Вы тут

У Доме літаратараў адбыўся круглы стол «Шляхі вялікіх выпрабаванняў»


Напярэдадні Дня народнага адзінства, якое ў краіне адзначаецца 17 верасня, у Доме літаратараў адбыўся круглы стол «Шляхі вялікіх выпрабаванняў». Арганізатарамі размовы сталі Саюз пісьменнікаў Беларусі, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Інстытут літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі. Мерапрыемства прайшло з удзелам цэлага шэрага пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў, гісторыкаў і мовазнаўцаў.


У ходзе абмеркавання закранулі вытокі свята Дня народнага адзінства, вопыт мастацкай, выхаваўчай работы, інфармаванне грамадства, чытача пра паднявольнае жыццё беларусаў у панскай Польшчы да 1939 года, пра адстойванне нашымі продкамі грамадскіх, нацыянальных, палітычных інтарэсаў, а таксама звярнулі ўвагу на ўшанаванне літаратурнай спадчыны беларускіх пісьменнікаў, якія працавалі ў Заходняй Беларусі ва ўмовах польскай акупацыі (Максім Танк, Піліп Пестрак, Міхась Васілёк, Валянцін Таўлай і іншыя).

— У фармаце нашай работы 17 верасня мае тое значэнне, якое яму пачалі надаваць асабліва ў апошнія гады, яно накладвае на нас пэўны сацыяльны, грамадска-палітычны і безумоўна, творчы абавязак. Калі меркаваць па памкненнях літаратараў, якія б хацелі нешта сказаць і ў дачыненні да гістарычных фактаў, і да самога асэнсавання гэтай даты, то крокі заўважныя. Мы чытаем новыя вершы на старонках перыядычных выданняў. Так ці іначай дадзеная тэма адюстроўваецца ў калектыўных зборніках. Напрыклад, гарадзенцам блізкая такая тэма, бо з іх прашчурамі, землякамі тыя падзеі адбываліся, і тое магло б знайсці адлюстраванне ў паэтычнай, празаічнай, публіцыстычнай творчасці, — адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. — Мне здаецца, што гэтае свята, гэтая дата — яна яшчэ да многага абавязвае і нашы айчынныя кніжныя выдавецтвы. Ведаю, што ў «Мастацкай літаратуры» выйшла кніга ў серыі «100 вершаў», а мы, у сваю чаргу, у рамках праекта «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага» выдалі кнігу «17 верасня. Дзень народнага адзінства», дзе змешчаны не толькі артэфакты і рэпрадукцыі старых паштовак, але пададзены і копіі заходнебеларускіх газет, якія выходзілі ў той час. Там ёсць самыя розныя ілюстрацыі, якія паказваюць людзей не проста ва ўмовах іх пражывання, але можна прасачыць і сам працэс уз’яднання Заходняй і Савецкай Беларусі.

Сапраўднай падзеяй стаў для беларусаў дзень 17 верасня 1939 года. А да гэтага ў Заходняй Беларусі адбывалася ўсякае — немагчымасць друкавацца, шанаваць і адстойваць беларускае слова, бо гэта пагражала зняволеннем. У астрогі траплялі як беларусы, так і прадстаўнікі іншых славянскіх народаў. Той жа Піліп Пестрак правёў 11 гадоў у розных турмах. А ў літаратуры згаданы перыяд пісьменнікі адлюстравалі ўжо ў 1940–1950-я гады. У дадатак да напісанага Валянцінам Таўлаем, Міхасём Васільком, з’явіліся творы нашых амаль што сучасных пісьменнікаў Янкі Брыля, Вячаслава Адамчыка і іншых. І тое яшчэ таксама патрабуе асобных даследаванняў, знойдзе сваё адлюстраванне і на старонках літаратурна-мастацкіх часопісаў, у гісторыка-літаратурных артыкулах. Разам з тым шмат ужо зроблена. Напрыклад, кніга «Спрадвечны бераг», якая была выдадзена сумесна з Гродзенскай абласной бібіліятэкай імя Карскага, змяшчае вялікую падборку вершаў Міхася Васілька.

Кіраўнік Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч распавяла, як на Гродзеншчыне шануюць спадчыну пісьменнікаў таго няпростага для начыі часу.

— Мы з дня стварэння нашага абласнога аддзялення цікавіліся сваімі папярэднікамі. Таму вельмі часта наведвалі і мясціны, і музеі гэтых пісьменнікаў, пра іх у нас пішуць кнігі, іх творчасць даследуюць. Напрыклад, у Лідзе знаходзіцца домік-музей Валянціна Таўлая. Вельмі плённа працуе ў тэме Алесь Хітрун. Ён знаёміць моладзь з жыццём і дзейнасцю Таўлая, — распавядае Людміла Кебіч. — А што датычыцца Міхася Васілька і іншых пісьменнікаў гэтай кагорты, то іх імёны носяць вуліцы і школы ў Гродне. Шмат напісана ўжо нашымі пісьменнікамі нарысаў пра тых людзей. Яны — прыклад мужнасці, цярплівасці, якія ў любых умовах пісалі пра Радзіму. І гэтыя людзі і нас натхняюць. Мы ладзілі конкурс Міхася Васілька і будзем працягваць такую практыку. Варта адзначыць, што глыбокія даследаванні ў галіне літаратурнай творчасці пісьменнікаў вядзе Гродзенскі ўніверсітэт. Дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аліна Сабуць сёлета атрымала за сваю кнігу «Літаратурныя дыялогі: мастацкія пошукі беларускай літаратуры ХХ-ХХІ стагоддзяў» Нацыянальную літаратурную прэмію. Ёсць і іншыя таленавітыя даледчыкі. Ёсць кім ганарыцца і каго браць сабе ў прыклад.

У традыцыях беларускага кнігавыдавецтва заўсёды ўдзялялася ўвага творчасці літаратараў з Заходняй Беларусі. І падчас круглага стала нарадзілася пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім аддзелам СПБ і выдавецтвам «Чатыры чвэрці». Мяркуецца, што ў новае выданне «Словаяднанне» ўвойдуць вершы, напісаныя сучаснымі творцамі пра паэтаў мінулага. Многае робіцца краязнаўцамі, гісторыкамі, мастакамі слова, мовазнаўцамі. Так, нядаўна ў выдавецтве «Беларуская навука» свет убачыла кніга, прысвечаная архіўнай спадчыне Браніслава Тарашкевіча.

— Дзень народнага адзінства я ўспрымаю ў больш шырокім сэнсе, чым толькі прывязку да 17 верасня. Тэма народнага адзінства была заўсёды для нас важнай. Сёння дзяржавай шмат увагі аддаецца патрыятычнаму выхаванню, захаванню нашых нацыянальных духоўных каштоўнасцяў. А фарміраванне патрыятызму немагчымае без ведання нашай гісторыі, культуры, літаратуры, мовы. І некалькі слоў я хачу прысвяціць моўнаму аспекту, паколькі мова — адзін з найважнейшых складнікаў нашай культуры, нашага патрыятычнага выхавання, — кажа дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа, кандыдат філалагічных навук Ігар Капылоў. — Светабачанне народа, яго сацыяльны вопыт — гэта цэлы комплекс таго, што вызначае нас як нацыю. Калі паглядзець на нашу гісторыю, то менавіта мова заўсёды служыла тым важным, вызначальным фактарам, які садзейнічаў і кансалідацыі нашага народа, і фарміраванню нацыі, і нашаму адзінству. І калі звярнуцца да перыяду 1921–1939 гадоў, то, з аднаго боку, у Заходняй Беларусі былі даволі дэмакратычныя так званыя крэсовыя законы, прынятыя ў 1934 годзе, якія гарантавалі беларусам выкарыстанне сваёй нацыянальнай мовы. Але, на жаль, яны альбо выконваліся часткова, альбо зусім не выконваліся, і ў выніку ў 1939 годзе ў Заходняй Беларусі на 4 млн беларусаў не было ніводнай беларускай школы, ніводнай ВНУ, бібліятэкі, тэатра, а беларускія газеты, калі выходзілі, то закрываліся адразу пасля выхаду некалькіх нумароў. Афіцыйнай мовай у дзяржаўных установах стала толькі польская. Усё было накіравана на тое, каб беларусы страцілі сваю ідэнтычнасць. Добра, што ў нас ёсць такое свята і магчымасць для асэнсавання падзей мінулага.

Няма сумневаў, што і надалей творцы-папярэднікі, якія аддана служылі свайму народу, будуць прыкладам для наследавання і плённай работы нашых сучаснікаў. Бо толькі пражыўшы былое, можна будаваць новае. А таксама знаходзіць у гэтым працэсе аднадумцаў, адчуваць еднасць са сваім народам і роднай зямлёй.

Алена ДРАПКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.