Вы тут

Мінскі паўмарафон-2023 збярэ ўдзельнікаў з 17 краін


Традыцыйны Мінскі паўмарафон сёлета збярэ ўсіх аматараў бегу 10 верасня. Забег даўно атрымаў статус самай маштабнай бегавой падзеі года ў Беларусі. Кожны год арганізатары ўлічваюць памылкі папярэдняга года, прыдумваюць нешта новае, каб зрабіць забег унікальным і непаўторным. Даведаліся, якім абяцае быць Мінскі паўмарафон 2023 года.


Самае галоўнае — дыстанцыі. Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан расказаў, што іх застаецца тры: 5 км, 10 км і асноўная дыстанцыя — паўмарафон 21.097 км. Кожны жадаючы ў залежнасці ад свайго ўзроўню падрыхтоўкі можа выбраць дыстанцыю. «Мы заўсёды акцэнтуем увагу на тым, што, калі чалавек не падрыхтаваны, вядома, яму варта абраць мінімальную дыстанцыю і пераадольваць яе ў спакойным тэмпе, калі неабходна — з прыпынкамі, пераходзячы з бегу на крок, — адзначыў Іван Ціхан. 

Каб удзельнікам было камфортна і самае галоўнае — бяспечна, старт будзе раздзельным. Дыстанцыі 21.09 7км і 10.5 км пабягуць у 9 раніцы. Аматары самай масавай дыстанцыі — 5 км — прымуць старт у 12:00. 

У 13:00 адбудзецца «Сямейны забег», у якім могуць удзельнічаць дзеці і бацькі. Гэта забег арганізаваны Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі пры падтрымцы ЮНІСЕФ у Беларусі, кампаніі МТС і Белаграпрамбанка. Дзеці і іх бацькі пераадолеюць дыстанцыю 1.4 км. Акрамя сямейнага тымбілдынгу ім прапаноўваюць паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі. Дзіцячы Фонд ААН (ЮНІСЕФ) запрашае ўсіх удзельнікаў зрабіць ахвяраванне, для закупкі асістыўных тэхналогій для дзяцей з дадатковымі патрэбамі, каб яны маглі хадзіць у школу. У знак падзякі кожны ўдзельнік Сямейнага забегу, які зрабіў дабрачынны ўзнос ад 35 BYN, зможа атрымаць брэндзіраваную футболку.

Жадаючым паўдзельнічаць у Мінскім паўмарафоне варта ўлічваць і ўзроставыя абмежаванні. На дыстанцыю 5 км дапускаюцца ўдзельнікі ва ўзросце ад 12 гадоў, на 10.5 кіламетраў — ад 16 гадоў. Паўмарафон могуць бегчы ўсе, каму ўжо ёсць 18 гадоў. Важна, што ва ўсіх выпадках неабходна распіска ці даведка аб стане здароўя. Непаўналетнія бегуны змогуць выйсці на старт толькі пры наяўнасці распіскі ад бацькоў. 

Сёлета змяніўся фініш паўмарафона. Фінішаваць удзельнікі будуць у спартыўным сэрцы нашай краіны — у лёгкаатлетычным ядры Нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама». «Такім чынам аматары бегу не толькі атрымаюць эмоцыі ад відаў нашай сталіцы, але і крыху дакрануцца да тых пачуццяў, якія адчувае прафесійны спартсмен, выступаючы на міжнародных спаборніцтвах. У нас адкрыта не толькі рэгістрацыя для індывідуальных удзельнікаў, але і для каманд, і гэтай магчымасцю актыўна карыстаюцца. На паўмарафон запісваюцца розныя кампаніі, аматарскія бегавыя клубы, яны нават ствараюць сваю форму, каб выдзяляцца. Як бачым, бег — гэта выдатная пляцоўка для тымбілдынгу», — падкрэсліў Іван Ціхан. Старт Мінскаму паўмарафону будзе дадзены каля Міністэрства спорту і турызму (Кірава 8).

Маршрут галоўнай дыстанцыі Мінскага паўмарафона праходзіць за два кругі ад вуліцы Кірава па праспектах Незалежнасці, Машэрава, Пераможцаў і іншых вуліцах сталіцы. Удзельнікі забегаў на 21.097км і 10.5км прабягуць міма Палаца Незалежнасці, Плошчы Перамогі, Музея Вялікай Айчыннай вайны, стэлы «Мінск — горад-герой», Нацыянальнага выставачнага цэнтра БелЭкспа, Вялікага тэатра і іншых славутасцяў. Удзельнікі забегу на 5 км пераадолеюць адзін круг па вуліцах Кірава, Свярдлова, праспекце Незалежнасці, вуліцах Янкі Купалы, Леніна і Інтэрнацыянальнай з відам на Палац Рэспублікі і Беларускі дзяржаўны цырк. Арганізатары звяртаюць увагу, што на сайце Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі і Мінскага паўмарафона будзе даступны электронны гід удзельніка. У ім сабрана ўся неабходная інфармацыя. 

Зона Экспа Мінскага паўмарафона размесціцца на стадыёне «Дынама», там жа будзе ажыццяўляцца і выдача стартавых пакетаў. Удзельнікі паўмарафона пры атрыманні нагруднага нумара знойдуць: фірмовую футболку, нагрудны нумар, электронны чып, шпількі, заплечнік, вітавірын, кроплі ў нос, батончык, энергетык, кававае зерне ў шакаладзе. На фінішы іх чакае памятны медаль. Той, хто не бяжыць паўмарафонскую дыстанцыю, але жадае атрымаць фірмовую футболку забегу, зможа набыць яе ў зоне Экспа. Камеры захоўвання будуць размешчаны на верхнім ярусе трыбун стадыёна «Дынама», працаваць яны будуць з 7.30 да 15.00.

Цікава на Мінскім паўмарафоне будзе і тым, хто пакараць дыстанцыі пакуль не плануе, але падтрымлівае сяброў ці хоча добра правесці час. На стадыёне будуць працаваць інфармацыйна-забаўляльныя лакацыі ад Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь з удзелам міліцыянераў-кінолагаў, пляцоўка стральбы з лазернага пісталета, стральбы з лука, дзіцячая лёгкая атлетыка, інтэрактыўная зона ЮНІСЕФ сумесна з кампаніяй МТС, інтэрактыўная пляцоўка Белаграпрамбанка, творчы конкурс «Беларусь вачыма дзяцей» і іншыя інтэрактывы.

Сёлета на Мінскім паўмарафоне будуць прадстаўлены ўдзельнікі мінімум з 17 краін. Заяўкі ўжо паступілі ад бегуноў з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Казахстана, Канады, Кітая, Літвы, Польшчы, Туркменіі, Турцыі, Швейцарыі, ЗША. Як заўважыў Іван Ціхан, геаграфія яшчэ можа пашырыцца, паколькі пік рэгістрацыі прыпадае на апошнія дні перад стартам. 

У мінулым годзе было прынята рашэнне аб правядзенні адкрытага чэмпіянату Беларусі па паўмарафоне ў рамках Мінскага паўмарафона. І гэта адзін са складнікаў унікальнасці мерапрыемства: кожны аматар можа паспаборнічаць з прафесіяналамі, адчуць іх эмоцыі. «Лічу, што у гэтым вялікі плюс для аматараў, бо прэстыж спаборніцтваў такім чынам узрастае, а таксама для саміх прафесіяналаў, бо выступаць перад сваімі балельшчыкамі вельмі адказна», — заўважыў Андрэй Гардзееў, старшы трэнер нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы. Удзел у паўмарафоне прымуць практычна ўсе наймацнейшыя бегуны нашай краіны, таксама заяўлены многія вядомыя спартсмены з-за мяжы. У прыватнасці, ужо пацвердзіў удзел пераможца мінулага года і рэкардсмен трасы Рынас Ахмадзееў з Расіі. Як падкрэсліў Андрэй Гардзееў, на мінскіх трасах павінна разгарнуцца дастойная бегавая барацьба.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад вады да бяды — адзін крок

Ад вады да бяды — адзін крок

На вадаёмах краіны тонуць людзі. Што важна ведаць, каб не папоўніць спіс ахвяр?

Грамадства

Відавочца Перамогі

Відавочца Перамогі

Ваенныя вярсты сяржанта Андрэйчыкава.

Здароўе

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У ім з’явіцца і прышчэпка супраць раку шыйкі маткі.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.