Усе мы адчувалі шчасце — хоць бы імгненні. У дзяцінстве гэтыя імгненні цягнуцца даўжэй. Бо ў дзяцінстве мы чыстыя. Не залілі ў сваю галаву інфармацыйны бруд, не запэцкалі свае сэрцы дрэннымі ўчынкамі. Хораша. Мне заўжды было хораша, калі заўзята падарожнічаў па краіне ведаў. Адчуваў шчасце ад набыцця новых ведаў. І шматлікія цацкі былі ў баку, калі ў руках новая кніга альбо па беларускім радыё гучала публіцыстыка. Адчуваў шчасце і ў местачковай бібліятэцы, названай у гонар светача беларускай навуковай думкі — Ігнатоўскага, і ў «чыталцы» БДУ з вялізнымі вокнамі ва ўнутраны сквер з яго зялёнымі шатамі. Адукацыя — гэта таксама акно альбо дзверы ў свет. І у літаральным сэнсе — і ўвогуле. Адукацыя выхоўвае і фарміруе чалавека. А ў выніку — і краіну.
Чытаеш кнігу, адгортваеш новую старонку інфармацыі, ныраеш у акіян ведаў. Кожная порцыя — нібы глыток шчасця. Па фізіцы — меншага аб'ёму, па матэматыцы — іншага кшталту, па гісторыі і літаратуры — здаецца, трапіў у глыбіню пушчы. Такое чыстае паветра. І адразу ў памяці ажываюць маляўнічыя вобразы роднага краю. Вось ляціш па-над Прыпяццю, тут завітаў у непралазны гушчар, дзе хутка расцвіце папараць-кветка. А там дойліды будуюць вежу... Чутны грукат мячоў, Вітаўт вядзе ў бой дружыны пад Грунвальдам. Веды-мары-ўяўленні... А ёсць канкрэтнае. Скарына на друкарскім станку адбівае ў летапісе народа магчымасць «людзьмі звацца». Без сваёй кнігі, без навуковай школы, без сваіх універсітэтаў — усяго таго, што захоўвае і памнажае нашы веды — былі б мы народам, нацыяй, дзяржавай? Так бы і засталіся нашы перамогі — міфічнымі аповедамі, шматвяковыя набыткі — страчанай спадчынай.
Ці не таму заваёўнікі заўжды «палявалі» на кнігі — носьбіты асветы і думкі народа. Ці не таму сёння сучасныя транснацыянальныя гегемоны, нібы на ланцуг, прывязваюць людзей да віртуальных сродкаў перадачы і атрымання інфармацыіі. А што? Усе бібліятэкі не знішчыш. Сучасныя герастраты выбралі больш дзейсны шлях. Аўтарытэт кніг і нацыянальнай адукацыі замянілі ўніфікаванымі адносінамі да ведаў. Яны безаблічныя і нібы агульныя. А насамрэч — знішчальныя для нацыяльнай ідэі. Таму і навязваюць новы трэнд — адмена культуры. Лайтова! Тое ж, што ўрокі не вучыць — лёгка, але шлях да невуцтва.
Мы, напэўна, свае геапалітычныя ўрокі вывучылі. Больш не падтрыміваем тэндэнцыі, што вядуць да невуцтва. Шмат чаго зламалі, цяпер зноў ствараем. Адукацыйныя дойліды — выкладчыкі ўніверсітэтаў. Нават сучасны філосаф палітычнай думкі — Бжэзінскі — папярэджваў: хто не будзе карміць свайго настаўніка, той будзе карміць іншаземцаў. У Беларусі настаўнік і ўрач — цэнтральныя фігуры палітыкі дзяржавы, увагі Прэзідэнта. Кажам «настаўнік» — маем на ўвазе ўсю інтэлегенцыю, бо без ведаў няма краіны. Аб тым казалі нашы класікі. Вуснамі Лабановіча, напрыклад. І нават ідэолаг нацыянальнай ідэі — Міхал з «Новай зямлі» — марыў аб адукацыі для сваіх дзяцей. А значыць, для будучыні. І наша краіна прайшла гэты шлях: ад «дарэктараў» у леснічоўках да Караля і Даніловіча — рэктараў вядучых ВНУ краіны.
Адукацыя — гэта прыярытэт дзяржавы. Гэта не сфера паслуг. Не, ад замежных студэнтаў мы не будзем хаваць веды. Хай прыносяць краіне грошы, самых лепшых запросім застацца, а тыя, што вернуцца на радзіму, — будуць носьбітамі ведаў аб нашай краіне. Але паслугі — не галоўнае. Галоўнае — выхаваць БЕЛАРУСА яксапраўднага чалавека і патрыёта. Бо мы — краіна хлебаробаў і Лабановічаў. Заўсёды імкнуліся да міру і спасціжэння наваколля. То наша радавое — прага да ведаў. Нават праз сотні кіламетраў паўз пушчы і балоты. З Полацка да Падуі. Ад кніг Скарыны з пражскай тыпаграфіі для люду паспалітага да Купалы «эй, каб цёмен не быў, чытаць кніжкі ўмеў...» Ад сціплых кніжачак з друкарні пана Марціна Кухты да шыкоўных выдавецтваў. Гэта — наша. Любім і ганарымся. Гэтаму трэба таксама вучыць. Любіць Радзіму, паважаць род і родную сімволіку — выхоўваць грамадзяніна. Інакш за нас тое зробяць іншыя. Адукацыя — гэта заўжды момант ісціны, прышчэпка ад касмапалітызму, ад духоўнага забыцця. Ад паўтарэння падзей 2020-га.
А сёння грамадства чакае чарговы іспыт. Штучны інтэлект. Падкупляе сваімі перспектывамі. Гуляе нашымі слабасцямі. Вучыць лайдачыць. Адбірае розум. А потым — увогуле — чалавека. Ад падмены да замены — невялікі крок. І яшчэ меншы гістарычны перыяд. Лічбавы носьбіт заменіць чалавека як носьбіт інфармацыі. Вучыцеся, назапашвайце веды. Адукацыя цяпер — не толькі пра магчымасць застацца ў геапалітычнай прасторы. Адукацыя — гэта магчымасць, каб чалавека не знішчылі адным націсканнем клавішы «Delete».
На нядаўняй сустрэчы ў БДУ Прэзідэнт выказаў... не, не крытыку, больш развагу пра ролю навуковай інтэлігенцыі ў жыцці краіны. І пра нейкую пасіўнасць. Сапраўды, калі не дацэнты і рэктары будуць светачамі грамадства, то хто? Навуковае асяроддзе — гэта ж і прастора для нацыянальнага дыялогу, вырашэння самых спрэчных пытанняў найбольш мірным і цывілізаваным спосабам. Адмаўчацца сёння не атрымаецца. Не толькі словы павінны быць сапраўднымі, але і ўчынкі. Бо адукаванасць — гэта не толькі пра пасады і крэслы, не толькі высокія званні і колькасць манаграфій. Гэта яшчэ і культура паводзін, стан душы, жаданне зберагчы Радзіму. Бо чым больш чалавек ведае, тым больш ён разумее, што мы маем, тым больш хоча тое зберагчы. Гэта аз і букі, альфа і амега існавання любой незалежнай дзяржавы.
Яўген ПУСТАВОЙ
Прэв’ю: БелТА
Цэны на кірмашах сёлета сапраўды значна ніжэйшыя, чым на пастаянных рынках.
Кожны год навукоўцы знаходзяць новую суперсілу амегі.
З рэжысёрам «Кіношнікаў» — наша размова пра мары і іх увасабленне ў рэальнасць.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?