Вы тут

Гарадоцкая палітра. Чым адметна творчасць мастакоў гэтага рэгіёну?


Гэтым разам прапануем аматару айчыннага мастацтва сціплы агляд творчасці трох мастакоў. Выбраныя аўтары — ураджэнцы Віцебшчыны, якія з’явіліся на свет у розных вёсачках Гарадоцкага раёна і сталі знакамітымі — у рознай ступені — не толькі ў Беларусі, але і за яе мяжой.


Анатоль Кавалёў «1946 год, на выстаўцы».

Анатоль Кавалёў

Ён нарадзіўся ў вёсцы Даўгаполле ў 1926 годзе. Удзельнік Вялікай Айчын­най вайны, быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, медалямі. Вядома, што вайна заспела сям’ю Кавалёвых у Гарадку. У пару акупацыі Анатолю Кавалёву з некаторымі родзічамі рознымі спосабамі ўдавалася дапамагаць партызанам. Перад самым вызваленнем Гарадка ў снежні 1943 года будучага мастака забралі ў канцлагер у вёску Заронава пад Віцебскам. Здолеў уцячы — у чэрвені 1944 года ён уступіў у рады Чырвонай Арміі… Былі і бясконцыя франтавыя дарогі, і цяжкае раненне, і ўдзел у штурме Берліна.

Анатоль Кавалёў скончыў Вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. Мухінай у Ленінградзе (сёння гэта Акадэмія Шцігліца). Выкладаў у Віцебскім дзяржаўным педінстытуце (цяпер універсітэт імя Машэрава), загадваў кафедрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, малюнка і выяўленчага мастацтва. Быў кандыдатам мастацтвазнаўства, членам Беларускага саюза мастакоў. У 2011 годзе ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Да канца жыцця, якое правёў у Віцебску, не пакідаў працаваць — ствараў. Не стала мастака ў 2015 годзе.

Анатоль Кавалёў «Адкуль мы?».

А працаваў Анатоль Кавалёў пераважна ў станковым жывапісе. Натуральна, што тэма вайны стала для яго асноўнай. Хоць апроч тэматычнай карціны ён любіў пейзажы, нацюрморты, партрэты. Яму падабалася адлюстроўваць паўсядзённасць з яе цішынёй, спакоем; мітусню, будзённую, святочную, у яго работах знайсці складана. Анатоль Кавалёў апяваў мір. Здаецца, што месцамі ён ідэалізаваў наваколле, саму рэчаіснасць, але менавіта такім бачыў пасляваеннае жыццё беларусаў, такой жа ўяўлялася яму іх ціхамірная будучыня.

Найбольш вядомыя работы аўтара — «Бацька Мінай» (1980), «Бацькава хата», «З вогненнай вёскі» (абедзве 1986 года), «Сафія Полацкая» (1987), «Позняя восень», «Вёска Даўгаполле» (і адна, і другая 1988 года), «Дарога да Пушкіна» (1992), «Віцебская даўніна», «Зімовая казка», трыпціх «Гімн старому Віцебску» (усе створаны ў 1996 годзе). Сёння творчасць Анатоля Кавалёва згадваецца рэдка, хоць яго карціны знаходзяцца, напрыклад, у сховішчах Эрмітажа, у фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Віктар Шылко

Вядомага ўраджэнца вёскі Зарэчча не стала паўтара месяца таму. Нарадзіўся ён у 1952 годзе. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. Кірава (зноў жа гаворка пра сённяшні ўніверсітэт імя Машэрава). Быў членам творчага аб’яднання «Квадрат», Беларускага саюза мастакоў. Жыў у Віцебску.

Віктар Шылко «Макі», 2018 г.

Віктар Шылко не з’яўляўся прыхільнікам рэалістычнай школы — яго цікавілі беспрадметны жывапіс, канцэптуальнае мастацтва. Творца распрацаваў уласную сістэму вобразаў, пабудаваў асаблівыя стасункі са святлом і колерам. Лічыў, што мастацтва павінна хваляваць чалавека, часам нават раздражняць. Для многіх такое вымушанае становішча падавалася нязручным, хтосьці гэтага не прымаў. Аднак калі творца таленавіты, гледачы не абыдуць увагай яго работы. Найбольш вядомыя творы Віктара Шылко — «Памяць пра бацьку» (1976), «Клятва Міная» (1978), «Віцебск» (1979), «Вярнуўся з вайны» (1985), «Апошні трамвай», «Белая карціна», «Ачышчэнне» (усе 1989 года), «Жоўтае і блакітнае» (2000), «Ноч уваходзіць у горад» (2002), «Ландшафт» (2006), «Пакліч мяне яшчэ, мама» (2007), «Чырвоная рама для чорнага квадрата» (2008), «Вызначэнне прасторы» (2008), «Над Дзвіной» (2009)… Большасць з іх адрозніваюць вобразы-асацыяцыі, рытмічнасць, выразнасць фарбаў. Дзякуючы гэтаму творы аўтара здольны выклікаць эмоцыі, запомніцца гледачу.

Віктар Шылко «Пачатак пустэчы», 2015 г.

Аднойчы мастак сказаў: «У мяне ў майстэрні ўвесь час іграе джаз. Я вельмі люблю гэтую музыку, таму што тут музыканты, выкарыстоўваючы ўсяго дзве ноты, могуць ствараць яркія кампазіцыі. Я думаю, у мастацтве тое ж самае — двума колерамі можна сказаць усё. Абсалютна ўсё». Ці паспеў мастак выказаць тое, што хацеў? Ці адбылася цікавая размова з гледачом? Віктар Шылко зрабіў сапраўды шмат, але яго спадчына яшчэ чакае даследавання. Але сам ён лічыў, што тыя ж мастацтвазнаўцы шукаюць і прыпісваюць мастакам стыль, і трэба гэта толькі ім самім: «Бог даў мастаку своеасаблівую ролю ў жыцці — бачыць прыгажосць лепей, чым большасць. Наша роля паказаць гэта гледачам».

Марыя Ісаёнак

Жывапісец нарадзілася ў 1949 годзе ў вёсцы Кісялі. Вучылася ў мастацкай студыі пры Доме піянераў у Віцебску. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча (сёння Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава). З’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Працуе ў жанры партрэта, нацюрморта, пейзажа. Сярод твораў: «Восеньскія грыбы» (1977), «У новай майстэрні» (1983), «Нацюрморт са шклом» (1989), «Жанчына з бульбай» (1991), «Пахаванне бацькі» (1993), «Жанчына каля акна» (2003). Кожны з іх — вынік пражытага дня, не мастака як творчай адзінкі, а чалавека — як часцінкі вялікага свету.

Марыя Ісаёнак «Партрэт у інтэр’еры», 1995 г.

Большасць твораў Марыі Ісаёнак адлюстроўваюць асаблівую філасофію жыцця. Творца з дапамогай мяккіх, прыглушаных фарбаў, камерных сюжэтаў, стрыманых кампазіцый разважае пра каштоўнасць няспешнасці, заклікае да асалоды, здавалася б, незапамінальным звычайным момантам і, галоўнае, прымушае задумацца пра жыццё і канечнасць чалавечага існавання. Як і многія жывапісцы, Марыя Ісаёнак звяртаецца да адлюстравання стану прыроды, менавіта ў ёй імкнецца адшукаць тыя кропкі, якія дазваляюць разважаць на тэму гармоніі.

Сюжэты нібыта прымушаюць настальгіраваць: успамінаць мяккія промні ранішняга сонца на падаконні, пах яблыневага цвету, першы снег на яшчэ не завялых кветках… І людзей побач. Марыя Ісаёнак, відаць, расказвае пра сябе і ўласнае жыццё, але робіць тое так, быццам кожны куточак, які яна апісвае, кожная сцяжынка знаёмыя гледачу з дзяцінства. А ён пагаджаецца на гэтую гульню, рады быць крышачку падманутым, але шчаслівым ад сустрэчы з цудоўным мінулым.

Марыя Ісаёнак «Двор са старой яблыняй у Чарневічах» 2012 г.

Марыя Ісаёнак часта ў сваіх работах звяртаецца да вобраза жанчыны. Напрыклад, інтэр’ерныя кампазіцыі амаль заўсёды адзначаны адлюстраваннем, напрыклад, маці з дзіцем (найпапулярнейшы архетып) ці аголенай жанчыны (традыцыйна прыгажосць жаночага цела выяўляецца як сведчанне гармоніі ў прыродзе). Між тым дагэтуль лёс мастачкі, якая стварае сюжэты пра жанчыну, незайздросны. У звароце да тэмы нават некаторыя крытыкі і, што ўжо не здзіўляе, калегі-жывапісцы бачаць другаснаснасць, прадузятасць, слабасць — што заўгодна, але не само мастацтва. Творчасць Марыі Ісаёнак калі не пацвярджэнне, то напамін пра гэта. Усё ж найболей папулярныя яе карціны — гэта нацюрморты і пейзажы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.