Гродзенскія экаактывісты працягваюць тэму азеленяння сваіх дваровых участкаў. Некалькі гадоў таму ў мікрараёне Дзевятоўка абласнога цэнтра высадзілі клёны, летась бярозкі і елачкі. Увосень мяркуюць падысці да зялёнай зоны больш дэтальна. А зараз, падчас экалагічнага тыдня сабраліся ў сваім двары, каб вызначыць на мясцовасці былыя пасадкі, якія могуць проста выкасіць разам з травой.
Двор гэты, прама скажам, знакаміты. Роўна 40 гадоў таму тут здымалі папулярны фільм «Белыя Росы». Мясцовыя жыхары, тады яшчэ маладыя навасёлы мікрараёна, прыходзілі ў двор, каб убачыць, як грае на гармоніку ў гняздзе на старым дубе Мікалай Карачанцаў альбо кідаецца пад колы «Хуткай дапамогі» Барыс Новікаў.
З гэтай пары, вядома, многае змянілася. Няма таго дуба, наваколле набыло іншыя рысы, знікла вёска, а на яе месцы вырас і працягвае расці гарадскі мікрараён. Праўда, некаторыя дрэвы засталіся. У двары, дзе ішлі здымкі, можна ўбачыць даволі старыя ліпы, але ніхто дакладна не ўспомніць, калі яны пасаджаны. Можа, да здымкаў фільма, а можа, і пазней. Ва ўсялякім разе, будаўніцтва закранула нямала дрэў, якія прыйшлося вырубаць, каб працягваць камунікацыі, пракладваць дарогі і будаваць шматпавярхоўкі. А вось з азеляненнем тут, па ўсёй бачнасці, не вельмі спяшаліся. На гэта і звярнулі ўвагу мясцовыя жыхары, якія ў юбілейны год здымкаў «Белых Рос» вырашылі стварыць у навакольным асяроддзі паркавую зону. Тым больш што месца нагадвае пустыр без усялякіх насаджэнняў.
Трэба сказаць, што такія спробы былі і раней. Напрыклад, некалькі гадоў таму на месцы таго старога «кіношнага» дуба жанчыны — актывісткі пасадзілі малады клёнік і некалькі кустарнікаў. Летась у сваім двары высадзілі алею бярозак і елачак. Праўда, прыжыліся не ўсе. Па словах удзельніцы экалагічнай акцыі Журневіч Ганны, сусед з пятага паверха іх дома спецыяльна выліваў пад ёлачкі нейкую атруту, каб тыя засохлі. Так і здарылася. Амаль усе дрэўцы загінулі.
Між тым, у жанчын, а гэта пераважна яны займаюцца пасадкамі, не апускаюцца рукі. Яны зноў і зноў робяць захады для таго, каб азеляніць свой двор і памятныя для іх месцы.
— Мы, як прадстаўнікі грамадскасці, звярнуліся з пісьмом да мясцовых уладаў, узгаднілі свае дзеянні з інспекцыяй па ахове прыроды. Намі атрыманы дазвол на правядзенне акцыі, бо ўсё павінна быць на законных высновах. — зазначае гродзенка Тэрэза Белавусава. — Мы, як грамадскія актывісты, маем намер азеляніць навакольную тэрыторыю. Гэты працэс таксама не стыхійны, ён праходзіць у рамках праекта па азеляненні тэрыторыі, які падрыхтавала прадпрыемства «Зелянбуд». Праект прайшоў узгадненне многіх ведамстваў, у тым ліку, ЖЭСа, на тэрыторыі якога і будзе праходзіць наша акцыя.
Асноўная работа будзе праводзіцца ўвосень, калі прыйдзе пара садзіць дрэвы. Для гэтага жыхары мікрараёна заказалі ў «Зелянбудзе» дрэвы, дарэчы, на прадпрыемстве абяцалі выдзеліць іх бясплатна ў рамках абласной праграмы «Зялёныя тэхналогіі, рэсурсакарыстанне і экабяспека».
— Калі ёсць дапамога, нам самім лягчэй працаваць. Яны нам дапамагаюць з саджанцамі, а мы, у сваю чаргу, актывізуем нашых грамадзян на працяг справы. Гэта і падрыхтоўка і пасадка, падрэзка потым. На гэтым экалагічным тыдні мы зазначым, дзе і што садзіць. А таксама з дапамогай нашых спонсараў з «Гандльсэрвіса» вызначым колкамі малыя расліны, якія могуць скасіць, — працягвае свой каментарый экаактывістка.
Таксама ў полі зроку жыхароў і кантэйнерная пляцоўка для збору адходаў. Паколькі яна размешчана насупраць пад’ездаў шматпавярхоўкі, яе таксама трэба неяк абясшкодзіць. Выхад тут толькі адзін — высадзіць вакол дрэвы і кустарнікі. Прапанова жыхароў па размяшчэнні зялёных саджанцаў таксама будзе разглядацца ў жыллёва-камунальных службах.
— Гэта агульная праблема горада. Праўда, раней тут раслі кусты, але, відаць, іх выкасілі альбо яны іншым чынам зніклі, таму мы вырашылі аднавіць іх высадку. У схеме, якую прадаставіў «Зелянбуд», мы намецім, дзе павінны пасадзіць дрэвы, каб не закрануць цепласеткі і іншыя інжэнерныя камунікацыі, — акрэслівае задачу на бліжэйшы восеньскі сезон субяседніца.
Увогуле планаў у грамадскіх эколагаў даволі шмат. Акрамя дрэў і кустарнікаў, якія мяркуюць высадзіць на пустачы, ёсць задумка разбіць тут яшчэ і кветнік. Па словах Белавусавай, гэта ініцыятыва ўваходзіць у гарадскую праграму па азеляненню тэрыторый. Дапамога грамадскасці ў гэтай справе даволі слушная, бо ажыццяўляецца на дабрачынных пачатках. Пры гэтым жыхары гатовы не толькі высаджваць дрэвы і кветкі, але і даглядаць іх. Дарэчы, яны сочаць і за сваімі колішнімі пасадкамі, паліваюць і праполваюць зелле.
Жыхары кажуць, што хочуць зрабіць тут больш зонаў адпачынку, бо месца сапраўды знакамітае. Аб гэтым сведчыць і вялікі парк, дзе размясціўся імправізаваны дом са скульптурамі некаторых герояў «Белых Росаў». Між тым мясцовыя жыхары лічаць, што некаторыя шыльды варта ўстанавіць непасрэдна на памятных месцах здымкаў. Напрыклад, на месцы старога дуба. Таксама не лішнім было б замяніць лаўкі.
— У ЖЭСе мы атрымалі дазвол зрабіць лаўкі сваімі сіламі, каб гэта было хутчэй. Мы шукаем спонсараў. Напрыклад, зараз нам дапамагае прадпрыемства «Гандльсэрвіс», «Гроднаграмадзянпраект», — расказвае субяседніца. — Тут мы хочам зрабіць такі ўнікальны куток. Мы актыўныя жыхары, хоць нас і нямнога.
Сапраўды, пакуль ідэя навядзення парадку на сваіх дваровых тэрыторыях не атрымала шырокай грамадскай падтрымкі. Ды і прасоўваць ініцыятывы не вельмі проста, часам перад імі паўстае нямала бюракратычных перашкод. Але гродзенкі не здаюцца. Хоць невялікімі крокамі, але справа ідзе.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.