі ў спорт? Бацькі заахвоцілі?

— Не, у маіх бацькоў болей спартсменаў няма, адзін я такі. У спорт трапіў, як усе іншыя: прыйшоў у раённую спартыўную школу запісвацца на футбол. Мне гадоў 7-8 тады было. Некаторы час займаўся лёгкай атлетыкай, валейболам, потым пераехаў у Бабруйск, займаўся ў вучылішчы Алімпійскага рэзерву. Тры гады гуляў у ФК «Белшына», потым вярнуўся ў Кіраўск працаваць трэнерам.

— Напэўна, сваіх дзяцей дакладна далучыце да спорту.

— Мая дачка наогул не спартсменка. Больш любіць пахварэць за тату, калі яго па тэлевізары паказваюць. (Усміхаецца.) На жаль, не прыцягнуў яе да спорту.

— А чаму? Часу не хапіла? Увесь час трэніроўкі, спаборніцтвы...

— Магчыма, і так. Да таго ж Кіраўск — горад маленькі. Магчымасцяў не шмат. Крыху плаваннем займалася.

— Кіраўск для вас родны горад?

— Так. Усё жыццё звязана з ім.

— А за мяжой працавалі?

— Гуляў у Італіі, ва Украіне, у Расіі восем гадоў.

— Каму са знакамітых футбалістаў атрымалася паціснуць руку?

— Эрыку Кантане, напрыклад, гуляў з ім у 1990-я гады. А яшчэ гуляў з футбалістамі «Ювентуса» — Паўла дзі Кані, Луіджі дзі Б'яджо, Джузепэ Сіньорэ.

— Якіх вяршынь атрымалася дасягнуць у пляжным футболе?

(Сціпла паціскае плячыма.) Трохразовы ўдзельнік чэмпіянату свету, фіналіст Лігі чэмпіёнаў, фіналіст чэмпіянату свету сярод клубаў, чэмпіён СНД...

Нэлі ЗІГУЛЯ

г. Кіраўск

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.