Вы тут

Пачынаецца новы хакейны сезон


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем свежыя спартыўныя навіны.


Героі тыдня. У Салігорску прайшоў розыгрыш Кубка Салея — 2023, другога па значнасці клубнага турніру ў беларускім хакеі. Да фіналу дайшлі хакеісты «Шахцёра» і «Віцебска». Рашаючы матч скончыўся з вынікам 2:1. Уладальнікамі трафея сталі хакеісты «Віцебска», для іх гэта другая перамога ў Кубку Салея. Трэцяе месца заняў хакейны клуб «Брэст», які быў мацнейшы за «Юнацтва», — 2:1. Новы сезон беларускай экстралігі стартуе ўжо 30 жніўня, у першы дзень рэгулярнага чэмпіянату адбудуцца матчы «Гомель» — «Віцебск», «Ліда» — «Магілёў» і «Металург» — «Нёман».

Гераіні тыдня. На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры прайшлі міжнародныя спаборніцтвы па сучасным пяціборстве «Кубак Дружбы». У фінале спартсменак, не старэйшых за 19 гадоў, у дысцыпліне чатырохборства (фехтаванне, плаванне, лазер-ран) перамагла беларуска Міра Бурая. Другое месца заняла яшчэ адна беларуска, Стэфанія Кіслянкова, трэці вынік паказала Лізавета Скуднякова з Расіі. У камандным турніры першынствавала галоўная зборная Беларусі ў складзе Бурай, Кіслянковай і Аляксандры Ляшэнкі, «серабро» — у расіянак, «бронза» дасталася камандзе «Беларусь-2», за якую выступалі Наталля Савянкова, Анжаліка Катовіч і Ірына Нікалаева.

Поспех тыдня. Валейбалісты салігорскага «Шахцёра» занялі трэцяе месца на турніры памяці Вячаслава Платонава ў Санкт-Пецярбургу. У паядынку за бронзавыя медалі беларусы абгулялі маскоўскі ЦСКА з лікам 3:1.

Перамога тыдня. Гандбалісткі «Гомеля» другі раз запар сталі ўладальніцамі Суперкубка Беларусі сярод жаночых камандаў. У фінале яны сустрэліся з саперніцамі з «БНТУ-БелАЗ». Вынік сустрэчы — 37:34. Самай выніковай у складзе пераможцаў стала Алена Уманец, якая закінула восем мячоў. У камандзе «БНТУ-БелАЗ» столькі ж мячоў закінула і Яна Сотнікава. Суперкубак сярод мужчынскіх камандаў будзе разыграны 9 верасня, калі ў брэсцкім спарткомплексе «Вікторыя» сустрэнуцца «Мяшкоў Брэст» і мінскі СКА.

Лічба тыдня. Восем медалёў заваявалі беларускія дзюдаісты на Міжнародным фестывалі ўніверсітэцкага спорту, які праходзіць у Екацярынбургу з удзелам камандаў з краін БРІКС, ШАС і СНД. Прызёрамі форуму сталі беларусы Руслан Галавачоў (да 73 кг, «серабро»), Ягор Кухарэнка (звыш 100 кг, «бронза»), Жанна Асіповіч (да 70 кг, «серабро»), Паліна Слесарэнка (да 63 кг, «серабро»), Яна Макрэцкая (да 63 кг, «бронза») і Дар'я Канцавая (да 78 кг, «бронза»). Таксама ў камандных спаборніцтвах мужчынская і жаночая зборныя Беларусі занялі другія месцы.

Цытата тыдня. «Наша мэта на новы сезон — прайсці ў плэй-оф, заняўшы ў канферэнцыі месца, вышэйшае за восьмае. Аб нявыхадзе ў накаўт-раўнд нават не думаем. Вельмі спадзяемся на нашага новага трэнера Дзмітрыя Квартальнава, які прывык перамагаць і ўжо паказваў на справе, як умее працаваць з моладдзю. Яшчэ адна наша мэта на перспектыву — каб у выніку мінскае «Дынама» было сабрана з беларускіх хакеістаў. Цяпер мы на пачатковай стадыі рэалізацыі дадзенага плана, але ў будучыні абавязкова да гэтага прыйдзем. Раней асноўнай мэтай было зрабіць мацнейшай нашу нацыянальную зборную, і ў выніку сёння 26 беларусаў гуляюць у іншых клубах КХЛ, у тым ліку і на вядучых ролях», — адзначыў дырэктар хакейнага клуба «Дынама-Мінск» Арцём Каркоцкі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пачатку новага сезона.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.