Вы тут

Беларускі мастацкі пераклад: Лідзіраваў Максім Горкі


Толькі за 26 пасляваенных гадоў, з 1946 па 1970 гг., у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы ў перакладзе на беларускую мову было выдадзена 2 921 назва кніг і брашур палітычнай, мастацкай, навуковай і іншай літаратуры. Агульны тыраж склаў 98 мільёнаў 358 тысяч экзэмпляраў.


Фота: pixabay.com

Гэтыя і іншыя звесткі мы можам знайсці ў запісцы старшыні Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку Рыгора Канавалава, якую кіраўнік ведамства адправіў намесніку кіраўніка ўрада рэспублікі Ніне Лявонцьеўне Сняжковай 10 мая 1971 года. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца копія гэтага дакумента. Адпаведна – і рэзалюцый на дэталёвай справаздачы ніякіх. А мо гэта быў той выпадак, калі даклад ці справаздачу ці проста даведку прынялі “да ведама” – і на гэтым паставілі кропку. Статыстыка, між тым, даволі цікавая.

Аўтар (праўда, аўтарам, відавочна, быў Аляксей Гардзіцкі, які на той час працаваў у Дзяржкамдруку старшым рэдактарам; напрыканцы ёсць яго пазнака: “Верно: Ст. редактор…” І расшыфраваны подпіс: “А. Гордицкий») на самым пачатку выкладае і іншую статыстыку… З рускай мовы перакладзена 2 557 кніг агульным тыражом 94 мільёны 358 тысяч экзэмпляраў. З іншых моў народаў СССР 182 назвы агульным тыражом 2 мільёны 3 тысячы экзэмпляраў. З моў народаў замежных краін – 162 назвы агульным тыражом 1 мільён 909 тысяч экзэмпляраў.

. Нават калі каго і ўражваюць гэтыя лічбы, неабходна адразу заўважыць наступнае. У перакладзе на беларускую мову выпушчаны 4-е выданне Твораў У. І. Леніна (пабачыў свет на той момант 41 том), “Маніфест Камуністычнай партыі” К. Маркса, Ф. Энгельса, “Капітал” і “Крытыка Гоцкай праграмы” К. Маркса, творы К. Маркса і Ф.Энгельса ў 2-х тамах, некалькі выданняў біяграфіі У. І. Леніна, Гісторыя КПСС. Да 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна выйшлі асобнымі выданнямі “Дзіцячая хвароба “левізны” у камунізме”, “Вялікі пачын”, “Аб значэнні ваяўнічага матэрыялізма”, “Задачы саюзаў моладзі”, “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура” і шэраг іншых прац У. І. Леніна. Сістэмна выпускаліся матэрыялы з’ездаў Камуністычнай партыі і Пленумаў ЦК КПСС, даклады і выступленні выбітных дзеячаў Камуністычнай партыі і Савецкага ўрада.

І што ж у выніку? Якую частку ў гэтым немалым аб’ёме, у гэтых шматмільённых тыражах займала мастацкая літаратура..? Чытаем у даведцы наступнае: “…Усяго за пасляваенныя гады выдадзена 594 назвы агульным тыражом 9 мільёнаў 238 тысяч экзэмпляраў, у тым ліку з рускай мовы 289 назваў тыражом 5 мільёнаў 674 тысячы экзэмпляраў, з другіх моў народаў ССР 171 назва тыражом 1 мільён 889 тысяч экзэмпляраў, з моў замежных краін 135 назваў тыражом 1 мільён 684 тысячы экзэмпляраў”. Атрымліваецца, што перакладной мастацкай літаратуры выдалі ў разы і разы меней…

Хто ж з пісьменнікаў быў найбольш запатрабаваным выдавецтвамі, бібліятэкамі, кнігагандлем і адпаведна чытачамі..? Увогуле за гады Савецкай улады, на 1 студзеня 1971 года, у Беларусі выйшла ў перакладзе на беларускую 27 кніг Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. У пасляваенны час – 11 назваў. Выпушчана 23 перакладных асобных выданняў твораў Л. М. Талстога, у тым ліку 9 – пасля вайны. 22 разы выпускаліся творы А. П. Чэхава, у тым ліку 6 разоў – у пасляваенныя гады. 10 разоў выдаваліся на беларускай мове кнігі М. А. Някрасава. 11 разоў – І. С. Тургенева, 5 – у пасляваенны час. Неаднаразова выдаваліся кнігі класікаў рускай літаратуры А.М.Радзішчава, М. В. Гогаля, М. Ю. Лермантава, М. Е. Салтыкова-Шчадрына, І. А. Крылова, І. А. Буніна і іншых пісьменнікаў. У першую чаргу ў даведцы звяртаецца ўвага на рускую класіку.

І ўсё ж найболей уражлівай аказваецца колькасць выданняў савецкіх пісьменнікаў. Выдадзена ажно 55 кніг Максіма Горкага!.. Творы Аляксандра Серафімовіча выдаваліся 15 разоў (зборнікі апавяданняў, раманы “Жалезны паток”, “Горад у стэпе”)… Нагадаем: Аляксандр Серафімовіч (1863 – 1949) – рускі пісьменнік, журналіст, ваенны карэспандэнт. Лаўрэат Сталінскай прэміі (1943). У 1930 годзе ў Мінску выйшла адразу шэсць (!) кніг Аляксандра Серафімовіча. Раман “Жалезны паток” яшчэ да Вялікай Айчынннай вайны выдаваўся тройчы (трэцяе выданне – у 1936 годзе). “Жалезны паток”, які, пэўна, ужо і не ведаюць цэлыя пакаленні школьнікаў, тым болей не ведае яго і сучасны беларускамоўны чытач, -- пра паход Таманскай арміі ў 1918 годзе цераз Каўказскі хрыбет для ўз’яднання з Чырвонай Арміяй. Твор жа ў свой час лічыўся класікай сацыялістычнага рэалізму. Сярод перакладчыкаў прозы А. Серафімовіча – беларускія літаратары С. Хурсік, П. Місько, С. Іва. Восем разоў да 1971 года выйшлі на беларускай мове кнігі Аляксандра Фадзеева (“Разгром”, “Апошні з удэге”, “Маладая гвардыя”), дзесяць разоў – творы Дзмітрыя Фурманава (“Мяцеж”, “Чырвоны дэсант”; з іх – пяць выданняў сусветна вядомага “Чапаева”). Не застаўся па-за ўвагай Аляксей Талстой. “Дзяцінства Мікіты”, “Залаты ключык”, “Пётр I” і іншыя творы знакамітага празаіка – савецкага графа выходзілі ў Беларусі 10 разоў. Дзевяць разоў – творы лаўрэата Нобелеўскай прэміі Міхаіла Шолахава (“Ціхі Дон”, “Узнятая цаліна”; дарэчы, апошняе на той час – да 1 студзеня 1971 г. – выданне “Узнятай цаліны” пабачыла свет тыражом 15 тысяч экзэмпляраў).

Выдавалася ў перакладах на беларускую мову і руская савецкая паэзія. 11 разоў – творы У. У. Маякоўскага, 7 разоў – кнігі Самуіла Маршака. Выдадзены выбраныя творы М. Ісакоўскага (1952 год), А. Твардоўскага (1953), А. Пракоф’ева (1948, 1961). Пад рэдакцыяй народнага песняра Беларусі Якуба Коласа ў 1953 годзе была выдадзена “Анаталогія рускай савецкай паэзіі”…

Са звароту старшыні Дзяржкамдруку намесніку старшыні ўрада: “У тэматычных планах выдавецтва “Беларусь” (выдавецтва “Мастацкая літаратура” будзе адчынена толькі ў 1972 годзе. І адпаведна ўся мастацкая літаратура выдавалася ў “Беларусі” – В. С., К. Л.) пастаяннае месца займаюць пераклады твораў з моў брацкіх народаў СССР і народаў сацыялістычных краін. За пасляваенныя гады выдадзена ў перакладзе з украінскай 67 назваў, з літоўскай – 14, з латышскай – 14, з яўрэйскай – 26. У перакладзе з польскай мовы выдадзена 26 назваў, з балгарскай – 17, нямецкай – 38, з венгерскай – 5, з чэшскай і славацкай – 13 (тады літаратуры на гэтых мовах развіваліся ў межах адной краіны Чэхаславакіі – В. С., К. Л.), з англійскай – 12, з французскай – 7 назваў і г.д.”

Рыгор Канавалаў робіць і адну істотную заўвагу: “Разам з тым у рэспубліцы яшчэ недастаткова выдаецца кніг у перакладзе з казахскай, таджыкскай, эстонскай, мангольскай моў. Гэта тлумачыцца тым, што ў нас няма перакладчыкаў з гэтых моў”.

І тады, у 1940 –1970-я, і зараз у дачыненні да мастацкага перакладу існуе істотнае адрозненне – перакладаць з моў арыгінала і перакладаць праз мову пасярэдніка, відавочна, з рускай… Чытаем ў архіўным дакуменце пра мінулыя дзесяцігоддзі: “Пераклады ў рэспубліцы робяцца непасрэдна з арыгінала з 8 моў народаў СССР (рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, малдаўскай, грузінскай, татарскай, яўрэйскай), з 17 моў народаў замежных краін (англійскай, нямецкай, польскай, чэшскай, славацкай, балгарскай, іспанскай, італьянскай, французскай, серба-харвацкай, славенскай, дацкай, румынскай, нарвежскай, шведскай, серба-лужыцкай, грэчаскай)”.

Цікавым з’яўляецца і адказ на пытанне, як ажыццяўляўся выбар твораў для перакладу. Чытаем у справаздачы: “У мінулыя гады многія пісьменнікі на сваё меркаванне перакладалі на беларускую мову кнігі пісьменнікаў народаў СССР і замежных краін, а пасля прапаноўвалі выдавецтву іх выдаць. У мэтах паляпшэння выдання перакладной літаратуры загадам Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку была створана спецыяльная рэдакцыя. Выдавецтвам “Беларусь” складзены перспектыўны план выпуска перакладной літаратуры на 1971 – 1975 гг. , у якім улічаны ўсе прапановы Саюза пісьменнікаў БССР. У тэмплане маюцца раздзелы: “Руская літаратура”, “Творы пісьменнікаў народаў СССР”, “Творы пісьменнікаў краін сацыялізма”, “Творы пісьменнікаў замежных краін”. Планам прадугледжаны выпуск у 1971 – 1980 гг. серый “Паэзія народаў СССР” і “Паэзія народаў свету”. У 1970 г. выдавецтва выдала 20 кніг перакладной літаратуры. Планам 1971 прадугледжаны выпуск 23 перакладных кніг”.

Відавочна, і ў Дзяржкамітэце па друку і ў выдавецтве “Беларусь” думалі пра тое, як зрабіць гэты накірунак кнігавыдання прывабным, плён яго дзейнасці запатрабаваным. Таму і прынялі  рашэнне, што большасць выданняў перакладной “выдаецца і будзе выдавацца ў палепшаным афармленні… “ У сувенірным афармленні да 1971 года  выйшлі “Кацярына” Т. Шаўчэнкі, “Лясная песня” Л. Украінкі, “Энеіда” І. Катлярэўскага, “Спеў аб Гаяваце” Г. Лангфела, “Выбраныя творы” М. Лермантава, кнігі выбраных твораў іншых пісьменнікаў замежжа.

Дзеля таго, каб развіць зацікаўленасць творцаў, перакладчыкаў у перакладной справе, Саюз пісьменнікаў БССР і Дзяржкамітэт па друку БССР звярнуліся ў ЦК КПБ з просьбай аб павелічэнні аб’ёма часопіса “Полымя”. Партыйнае кіраўніцтва просьбу падтрымала. Са студзеня 1967 года галоўны літаратурна-мастацкі часопіс пачаў выходзіць аб’ёмам 16 друкаваных аркушаў. На чатыры аркушы болей, чым раней. У зборніках “Дзень паэзіі”, якія выходзілі штогод, пад пераклады адвялі спецыяльны раздзел.

Старшыня Дзяржкамітэта Р. Канавалаў не абыйшоў у дакладной запісцы і цяжкасці, якія суправаджалі працэс з матэрыяльнага пункту гледжання. “…У апошнія гады яна (перакладная літаратура – В. С., К. Л.) збірае малыя тыражы. Разыходзяцца перакладныя выданні, як правіла, дрэнна (у некаторай ступені  гэта звязана з тым, што беларусы свабодна валодаюць рускай мовай і многія творы рускіх класікаў і савецкіх пісьменнікаў чытаюць на мове арыгінала ці ў перакладзе з моў народаў замежных краін на рускую мову). Так, у гандлёвай сетцы Мінскага аблкнігагандлю маецца 2 000 экз.  “Звычайнай гісторыі” А. І. Ганчарова (выпуск 1955 г.), 790 экз. “Аповесцяў і апавяданняў” Л. М. Талстога (1954), болей 5 тыс. экз. “Маіх універсітэтаў” М. Горкага (1953), 191 экз. “Дня нараджэння” А. Венцлава (1961), болей чым па 2-3 тыс. экзэмпляраў рамана “Пераяслаўская рада” Н. Рыбака, “Дзень айца Сойкі” С. Тудара і і г.д.”

Кіраўнік друкарскай галіны прыходзіць да высновы, што ўся перакладная літаратура, якая выдаецца ў рэспубліцы, з’яўляецца с т р а т н а й. І прыводзіць канкрэтныя прыклады за 1969-1970 гг. Зборнік “Ад Буга да Одры” – страты склалі 1636 руб., зборнік “Там, дзе Шпрэвя шуміць” – страты роўныя 1630 руб., “Энеіда” І. Катлярэўскага – 10 698 руб., “Яшчэ адна вясна” Яна Судрабкална – 3 705 руб., “Выбранае” А. Туманяна – 1658 руб., зборнік “Каракумскія зоркі” --  2 708 руб., “Усмешкі” А. Вішні – 3745 руб. Несумненна, прыкладаў магло быць і шмат болей. Якое ж выйсце прапаноўваюць спецыялісты, арганізатары кнігавыдавецкай справы? “…Для пакрыцця ўсіх гэтых страт і выканання планаў накапленняў выдавецтвам даводзіцца выпускаць вялікім тыражамі творы класічнай літаратуры і кнігі беларускіх пісьменнікаў (серыі «Белорусский роман» і “Белорусская повесть”) на рускай мове”. І яшчэ: “Маюцца вядомыя цяжкасці з падрыхтоўкай у рэспубліцы перакладчыцкіх кадраў. Мінскі інстытут замежных моў не рыхтуе перакладчыкаў з моў замежных краін на беларускую мову. На наш погляд, па лініі Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі адукацыі БССР варта было б практыкаваць абмен студэнтамі-стыпендыятамі паміж профільнымі ВНУ Беларусі і саюзных рэспублік і, авалодаўшы мовай другога народа Савецкага Саюза. Вярталіся ў сваю рэспубліку і працавалі ў галіне ўмацавання культурных узаемасувязяў. У БССР у першую чаргу такі абмен неабходна было б наладзіць з Эстонскай. Армянскай, Азербайджанскай, Казахскай, Таджыкскай, Узбекскай і Туркменскай Савецкімі Сацыялістычнымі Рэспублікамі.

У мэтах пашырэння выданняў беларускай мастацкай літаратуры за мяжою Інстытуту мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР  і адпаведным ВНУ рэспублікі пажадана стварыць шэраг дапаможнікаў і слоўнікаў (беларуска-англійскі, беларуска-чэшскі і г.д.). Без гэтых дапаможнікаў творы беларускай літаратуры, як і да гэтага часу, будуць распаўсюджвацца за межамі нашай краіны толькі апасрэдавана праз рускія пераклады”.

Мэта ў аўтара дакладной запіскі і яго калег па ведамству была адна: “… садзейнічаць далейшаму пашырэнню выдання і паляпшэнню распаўсюджвання перакладной літаратуры”.

Мінулі дзесяцігоддзі, мінула болей паўстагоддзя з часу стварэння той дакладной запіскі… Абсягі перакладной літаратуры істотна пабольшалі. За паўвека на беларускай мове з’явілася шмат адметных, прыгожа выданняў. Некаторы перыяд адначасова выходзілі ажно тры перакладных альманахі – “Далягляды”, “Братэрства”, “Ветразь”. І зараз, пасля некаторага перапынку, выходзіць гадавік “Далягляды”. Яго выпуск пабачылі свет у 2019, 2020, 2021 (у 2022-м усё ж быў пропуск) і 2023 гадах. А глеба для новых, сённяшняга часу творчых здзяйсненняў рыхтавалася многія гады назад…

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.