Вы тут

Алена Ваўчэцкая: Чаму, калі ў нашых гімнастаў зараз ёсць усё, няма медалёў


«Трымайся, Леначка, толькі трымайся», — малады трэнер страхаваў сваю зусім юную вучаніцу, якая выконвала чарговае надзвычай скаладанае гімнастычнае практыкаванне. Ён марыў выхаваць чэмпіёнку, унікальную гімнастку. А практыкаванні выконвала тая, хто першай здзейсніла мару свайго трэнера. Менавіта Алену Ваўчэцкую знакаміты Рэнальд Кныш пазней назаве вучаніцай з вялікай літары. У 1964 годзе яна стала першай у гісторыі беларускага спорту алімпійскай чэмпіёнкай па спартыўнай гімнастыцы. Разам з трэнерам яны прадэманстравалі мноства новых гімнастычных элементаў, напрыклад апорны скачок з паваротам на 360 градусаў. Але, на жаль, ніводны гімнастычы элемент не назвалі ў яе гонар, бо, па словах самой спартсменкі, «Ваўчэцкая жыве ў Гродне, а не ў Маскве». Разам са складанасцямі трэніровачнага працэсу ёй прыйшлося пераадолець несправядлівасць, перадузятыя адносіны, схаваныя інтрыгі. Але яна справілася і даказала: і далёка ад сталіцы можа вырасці спартсменка, здольная даць фору прызнаным зоркам. Яе спартыўная кар'ера атрымалася нядоўгай, планы перакрэсліла траўма нагі. І Алена Ваўчэцкая працягнула развіваць гродзенскую школу спартыўнай гімнастыкі — спачатку ў якасці трэнера, потым выкладчыка тэхнікума. Робіць тое і сёння, ужо на пасадзе дацэнта кафедры спартыўных дысцыплін факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Можна не сумнявацца, што ў моцнай жанчыны — моцныя думкі.


«У школе нам нават у галаву не прыходзіла, што можна кудысьці не прыйсці, калі настаўнікі сказалі прыйсці. Пачатак 1950-х гадоў — не самы просты час у гісторыі, гродзенскім сем'ям было няпроста. Але мы, дзеці, нічога не заўважалі. Наш школьны клас быў моцным адзіным калектывам. Мы разам збіралі макулатуру, металалом, выступалі ўсюды, дзе толькі можна было выступаць. Удзельнічалі ў спаборніцтвах. У пачатку новага навучальнага года ў кожнай школе віселі аб'явы аб наборы ў розныя спартыўныя секцыі. І ўсе дзяўчаты з нашага класа пайшлі на секцыю спартыўнай гімнастыкі да настаўніка Мікалая Фёдаравіча Траццяка. А праз нейкі час ён адвёў нас на заняткі ў дзіцячую спартыўную школу, на той час адзіную ў Гродне. Сучасныя спартсмены нават не могуць уявіць, у якіх умовах мы трэніраваліся. Спартыўныя маты былі напіханыя скуранымі абрэзкамі, таму яны былі цяжкімі ды яшчэ і няроўнымі. На кожнай трэніроўцы да кожнага снарада іх трэба было штурхаць. Ніводны снарад не быў прыкручаны да падлогі, яны ўсе хісталіся, і, пакуль нехта адзін выконваў практыкаванні, астатнія трымалі снарад. Зала была вельмі маленькая, абагравалася печкамі. Узімку, калі былі маразы, мы разміналіся ў рукавіцах і ў шапках. Але мне так падабалася гімнастыка, што я нічога не заўважала. Я заўсёды была вельмі смелая. Я не баялася выконваць нават самыя складаныя практыкаванні. Нават калі даводзілася бачыць іскры ў вачах, я не думала, што трэба кідаць гімнастыку».

«Калі я развучвала новыя цяжкія элементы, у меня нават думкі не было, што гэта небяспечна. Я беспярэчна слухала трэнера і старалася добрасумленна выконваць усё, што ён мне казаў. Паступова разам мы ішлі ад простага да складанага. Мы з Рэнальдам Іванавічам выканалі мноства новых і складаных практыкаванняў. І я ніколі не думала, што мне страшна ці складана іх выконваць. Давер да трэнера быў мацнейшы за страх. У 1958 годзе я першая сярод беларускіх гімнастак атрымала званне «майстар спорту СССР». І сёння памятаю нумар пасведчання — 12964.

«Вялікі плюс Рэнальда Іванавіча ў тым, што ён працаваў так, каб спартсмены не атрымлівалі траўмаў. Гэта было галоўным у методыцы, якую ён распрацоўваў сам. Ён — чалавек асаблівага складу і сапраўдны фанат сваёй справы. Калі чалавек пра нешта марыць, ён павінен прыкласці максімум, каб здзейсніць сваю мару. Рэнальд Іванавіч заўсёды марыў. Ён быў вельмі творчым чалавекам, шмат маляваў, пісаў вершы. І як творчы чалавек поўнасцю аддаваўся сваёй справе. Ён быў захоплены гімнастыкай і сваімі вучнямі. Рэнальд Іванавіч правяраў сябе, чаго ён можа дасягнуць. Таму ён набіраў дзяцей, якія могуць даць вынік, і творча падыходзіў да работы з імі. У 1960 годзе я выступала на Кубку Савецкага Саюза, які праходзіў у Мінску. І сярод спартсменак з 17 камандаў (каманды 15 саюзных рэспублік і каманды Масквы і Ленінграда) я заняла трэцяе месца. Трэнер быў больш шчаслівы, чым я».

«Я магла б выступіць на Алімпійскіх гульнях 1960 года, але ў камандзе не захацелі бачыць дзяўчынку з Гродна. Тады я на гэта ўвагі не звярнула, маладая была, нічога не разумела. Праз два гады быў чэмпіянат свету ў Празе. Зоркамі савецкай зборнай былі Ларыса Латыніна, Паліна Астахава, Софія Муратава, Тамара Маніна — каманда, якая перамагала яшчэ на Алімпійскіх гульнях 1956 года. У 1962 годзе ім было пад 30 гадоў. І тут з'явілася маладзенькая дзяўчынка з Гродна, якая рабіла тое, на што зоркі былі няздольныя. Усе разумелі, што гімнасткам патрэбная моцная змена. Але знайшліся і тыя, хто не хацеў гэта прымаць. На чэмпіянат свету ў Прагу я паехала, але там не выступіла. Звычайна перад буйнымі спаборніцтвамі праводзяцца семінары суддзяў, на якіх яны «рэпеціруюць» ацэнкі на кімсьці з гімнастак. І мяне паставілі дэманстратарам. Я выканала практыкаванні, вартыя вельмі высокіх балаў. Але выступаць на спаборніцтвах мне не дазволілі. Праз некалькі гадоў легендарная чэхаславацкая гімнастка Вера Часлаўска сказала Рэнальду Іванавічу, што кіраўніцтва нашай каманды тады дапусціла вялікую памылку. Для яе галоўнай канкурэнткай у савецкай зборнай была я».

«Рэнальд Іванавіч не проста змяніў стыль спартыўнай гімнастыкі, ён стварыў свой стыль. Ён лічыў, што ўсе спартсмены поўзаюць па бервяне, таму вучыў нас рабіць высокія скачкі. Ён навучыў нас трымаць рукі прыгожа. У яго быў новы стыль, таму я і выйгравала. І кожную ягоную навацыю мы адпрацоўвалі да дробязяў. А ў трэнераў зборнай СССР быў адзін паказчык — хто больш камбінацый зробіць, той і лепш трэніруецца. Дык трэба не больш камбінацый рабіць, а правільна і лепш. Тры месяцы вучэбна-трэніровачнага збору перад Алімпійскімі гульнямі я правяла без трэнера, яго проста не ўзялі. Працавала сама, як магла. Калі Рэнальд Іванавіч, які прыехаў у Токіа турыстам, убачыў, у якой я форме, ён схапіўся за галаву».

«Я не ведаю, як на Алімпійскіх гульнях я змагла з усім справіцца. У Токіа барацьба не на жыццё, а на смерць была паміж савецкімі і чэхаславацкімі гімнасткамі. Пасля першага спаборніцкага дня мы выйгравалі ўсяго сем дзясятых, на другі дзень спаборніцтваў у нас было выступленне на брусах. Я павінна была выступаць трэцяй. Размяцца належным чынам у мяне не атрымалася. Тамара Маніна, якая разміналася перада мной, рабіла тое без накладак, без магнезіі, таму я саслізгвала са снарада. Вырашыла не рызыкаваць і размінацца апошняй, але не ведала, што так нельга. Рэнальд Іванавіч толькі пальцам каля скроні пакруціў. Пачынаюцца спаборніцтвы. Выходзіць Людміла Громава і падае. За ёй Тамара Маніна — зноў няўдача. Я павінна выходзіць трэцяй... Выходжу да брусоў, на якіх мне трэба зрабіць стойку з пералётам, паварот і саскок праз ніжнюю жэрдку. Ніколі не забудуся — я выйшла да жэрдак і проста іх не бачу. Такое нервовае напружанне, што я не ведаю, што мне рабіць. Я стаю... У зале мёртвая цішыня, усе чакаюць, што будзе. Усе ўбачылі, што дзве савецкія спартсменкі заваліліся, а калі зараз трэцяя заваліцца, то Чэхаславакія перамагла. Я не ведаю, хто мне дапамог — ці Бог, ці маё такое стаўленне адказнае. Я ўсё зрабіла дакладна. Мне трэба было чыста выступіць, я і выступіла. Мы перамаглі. Але ніколі ніхто нідзе не згадваў, што я выцягнула савецкую каманду».

«Я сабе не раз задавала пытанне: навошта мне тое трэба? Бывае, пляцешся з сумкай спартыўнай і думаеш: «На ліха мне гэты спорт, што ён дае, якую ён карысць прыносіць». Адпачыла дома, назаўтра трэніроўка — сабрала сумкі і пайшла. Ужо было немагчыма без спорту, без трэніровак. Рэнальд Іванавіч першы ўвёў штодзённыя трэніроўкі. Алімпійскія чэмпіёны Мельбурна трэніраваліся тры разы на тыдзень, а мы пачалі трэніравацца па два разы на дзень штодня. Калі падчас падрыхтоўкі да Спартакіяды народаў СССР Рэнальд Іванавіч на зборах у «Стайках» стаў праводзіць па тры трэніроўкі на дзень, чыноўнікі моцна абураліся, маўляў, ён здзекуецца з дзяцей. Быў вялікі скандал, але вынікі казалі пра сябе».

«Рэнальд Іванавіч сказаў, што з Вольгі Корбут ніколі не выйдзе добрай гімнастыкі. А я яго не паслухала і ўзяла гэтую дзяўчынку ў сваю групу. Часам я нават упікала трэнера, маўляў, Вольга робіць тое, на што не здольныя яго дзяўчынкі. У той час я сумяшчала сваю спартыўную кар'еру і трэнерскую дзейнасць. Ад'язджаючы на два тыдні на зборы, папрасіла Рэнальда Іванавіча папрацаваць з маімі дзяўчынкамі. А калі вярнулася, ён папрасіў мяне аддаць яму Корбут. Я была не супраць».

«Каб быць трэнерам, трэба быць адукаваным чалавекам, трэба ведаць анатомію і фізіялогію, трэба разумець, што адбываецца з мышцамі, каб папярэдзіць траўмы. Трэнеру па спартыўнай гімнастыцы трэба ведаць фізіку. У трэнерскай рабоце мне дапамагаў прыклад Рэнальда Іванавіча перад вачыма, зразумела, што я многаму ў яго навучылася. У Рэнальда Іванавіча вучыліся ўсе трэнеры. Напрыклад, Вікенцій Дзмітрыеў з Віцебска, які выхаваў Ларысу Петрык і Тамару Лазаковіч, Віктар Хамутоў, які выхаваў Антаніну Кошаль. Але разам з тым яго не прымалі як перадавіка і не ўсе хацелі пераймаць ягоны вопыт. А такіх фанатыкаў, як ён, ужо і няма. Рэнальд Іванавіч вельмі хацеў, каб я была трэнерам. І ён бачыў ува мне трэнера. Але ў мяне пачаліся канфлікты з калегамі. І я прыняла прапанову стаць выкладчыкам у фізкультурным тэхнікуме. Рэнальд Іванавіч, калі мяне бачыў, першае, што пытаўся: «Гультайка, ты калі пачнеш працаваць?».

«Калі часу табе не хопіць, лічы, што навучылася працаваць», — сказалі мне мае старэйшыя калегі, калі на першым занятку ў тэхнікуме я дала студэнтам усё, што запланавала, а да канца занятку заставалася дзесяць хвілін. З тых часоу мне ніколі не хапала часу на работу са студэнтамі».

«Я не разумею, чаму, калі ў гімнастаў нічога не было, мы заваёўвалі медалі на Алімпійскіх гульнях. А калі з'явіліся зручныя залы, дзе круціся — не хачу, спакойна падай, працуй на здароўе — спартыўная гімнастыка сышла на нішто. Цяпер ёсць усе, але няма медалёў. Будучыні ў спартыўнай гімнастыкі я пакуль не бачу. Усё пачынаецца з малога. Мусіць, калі школьным настаўнікам фізкультуры далі магчымасць у другой чвэрці не праводзіць заняткі па гімнастыцы, тады ўсё і пачалося. Гімнастыка знікла ў школах і знікла ўсюды. Цяпер мы, выкладчыкі, павінны расказваць пра гімнастыку з нуля. А колькі часу ўжо ўпушчана. Гімнастыка развівае ўсе якасці — каардынацыю, арыентацыю ў прасторы, фізічна развівае, гэта аснова ўсіх відаў спорту. Але тое не хочуць разумець».

«Я ганаруся, што мая праца не прападае дарма, што я раблю нешта добрае і патрэбнае. Бываюць выкладчыкі, якія проста ставяць усім «залік» і жывуць спакойна. Я б таксама так хацела, але не магу. Ад мяне студэнты ўцякаюць, бо ведаюць, што трэба будзе працаваць, проста так я адзнакі не стаўлю. Але са сваімі студэнтамі я застаюся ў сяброўскіх адносінах, яны віншуюць мяне з усімі святамі, прыязджаюць у госці, падтрымліваюць. Гэта самае важнае, на мой погляд».

Валерыя СЦЯЦКО

г. Гродна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.