Вы тут

Клубу «Полымя» ўдалося вярнуць з небыцця імя яшчэ аднаго героя ВАВ


Пакутная і апечаная вогненнымі дажджамі беларуская зямля дагэтуль аддае прадметы — сведкі Вялікай Айчыннай вайны. Яны з'яўляюцца для пошукавікаў тымі тонкімі ніткамі, якія могуць дапамагчы разблытаць клубок з безадказным «знік без вестак». Дзякуючы рэху ваенных падзей — імянной лыжцы і медальёну — энтузіястам Віцебскага гісторыка-патрыятычнага клуба «Полымя» ўдалося вярнуць з небыцця імя яшчэ аднаго героя, які аддаў жыццё пры вызваленні Гарадоцкага раёна.


Віцебскі гісторыка-патрыятычны клуб «Полымя» існуе шосты год, сёння ён аб'ядноўвае каля 20 нераўнадушных людзей розных прафесій з Гарадоцкага, Віцебскага, Полацкага, Аршанскага раёнаў. Ініцыятарам стварэння клуба ў 2017 годзе стаў намеснік начальніка аддзела землеўпарадкавання Гарадоцкага райвыканкама Максім Лыхалат, якога да пошукавай дзейнасці прывёў абавязак перад сваімі продкамі. У аднаго з яго дзядоў з той далёкай вайны не вярнуліся дзевяць братоў, у другога — чатыры. Максім змог знайсці месца апошняга прытулку дваіх герояў з трынаццаці... Тады пошукавік паабяцаў сам сабе, што пастараецца падняць з зямлі і ўстанавіць імя яшчэ не аднаго байца за ўсіх сваіх, хто склаў галовы на палях Вялікай Айчыннай.

Штогод па дзесяць дзён у маі і жніўні пошукавікі выпраўляюцца на Вахту памяці. І гэтыя дзесяць дзён — напружаная фізічная работа незалежна ад надвор'я сумесна з 52 асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам. А да гэтага цэлы год ініцыятыўная група «палымянцаў» пад кіраўніцтвам Лыхалата займаюцца зборам інфармацыі аб месцах баёў і мажлівых брацкіх пахаваннях, набываюць аэрафотаздымкі нямецкай разведкі 40-х гадоў у архівах на ўласныя грошы, праводзяць разведку на мясцовасці. Месцам раскопак абраны Гарадоцкі і Дубровенскі раёны — у Гарадку доўгі час стаяў фронт, у Дуброўне за 9 месяцаў страты былі велізарныя, таму гэтай шматпакутнай паўночнай зямлі хопіць пошукавікам на доўгія гады. Кожны з энтузіястаў — а па-іншаму і не назавеш, бо за пошук ніхто не атрымлівае грошай, — на працягу шасці гадоў дзеліць свой водпуск па два тыдні вясной і ўлетку і едзе на асабістым аўтамабілі са сваімі інструментамі ў палявы лагер. Ужо другі год да «Полымя» далучаюцца полацкія кадэты і навучэнцы першай полацкай школы, працуюць нараўне з дарослымі. У пошукавы клуб уваходзяць людзі з розных сфер дзейнасці: кіраўнікі служб і арганізацый, настаўнікі, краязнаўцы, школьнікі. Самы малады — Руслан Стэльмах з аграгарадка Бычыха, што на Гарадоччыне, — працуе ўжо другі год. Менавіта гэта работа і вызначыла будучую прафесію хлопца — ён збіраецца паступаць на гістарычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. «Той факт, што моладзь вяртаецца на вахту зноў і зноў па асабістым жаданні, не можа не радаваць. Гэта наша памяць, без якой няма будучыні. Патрыятызм на палях мінулых баёў адчуваецца больш, чым з кніг. І нам, сталым пошукавікам, будзе радасна, калі падрастаючае пакаленне працягне гэту дзейнасць», — расказвае Максім.

Сёлета месцам жнівеньскіх палявых работ былі абраныя вёскі Кошкіна, Пятрова і Гуркі Гарадоцкага раёна. Па словах мясцовых старажылаў, тут вяліся баі, пра якія памятаюць людзі і дагэтуль. Аэрафотаздымкі, накладзеныя на сучасную карту мясцовасці, купамі яркіх агеньчыкаў на паперы пацвярджалі аповеды. Так, за 10 дзён «палымянцы» паднялі астанкі 21 байца каля Кошкіна, шасці — у Пятрове, трох — у Гурках. А разам з імі зямля аддала тры імянныя салдацкія лыжкі, кацялок і медальён, які і стаў галоўнай зачэпкай на шляху да вяртання салдату імя. Спецыялісты расчыталі, што медальён належаў Паўлу Васільевічу Ільіну 1903 года нараджэння, ураджэнцу Яраслаўскай вобласці. Архіўныя дакументы сведчылі, што ён загінуў у наступальных баях на Гарадоччыне 16 снежня 1943 года, пахаваны там жа, але... Яго імя было занесена на мемарыяле ў вёсцы Мехавое — адкуль выбыў, туды і занеслі. Аказалася, што баец не адно дзесяцігоддзе ляжаў за пяць кіламетраў ад Мехавога, у вёсцы Пятрова, без магілы. На шчасце, — а гэта і ёсць галоўная мэта кожнага пошукавіка — хутка ўдалося знайсці блізкіх байца. Яго праўнучка жыве ў горадзе Мышкін Яраслаўскай вобласці, яна і расказала, што ў Паўла Васільевіча летам 1944-га пад Мінскам загінуў сын Сяргей, і паабяцала даслаць фотаздымак прадзеда, каб ён заняў пачэснае месца на пантэоне памяці Гарадоччыны. У гэтым годзе кіраўніцтва раёна будзе праводзіць перапахаванне астанкаў байцоў па выніках дзвюх вахтаў памяці на цэнтральным брацкім мемарыяле горада, і адзін з вызваліцеляў гэтай мясцовасці нарэшце адправіцца ў апошні шлях з воінскімі ўшанаваннямі пад сваім імем.

Яшчэ дзве знойдзеныя салдацкія лыжкі з'яўляюцца зусім тонкімі зачэпкамі, бо на адной з іх значыцца прозвішча Ціханаў, а такіх у кнізе Памяці раёна шмат. Увогуле, аб тым, якія вялікія страты панесла Гарадоччына ў Вялікай Айчыннай, сведчыць колькасць паднятых байцоў — толькі за апошнія два гады спіс павялічыўся на 250 чалавек, і гэта далёка не канец. Вядома, устанавіць імя загінулага салдата — рэдкая ўдача, аднак падняць з зямлі як мага больш герояў і перапахаваць іх у брацкіх магілах, да якіх прыйдуць удзячныя нашчадкі, — можна і трэба. І гэтым нястомна, нягледзячы на асабістыя справы і выдаткі, займаюцца пошукавікі.

«Не шкадуеце, што калісьці ўзялі на сябе гэты абавязак?» — пытаюся ў Максіма Лыхалата. «Яны не шкадавалі сябе пад кулямётным агнём за тысячы кіламетраў ад радзімы. Яны ведалі, што нямногія вярнуцца дадому. Таму гэта найменшае, што мы сёння можам зрабіць дзеля светлай памяці герояў».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з архіва клуба «Полымя»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».