Вы тут

Каналы прачышчаны, пашпарты атрыманы. Як сталічнае жыллё падрыхтавана да зімы


Планавыя работы па капітальным і бягучым рамонтах жылля, тэхабслугоўванні і замене абсталявання працягваюцца ў Мінску. Да 15 верасня сістэмы ацяплення сталіцы запоўняцца цеплакрыніцамі (вадой), рамонт дахаў плануюць скончыць да 30 верасня, а да кастрычніка — нарыхтаваць неабходны аб'ём супрацьгалалёдных матэрыялаў, тэхнікі і абсталявання. Да канца года «Мінскводаканал» павінен замяніць запланаваны на сёлета аб'ём сетак водазабеспячэння і водаадвядзення.


Фота аўтара.

Гідрапнеўмапрамыўка, цепларэабілітацыя, капрамонт

Падрыхтоўка жыллёвага фонду да асенне-зімовых умоў пачалася адразу пасля завяршэння папярэдняга ацяпляльнага перыяду. Былі сфарміраваны графікі планавых прафілактычных работ, якія выконваліся летам і працягваюцца цяпер, расказаў Андрэй НОВІК, намеснік генеральнага дырэктара Мінскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— «Мінскводаканал» замяніў больш за 17 кіламетраў сетак водазабеспячэння і звыш 24 кіламетраў сетак водаадвядзення. Прафілактычны агляд артэзіянскіх свідравін выкананы на 81 %, прафілактычнае абслугоўванне водаразборных калонак — на 88 %. На 114 % адрамантаваны калонкі і на 100 % — пажарныя гідранты.

Спецыяліст удакладніў, што ўсе сістэмы ацяплення сталічных дамоў апрэсаваны (правераны на герметычнасць) і прайшлі гідрапнеўмапрамыўкі (для гэтага звадкаванае паветра падаецца ў трубаправоды сістэмы ацяплення, запоўненыя вадой, што стварае высокую турбулентнасць руху, уздымае адкладанні са сцен труб і такім чынам выдаляе іх знутры сетак і прылад. — Аўт.).

На тэхабслугоўванні 67 арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі сталіцы 6421 шматкватэрны жылы дом. Гэта ведамаснае жыллё, сумесныя домаўладанні, жыллёвыя і будаўніча-спажывецкія кааператывы, таварыствы ўласнікаў. Сталічныя камунальнікі абслугоўваюць таксама 520 дамоў, дзе карыстаюцца газавымі награвальнікамі. У такім жыллі прачышчана 8537 дымавых каналаў і 16 839 вентыляцыйных каналаў.

— Згодна з планам, да 1 кастрычніка неабходна адрамантаваць 383,532 м2 дахаў (зроблена 371,864 м2). Бягучы рамонт дахаў выкананы на 100 %, а капітальны — на 94 %. Рамонт стыкаў зроблены ў памеры 228,712 метра пагонных (100 % плана). Цалкам (на 100 %) выкананы рамонт воданагравальнікаў і помпаў, — паведаміў прадстаўнік Мінскай ЖКГ. — Капрамонт сёлета запланаваны ў 168 шматкватэрных дамах (уведзена каля 60 будынкаў), астатнія ў рабоце. Да канца года капрамонт выканаюць па ўсім абазначаным жылфондзе.

У Мінску ў доме па вул. Каліноўскага, 26 капрамонт з цеплавой мадэрнізацыяй выкананы згодна з Указам № 327 аб правядзенні энергаэфектыўных мерапрыемстваў, які дазваляе рабіць ацяпленне ў доме напалову за кошт жыхароў з растэрміноўкай на дзесяць гадоў, а напалову за кошт дзяржавы. Работы па ўцяпленні тут ужо зроблены (цяпер завяршаюць рамонт балконаў), і жыроўкі жыхароў, якія пачалі выплачваць грошы за праведзеныя мерапрыемствы, павялічыліся не больш чым на 20 рублёў. Затое зімой яны адразу адчуюць, наколькі меншыя будуць налічэнні за ацяпленне, упэўнены спецыяліст. Праўда, больш на такія ўмовы так ніхто з мінчан і не пагадзіўся.

Андрэй Новік удакладніў, што на 100 % выкананы сёлетні план па цеплавой рэабілітацыі дамоў (17,509 м2), рамонту балконаў (1587 адзінак), шкленні (9989 м2). Заменена 78 сістэм аўтаматычнага рэгулявання, якія дазваляюць пераходзіць у рэжым прапальвання пры змене тэмператур паветра на вуліцы (план — 129,51 сістэма ў стане замены). Па плане неабходна было замяніць 23 групавыя прыборы ўліку ў шматкватэрных дамах (заменена 10) і 31 цеплаабменнік (заменена 23).

Для сацыяльных стандартаў і на выпадак аварыі

Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі атрымаць пашпарты гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі ўсяму жылфонду, які знаходзяцца на абслугоўванні арганізацый ЖКГ, дадаў Андрэй Новік.

Атрымала пашпарт гатоўнасці і прадпрыемства «Мінсккамунцепласетка», спецыялісты якога правялі прафілактычны рамонт 46 сваіх кацельных і 315 цэнтральных цеплапунктаў, выпрабавалі абсталяванне цепласетак (каля 950 кіламетраў), правялі работы па дыягностыцы кацельнага і дапаможнага абсталявання, па выніках якіх зрабілі рамонты, падзяліўся Генадзь Лукашэвіч, першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер прадпрыемства «Мінсккамунцепласетка»:

— Цяпер абсталяванне кацельных, цепласетак і цэнтральных цеплапунктаў працуе ў эканамічным рэжыме, вытрымліваючы сацыяльныя стандарты. На прадпрыемстве створаны аварыйны запас неабходнага матэрыялу (паліўнага мазуту і драўнянага паліва) на выпадак аварыйных сітуацый. Цалкам укамплектаваны дыспетчарская і аварыйна-рамонтная службы, што дазволіць аператыўна рэагаваць на пазаштатныя сітуацыі.

Калі пашпарт гатоўнасці своечасова не атрыманы, то асноўная праблема, якая ўзнікае праз гэта, — у жыллё не падаецца цяпло, і людзі ў ацяпляльны сезон могуць застацца без абагрэву, адзначыў Андрэй Новік:

— Аднак у сталіцы такога, як правіла, не дапускаюць. Любымі рычагамі ўздзейнічаюць, каб быў выкананы ўвесь комплекс мерапрыемстваў і пашпарты былі атрыманы своечасова ва ўсім жыллі: якое абслугоўваецца і арганізацыямі ЖКГ, і ведамствамі, і самастойна.

Заробак дворніка і сродкі відэасувязі

Для выканання работ у асенне-зімовы перыяд неабходны кадры. Сёння гэта дзве асноўныя рабочыя спецыяльнасці. Па штаце патрэбна 2264 рабочыя па комплекснай уборцы і ўтрыманні домаўладанняў (дворнікаў). Вакансій у сталіцы на гэтую пасаду толькі 59. Амаль такая ж сітуацыя з рабочымі па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў.

— Многія адзінкі не закрытыя чыста фармальна, бо людзі цяпер праходзяць медагляды і збіраюць дакументы для працаўладкавання, так што ўкамплектаванасць рабочымі кадрамі 97,3 %, што сведчыць аб тым, што ў сталічных арганізацыях ЖКГ створана здаровая рабочая абстаноўка. Работа па падборы кадраў робіцца штодня. Магчыма, ёсць пытанні да якаснага складу гэтай катэгорыі рабочых, бо гэта не надта высакародная работа. Аднак той, хто працуе старанна, атрымлівае прыстойны заробак (тысяча рублёў і нават больш) у залежнасці ад аб'ёму работ. Рабочыя забяспечваюцца поўным пакетам сацыяльных гарантый, атрымліваюць прэміі і ўзнагароды. Сёлета падалі нашых работнікаў на конкурс «Мінчанін года», чакаем вынікаў. Усё гэта стымулюе на працу.

Каб адсочваць, як вядзецца работа спецыялістамі службаў ЖКГ (і не толькі), усё большае распаўсюджванне атрымліваюць сродкі мабільнай відэасувязі. Практычна класікай стала выкарыстанне GPS-навігатараў у грузавых і легкавых машынах. Праводзіліся ў сталіцы і пробныя мерапрыемствы па кантролі работы дворнікаў.

— Цяпер якраз падводзяць іх вынікі, аднак пакуль няма нават мінімальнага ахопу забеспячэння гэтымі датчыкамі рабочых, — заўважыў Андрэй Новік. — Хаця яны выкарыстоўваюцца ўва многіх арганізацыях. Супрацоўнікі «Мінгаза», напрыклад, ходзяць з датчыкамі, дыктафонамі, відэарэгістратарамі. Думаю, што ў найбліжэйшай будучыні такія прылады, як відэарэгістратар, з'явяцца і ў большасці супрацоўнікаў нашых арганізацый, якія непасрэдна працуюць з людзьмі і выходзяць на абследаванні кватэр. Гэта дазволіць у далейшым пазбегнуць спрэчных сітуацый.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.