Вы тут

«Мы ні з кім цырымоніцца не будзем». Прэзідэнт правёў пасяджэнне Савета бяспекі


Пытанні, вынесеныя на разгляд, звязаныя з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі краіны. Напружаная абстаноўка ў свеце і непасрэдна каля нашых граніц, санкцыйны ціск, па словах кіраўніка дзяржавы, не даюць нам магчымасці быць абсалютна спакойнымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні. Краіны НАТА настойліва прасоўваюць палітыку свайго пашырэння, нарошчваюць ваенную прысутнасць вакол Беларусі, пастаянна праводзяць правакацыйныя вучэнні на нашых граніцах — і гэта яшчэ не ўсе дзеянні паўночнаатлантычнага альянса, якія не могуць не насцярожваць.


Як патлумачыў Аляксандр Лукашэнка, свае дзеянні яны апраўдваюць нейкімі пагрозамі, якія нібыта сыходзяць з тэрыторыі нашай краіны. «Кіраўніцтва Польшчы і краін Балтыі абвінавачвае Беларусь у нейкіх міфічных агрэсіўных намерах, якіх ніколі не было і быць не можа», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на нагнятанне з боку гэтых краін істэрыі з нагоды прысутнасці на нашай тэрыторыі супрацоўнікаў прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер». «Яны дастукаліся да таго, што ўжо патрабуюць неадкладнага вываду іх з Беларусі, — удакладніў Прэзідэнт. — Пры гэтым самі павялічваюць ваенныя бюджэты, сцягваюць да нашых граніц буйныя воінскія фарміраванні. Адказ просты — ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў іншых краінах Балтыі не павінна быць ні аднаго замежнага ваеннаслужачага. Тады можна і нам прад’яўляць прэтэнзіі з нагоды прысутнасці тут ваеннаслужачых з іншых краін. А пакуль гэта неабгрунтаваныя і неразумныя патрабаванні. Нават не просьбы і прапановы, а патрабаванні». 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў красавіку Варшава паведаміла аб рашэнні не выконваць Дагавор аб звычайных узброеных сілах у Еўропе ў дачыненні да нашай краіны. «Гэта фактычна апошні юрыдычны абавязуючы міжнародны акт у сферы кантролю за ўзбраеннямі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — А вось гэта ўжо небяспечны крок. І мы заўсёды павінны палякаў, кіраўніцтва Польшчы аб гэтым папярэджваць, каб потым балюча не было».

Прэзідэнт паставіў перад удзельнікамі пасяджэння пытанне — як мы павінны на ўсё гэта рэагаваць? «Я ўжо не кажу аб падрыхтоўцы на іх тэрыторыі нашых збеглых для ажыццяўлення ваеннага перавароту ў Беларусі, — заўважыў ён. — Зноў жа хачу папярэдзіць, што ў гэтым плане мы ні з кім цырымоніцца не будзем. Хаця трэба аддаць належнае: нашы збеглыя, якія знаходзяцца ў Польшчы, Літве і асабліва ва Украіне, разумеюць, для чаго іх там выкарыстоўваюць».

Пры ўсім гэтым, як у каторы раз падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь гатова да аднаўлення добрых адносін са сваімі суседзямі. «Як я казаў, іх не выбіраюць — яны ад Госпада Бога, — перакананы беларускі лідар. — Аднак у адказ на ўсе нашы пасылы ідуць толькі абвінавачванні і пагрозы. Значыць ніякай нармалізацыі ім не трэба».

І пацвярджэнне сказанага Прэзідэнтам — з мэтай выключэння любых інсінуацый беларускі бок запрасіў прадстаўнікоў Польшчы ў якасці назіральнікаў на вучэнні АДКБ «Баявое братэрства — 2023», якія пачынаюцца ў Брэсцкім рэгіёне.


Аляксандр Вальфовіч: «Сітуацыя прымушае пастаянна быць пільнымі»

У размове з журналістамі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч расказаў, што пасяджэнне Савета бяспекі, якое прайшло ў Палацы Незалежнасці, не было прысвечаны пэўнай надзвычайнай сітуацыі. «Гэта абсалютна планавае мерапрыемства: Саветы бяспекі плануюцца, зацвярджаюцца Прэзідэнтам на год, — удакладніў ён. — Тым не менш тая геапалітычная абстаноўка, якая сёння працякае ў свеце, (у цэнтры падзей, натуральна, знаходзіцца і Рэспубліка Беларусь) датычыцца напрамую нашай краіны. Тэндэнцыі да абвастрэння абстаноўкі, тыя выклікі і пагрозы ўзаемазвязаны. Тэма Савета бяспекі — выпрацоўка шматлікіх мер, якія павінны стабілізаваць абстаноўку ў нашай краіне».

Прычым, як канкрэтызаваў Аляксандр Вальфовіч, гэта не толькі меры ваеннага характару, хаця сітуацыя, па яго словах, прымушае быць пастаянна пільнымі. Падчас пасяджэння таксама абмяркоўвалася сітуацыя і ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і дэмаграфічнай сферах.

«Прэзідэнт трымае на асабістым кантролі ўсё, што датычыцца пагроз у сферы нацыянальнай бяспекі, — адзначыў дзяржсакратар. — Яшчэ раз паўтаруся, наша краіна — міралюбівая краіна. Мы прадстаўляем міралюбівыя ініцыятывы. Асабліва яны накіраваныя на добрасуседскія адносіны з сумежнымі краінамі. (Суседзяў, як кажа Прэзідэнт, не выбіраюць, яны ад Бога). У тым ліку бязвізавы рэжым наведвання нашай краіны з боку Польшчы, краін Прыбалтыкі — гэта свайго роду беларускі шэнген. На жаль, ён прыняты ў аднабаковым парадку. Мы прымаем меры, накіраваныя на добразычлівыя, добрасуседскія адносіны, а нам выстаўляюць нейкія патрабаванні і ўмовы: ствараюць чэргі на пунктах пропуску, закрываюць іх, пагражаюць закрыць граніцы. Напэўна, гэта дэмакратычныя каштоўнасці па-еўрапейску. Па-іншаму і не скажаш. Беларусь нікому не пагражае і не выпрацоўвае нейкіх пагражальных для бяспекі іншых краін. Наадварот, мы гатовы да супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння. Таму пасяджэнне Савета бяспекі і было прысвечана аналізу знешнепалітычнай абстаноўкі, тым пагрозам і выклікам, якія сёння ёсць у сферы перш за ўсё забеспячэння нацыянальнай бяспекі».

Шэраг прапаноў быў даложаны Прэзідэнту. Было даручана іх абмеркаваць, дапрацаваць і прадставіць кіраўніку дзяржавы ў выглядзе пастанаўлення Савета бяспекі. Гэтыя рашэнні, як падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч, накіраваны перш за ўсё на паляпшэнне ўмоў жыцця нашых грамадзян. 

Віктар Хрэнін: «Мы адпрацоўваем рэакцыю на магчымыя рызыкі і пагрозы»

Міністр абароны Віктар Хрэнін расказаў пра вучэнні АДКБ «Баявое братэрства — 2023», якія пачынаюцца 1 верасня. «Вучэнні больш носяць штабны характар, — адзначыў кіраўнік абароннага ведамства. — Калі паглядзець на гісторыю існавання АДКБ і правядзення гэтых вучэнняў, можна ўбачыць, што яны спланаваны на 10 гадоў наперад. Гэтыя вучэнні носяць выключны характар зладжвання структур АДКБ. Мы па выніках місіі ў Казахстане правялі шэраг пагаджальных нарад, убачылі праблему некаторай сумяшчальнасці нашых войскаў, унеслі адпаведныя змяненні ў дакументы. На гэтых вучэннях яны і будуць адпрацоўвацца і апрабавацца, але адбывацца гэта будзе ў асноўным на картах. Той кантынгент, які да нас прыбыў, зусім нешматлікі Ён усюды ў нас задэклараваны. Мы пазначылі, колькі менавіта прыехала ўдзельнікаў, на якіх палігонах дадзеныя вучэнні праходзяць. Працуем па прынцыпе „вучыць сваіх“. Мы рыхтуем сваю армію, адпрацоўваем рэакцыю на магчымыя рызыкі і пагрозы».

Віктар Хрэнін паведаміў, што Беларусь запрасіла на вучэнні АДКБ «Баявое братэрства — 2023» назіральнікаў з Польшчы, аднак адказу ад іх пакуль няма. «Афіцыйна вучэнні пачынаюцца 1 верасня, паглядзім, на якім этапе (яны дадуць адказ. — „Зв“.), — сказаў міністр абароны. — Час да 6 верасня, калі адбудзецца завяршальны этап вучэнняў, ёсць. Калі ласка, чакаем у госці, паказаць сваю адкрытасць».

Тое, што вучэнні праходзяць у тым ліку на Брэсцкім палігоне каля польскай мяжы, з’яўляецца супадзеннем. Аднак нашы суседзі спрабуюць на гэтым спекуляваць. «Можам адзначыць, што вучэнні праходзяць адразу на некалькіх палігонах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а асноўны кантынгент, які ўдзельнічае ў іх, — гэта нашы Узброеныя Сілы», — канкрэтызаваў Віктар Хрэнін.

Практыка запрашэння замежных назіральнікаў беларускім ваенным ведамствам прымяняецца перыядычна. «Часта запрашаем апарат ваенных аташэ, якія прысутнічаюць у Беларусі: і на вучэнні, і на шэраг іншых мерапрыемстваў, якія мы праводзім, — патлумачыў міністр. — Часам прыязджаюць, часам не».

Адказваючы на пытанне аб неабходнасці запрашэння замежных назіральнікаў у век развіцця тэхналогій і спадарожнікавых сістэм, кіраўнік ведамства адзначыў, што са спадарожнікаў перш за ўсё вядзецца схаваная разведка. «Мы бачым, як за намі глядзяць са спадарожнікаў і з дапамогай іншых тэхналогій, — звярнуў увагу міністр. — Задача ж назіральнікаў — паглядзець тэматыку, якая адпрацоўваецца на вучэннях, і самую падрыхтоўку войскаў. Лепш раз убачыць усё самому, чым праз нейкую камеру».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.