Вы тут

Адноўлены Жыліцкі гістарычны комплекс-музей рыхтуецца да адкрыцця


Сёлета Жыліцкі палац вядомага магнацкага роду Булгакаў адзначае сваё 200-годдзе. Летась рэстаўрацыя гэтага шыкоўнага гістарычнага аб'екта, што знаходзіцца на тэрыторыі Кіраўскага раёна, была завершана. Яго пакоі ўжо набылі колішні бляск, упрыгожыліся карцінамі, антыкварыятам і мэбляй у стылі часоў свайго стварэння. Хутка ў палацы зноў, як калісьці, загучыць музыка і ў віхуры бальнага танца закружацца пары.

Карэспандэнт «Звязды» загадзя наведала аб'ект, каб крышачку апярэдзіць падзеі і прасякнуцца прадчуваннем прыгожага дзейства.


А будзе яшчэ і парк з каскадам азёр

Ад Кіраўска да аграгарадка Жылічы з яго маёнткам пачатку XІX стагоддзя «Добасна» (у гонар тутэйшай ракі) каля 25 кіламетраў. На месца едзем разам з намеснікам старшыні Кіраўскага райвыканкама Таццянай Бяляўскай.

— Першыя крокі па рэстаўрацыі палаца былі зроблены ў 2009 годзе, затым паэтапна ўводзіліся аб'екты першай і наступных чэргаў будаўніцтва, — расказвае яна па дарозе. — Тут атрымала прапіску дзіцячая школа мастацтваў. Сама атмасфера садзейнічае таму, каб выхоўваць пераможцаў абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсаў.

Па словах суразмоўніцы, з красавіка палац працуе ў тэставым рэжыме і актыўна прымае тургрупы і індывідуальных наведвальнікаў. У выхадныя дні сюды прыязджае прыкладна 600—700 чалавек, у будні — 150—200. Самыя ажыўленыя маршруты, па якіх перамяшчаецца паток турыстаў, — Магілёў, Мінск, Бабруйск, Гомель. Кожныя паўгадзіны з наведвальнікаў, якія прыязджаюць самастойна, фарміруюцца групы, каб адправіць па залах з экскурсаводам. Шмат ахвотных пагуляць па залах самастойна. Для іх размешчаны інфармацыйныя таблічкі.

Палацава-паркавы ансамбль у Жылічах знаходзіцца на асаблівым кантролі ў кіраўніка дзяржавы, фінансаванне аднаўленчых работ вялося па інвестпраграме «Культура Беларусі». У аб'ект укладзены не адзін дзясятак мільёнаў рублёў. Фінансаванне працягваецца. Наступная чарга — адраджэнне парку.

— Плануецца аднавіць таксама гаспадарчыя пабудовы і парк з яго чароўнымі алеямі і каскадам азёр, — адзначае Таццяна Бяляўская. — У рамках чацвёртай чаргі ўжо праведзены значныя работы па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі. У хуткім часе работы па аднаўленні гэтай часткі палацава-паркавага комплексу пачнуцца.

Не горш, чым у Радзівілаў

Вялізныя пабудовы з белымі калонамі ўражваюць здалёк. Цяпер можна любавацца гэтым хараством без будаўнічых лясоў. Імі палац быў акружаны 14 апошніх гадоў. Цалкам яны зніклі летась у снежні, калі аб'ект быў здадзены. Першапачаткова палац будаваўся як асноўная рэзідэнцыя Ігнація Булгака, тут жыў ён сам, яго першая, а потым і другая жонка, раслі іх дзеці.

— Булгакі былі вельмі славалюбнымі людзьмі, — расказвае дырэктар Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея Уладзіслаў Кулакевіч. — Калі Ігнацій будаваў гэты палац, ён імкнуўся засланіць славу магнацкіх радоў Радзівілаў і Сапегаў, якія ў XІX стагоддзі ўжо не маглі дазволіць сабе былой раскошы. Булгакі ж, наадварот, разбагацелі і хацелі ўсім свой поспех прадэманстраваць.

Жылыя пакоі, на жаль, не захаваліся, засталіся толькі парадныя. Іх рэканструкцыя ішла з 2013 да 2023 года. Палацу пашчасціла, ён лічыцца адным з найлепшых па захаванасці на тэрыторыі Беларусі. Тут увесь савецкі час былі нейкія гаспадары. І нават праводзілася, хай не такая глабальная, але ж рэканструкцыя.

Сёння на першым паверсе ўсходняй часткі палаца знаходзяцца адміністратыўныя памяшканні і бібліятэка, на другім — парадныя залы.

На падлозе — паркет з каштоўных парод дрэў, прычым малюнак ідэнтычны таму, што быў у XІX стагоддзі. Апранаем музейныя тапачкі і падымаемся на другі паверх.

На сцяне гасціннага пакоя, з якога пачынаем агляд, — партрэты гаспадароў. На тым, што злева, — Эдгар Булгак, малодшы з 9 дзяцей першага ўладальніка маёнтка — Ігнація. Справа — унук Ігнація — Мечыслаў-Эмануіл (Эдгар прадаў маёнтак пляменніку). Карціны і гравюры, якія ўпрыгожваюць сцены, на жаль, не родныя. Яны перададзены на часовае карыстанне з Нацыянальнага мастацкага музея. Сярод іх — пейзажы Фёдара Мацвеева, нацюрморты Івана Хруцкага. Мэбля таксама не ацалела. Набывалі характэрнае для той эпохі. У бальнай зале, напрыклад, стаіць антыкварны раяль 1911 года выпуску, прычым у рабочым стане. Гэта падарунак «Белаграпрамбанка». Шмат што з мэблі адноўлена па фотаздымках таго часу, якіх, на шчасце, было зроблена шмат, у тым ліку і саміх залаў. У некаторых пакоях расстаноўка мэблі паўторана з максімальнай дакладнасцю.

— Гаспадары маглі адначасова прымаць да 100 гасцей, — расказвае Уладзіслаў Кулакевіч. —- Дамы і іх кавалеры танцавалі на балі, потым разыходзіліся па розных салонах. У палацы было зроблена ўсё, каб ім было камфортна.

Бальная зала палаца ў савецкія гады была цалкам перапланаваная, таму аднаўлялася па фотаздымках. Калі нешта нельга было дакладна ўстанавіць, пакідалася як ёсць.

— Зверху на карнізах паміж анёлачкамі, якія насамрэч называюцца пуці, былі яшчэ нейкія барэльефы, але на фота іх немагчыма разглядзець, — арыентуе на месцы суразмоўнік. — Таму вырашана пакуль нічога там не рабіць. Магчыма, з часам знойдуцца больш якасныя фота або звесткі. Фота, якімі мы карыстаемся, зроблены Янам Булгакам, адным з вядомых фатографаў, піянерам мастацкай фатаграфіі на тэрыторыі Польшчы і Літвы. На жаль, яго фотаархіў падчас вайны згарэў, але захаваліся яго здымкі ў прыватных калекцыях і тыя, што былі ўжо апублікаваныя.

Яшчэ ў адным гасцявым пакоі бачым партрэты жонкі Ігнація Булгака — Тэрэзы і яго старшай дачкі Сафіі. Ёсць копіі з выявамі іншых членаў сямейства, сваякоў.

— Сям'я была вялікая, але партрэтаў захавалася не так многа, як таго хацелася б, — уздыхае Уладзіслаў Кулакевіч. — Усе карціны і партрэты на пачатак Першай сусветнай вайны былі эвакуіраваны ў Арол, а пасля нацыяналізацыі распраданы. Нешта трапіла ў заходнія калекцыі.

Золата са столі звісае кавалкамі

Рамонты ў палацы праходзілі часта — і ў XІX, і ў XX стагоддзі. Сёння мы бачым палац такім, якім ён быў на момант апошняга яго рамонту Булгакамі — канец XІX — пачатак XX стагоддзя.

Вялікая і пампезная банкетная зала захавалася, напрыклад, на 90 %. І першае, чым яна выдзяляецца, гэта багатае залачэнне на столях.

— Калі ў нас быў у гасцях былы кіраўнік Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, ён казаў, што золата тут кавалкамі звісае, — усміхаецца мой гід. — Па багацці, складанасці і разнастайнасці дэкору гэта ўнікальныя столі, такіх у Беларусі болей няма. Булгакі хацелі засланіць багаццем усё, што да іх было. І мелі грошы для гэтага.

Кесонныя столі ў бальнай і банкетнай залах — аўтэнтычныя, але не арыгінальныя, у адрозненне ад усіх астатніх пакояў. І з імі было больш за ўсё работы. Іх як мазаіку спачатку здымалі, мянялі пад імі перакрыцці і збіралі наноў. На гэта сыходзіла прыкладна паўтара года.

Пад кесоннымі столямі спецыялісты знайшлі сляды савецкай рэстаўрацыі і аўтэнтычнай тынкоўкі. Арыгінальны гіпс, які выкарыстоўваўся ў XІX стагоддзі, меў жаўтаваты колер з-за рачнога пяску, які ў яго дадаваўся. Савецкія майстры выкарыстоўвалі шэры алебастр. Сённяшнія рэстаўратары разбавілі гаму беласнежным гіпсам. «Калі работы былі скончаны, можна было па колерах пераканацца, што працэнтаў на 80 тынкоўка засталася арыгінальная», — усміхаецца Уладзіслаў.

Работа ў палацы праведзена ювелірная.

— Каб даведацца, якія з самага пачатку выкарыстоўваліся колеры і матэрыялы, кожны слой літаральна здымаўся скальпелем, — кажа суразмоўнік. — Былі знойдзены нават некалькі аўтарскіх слаёў. Па кожнай зале, кожным элеменце збіраўся экспертны савет і вырашалася, які слой пакінуць. Праводзіўся хімічны аналіз кожнага элемента, дзе-нідзе засталіся ўчасткі, каб наведвальнікі маглі бачаць, што рэстаўрацыя была аўтэнтычная. Выкарыстоўваліся тыя колеры і тыя матэрыялы, што пры ўладальніках. Там, дзе было золата, клалі золата, дзе срэбра — срэбра, колер вяртаўся, які быў, аднаўляліся печы, каміны.

Сцены пад столямі шчодра ўпрыгожаны ляпнінай. Кручу галавой і здзіўляюся, чаго толькі там няма: і славянскія багі, і біблейскія Каін з Авелем, і батальныя сцэны з грэчаскай міфалогіі, а паміж усім гэтым — разнастайныя анёлы.

— Інтэр'еры XІX стагоддзя не падпарадкоўваюцца якому-небудзь стылю або модзе, яны падпарадкоўваюцца выключна густу ўладальніка, — тлумачыць дырэктар музея. — Гэта называецца гістарычны эклектызм. У XІX стагоддзе была цікавасць да гісторыі, і Булгакі па сваіх інтарэсах упрыгожвалі залы. Старажытнагрэчаская гісторыя, антычнасць — яны шмат падарожнічалі па тых мясцінах, прывозілі адтуль калекцыі. Хутчэй за ўсё гэтыя вобразы, барэльефы яны бачылі на сценах антычных храмаў, а потым рабілі ў сябе.

Усёвідушчае вока, тайныя лесвіцы і гісторыя з саркафагам

Гасцей Булгакі сустракалі музыкай, але яна гучала зверху, і ніхто не бачыў саміх музыкантаў. Уладзіслаў Кулакевіч вядзе мяне да адной з вінтавых лесвіц, якія хаваюцца за параднымі заламі.

— Яны прызначаліся для прыслугі, якая па іх падымалася, каб непрыкметна перадаць лакеям стравы, — расказвае ён. — Гэтымі ж лесвіцамі карысталіся і музыканты, якія былі прыгоннымі, і ім таксама нельга было трапляць гасцям на вочы. Яны сядзелі наверсе ў сваіх аркестравых нішах, і іх ніхто не бачыў.

Не менш таямнічае ў палацы месца — дамавая капліца. Яе можна апазнаць з вуліцы па знаку «Усёвідушчае вока».

— Я чула, што Булгакі былі масонамі? — цікаўлюся ў дырэктара музея.

— Усёвідушчае вока яшчэ не азначае прыналежнасць да масонаў, — заўважае ён. — Гэта старадаўні сімвал, вядомы яшчэ з часоў старажытнага Егіпта як вока Гора. У раннім хрысціянстве яно, заключанае ў трохкутнік, сімвалізавала Тройцу, а масоны ў XVІІІ стагоддзі гэты знак запазычылі. Але гэта не мае дачынення да нашага выпадку. Булгакі былі не проста набожныя людзі — яны былі фанатычныя католікі. Выбудавалі сабе каплічку спецыяльную, у іх быў свой святар. А калі ён адсутнічаў, ехалі ў Бабруйск у касцёл. Па ўсіх пытаннях раіліся з ксяндзамі.

На шараговае пытанне аб прывідзе замка дырэктар музея расказвае адну з блізкіх да гэтай тэмы гісторыю. Прадстаўнікі роду Булгакаў былі вядомымі калекцыянерамі антычных рэчаў. Аднойчы пляменнік Эмануіл прывёз свайму дзядзьку Эдгару з падарожжа па Грэцыі мармуровы саркафаг. Дзядзька пакрыўдзіўся, падумаў, што пляменнік хутчэй хоча пазбавіцца ад яго, каб завалодаць спадчынай, і доўгі час не размаўляў з ім. Наколькі праўдападобная гэта гісторыя, дакладна невядома. Але саркафаг, які сапраўды належыць сямейству, сёння захоўваецца ў адным з варшаўскіх музеяў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

а.г. Жылічы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.